Ні дня без справы: якімі праектамі заняты педагогі і навучэнцы Рассветаўскай сярэдняй школы

- 12:31Новости

І дрэвы пасадзілі, і школьны плот пабудавалі: у якіх працоўных праектах праяўляюць сябе навучэнцы Рассветаўскай сярэдняй школы Акцябрскага раёна, даведалася карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Сёння ва ўстанове вучацца 47 дзяцей. Педагогаў поўны камплект: з 19 настаўнікаў 80% — выпускнікі гэтай школы. Вялікая ўвага ўдзяляецца, безу­моўна, якасці адукацыі — паспяховаму вывучэнню школьнай праграмы па ўсіх прадметах. Асаб­лівасць сельскай школы яшчэ і ў тым, што настаўнікі, дзеці і бацькі добра ведаюць адно аднаго. У гэтым дырэктар установы Анжэла Такун бачыць станоўчы момант. Асаблівы акцэнт робіцца як на духоўна-маральным, так і на патрыятычным выхаванні школьнікаў. Разам з тым у прыярытэце і пазаўрочная занятасць навучэнцаў.

Матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне школы вельмі добрае: кабінеты інфарматыкі, хіміі, біялогіі, фізікі абсталяваны ўсім неабходным, пачынаючы ад мэблі, інтэрактыўных дошак, мультыбордаў, камп’ютараў і заканчваючы рэактывамі для лабараторных і практычных работ. Педагогі і вучні імкнуцца па-гаспадарску сачыць за сваім другім домам.

— У нас тэрыторыя немаленькая, трэба літаральна што­дня падтрымліваць чысціню і парадак, — працягвае Анжэла Такун. — Дарэчы, нашы дзеці актыўна ўдзельнічалі ва ўзвядзенні новага плота вакол будынка. Кожны раз, калі яны праходзяць праз брамку, ім прыемна ўсведам­ляць, што яны зрабілі ўклад у такую доб­рую справу.

У сельскай школе, вядома, ёсць і прышкольны ўчастак, і свая цяпліца. Хлопчыкі і дзяўчынкі ведаюць, што гэтая тэрыторыя павінна быць упрыгажэннем установы. І нішто не выклікае ў іх большую гордасць, чым удзел у стварэнні гэтай прыгажосці.

На градках спякотным летам працаваў дружны калектыў педагогаў разам з выхаванцамі. Вынік не прымусіў сябе чакаць — на сталах школьнай сталовай заўсёды смачныя абеды. Прычым багаты ўраджай бульбы, морквы, буракоў, капусты, цыбулі, памідораў, агуркоў і яблыкаў дазваляе зрабіць таннейшым харчаванне падчас навучальнага года. Па падліках, вырашчанай прадукцыі хопіць да мая.

— Работа на прышкольным участку, несумненна, адыгрывае важную ролю ў працоўным і праф­арыентацыйным выхаванні навучэнцаў, — акцэнтуе ўвагу дырэктар школы. — Вучні праявілі непадробленую цікавасць да работы ў сельскагаспадарчай сферы, а педагогі сталі для іх прыкладам, паказаўшы, што яны не толькі прафесіяналы ля дошкі ў вучэбных кабінетах, але і на палях. Напрыклад, у перыяд уборачнай кампаніі настаўнікі і старшакласнікі 14—16 гадоў актыўна дапамагалі аграрыям на зернетоку. У выніку навучэнцы сталі прадметна ўсведамляць, як хлеб з’яўляецца на прылаўках магазінаў і якой цяжкай працай ён дастаецца. Школьнікі працавалі на ўра, займаліся нарыхтоўкай збожжа і ўборкай тэрыторыі зернетоку. Дзеці ў нас усе працавітыя, яны правялі частку летніх канікул з задавальненнем і на карысць усяго раёна. Ма­лайцы!

Стараемся матываваць падлеткаў і арганізоўваць заня­тасць у рамках розных працоўных праектаў. Напрыклад, на канікулах, дзякуючы праекту другаснай занятасці, дзеці пашылі 12 камплектаў пасцельнай бялізны для групы прадоўжанага дня. У сучаснай моладзі ёсць унікальная магчы­масць паспрабаваць сябе ў розных відах працоўнай дзейнасці. Напэўна, для некага з навучэнцаў такая практыка стане крокам у прафесійным самавызначэнні.

А яшчэ на­шы навучэнцы даглядаюць помнікі і пахаванні воінаў Вялікай Айчын­най вайны, якія размешчаны непадалёк. Асаб­лівая ўвага накіравана на прывядзенне іх у належны стан.

Адзначу, што мы не чакаем акцый і памятных дат. Дзеці імкнуцца як мага часцей наведваць брацкія пахаванні, праяўляюць ініцыятыву і робяць тое, што ім пад сілу. Скажам, летам косяць траву, высаджваюць кветкавыя кампазіцыі, восенню збіраюць апалае лісце, зімой чысцяць снег.

Рассветаўская сярэдняя школа на працягу многіх гадоў з’яўляецца апорнай установай адукацыі ў раёне па экалагічным выхаванні. Тут функцыянуе школьнае лясніцтва, якое садзейнічае пашырэнню і паглыбленню ведаў па біялогіі, экалогіі і іншых навуках. Школа — пляцоўка для рознанакіраванай дзейнасці навучэнцаў, дзе кожны можа знайсці занятак па душы, развіць таленты і дасягнуць высокіх вынікаў у вучобе.

— Ва ўстанове адукацыі створаны неабходныя ўмовы для арганізацыі адукацыйнага працэсу. Шмат увагі ўдзяляецца самарэалізацыі дзяцей як на вучэбных, так і на факультатыўных занятках: ажыццяўляецца шырокае ўцягванне ў вучэбна-даследчую дзейнасць, прадметныя алімпіяды і конкурсы. Па традыцыі на ўзроўні школы пераможцы розных этапаў прадметнай алімпіяды заахвочваюцца грашовай прэміяй. Гэта выдатны дадатковы стымул для дасягнення перамог у інтэлектуальным спаборніцтве, — падкрэсліла Анжэла Мікалаеўна.

Алена КАСЬЯН-ПАЎЛЯНКОВА
Фота аўтара і ўстановы адукацыі