Новы падыход да школьных субот

- 14:47Выхаваўчая прастора

Сярэдняя школа № 24 Мінска сваю сацыякультурную місію бачыць у тым, каб дапамагчы маладому чалавеку сфарміравацца ў якасці грамадзяніна, які з’яўляецца не пабочным назіральнікам, а стваральнікам і творцам прагрэсіўных змен. Менавіта такі наказ мы атрымалі ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнкі разам з ключамі ад новай школы 1 верасня 2008 года. За гэтыя гады мы зрабілі многае, каб наша ўстанова стала для маладога мікрараёна Лошыца, які пашыраецца, не проста месцам вучобы дзяцей, а сацыякультурным цэнтрам для ўсёй сям’і.

Неабходнасць такога падыходу прадыктавана асаблівасцямі сацыяльнага пашпарта мікрараёна школы: 197 мнагадзетных сем’яў, у якіх выхоўваюцца 642 дзіцяці (37% з іх — дзеці школьнага ўзросту). Яго актуальнасць не аслабляецца і сёння, жыллёвае будаўніцтва працягвае расці хуткімі тэмпамі, а інфраструктура сацыякультурных аб’ектаў практычна прадстаўлена толькі дзіцячымі ўстановамі і бібліятэкай.

Гібка рэагуючы на актуальныя праблемы і выклікі часу, наша ўстанова адукацыі ўкараняе новыя падыходы да стварэння выхаваўчай прасторы, арыентаванай на дзейснае ўключэнне дзяцей і падлеткаў у працэс асваення агульначалавечых і нацыянальных каштоўнасцей на аснове сучаснага рэсурснага забеспячэння ўсіх напрамкаў адукацыйнай дзейнасці.

У 2013 годзе мы распрацавалі праект “Сацыякультурная місія ўстановы адукацыі. Школа як цэнтр вольнага часу і развіцця”, адзначаны грантам Мінгарвыканкама. Яго сутнасць заключалася ў мадэрнізацыі матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння, інавацыйнага ўдасканалення традыцыйных форм арганізаванага вольнага часу і ўкаранення новых, запатрабаваных у асяроддзі сучасных дзяцей і падлеткаў відаў творчай, інтэлектуальнай і спартыўнай дзейнасці.

У ходзе рэалізацыі праекта былі задзейнічаны наяўныя рэсурсы і спланаваны мэтавыя ўкладанні пазабюджэтных сродкаў, у тым ліку і з даходаў, заробленых ад аказання паслуг на платнай аснове.

Устаноўлена кароткафокуснае праекцыйнае і светлавое абсталяванне ў актавай зале, пераабсталяваны памяшканні для заняткаў фотастудыі, студыі гуказапісу, гукарэжысёрская і новы аб’ект — школьны кінатэатр.


Удасканаленне традыцыйных відаў адпачынкавай дзейнасці на сучаснай тэхнічнай базе дазволіла стварыць сістэму новых студыйных аб’яднанняў. Так, навучэнцы фота-студыі самі ажыццяўляюць пошук цікавых сюжэтаў для відэа- ці фотаздымкі, самі агучваюць відэаролікі ў студыі гуказапісу, ажыццяўляюць мантаж і накладанне гуку. Асноўную тэматыку задае цыклаграма гарадскіх і раённых конкурсаў, што стварае сітуацыю поспеху і ўзмацняе значнасць адпачынкавай дзейнасці навучэнцаў.

Як вынік — у 2015 годзе пры падтрымцы ўпраўлення адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі Ленінскага раёна і камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама школе быў прысвоены статус рэсурснага цэнтра па выхаваўчай рабоце. Такое рашэнне садзейнічала больш высокаму тэхнічнаму, арганізацыйнаму і творчаму ўзроўню ўсіх мерапрыемстваў, якія праводзіліся, выніковаму ўдзелу школы ў конкурсах выхаваўчай накіраванасці, пашырэнню аўдыторыі ўдзельнікаў на ўзроўні раёна і горада.

Як і ва ўсіх установах адукацыі, большасць культурна-масавых і спартыўных мерапрыемстваў выпадае на шосты школьны дзень. У рамках рэсурснага цэнтра быў распрацаваны і рэалізуецца дагэтуль праект “Інавацыйная мадэль арганізацыі шостага школьнага дня DRЭVA.new як фактар павышэння якасці выхавання культуры здаровага ладу жыцця, быту і вольнага часу”, які таксама быў адзначаны грантам Мінгарвыканкама.

Ён ахоплівае не толькі ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу, але і жыхароў мікрараёна школы. Адметная рыса мерапрыемстваў шостага школьнага дня — адмаўленне ад фармалізму і замена дэкларавання прапісных ісцін актыўнымі формамі сумеснай пазнавальнай, творчай, спартыўнай і сацыяльна значнай дзейнасці.

Як паказвае статыстыка, найбольш запатрабаванымі з’яўляюцца творчыя віды адпачынкавай дзейнасці: харэаграфічная, вакальная, тэатральная і мастацкая. Створаныя творчыя калектывы сталі ўпрыгажэннем усіх школьных і раённых мерапрыемстваў. Святочныя і справаздачныя канцэрты, навагоднія мюзіклы, танцавальныя батлы і флэшмобы збіраюць вялікую колькасць удзельнікаў і гледачоў. Выканаць школьны вальс на выпускным вечары лічаць сваім абавязкам усе без выключэння выпускнікі.

