У аграрных УВА з 15 лістапада па 5 снежня ідзе прыём дакументаў на завочную форму навучання як за кошт сродкаў бюджэту, так і на платнай аснове. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Асаблівасці паступлення
Уступныя выпрабаванні для тых, у каго няма дзеючых сертыфікатаў ЦЭ і ЦТ, стартуюць 6 снежня. Даты экзаменаў кожная УВА ўстанаўлівае самастойна. І ўжо да 20 снежня ва УВА з’явіцца інфармацыя пра тое, хто з абітурыентаў стаў студэнтам.
Прыём дакументаў у сярэдзіне лістапада на “завочку” ў аграрныя ўстановы вышэйшай адукацыі — шматгадовая традыцыя. Большая частка тых, хто паступае, — гэта рабочыя-аграрыі, для якіх лета — гарачая пара ва ўсіх сэнсах і якім у ліпені — жніўні часу на ўступныя клопаты ніяк не адшукаць.
У БДАТУ набор на завочную форму атрымання адукацыі ідзе на 4 факультэтах па 7 спецыяльнасцях. Унутраныя ўступныя экзамены пройдуць 7—11 снежня ў пісьмовай форме. Усе жадаючыя перад гэтым могуць платна прайсці навучанне на кароткатэрміновых падрыхтоўчых курсах.
Важна. Нагадаем, спецыялістаў-аграрыяў з вышэйшай адукацыяй рыхтуюць у Беларускім дзяржаўным аграрным тэхнічным універсітэце, Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі, Гродзенскім дзяржаўным аграрным універсітэце, Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны.
Дарэчы, сёлета ў параўнанні з мінулым годам істотна зменшыліся агульныя лічбы набору студэнтаў-завочнікаў. Калі падчас леташняй лістападаўскай уступнай кампаніі шэрагі першакурснікаў папоўнілі каля тысячы чалавек, то сёлета ўніверсітэт гатовы прыняць 640. Гэта адбылося ў першую чаргу з-за зніжэння амаль у 2,5 разу набору на платную форму навучання (з 937 да 391 чалавека). А вось прыняць на бюджэт, як на поўны, так і на скарочаны тэрмін навучання, універсітэт гатовы большую колькасць абітурыентаў: не 125, а 249.
— З гэтага года крыху змяніліся ўмовы залічэння завочнікаў, — расказвае пра асаблівасці прыёмнай кампаніі адказны сакратар прыёмнай камісіі БДАТУ Карына Гаркуша. — Цяпер для паступлення не толькі на бюджэт, але і на платную форму навучання тым, у каго за плячыма агульная сярэдняя адукацыя, патрабуецца мець абавязковы стаж работы не менш за 10 месяцаў на сельскагаспадарчых або перапрацоўчых прадпрыемствах, у арганізацыях, якія абслугоўваюць сельскую гаспадарку. Таксама прэтэндаваць на завочную вучобу могуць выпускнікі ліцэяў і каледжаў, якія атрымалі адукацыю па профільных спецыяльнасцях, зацверджаных Міністэрствам адукацыі (пастанова Мінадукацыі ад 15.03.2023 № 99. — Заўвага аўт.). Пералік аграрных і тэхнічных спецыяльнасцей шырокі: на ўзроўні ПТА іх больш за тры дзясяткі, на ўзроўні ССА — больш за шэсцьдзясят.
Яшчэ адно змяненне цяперашняй прыёмнай кампаніі — павелічэнне амаль у тры (!) разы бюджэтных месцаў на скарочаным 4-гадовым навучанні, якое прадугледжана для тых, хто ідзе па траекторыі бесперапыннай прафесійнай адукацыі. Гэтае новаўвядзенне датычыцца ўладальнікаў дыпломаў аб сярэдняй спецыяльнай адукацыі па спецыяльнасцях (усяго іх каля 30), якія інтэгруюцца з вучэбнымі планамі такіх спецыяльнасцей БДАТУ, як “Тэхнічнае забеспячэнне вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі”, “Энергетычнае забеспячэнне сельскай гаспадаркі”, “Аграбізнес”, “Тэхнічны сэрвіс у аграпрамысловым комплексе”. Больш за ўсё на бюджэт сёлета ўніверсітэт гатовы прыняць студэнтаў-энергетыкаў — 78 чалавек.
