Два гады назад у Лукскай сярэдняй школе Карэліцкага раёна адкрыўся пакой баявой славы. Аснову экспазіцыі складаюць матэрыялы пра Вялікую Айчынную вайну, баявы шлях 120-й гвардзейскай Рагачоўскай мотастралковай дывізіі, якая вызваляла наш раён, прадстаўлена таксама форма адзення ваеннаслужачых, пачынаючы з 1943 года. У экспазіцыі ёсць і раздзел, прысвечаны перыяду Першай сусветнай вайны, якая закранула і наш край. У верасні 1915 года лінія фронту ўстанавілася па рацэ Сэрвач. Вёскі раёна апынуліся ў прыфрантавой зоне амаль на два з паловай гады. Натуральна, многія з іх былі разбураны, спалены падчас баявых дзеянняў.
Адным з кірункаў дзейнасці школьнага ваенна-патрыятычнага клуба “Віцязь” з’яўляецца пошукавая работа: мы сталі вывучаць падзеі Першай сусветнай вайны, звязаныя з нашай мясцовасцю, тым больш што ў навакольных лясах і палях засталася вялікая колькасць фартыфікацыйных збудаванняў як рускіх, так і нямецкіх войскаў. Адной з крыніц інфармацыі сталі таксама ўспаміны ўдзельніка гэтай вайны Яўстафія Ніканенкі, кулямётчыка 32-га Cібірскага стралковага палка, які ў 1916—1917 гадах дыслацыраваўся ў вёсцы Лукі. Свае ўспаміны 77-гадовы ветэран даслаў з Новасібірска ў 1973 годзе на адрас нашай школы. На старонках звычайнага сшытка ў клетачку ён вельмі падрабязна апісаў падзеі, якія адбываліся ў вёсцы 100 гадоў назад.
Неяк, займаючыся пошукам фактаў пра Першую сусветную вайну ў інтэрнэце, я знайшоў кнігу “29-ы і 67-ы Сібірскія стралковыя палкі на Германскім фронце”, аўтарам якой з’яўляецца доктар гістарычных навук прафесар А.Б.Крылоў. Кніга напісана на аснове архіўных дакументаў гэтых палкоў, расказвае пра бітвы на фронце, штодзённае жыццё і побыт афіцэраў і салдат. Баявы шлях 8-й Сібірскай стралковай дывізіі, у якую ўваходзілі названыя палкі, непасрэдна звязаны з Карэліцкім раёнам. У кнізе часта згадваюцца назвы такіх вёсак, як Лукі, Асташын, Некрашэвічы, Крынкі, Беразавец — месцы размяшчэння падраздзяленняў. У часопісе баявых дзеянняў, загадах можна сустрэць знаёмыя назвы. Выданне беспаспяхова шукаў у кнігарнях краіны. Але лёс распарадзіўся так, што мне давялося сустрэцца з аўтарам гэтай кнігі Аляксандрам Барысавічам Крыловым. Знаходзячыся ў чэрвені 2016 года на форуме народаў Расіі і Беларусі ў Мінску, Аляксандр Барысавіч вырашыў пабываць непасрэдна ў той мясцовасці, якая апісваецца ў кнізе. Па рэкамендацыі ваеннага камісара Навагрудскага і Карэліцкага раёнаў падпалкоўніка С.П.Бурака А.Б.Крылоў прыехаў у Лукскую сярэднюю школу, каб азнаёміцца з матэрыяламі пакоя баявой славы і паглядзець на месцы баёў сібірскіх палкоў.
Сустрэча з госцем з Масквы прайшла вельмі цікава. Азнаёміўшыся з экспазіцыяй музейнага пакоя, з работай ваенна-патрыятычнага клуба “Віцязь”, Аляксандр Барысавіч пакінуў запіс у кнізе ганаровых гасцей і падарыў сваю кнігу. А мы перадалі яму копіі ўспамінаў Яўстафія Ніканенкі. Затым была арганізавана паездка па месцах баёў, воінскіх пахаванняў Першай сусветнай вайны, адбылося знаёмства з фартыфікацыйнымі збудаваннямі рускіх і нямецкіх войскаў. Асаблівую ўвагу госця прыцягнуў нямецкі дот каля вёскі Любанічы з адбіткамі ботаў нямецкага салдата на верхняй лабавой частцы і надпісам “1916”. Гэтым слядам больш за 100 гадоў! Цікавымі аказаліся і засыпаны нямецкі бункер з двума ўваходамі, і велічныя руіны Траецкай царквы ў вёсцы Беразавец, разбуранай нямецкімі снарадамі той вайны. Пабывалі мы і на месцах пахаванняў рускіх салдат у вёсцы Турэц, а ў вёсцы Лукі наведалі магілу падпрапаршчыка 161-га Аляксандраўскага палка Ягора Ушмарынава, які загінуў смерцю героя, выносячы параненых салдат з поля бою. Знайшлі і месца начнога бою рускіх разведчыкаў з нямецкімі, дзе рака Неўда ўпадае ў раку Сэрвач. Тыя, хто асабліва праславіўся ў гэтым баі, былі ўзнагароджаны георгіеўскімі крыжамі і георгіеўскімі медалямі. Наведалі таксама месца пахавання нямецкіх лётчыкаў на могілках у вёсцы Далматаўшчына.
Аляксандр Барысавіч перадаў нам унікальныя фатаграфіі з франтавога альбома камандзіра брыгады 8-й Сібірскай стралковай дывізіі генерал-маёра Уладзіміра Джункоўскага. Многія з гэтых здымкаў зроблены на тэрыторыі нашага раёна: гэта і збіты нямецкі аэраплан каля вёскі Лукі, і артылерыйскі разлік каля вёскі Рап’ёва, і многія іншыя. А.Б.Крылоў застаўся задаволены сваёй паездкай, яму вельмі спадабалася ў Беларусі. Свае ўражанні ад наведвання нашых мясцін ён апісаў у матэрыяле “Карэліцкі раён Беларусі ва ўспамінах і дакументах 1916—1917 гадоў”, які ўвайшоў у зборнік “Гістарычная памяць і дыялог пакаленняў у постсавецкім грамадстве”. Гэты зборнік А.Б.Крылоў таксама падарыў пакою баявой славы Лукскай сярэдняй школы. А нядаўна ён пераслаў звесткі, якія тычацца георгіеўскіх кавалераў. Сярод іх мы знайшлі прозвішча Ягора Ушмарынава і даведаліся, што ён быў узнагароджаны георгіеўскімі крыжамі IV, ІІІ і ІІ ступені.
Супрацоўніцтва з прафесарам А.Б.Крыловым працягваецца. Мы спадзяёмся, што яно і далей будзе плённым і дазволіць адкрыць новыя невядомыя старонкі Першай сусветнай вайны, звязаныя з гісторыяй нашага краю.
Уладзімір МАТУСЕВІЧ,
настаўнік дапрызыўнай падрыхтоўкі, кіраўнік ваенна-патрыятычнага клуба “Віцязь”
Лукскай сярэдняй школы Карэліцкага раёна, маёр запасу.