Пра галоўную адметнасць Старадарожскага раёна, які знаходзіцца на паўднёвым усходзе Мінскай вобласці, здагадацца няцяжка. Падказвае сама назва — Старадарожчына, Старыя Дарогі. Менавіта з дарогамі звязаны легенды, паданні, гістарычныя падзеі, эканамічнае развіццё краю, узнікненне многіх населеных пунктаў, у тым ліку і райцэнтра. А яшчэ, дзякуючы дарогам, ва ўстановах адукацыі раёна актыўна праводзіцца выхаваўчая работа.
Старадарожскі экватар
І шырокія дарогі, і вузкія сцяжынкі з’яўляюцца для вандроўнікаў, у тым ліку і педагогаў-краязнаўцаў, надзейнымі памочнікамі ў вывучэнні роднай зямлі. Колькі разоў падчас камандзіровак даводзілася пераконвацца: калі адпраўляешся ў падарожжа ахвотна, з лёгкім сэрцам, то шляхі абавязкова прывядуць у адметныя мясціны, пазнаёмяць з цікавымі людзьмі. Асабліва прыемна падарожнічаць па колішніх гасцінцах. Вызначыць іх вельмі проста: арыенцірам з’яўляюцца высокія старасвецкія бярозы або таполі. Гасцінцы, тракты можна па праву лічыць помнікамі гісторыі, інжынернай думкі, таму іх трэба ўсяляк аберагаць, захоўваць.
Адзін з такіх старадаўніх шляхоў — “варшаўка” (былая шаша “Масква — Варшава”). Адна з яе частак, нібыта экватар, перасякае Старадарожскі раён і з’яўляецца яго асноўнай транспартнай артэрыяй. Менавіта “варшаўка” стане нашым асноўным вандроўным шляхам, мы абавязкова спынімся і каля разгалістых таполяў, паслухаем ціхі шэпт старасвецкіх дрэў і паспрабуем уявіць, як каля іх некалі праязджалі панскія карэты і брычкі, сялянскія вазы, праносіліся на конях ганцы. Акрамя таго, разам з мясцовымі педагогамі пастараемся знайсці адказ на актуальнае для сённяшняга часу пытанне: як можна выкарыстоўваць былыя гасцінцы, тракты, шляхі ў развіцці турызму?
“Варшаўскія” вёрсты
Збіраць матэрыял пра адметнасці таго ці іншага рэгіёна можна, напрыклад, ва ўтульным вучэбным кабінеце, слухаючы аповед настаўніка пра мінулае краю, пра выхаванне ў вучняў любові да роднай зямлі. Гэта камфортна, прадукцыйна, але зразумець усю прыгажосць дарог можна толькі падчас падарожжа. Дарогі любяць, калі па іх вандруюць, і толькі вандроўнікам яны адкрываюць свае таямніцы. Таму разам з настаўнікам гісторыі сярэдняй школы № 2 Старых Дарог Віталем Анатольевічам Юрэвічам і дырэктарам Цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі Старадарожскага раёна Вячаславам Іванавічам Прэдчанкам мы вырашылі замест утульных класаў накіравацца па былой “варшаўцы” ў бок вёскі Горкі, каля якой, як паведамілі педагогі, знаходзіцца адно з сямі цудаў Старадарожчыны — будынак былой паштовай станцыі. Першы прыпынак мы зрабілі каля інфармацыйна-ўказальнага знака “Канец населенага пункта”. Тут пад гул праязджаючых аўтамабіляў і аўтобусаў і пачалося знаёмства са старымі і новымі дарогамі краю.
