Новы ўзровень даследаванняў

- 10:18Выхаванне, Краязнаўства

Навукова-­даследчай канферэнцыяй навучэнцаў “Вялікая Айчынная вайна: гісторыя і памяць” пачаўся Рэспубліканскі тыдзень турызму і краязнаўства для дзяцей і моладзі.

Вывучэнне ваеннага мінулага — гэта заўсёды цікавая канкрэтная справа, магчымасць дакрануцца да подзвігаў дзядоў і прадзедаў, што і пацвер­дзілі ўдзельнікі канферэнцыі. Яны даследавалі малавядомыя падзеі перыяду Вялікай Айчыннай вайны, подзвігі герояў таго часу на сваёй малой радзіме.

На рэспубліканскі этап канферэнцыі было прадстаўлена 105 даследчых праектаў, 49 з іх былі адабраны для фінальнай абароны ў секцыях “Па старонках гісторыі маёй малой радзімы”, “Гісторыя вайны ў асобах”, “Летапіс партызанскага і падпольнага руху”.

— Фарміраванне грамадзяніна, патрыёта, асобы з высокім узроўнем духоўнай культуры за­стаецца адным з прыярытэтных напрамкаў дзейнасці ўстаноў адукацыі. Таму Міністэрства адукацыі надае важнае значэнне развіццю пошукавай і даследчай дзейнасці. Штогод у краіне арганізоўваюцца мерапрыемствы, накіраваныя на захаванне памяці пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Навучэнцы і педагогі ўстанаўліваюць імёны герояў, увекавечва­юць памяць пра загінуўшых абаронцаў Айчыны і ахвяр вайны, — паведаміў начальнік Галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Эдуард Тамільчык.

Для аказання арганізацыйнай і метадычнай дапамогі пошукавым аб’яднанням навучэнцаў (ва ўстановах адукацыі такіх аб’яднанняў налічваецца больш за 300) на платформе “Патрыёт.by” змешчаны спецыяльныя матэрыя­лы. Акрамя таго, установамі адукацыі наладжана цеснае супрацоўніцтва з Інстытутам гісторыі НАН Беларусі.

— Вучонымі інстытута, калегамі з ВНУ, Міністэрства адукацыі, настаўнікамі праводзіцца вялікая работа па захаванні гістарычнай памяці, у першую чаргу памяці аб Вялікай Айчыннай вайне, яе гераічных і трагічных старонках. За апошняе дзесяцігоддзе вучонымі толькі нашага інстытута з удзелам калег з ВНУ было выда­дзена больш чым 50 навуковых манаграфій асабістых і калектыўных, не гаворачы ўжо пра артыкулы і выданні папярэдніх гадоў, самай маштабнай з якіх стала серыя “Памяць”. Усё гэта выкарыстоўваецца вамі падчас пошукавай работы. Дзякуючы вам папаўняюцца спісы герояў, а захаванне гістарычнай памяці можа выйсці на новы ўзровень, дапаможа супрацоўнікам генеральнай пракуратуры напоўніць крымінальную справу аб генацыдзе беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны канкрэтнымі лічбамі, — звярнуўся да юных даследчыкаў дырэктар Інстытута гісторыі НАН Беларусі Ва­дзім Лакіза і прапанаваў паўдзельнічаць у конкурсах творчых работ, якія праводзяцца Нацыянальнай акадэміяй навук.

Супрацоўнікі Інстытута гісторыі працавалі і ў складзе журы канферэнцыі сумесна з калегамі з Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнага інстытута адукацыі, Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, гістарычных факультэтаў БДУ, БДПУ імя Максіма Танка, Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства.

Акрамя непасрэдна абароны праектаў, удзельнікі канферэнцыі азнаёміліся з выставачнай экспазіцыяй “Сувязь часоў, традыцый, пакаленняў”, а падчас акцыі “Памяць” усклалі гірлянды і кветкі да брацкай магілы “Смуткуючая маці” ў парку Чалюскінцаў.

Якія малавядомыя старонкі Вялікай Айчыннай вайны адкрылі ўдзельнікі канферэнцыі? Пра гэта мы раскажам у адным з наступных нумароў.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.