Дзіцячы сад, што адкрыўся гэтымі днямі ў Бараўлянах Мінскага раёна, разлічаны на 180 месцаў, расказала карэспандэнту «Настаўніцкай газеты» першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінаблвыканкама Соф’я Філістовіч.
— Новая дашкольная ўстанова адукацыі адпавядае сучасным запытам, — падкрэсліла суразмоўніца. — Тут створаны ўсе ўмовы для паўнавартаснага фізічнага і інтэлектуальнага развіцця дзяцей: утульныя і камфортныя групавыя памяшканні і спальні, музычная і фізкультурная залы, камп’ютарны клас, кабінеты настаўніка-дэфектолага і педагога-псіхолага, рэсурсныя цэнтры і творчая студыя, медыцынскі блок.
У садзіку будуць працаваць 9 груп, у тым ліку спецыяльная для дзяцей з цяжкім парушэннем маўлення, група інтэграванага навучання і выхавання.
З мэтай фарміравання ў дашкольнікаў цікавасці да культурнай, прыроднай і гістарычнай спадчыны нашай краіны і Кітая ва ўстанове створаны рэсурсны цэнтр беларуска-кітайскай культуры. А для выхавання камп’ютарнай дасведчанасці, развіцця інтэлектуальных здольнасцей і пазнавальнай актыўнасці будуць праводзіць заняткі ў цэнтры «Юны інфарматык».
— Рэсурсныя цэнтры адкрываюць дзецям шмат магчымасцей для развіцця, — дадала першы намеснік начальніка. — Ва ўстанове таксама створана безбар’ернае асяроддзе, а кантроль за яе тэрыторыяй будзе ажыццяўляцца дзякуючы сістэме відэаназірання.
Права перарэзаць чырвоную стужку было прадастаўлена не толькі гасцям мерапрыемства, але і прадстаўнікам з ліку бацькоў. Сям’я Вольгі і Аляксея Кондра выхоўвае траіх дзетак. Самая малодшая, Вера, залічана ў гэты садзік.
З 2018 г. у Мінскай вобласці была пабудавана 21 новая дзіцячая дашкольная ўстанова. 11 з іх узведзены ў Мінскім раёне, насельніцтва якога штогод прырастае на 6 000—8 000 чалавек.
У 2024 г. развіццё сацыяльнай інфраструктуры на Міншчыне працягнецца. У Бараўлянах і ў гарадах вобласці будуць пабудаваны дзіцячыя сады, а ў Фаніпалі і Салігорску з’явяцца новыя школы.
Наталля САХНО
Фота аўтара і БелТА