Дарогі ў Расійскай імперыі, у склад якой, як вядома, уваходзілі і беларускія землі, падзяляліся на галоўныя паштовыя, губернскія, павятовыя і вялікія праезджыя. У гарадах адначасова з пракладкай шляхоў будаваліся спецыяльныя паштовыя дамы, а ўздоўж дарог на адлегласці 15—25 вёрст — станцыйныя гасціныя дамы (заезныя дамы). Адначасова праводзілася і разметка дарог. Землямеры абазначалі вехамі кірунак і шырыню дарог, а праз кожных 700 сажняў ставілі верставыя слупы, праз 7 вёрст узводзілі цагляную піраміду вышынёй 1,5 сажня, якая абазначала мілю. На новых дарогах, акрамя паштовых станцый, будаваліся драўляныя масты, плаціны, гаці. Усе дарогі па абодва бакі абсаджваліся бярозамі ў два рады на адлегласці 2 сажняў. На кожнай вярсце высаджвалася да 2 тысяч дрэў. Менавіта так некалі выглядаў і знакаміты Кацярынінскі шлях, які праходзіў праз старадарожскі край. Частка гэтага шляху захавалася і да сённяшняга часу. Праўда, ні двух радоў бяроз на адлегасці 2 сажняў, ні верставых слупоў на ім не сустрэнеш. Цяпер знакаміты шлях, па якім, згодна з легендай, праязджала Кацярына ІІ, — звычайная лясная дарога. Праз раён праходзіла і шмат іншых дарог, але многія з іх не захаваліся, некаторыя змянілі кірунак.
— У пачатку ХІХ стагоддзя пасля заканчэння вайны з Напалеонам пачалося будаўніцтва дарог новага тыпу. Іх планавалася выкарыстоўваць у першую чаргу ў ваенных мэтах дзеля больш хуткага перамяшчэння войскаў на захад. Будаўніцтва адной з такіх дарог (шашы “Масква — Варшава”) вялося ў асноўным прыгоннымі сялянамі сярод балот у цяжкіх умовах. Сучаснаму чалавеку нават цяжка ўявіць увесь маштаб тагачаснай работы, якая выконвалася пры дапамозе прымітыўных прылад працы: тачак, рыдлёвак. Сучаснікі здзіўляліся, чаму новая траса абмінула вялікія гарады, ранейшыя шляхі, у тым ліку і знакаміты Кацярынінскі шлях, — расказвае Віталь Анатольевіч.
“Варшаўка” адыгрывала важнае стратэгічнае значэнне і ў савецкі перыяд, да таго часу, пакуль не была пабудавана “алімпійка”. Адной з адметнасцей шашы з’яўлялася наяўнасць на яе ўзбочыне паштовых станцый, якія выконвалі і ролю гасцініц. Тут можна было не толькі адпачыць, але і памяняць коней. Па трасе была наладжана паштовая сувязь, пасажырскі рух, курсіравалі дыліжансы, якія за суткі пераадольвалі да 70 вёрст (для параўнання: грузавыя экіпажы — усяго да 30 вёрст). (Вось цікава: калі раней за суткі экіпаж праязджаў максімум 70 вёрст, то колькі спатрэбілася б часу для таго, каб з’ездзіць у камандзіроўку з Мінска ў Старыя Дарогі?) Возчыкам даводзілася часта начаваць у дарозе, і тут на дапамогу якраз і прыходзілі паштовыя станцыі. На адпачынак спыняліся чыноўнікі, дыпламаты, літаратары, навукоўцы, нават каранаваныя асобы. Вядома, што пасля ўрачыстага адкрыцця новай трасы Мікалай І у 1850 годзе праязджаў праз Старадарожчыну, спыняўся на паштовай станцыі, што знаходзіцца ў вёсцы Старыя Дарогі, а на станцыі каля вёскі Горкі адпачываў і Аляксандр ІІ. Да будынка горкаўскай паштовай станцыі накіравалася і наша невялікая турыстычная група.
Музей ці кафэ?
