Ніводзін майстар не хоча страціць адоранага вучня

- 13:17Наша пошта

Усяго пяць дзён — з 9 па 13 ліпеня — доўжыцца прыём дакументаў на дзённую форму навучання за кошт сродкаў бюджэту ў ВНУ культуры, і ўжо ў суботу ў абітурыентаў пачнуцца ўступныя іспыты. Такім чынам, часу на роздум застаецца не так шмат, і трэба пры­маць рашэнне. Хаця, мяркуючы па актыўнасці абітурыентаў у першыя дні, многія па традыцыі чакаюць апошняга дня.

Учора з раніцы ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў было спакойна, абітурыентаў няшмат, чэргаў няма. У прыёмнай камісіі паведамілі, што звычайна колькасць абітурыентаў павялічваецца ў другой палове дня. Аднак да наплыву людзей тут гатовы: на першым паверсе падрыхтаваны месцы для таго, каб абітурыенты маглі атрымаць патрэбную кансультацыю, напісаць заяву і падрыхтаваць увесь пакет дакументаў, а на трэцім паверсе працуе прыёмная камісія, якая дакументы прымае.

Па выніках першых двух дзён прыёму на шэраг спецыяльнасцей ужо ёсць конкурс. Так, лідарам з’яўляецца спецыяль­насць “Культуралогія”: на напрамкі “Менеджмент сацыяльнай і культурнай сферы” і “Менеджмент міжнародных культурных сувязей” учора прэтэндавалі каля двух чалавек на месца. Відавочна, што конкурс будзе яшчэ расці. Летась, напрыклад, на напрамак “Менеджмент сацыяльнай і культурнай сферы” прэтэндавалі больш як 5 чалавек на месца, а прахадны бал быў 311.

Адметна, што ўжо ўчора конкурс на згаданыя напрамкі быў не толькі на дзённай, але і на завочнай формах навучання.

Як паведаміла адказны сакратар прыёмнай камісіі Белару­скага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Святлана Лявонцьеўна Шпарло, сёлета тут упершыню пачалі набор на новы напрамак у рамках спецыяльнасці “Музейная справа і ахова гісторыка-культурнай спадчыны” — “Культурная спадчына і турызм”. Ужо ў першыя два дні прыёму дакументаў на 10 бюджэтных месцаў, выдзеленых для гэтага напрамку, падалі дакументы 9 чалавек. Гэта значыць, што новая прапанова зацікавіла абітурыентаў і будзе імі запатрабавана.

На некаторыя напрамкі спецыяльнасцей і спецыялізацыі набор вядзецца не кожны год. Так, летась не было, а сёлета адбудзецца набор на спецыяльнасць “Спевы (народныя)”, а таксама напрамкі “Камп’ютарная музыка” і “Прадзюсарства” спецыяльнасці “Мастацтва эстрады”. Прычым, калі на “Спевы (народныя)” і “Камп’ютарную музыку” набор вядзецца раз у два гады, то на “Прадзюсарства” набор ідзе толькі пасля таго, як выпускаецца папярэдні курс, — гэта значыць, раз у 5 гадоў. І, як заўважыла намеснік старшыні прыёмнай камісіі БДУКМ Ларыса Фёдараўна Голікава, ёсць абітурыенты, якія чакалі набору менавіта на згаданыя напрамкі год і больш.

Сёлета ва ўніверсітэце адкрыты тры напрамкі спецыяльнасцей, па якіх аб’яўлены набор на скарочаную форму навучання для абітурыентаў, што маюць сярэднюю спецыяльную адукацыю, — гэта “Рэжысура свят (народныя)”, “Народная творчасць (народныя рамё­ствы)” і “Народная творчасць (харавая музыка народная)”. На першых двух напрамках тэрмін навучання складае 3,5 года, а на апошнім — 4 гады.

Што да асобнага конкурсу для гарадскіх і сельскіх абітурыентаў, то па вопыце мінулых гадоў можна ска­заць, што многія сельскія абітурыенты атрымліваюць балы нават большыя, чым у гарад­скіх равеснікаў, таму па шэрагу спецыяльнасцей асобны конкурс увогуле не право­дзіцца. На экзамене “Твор­часць” члены экзаменацыйнай камісіі адзна­чаюць высокую творчую падрыхтоўку і добры мастацкі густ многіх сельскіх абітурыентаў.

Сёлета, на жаль, не адбылося змен у працэдуры фарміравання прахаднога бала пры паступленні ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў, як гэта робіцца ў акадэміі мастацтваў і акадэміі музыкі: там прахадны бал на тры чвэрці вызначаецца адзнакамі, атрыманымі на экзамене “Творчасць”, а ў БДУКМ адзнакі за “Творчасць” вызна­чаюць прахадны бал толькі напалову. На большасць спецыяльнасцей універсітэта культуры і мастацтваў прахадны бал складаецца з сярэдняга бала дакумента аб адукацыі, балаў у двух сертыфікатах ЦТ (па мове і гісторыі Беларусі), а таксама трох адзнак, атрыманых на этапах экзамену “Творчасць”.

На жаль, здараюцца сітуацыі, калі вельмі творчыя абітурыенты, якія недабралі балы на ЦТ, вымушаны саступаць месца менш адораным, але больш падрыхтаваным па агульнаадукацыйных прадметах. Таму прыёмная камісія будзе імкнуцца, каб у будучыні ўніверсітэт далучыўся да эксперымента, які паказаў добрыя вынікі ў акадэміі мастацтваў і акадэміі музыкі, і адзнакі, атрыманыя на экзамене “Творчасць”, атрымалі большую вагу.

Такім чынам, заўтра ў творчых ВНУ завяршаецца прыём дакументаў, і ўжо ў суботу тут пачнуцца ўступныя выпрабаванні. “У экзаменацыйных камісіях у нас працуюць вельмі добразычлівыя людзі, якія ўсе спрэчныя пытанні стараюцца вырашаць на карысць абітурыента, — гаворыць Ларыса Фёдараўна Голікава. — Творчая ВНУ вызначаецца асаблівай прыязнасцю да таленавітых людзей. І паверце, ніводзін майстар, які набірае курс, не хоча страціць адоранага вучня”.

Галіна СІДАРОВІЧ.
sidarovich@ng-press.by
Фота аўтара.