Новадзявяткавіцкі дыямент

- 9:05Людзі адукацыі

Своеасаблівым дыяментам Новадзявяткавіцкай сярэдняй школы Слонімскага раёна з’яўляецца Таццяна Пятроўна Ракуць. Разнастайная і добразычлівая, творчая і сумленная — яна, сапраўды, быццам шматгранная каштоўнасць сярод іншых дастойных педагогаў нашай установы.

У пачатку размовы з Таццянай Пятроўнай, настаўніцай англійскай мовы, кіраўніком народнага музея “Дыяменты  даўніны”, я папрасіла яе згадаць пра маленства, маладосць. Мне было цікава даведацца, адкуль і як яна прыйшла ў педагогіку, чаму выбрала няпросты шлях настаўніцтва.

“Я нарадзілася ў гарадскім пасёлку Мір Карэліцкага раёна”, — пачынае мая субяседніца. І далей я даведваюся пра тое, што бацькі ў пошуках лепшай долі жылі ў Ляхавічах, Баранавічах, Клецку… “Мая маці, Зоя Міхайлаўна, руская. У Беларусь трапіла праз нямецкі палон. Бацька, Пётр Аляксандравіч, з Баранавіцкага раёна. Быў гадзіннікавым майстрам і ўвогуле ўмеў рамантаваць усю тэхніку. З маці яны пазнаёміліся ў Міры і хутка зладзілі вяселле”.

Бацькі шмат працавалі, Таццяна расла адказнай дзяўчынкай. Ужо ў школе была ініцыятыўнай, смела бралася за любую даручаную справу, вяла актыўны лад жыцця. Калі настаў час прафесійнага выбару, думала пра  медыцынскі і педагагічны інстытуты. Але рашучая Таццяна без доўгіх ваганняў выбрала Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А.М.Горкага. Студэнцкае жыццё таксама было насычаным. Таццяна нават зацікавілася стральбой з пісталета. Мела 2-е месца ў рэспубліканскіх студэнцкіх спаборніцтвах.

А потым было размеркаванне на Слонімшчыну. Так будучы дыямент нашай школы і трапіла ў Новадзявяткавічы. З таго часу, а гэта амаль 50 гадоў, яе першы запіс у працоўнай кніжцы не змяніўся.Тут жа, у школе, яе чакаў і будучы выбраннік. Васіль Ула­дзіміравіч у той час выкладаў працоўнае навучанне. Неўзабаве пасля знаёмства яны ажаніліся. І ўжо зусім хутка Васіль Ула­дзіміравіч і Таццяна Пятроўна адсвяткуюць залаты юбілей сумеснага жыцця.

“Я мала змянілася. Як была мэтанакіраванай, патрабавальнай, такой і засталася. Дзеці гавораць мне: “Вы добрая, але строгая”. А як інакш? Англійская мова забываецца хутчэй за іншыя прадметы. Трэба пастаянна вучыцца. А пасля ўрокаў я не строгая, — з усмешкай гаворыць Таццяна Ракуць. — Маладому педагогу асабліва важна наладзіць дысцыпліну ў класе. І калі ты ўжо выбраў шлях настаўніцтва — трэба прысвяціць яму ўсё жыццё”.

Шмат гадоў муж і жонка працавалі плячо ў плячо. Яна выкладала замежную мову, ён — гісторыю. Іх педагагічная дзейнасць цесна пераплялася з краязнаўчай. Васіль Ула­дзіміравіч, на той час намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце, хацеў стварыць школьны музей. У 2006 годзе яго мара паступова пачала здзяйсняцца. Першым памочнікам, канечне, была Таццяна.