Ад райцэнтра да Горак па роўнай, як струна, дарозе Вячаслаў Іванавіч замчаў нас на сваім сучасным чатырохколавым дыліжансе за некалькі хвілін. Гэта раней усе ехалі павольна, а цяпер аўтамабілі літаральна праносяцца па трасе, імчаць, некуды спяшаюцца. Няма ім часу, каб спыніцца на тым месцы, дзе некалі стаялі панскія брычкі, царскія карэты. Нялітасны час, людская абыякавасць і безгаспадарлівасць пакінулі нам былую паштовую станцыю не ў самым прыглядным стане. Ад гаспадарчых пабудоў засталіся амаль што руіны. Хаця сам будынак, чамусьці вельмі падобны на панскі палац, аднавіць яшчэ можна: захаваліся і брамы, праз якія некалі пралягаў шлях экіпажаў у заезны дом. Пэўныя фінансавыя ўкладанні, крыху фантазіі — і аб’ект можа стаць прыцягальным для турыстаў. Як надаць другое жыццё будынку? Пра гэта сваімі думкамі падзяліўся Віталь Анатольевіч Юрэвіч:
— Мне падаецца, што будынак паштовай станцыі можна выкарыстоўваць у якасці турыстычнага аб’екта. Наколькі мне вядома, у хуткім часе ў Старых Дарогах плануецца стварэнне першага ў краіне музея дарог, прысвечанага развіццю транспартных шляхоў. Падобны музей дзейнічае ў расійскім Рослаўлі і знаходзіцца ён, дарэчы, у будынку на ўзбочыне “варшаўкі”. Можна выкарыстоўваць былую паштовую станцыю і ў якасці аб’екта прыдарожнага сэрвісу. Нешта трэба рабіць і як мага хутчэй.
Пра Кацярыну, Настассю і Соф’ю
Паходжанне першапачатковай назвы Дарогі звязваюць з гацямі, якія некалі вялі праз дрыгву ў адну вёску. Пазней гаці ператварыліся ў дарогі. Месца іх перакрыжавання і атрымала гучную назву. Гэта ўсё тычыцца вёскі Старыя Дарогі. Сам горад значна маладзейшы. Яго ўзнікненне звязана з будаўніцтвам у канцы ХІХ стагоддзя памешчыкамі Дараганамі чыгункі на Асіповічы для больш зручнага вывазу лесу. У 1896 годзе такая чыгунка была пабудавана, а на месцы сучаснага горада ўзнікла станцыя, вакол якой пачалі сяліцца людзі, паступова ўтварылася мястэчка, а потым — і горад. Перасячэнне чыгуначнага і сухапутнага шляхоў і прывяло да з’яўлення сучасных Старых Дарог.
З паходжаннем назвы райцэнтра або аднайменнай вёскі звязана яшчэ адна цікавая легенда. Гавораць, што падчас падарожжа праз гэты край Кацярыны ІІ яе карэта наехала на выбоіну і перакулілася. Сама імператрыца паспела выскачыць з карэты, плюнула і сказала: “Якія тут старыя дарогі!”.
Па шляхах Старадарожчыны ў даўнейшыя часы праходзілі і шведы, і войскі Напалеона. А яшчэ раней, як сведчаць паданні, праз гэты край да возера Скачальскага ездзіла князёўна Настасся Слуцкая, а яе ўнучка Соф’я Алелька, вядомая беларуская святая, хадзіла старадарожскімі шляхамі ў ваколіцы Бабруйска да нейкага святога месца.
З дарогамі Старадарожчыны звязаны і яшчэ адзін цікавы факт. Менавіта тут, як сцвярджае Віталь Анатольевіч, адбылася першая на тэрыторыі Беларусі аўтамабільная аварыя. Справа ў тым, што ад Старых Дарог да Слуцка ў пачатку ХХ стагоддзя быў наладжаны першы ў краіне рэгулярны міжгародні аўтобусны маршрут. У 1909 годзе 2-павярховы аўтобус праязджаў па драўляным мосце праз рэчку Салянку, мост не вытрымаў, і аўтобус перакуліўся. Прыехалі медыкі, некалькі чалавек яны забралі ў шпіталь, але асноўная частка пасажыраў усё ж дабралася да чыгуначнай станцыі і накіравалася ў Асіповічы.