Прыкладам эфектыўнасці ўкаранення новых форм арганізацыі адпачынкавай дзейнасці з’яўляецца стварэнне мюзіклаў. Высокая папулярнасць гэтай інтэграванай формы баўлення вольнага часу ахапіла не толькі дзяцей, але і дарослых. Многія катэгорыі навучэнцаў знаходзяць у ёй прымяненне сваім творчым здольнасцям: нехта развівае акцёрскае майстэрства, вакальныя і харэаграфічныя даныя, а нехта піша сцэнарый і рэжысіруе праект і г.д. Значнасць такой дзейнасці ўзмацняецца за кошт яе сацыяльнай накіраванасці: частымі гасцямі школы з’яўляюцца дзеці-сіроты з дзіцячага гарадка і сацыяльна-педагагічнага цэнтра з прытулкам Ленінскага раёна сталіцы.

Яркім прыкладам сацыяльна значных мерапрыемстваў можа таксама служыць сталае супрацоўніцтва з ветэранскай арганізацыяй і сумесныя канцэрты з хорам былых малалетніх вязняў фашысцкіх канцлагераў і дзяцей вайны. Быць побач на адной сцэне з такімі мужнымі і гераічнымі людзьмі — лепшы шлях для выхавання грамадзянска-патрыятычных пачуццяў у нашых дзяцей.

На базе нашай школы адкрыты спартыўныя секцыі, якія наведваюць дзеці і падлеткі мікрараёна. Найбольш запатрабаваныя гульнявыя віды спорту, таксама працуюць секцыі ўсходніх адзінаборстваў (каратэ до і тэквандо), трэнажорная зала. Сучасная спартыўная база дазваляе праводзіць спаборніцтвы на гарадскім і рэспубліканскім -узроўнях (“Баскетбольная ліга” і іншыя). Штогод школа займае прызавыя месцы ў раённай спартакіядзе школьнікаў. Мы ганарымся спартыўнымі дасягненнямі нашых навучэнцаў, аднак прыярытэтам у выхаванні здаровага ладу жыцця ўсё ж лічым правядзенне спартыўна-масавых мерапрыемстваў на ўзроўні класаў, паралелей і ўсёй школы з удзелам бацькоў і жыхароў мікрараёна. Гэта так званыя спартыўныя суботы для ўсёй сям’і і святы двара. Зарад энергіі, эмоцый і пазітыву, які атрымліваюць і ўдзельнікі, і балельшчыкі, нараджае шчырае пачуццё гонару за сваю сям’ю, свой клас, сваю школу, сваю краіну.

Праграмы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі рэалізуюцца таксама ў супрацоўніцтве з Цэнтрам дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Маяк” і Фізкультурна-спартыўным цэнтрам дзяцей і моладзі Ленінскага раёна, дзіцячымі спартыўнымі школамі і клубамі сталіцы.

З моманту адкрыцця школы ў 2008 годзе на нашай базе працуе шахматная секцыя СДЮШАР № 11 Мінска. Новы імпульс гэтай рабоце ў 2016 годзе надаў рэспубліканскі праект “Шахматны ўсенавуч”. Цяпер навучэнцы маюць магчымасць асвойваць азы гэтай гульні на факультатыўных занятках, пачынаючы з першага класа.

Наша ўстанова з’яўляецца ўдзельніцай рэспубліканскага праекта “Электронная школа” і інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі фарміравання медыякультуры навучэнцаў ва ўмовах сучаснага інфармацыйна-камунікацыйнага асяроддзя ўстановы адукацыі” (2015—2018). У рамках рэалізацыі інавацыйнага праекта быў створаны школьны медыяцэнтр, які аб’яднаў у сваёй структуры студыю гуказапісу, фотастудыю і 3D-студыю. Абноўлены сайт школы быў адзначаны дыпломам гарадскога конкурсу на лепшы сайт устаноў адукацыі ў 2016 годзе, у бягучым годзе ён стаў фіналістам у намінацыі “Лепшы сайт установы адукацыі як рэсурс выхаваўчай работы”.

Рэсурсны цэнтр па выхаваўчай рабоце “Школа — сучасны цэнтр вольнага часу” актыўна дзеліцца назапашаным вопытам з калегамі, праводзіць семінары і канферэнцыі для слухачоў Акадэміі паслядыпломнай адукацыі і Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі, Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка.

Як вядома, у красавіку 2017 года па ініцыятыве ЮНІСЕФ Мінск атрымаў статус горада, дружалюбнага да дзяцей. Хочацца думаць, што ў агульным выніку ёсць драбніца і нашай працы. Стратэгія выхавання падрастаючага пакалення, заснаваная на ролі школы як сацыякультурнага цэнтра ў мікрараёне, дазваляе зменшыць негатыўны ўплыў соцыуму і гарадскога асяроддзя на жыццё дзіцяці, садзейнічае максімальнаму выкарыстанню інфраструктуры сталічнага мегаполіса.

Святлана ГРЫЦЮТА,
дырэктар сярэдняй школы № 24 Мінска.
Фота Дзмітрыя МАМАНТАВА.