— Па тых спецыяльнасцях, дзе праграма падрыхтоўкі на ўзроўні ССА ў значнай ступені супадае з універсітэцкай, частка прадметаў студэнтам перазалічваецца, таму і тэрмін навучання скарочаны на год, — тлумачыць Карына Эдуардаўна.
Студэнтамі-завочнікамі таксама могуць стаць тыя, хто прайшоў тэрміновую вайсковую службу або службу ў рэзерве ў год прыёму або за год да гэтага і мае рэкамендацыю вайсковай часці. А яшчэ дзеці-інваліды да 18 гадоў, людзі з інваліднасцю I або II групы пры адсутнасці медыцынскіх супрацьпаказанняў да навучання па атрыманай спецыяльнасці, асобы, якія ажыццяўляюць догляд дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў, дзіцяці да 18 гадоў з інваліднасцю альбо інфіцыраванага вірусам імунадэфіцыту чалавека, хворага на СНІД, інваліда I групы альбо асобы, якая дасягнула 80-гадовага ўзросту.
Вучыцца ніколі не позна
На сёння ў БДАТУ падалі дакументы каля 400 абітурыентаў. Самаму старэйшаму з іх 57 гадоў. Ён паступае на скарочаную форму навучання на спецыяльнасць “Тэхнічнае забеспячэнне вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі”.
А вось Віталь Бойка з Мар’інай Горкі, які атрымаў кваліфікацыю тэхніка-механіка ў Мар’інагорскім дзяржаўным аграрна-тэхнічным каледжы імя У.Е.Лабанка, паступае на факультэт тэхнічнага сэрвісу ў АПК:
— Адвучыўшыся 3,5 года ў каледжы, па прыкладзе сяброў, якія вучыліся ў БДАТУ і вельмі рэкамендавалі мне паступаць сюды, вырашыў атрымаць за 4 гады вышэйшую профільную адукацыю. Цяпер працую ў каледжы слесарам-рамонтнікам. Сярэдні бал дыплома ў мяне 6,3. У снежні трэба будзе яшчэ здаць два экзамены — па ахове працы і матэрыялазнаўстве. Спадзяюся, усё атрымаецца.
Разам з Віталём у БДАТУ прыехаў яго 42-гадовы бацька Сяргей Бойка. Толькі не для маральнай падтрымкі, а ў якасці… абітурыента — сын і бацька падаюць дакументы разам на адзін факультэт.
— Тата па прафесіі слесар-рамонтнік 3-га разраду. У 2001 годзе ён скончыў Мінскае прафесійна-тэхнічнае вучылішча № 94 машынабудавання. Яму падкінулі ідэю працягнуць адукацыю, а я сказаў, маўляў, пайшлі вучыцца разам са мной. Вось і прыйшлі падаваць дакументы. Як-ніяк “вышка” ў жыцці патрэбна, а ўзрост яшчэ дазваляе. Толькі ён будзе вучыцца 5 гадоў і здаваць пры паступленні іншыя экзамены: фізіку і матэматыку, — гаворыць Віталь, пакуль Сяргей Уладзіміравіч запаўняе неабходныя дакументы з дапамогай членаў прыёмнай камісіі.
Калі Сяргею Бойку спатрэбілася 23 гады, каб маральна саспець для атрымання вышэйшай адукацыі, то Артуру Даўляшэвічу з Ліды, які падае дакументы на аграэнергетычны факультэт, —14 гадоў.
— Я скончыў у свой час цяперашні Жыровіцкі дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж, атрымаў прафесію тэхніка-электрыка. Працаваў электрыкам на розных прадпрыемствах, у цяперашні час — на Лідскім мясакамбінаце. Калі пачалі паступаць прапановы, звязаныя з кар’ерным ростам, стаў задумвацца аб далейшай вучобе, — расказвае Артур Даўляшэвіч. — А то ж вопыт ёсць, справу сваю ведаю добра, але для пераходу на больш высокую пасаду не хапае вышэйшай адукацыі. Вось вырашыў вучыцца, так бы мовіць, павышаць кваліфікацыю. Мне трэба будзе здаваць пісьмовыя выпрабаванні па тэарэтычных асновах электратэхнікі і электрычных машынах. Запісаўся на падрыхтоўчыя курсы, каб асвяжыць веды перад экзаменамі.
Дарэчы, магчымасцю наведваць падрыхтоўчыя курсы плануюць скарыстацца каля 50 абітурыентаў.