Ад гурткоўца да настаўніка
Цікавыя звесткі пра Настассю Слуцкую, якая ездзіла купацца ў возера Скачальскае, пра Кацярыну ІІ, якая ледзь выскачыла са сваёй карэты, пра перакулены ў рэчку 2-павярховы аўтобус сабралі ўдзельнікі гуртка “Спадчына”, што працуе на базе другой старадарожскай школы пад кіраўніцтвам Віталя Анатольевіча Юрэвіча.
— У гуртку “Спадчына” займаюцца навучэнцы нашай школы і Цэнтра турызму і краязнаўства. Вывучэнне роднай зямлі адбываецца падчас паходаў, вандровак. Архіўны матэрыял даводзіцца збіраць настаўнікам, а вось вучні актыўна запісваюць легенды і паданні, ствараюць даследчыя работы. Многія з іх, у прыватнасці работа “З гісторыі беларускіх дарог”, перамагалі ў раённых конкурсах, выходзілі на абласныя, рэспубліканскія этапы. Сабраны матэрыял друкуецца ў сродках масавай інфармацыі, змешчаны на старонках кнігі “Памяць”. У гуртку “Спадчына” займаліся сотні дзяцей. Вывучэнне малой радзімы настолькі захоплівае вучняў, што многія з іх працягваюць займацца гэтай справай і ў дарослым жыцці, становяцца настаўнікамі гісторыі, — расказвае Віталь Анатольевіч.
Паколькі краязнаўства спрыяе фарміраванню грамадзянскіх пачуццяў, любові да роднай зямлі, то ў наступным навучальным годзе Віталь Анатольевіч плануе разам з калегамі развіваць не толькі гістарычнае, але і літаратурнае краязнаўства, экалагічнае, геаграфічнае, эканамічнае, нават спартыўнае. На базе сярэдняй школы № 2 Старых Дарог мяркуецца стварыць краязнаўчы комплекс. Апошнія гады вялікая ўвага ў рабоце гуртка ўдзяляецца археалагічнай дзейнасці. Два гады запар педагогі і вучні другой старадарожскай школы, а таксама раённага Цэнтра турызму і краязнаўства праводзілі раскопкі каля вёскі Паставічы. Тое, што вучні знайшлі ў лясных курганах і могільніках, можна ўбачыць на фотаздымку.
У брычцы ўздоўж бяроз
Былая “варшаўка” падобна на шырокую раку з роўнымі берагамі, якая павольна цячэ па старадарожскай зямлі. Да яе, нібыта рачулкі, бягуць звілістыя дарогі, гасцінцы, алеі. Некаторым з іх — не адна сотня гадоў, пра што сведчаць старыя разгалістыя дрэвы, якія растуць абапал дарог роўнымі радамі. Па адным з такіх шляхоў разам з Віталем Анатольевічам Юрэвічам і Вячаславам Іванавічам Прэдчанкам мы накіраваліся ў Горкаўскую сярэднюю школу. Гэта цяпер каля высокіх ліп праходзяць у асноўным настаўнікі і вучні, а раней праязджалі прадстаўнікі знакамітага роду Солтанаў. Гавораць, што падчас падарожжа па “варшаўцы” да Солтанаў якраз па гэтай алеі заварочваў і Аляксандр ІІ. Гаспадар маёнтка Адам Перасвет-Солтан вельмі цёпла сустрэў самадзержца, прадставіў яму свайго сына Мечыслава. Пасля гэтага знаёмства Аляксандр ІІ выдаў спецыяльны загад, у адпаведнасці з якім Мечыславу дазвалялася вучыцца ў кадэцкім корпусе. Падрабязныя звесткі пра тыя падзеі, а таксама пра жыццё Солтанаў можна атрымаць у Горкаўскай сярэдняй школе, а дакладней — у школьным музеі.
