У школьнікаў пачаліся доўгачаканыя канікулы. Як жа правядзе іх сталічная дзетвара?
Летам для мінскіх школьнікаў гасцінна расчыніў дзверы 31 аздараўленчы загарадны лагер. У іх створаны добрыя ўмовы для адпачынку, аздараўлення, кожны мае сваю асаблівасць. Таксама ў кожнай сталічнай школе запрацавалі тэматычныя атрады. Усяго ў Мінску плануецца аздаравіць больш за 65 тысяч дзяцей. Сярэдні кошт пуцёўкі ў загарадны лагер з кругласутачным знаходжаннем складзе 639 рублёў. Вызначаны памеры памяншэння кошту. Датацыя на адпачынак не менш за 18 дзён складзе 229 рублёў, у спартыўна-аздараўленчым лагеры — 253 рублі.
Актыўна на канікулах будуць працаваць і цэнтры дадатковай адукацыі. Як расказала старшыня камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Наталля Праскурава, у летні перыяд усе ўстановы дадатковай адукацыі запрацуюць у новым фармаце. Разнастайныя секцыі, гурткі прымуць усіх жадаючых школьнікаў. Гэта значыць, што ўсе дзеці, хто захоча паўдзельнічаць у рабоце якой-небудзь секцыі ці гуртка, у любы час могуць прыйсці і зрабіць гэта.
Работа з адоранымі і высокаматываванымі дзецьмі вядзецца круглы год і не перапыняецца нават летам. У Мінску з 1 чэрвеня дзейнічаюць студыі па падрыхтоўцы навучэнцаў да інтэлектуальных спаборніцтваў і конкурсаў па біялогіі (на базе гімназіі № 146 і біяфаку БДУ), беларускай мове і літаратуры (на базе гімназій №№ 4, 14), англійскай мове і грамадазнаўстве (на базе гімназіі № 7), рускай мове і літаратуры (на базе гімназіі № 24), гісторыі (на базе гімназіі № 15).
Профільны атрад гарадскога школьнага лагера з дзённым знаходжаннем для адораных і высокаматываваных дзяцей і падлеткаў па прадмеце “Інфарматыка” пачаў працаваць на базе сталічнай сярэдняй школы № 191. У ім праходзяць падрыхтоўку 24 навучэнцы. Праграмай прадугледжаны заняткі па такіх напрамках, як вэб-майстар: асновы праграмавання і алгарытмізацыі, рашэнне лагічных і матэматычных задач, праграмаванне на мове С, рашэнне алімпіядных задач, англійская мова для пачынаючых праграмістаў.
Не толькі добра адпачыць, але і даведацца шмат новага і цікавага, павысіць свой адукацыйны ўзровень змогуць школьнікі і ў адукацыйна-аздараўленчым цэнтры “Лідар”, дзе ўрачыста адкрылася першая змена. Плануецца, што за летнія месяцы “Лідар” прыме пяць змен па 200 чалавек ва ўзросце ад 6 да 17 гадоў. Таксама на яго тэрыторыі ўстаноўлены палатачны гарадок. Ён разлічаны на 30 вучняў і будзе дзейнічаць на працягу дзевяці змен.
Лета — гэта час, калі навучэнцы могуць паспрабаваць зарабіць свае першыя грошы ў складзе студэнцкіх атрадаў, акрамя таго, будзе арганізавана часовая працоўная занятасць. Плануецца, што такой магчымасцю змогуць скарыстацца больш за 5,5 тысячы школьнікаў. Найбольшая колькасць навучэнцаў будзе працаваць на аб’ектах прадпрыемства “Мінскзелянбуд”, камунальныя службы таксама плануюць прыцягваць маладых людзей. Гасцінна расчыніць дзверы перад жадаючымі папрацаваць мінскі заапарк.
Каля 1000 сталічных школьнікаў папрацуюць у складзе студэнцкіх атрадаў. Такія атрады, дарэчы, будуць стварацца і ва ўстановах прафесійнай адукацыі.
Наталля КАЛЯДЗІЧ.