Па словах Карыны Гаркуша, найбольшы наплыў абітурыентаў традыцыйна назіраецца ў першыя і апошнія дні прыёму дакументаў. Пакуль найбольш запатрабаваны аграэнергетычны факультэт. Тут хацелі б вучыцца 165 чалавек. Для тых, хто даўно скончыў школу ці каледж, вядома ж, завочная форма атрымання вышэйшай адукацыі прывабная тым, што можна сумяшчаць работу з вучобай.
Дарэчы. Набор абітурыентаў-мэтавікаў на цяперашнім этапе прыёмнай кампаніі не прадугледжаны. За тых, каму трэба будзе вучыцца платна, можа пры наяўнасці такой дамоўленасці плаціць арганізацыя. Для гэтага пасля залічэння абітурыент павінен заключыць трохбаковы дагавор.
Траекторыя — профіль
Прафарыентацыйная работа ў БДАТУ — працэс не сезонны, а круглагадовы. Асабліва цеснае ўзаемадзеянне складваецца з аграрнымі класамі. Формы супрацоўніцтва з вучнямі старшых класаў пастаянна абнаўляюцца і пашыраюцца. Выкладчыкі па-ранейшаму ездзяць па школах з прэзентацыямі і фільмамі, расказваюць пра факультэты і спецыяльнасці, парадак паступлення і ўмовы навучання, ільготную траекторыю паступлення мэтавікаў, перавагі вучобы ва ўніверсітэце, дзе акрамя аграрных спецыяльнасцей шмат інжынерных. Таксама яны запрашаюць патэнцыяльных абітурыентаў адзін раз убачыць усё на свае вочы: у БДАТУ праводзяцца дні адкрытых дзвярэй, а таксама прафарыентацыйныя акцыі “Студэнт на адзін дзень”.
Навучэнцы профільных класаў, якія на факультатыве “Уводзіны ў аграрныя прафесіі” вывучаюць разнастайнасць сельскагаспадарчых машын, пытанні энергетыкі, частыя госці на занятках ва ўніверсітэцкіх лабараторыях, дзе на высокім узроўні вядзецца практыка-арыентаваная падрыхтоўка будучых аграрыяў.
Так, напрыклад, некалькі дзясяткаў школьнікаў са Стаўбцоўскага раёна нядаўна пабывалі на экскурсіі ва ўніверсітэце і зазірнулі ў вучэбна-выставачны комплекс, дзе прадстаўлена каля пяцідзесяці сельгасмашын. Ад старшага выкладчыка кафедры сельскагаспадарчых машын аграмеханічнага факультэта БДАТУ Дзяніса Яноўскага старшакласнікі даведаліся цікавыя падрабязнасці пра спецыфіку работы тэхнікі па апрацоўцы глебы, унясенні угнаенняў, хімічнай абароне раслін, нарыхтоўцы кармоў, уборцы збожжавых і пасляўборачнай апрацоўцы збожжа і бульбы. Гаворачы пра аграрныя дроны, педагог паведаміў, чым яны карысныя ў дакладным земляробстве. Цікава, што гэтая інфармацыя зацікавіла найперш дзяўчат.
Вольга Рушанян, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце, настаўніца хіміі, якая вядзе заняткі профільнага факультатыву ў Старасвержанскай сярэдняй школе Стаўбцоўскага раёна, дзе другі год працуюць аграрныя класы, называе такія сустрэчы карыснымі і вельмі цікавымі.
— З навучэнцамі нашай школы мы сюды прыязджаем ужо другі раз. І хлопцам, і дзяўчатам вельмі спадабаліся заняткі ў вучэбнай лабараторыі, захапленне выклікаў універсітэцкі спартыўны комплекс. Дарэчы, сёлета два выпускнікі нашай школы, хоць яны і не вучыліся ў агракласе, паступілі па мэтавым накіраванні ў БДАТУ. Вучыцца тут ім вельмі падабаецца. Даведаўшыся пра перавагі паступлення мэтавікаў, два адзінаццацікласнікі ўжо, ведаю, збіраюцца ўзяць накіраванне ў асноўнага заказчыка кадраў нашага раёна — ААТ “Агра-Нёманскі”.
Дарэчы, у БДАТУ на працягу многіх гадоў паступаюць некалькі абітурыентаў са Стаўбцоўскага раёна.
Марына КУНЯЎСКАЯ
Фота аўтара