— Наш музей быў заснаваны ў 1979 годзе былым дырэктарам школы заслужаным настаўнікам БССР Канстанцінам Андрэевічам Пекарам. Зборам экспанатаў займаліся ў той час усе настаўнікі і вучні, музей стаў сапраўдным выхаваўчым цэнтрам. Тут часта праводзяцца разнастайныя мерапрыемствы, ладзяцца святы, народныя абрады. У чатырох музейных залах расказваецца пра гісторыю вёскі, школы, перыяд Вялікай Айчыннай вайны, пра воінаў-афганцаў. Асобная зала прысвечана багаццю флоры і фаўны раёна. Экспанаты гэтай залы (чучалы звяроў і птушак) былі перададзены нашай школе адміністрацыяй Белавежскай пушчы яшчэ ў 70-я гады. Усяго ў музеі захоўваецца каля 500 экспанатаў. Самыя каштоўныя з іх — дакументы, звязаныя з Солтанамі, — гаворыць кіраўнік музея, настаўніца гісторыі Наталля Міхайлаўна Марозава.
Матэрыяльных сведчанняў пра жыццё Солтанаў засталося нямнога. Гэта ў першую чаргу музейныя дакументы, разгалістыя ліпы, што растуць абапал алеі, якая вяла да маёнтка, а таксама старыя могілкі, дзе знайшлі свой спачын былыя гаспадары краю. Сярод іх і Адам Перасвет-Солтан — адзін з першых магнатаў, які ў ХІХ стагоддзі пачаў складаць беларускамоўныя творы. Побач — магіла яго сына Мечыслава, якога, згодна з легендай, хавалі на чорных конях у шкляной труне. Гавораць, што ў труну да Солтанаў паклалі і незлічоныя багацці. Менавіта гэтым фактам можна растлумачыць разбуранасць магіл. Знайшлі аматары лёгкага хлеба тыя незлічоныя багацці ці не, невядома. Аднак наўрад ці чужое дабро прынесла чорнакапальнікам шчасце. Гавораць, што яшчэ ў першай палове ХХ стагоддзя на могілкі прыязджалі людзі, каб памаліцца за спачын душы Солтанаў, узгадаць і Адама, і яго сына Мечыслава. Цяпер жа магілы закінуты, зараслі кустамі, мінулагодняй травой…
Добра, што хоць памяць аб прадстаўніках знакамітага роду не зарасла пустазеллем. Час ад часу на могілкі наведваюцца настаўнікі і вучні. Але пагадзіцеся, не толькі іх павінна хваляваць захаванне спадчыны роднай зямлі, яе папулярызацыя. Бо што можа школа: арганізаваць акцыю па добраўпарадкаванні могілак або выказаць прапановы па развіцці турызму? Толькі пры актыўным удзеле мясцовай улады, усіх зацікаўленых людзей можна, напрыклад, арганізаваць для турыстаў конны маршрут ад будынка паштовай станцыі, дзе, магчыма, размесціцца філіял першага на Беларусі музея дарог, да магіл Солтанаў, прапанаваць гасцям пракаціцца ў сапраўднай брычцы. Спачатку едзем па “варшаўцы”, дзе каля паштовай станцыі растуць высокія таполі, потым заварочваем на былы Ігуменскі тракт, абсаджаны, як у даўнія часы, бярозамі. Возчыкам можа стаць любы дарослы жыхар з навакольных вёсак, а вось экскурсаводамі — не толькі супрацоўнікі раённага гісторыка-этнаграфічнага музея, але і настаўнікі з вучнямі. За дадатковую плату, канечне. Лішняя капейчына нікому не зашкодзіць, як не зашкодзіла б гасцям Старадарожчыны праехацца на брычцы ўздоўж бяроз і таполяў і ўбачыць, як з-за пагорка выедзе не аўтамабіль, а карэта, запрэжаная чацвёркай коней, і сустрэчны возчык, сцегануўшы сваіх скакуноў доўгай пугай, крыкне: “Пасцеражыся!”.
Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.