Незагойныя раны

- 9:52Авторские колонки, Мнение

Таццяна БОНДАРАВА

 

 

 

 

 

 

У чым вымяраецца шлях? У дачыненні да праекта “Цягнік Памяці” гэта не прасторавае вымярэнне, хаця яно выклікае здзіўленне і павагу, бо пройдзена звыш 9 тысяч кіламетраў. Гэта і не выключна адукацыйна-культурнае вымярэнне, хаця велізарная колькасць лакацый таксама была адметнай і вельмі цікавай. Больш каштоўнае іншае: мы адчулі жывы пульс гістарычных па­дзей і некаторы час існавалі ў яго крылатым рытме.

Мы судакраналіся з лёсамі лю­дзей, якія тварылі гісторыю, і стараліся зразумець сваё месца ў сучаснасці, уласную адказнасць перад нашымі продкамі. Мы пасябравалі і сталі не проста дружнай, а маналітнай камандай — гэта нетыповая з’ява для часавага адрэзка ў два з невялікім тыдні і для прадстаўнікоў розных краін, культур, рэлігій і нацыянальнасцей. Але мы прайшлі гэты шлях разам.

Для мяне сёлетні маршрут цягніка звышкаштоўны яшчэ і тым, што пераклікаецца з сямейнай гісторыяй. Як журналісту мне цяжка было настроіцца на работу ў Брэсцкай крэпасці, дзе са зброяй у руках сустрэў фашысцкае нашэсце мой дзядуля Пётр. Ён быў звычайным настаўнікам у школе, якога прызвалі ў армію незадоўга да Вялікай Айчыннай вайны. А калі бяда ўжо стукалася ў дзверы, ён паспеў адправіць у тыл бабулю Ганну з двума старэйшымі сынамі і маленькай дачкой, немаўляці Алай — маёй маці. Незвычайнае супадзенне: яе дзень нараджэння прыпаў на дату, якая праз некалькі вогненных гадоў стане свяшчэннай для мільёнаў людзей, — 9 мая.

Яна ўсё жыццё чакала бацьку з вайны. Нават калі стала вядома, што ён выйшаў з акружэння, ваяваў і прапаў без вестак у жніўні 1944-га, дзіцячае “тата ваяваў у Брэсце” аказалася мацнейшым. Калі дзесьці ў размове аднекуль звонку гучала слова “Брэст”, рэакцыя маці да апошніх дзён заставалася нязменнай: яна напружвалася, як струна, і ператваралася ў слых. Ад бацькоў дзецям у нашай сям’і мы перадаём гэтыя боль, гордасць і надзею даведацца больш пра лёс дзядулі Пятра. Перадаём яго апошнія словы, сказаныя жонцы: “Нюра, зберажы дзяцей”. Яна зберагла. А ў эвакуацыі жыла якраз у тых мясцінах на Волзе, недалёка ад якіх спыняўся цягнік Памяці. Калі шчыра, то асабіста ў мяне атрымалася не падарожжа, а хутчэй паломніцтва.

І я ведаю, што мая гісторыя — не выключэнне, а проста адна са звычайных старонак той страшнай вайны. Падобнымі гісторыямі са мной неаднойчы дзяліліся ўдзельнікі праекта, а многіх юнакоў і дзяўчат з нашай каманды менавіта “Цягнік Памяці” натхніў на падрабязнае даследаванне ваенных дарог родных і блізкіх людзей. Яны не збочаць. Цяпер нас зноў раз’ядналі кіламетры і дзяржаўныя межы, аднак засталося сяброўства і ўпэўненасць у тым, што мы зрабілі вялікую, патрэбную справу, якую будзем працягваць разам.

Фота аўтара