Калі Васіль Уладзіміравіч Ракуць, аўтар больш чым 200 артыкулаў, падручнікаў і рабочых сшыткаў па гісторыі Беларусі, пайшоў на пенсію, то папрасіў жонку працягнуць музейную справу. Экспанат за экспанатам — і сёння тут захоўваецца больш за 1600 адзінак сведкаў часу. А комплексны краязнаўчы музей “Д­ыяменты даўніны” ў верасні 2020 года а­трымаў ганаровае званне народнага. Расказваць пра музейныя экспанаты Таццяна Ракуць можа доўга і цікава. Дарэчы, у музеі право­дзіцца шмат экскурсій, мясцовыя вучні таксама частыя наведвальнікі самабытнага куточка школы. Нават сёння, падчас напісання артыкула, Таццяна Пятроўна сустракае ў музеі настаўнікаў гісторыі Слонімскага раёна.

Краязнаўчыя пошукі мясцовых гісторыкаў не маюць меж. Сямейная пара ў суаўтарстве напісала дзве кнігі. У адной з іх — “Толькі пад небам Бацькаўшчыны” — змешчаны распрацоўкі ўрокаў і пазакласных мерапрыемстваў. А на другой кнізе спынімся крыху падрабязней. “Да 50-годдзя школы мы з мужам вырашылі напісаць кнігу пра гісторыю нашай установы адукацыі. У выніку сабралі звесткі аб гісторыі развіцця адукацыі ў мікрараёне школы амаль за 350 гадоў. Пасля вырашылі напісаць гісторыю аграгарадка. Кнігу так і назвалі “Гісторыя аграгарадка Нова­дзявяткавічы са старажытных часоў да 2010 года”, — расказвае Таццяна Пятроўна. Кніга мела вялікі поспех. Але, па словах аўтара, шмат чаго не ўвайшло ў выданне. Матэрыялу столькі, што хапіла б яшчэ не на адну кнігу.

Нельга не згадаць пра вялікую колькасць дыпломаў, што ёсць у арсенале музея. Краязнаўчыя даследаванні Таццяны Пятроўны  і яе навучэнцаў прынеслі шматлікія перамогі не толькі на ўзроўні раёна, вобласці, але і рэспублікі. Сёння педагог працуе адразу над пяццю праектамі. Калі я запыталася ў Таццяны Пятроўны, што ў яе ў прыярытэце — педагогіка або краязнаўства, яна не змагла адказаць. Відаць, занадта складаны выбар для такой шматграннай асобы.

“Такі педагог — гордасць установы адукацыі. Актыўная, мэтанакіраваная, энергічная, яна ўмее ставіць мэту і дасягаць яе, — дзеліцца сваімі назіраннямі дырэктар школы Дзмітрый Аляксандравіч Блізнюк. — Таццяна Пятроўна арыентуецца на пастаяннае развіццё, творчасць. Мае шмат ідэй, якія смела ўвасабляе ў жыццё. З’яўляецца лідарам падчас арганізацыі ва ўстанове актыўнага адпачынку”.

Шырокі кругагляд Таццяны Пятроўны выйшаў далёка за межы школьнага жыцця. Цікава было даведацца, што гэтая нястомная жанчына ўмее вязаць, шыць, што некалі яе кветнікі стракацелі 40 гатункамі гладыёлусаў, а сёння яна цікавіцца хваёвымі раслінамі. А яшчэ Таццяна Пятроўна любіць падарожнічаць. Аўтамабілі, самалёты, караблі, цягнікі… На якім толькі транспарце не перамяшчалася наша гераіня па розных краінах.

Любоў да краязнаўства Васіль і Таццяна Ракуці перанеслі і ў сям’ю. Электронны варыянт іх радаводу налічвае 125 старонак. Таццяна Пятроўна з тых педагогаў, якія падчас адпачынку сумуюць па школе, з задавальненнем ранкам ідуць на працу і з радасцю вяртаюцца дадому. Вольны час яна прысвячае пошукава-краязнаўчай рабоце і ўсё — па патрабаванні душы. Гэта яе жыццёвая неабходнасць — ставіць мэту і яе дасягаць.

Ірына РАКУЦЬ,
педагог сацыяльны Новадзявяткавіцкай сярэдняй школы Слонімскага раёна.