Новыя магчымасці для пазнання

- 13:10Прафесійна-тэхнічная адукацыя

Мабільнае навучанне дапамагае рабіць працэс навучання гнуткім, даступным і персаналізаваным, таму набывае ўсё больш шырокае прымяненне. Мабільны інструментарый актыўна ўкараняюць у сваю работу выкладчыкі ўстаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Напрыклад, супрацоўнікі Мінскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя № 5 транспартнага будаўніцтва перакананы, што ў выкарыстанні мабільных прылад на занятках хаваецца вялікі патэнцыял. Давайце пазнаёмімся з некаторымі творчымі педагогамі ліцэя і даведаемся аб іх вопыце работы.

Смарт-прастора ліцэя

У ліцэі будуюць такую адукацыйную мадэль, у якой лічбавыя тэхналогіі аптымальна спалучаюцца з класічнымі педагагічнымі прыёмамі і метадамі. Тут прытрымліваюцца меркавання, што сучасныя гаджэты трэба зрабіць саюзнікам выкладчыка, а не змагацца з імі на занятках.

— З кожным новым пакаленнем колькасць карыстальнікаў мабільнымі прыладамі будзе расці, гаджэты яшчэ больш будуць пранікаць ва ўсе сферы нашага жыцця, а мабільнасць стане адным з ключавых патрабаванняў да навучэнцаў, — адзначае Ірына Цэзар’еўна Таўстушка, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Мінскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя № 5 транспартнага будаўніцтва. — Таму ў нашай установе адукацыі даўно звярнулі ўвагу на шматлікія магчымасці разнастайных мабільных прылад і сэрвісаў. Кіраўніцтва падтрымлівае такія пачынанні і ва ўстанове ствараюцца спрыяльныя ўмовы для развіцця інфармацыйна-камунікацыйных кампетэнцый як навучэнцаў, так і педагогаў.

Сапраўды, у ліцэі створана неабходная матэрыяльна-тэхнічная база для паспяховай работы — у кожным кабінеце ў выкладчыка ёсць камп’ютар, паўсюдны доступ да інтэрнэту, мультыборды, праек­тары, планшэты.

У ліцэі ствараюць інтэлектуальнае віртуальнае асяроддзе праз арганізацыю трансфармуемых прастор. Важным напрамкам гэтай работы з’яўляецца стварэнне ў ліцэі інтэрактыўных зон у фае і бібліятэцы. Колькасць стэндаў, абавязковых да размяшчэння ў фае, ужо даўно перавысіла даступную плошчу сцен у памяшканні. Таму было вырашана выкарыстоўваць QR-коды. Гэта дазваляе віртуальна пашыраць плошчу любога са стэндаў, робячы, напрыклад, даступнымі электронныя тэксты ў поўным аб’ёме. З дапамогай QR-кодаў інфармацыя можа быць прадстаўлена як на рускай, так і на англійскай мове і практычна ў неабмежанавай колькасці.

У бібліятэцы ліцэя таксама арганізавалі смарт-прастору. На кнігах размешчаны QR-коды. Кожны чытач можа паглядзець, якія меркаванні выказалі пра пэўную кнігу іншыя чытачы.

Вельмі важным напрамкам работы з’яўляецца павышэнне кампетэнтнасці педагогаў у выкарыстанні мабільных тэхналогій у адукацыйным працэсе.

— Мы разумеем, што толькі ад таго, што мы набудзем нейкія прылады, цудаў не адбудзецца. Без зацікаўленасці і ініцыятывы выкладчыкаў немагчыма развіццё мабільнага навучання. Калі выкладчык сам захоча ўсім гэтым займацца, толькі тады бу­дзе вынік, — пераканана Ірына Цэзар’еўна. — У нашай установе працуюць таленавітыя, заўзятыя педагогі і майстры вытворчага навучання, якія актыўна развіваюць свае веды ў гэтым кірунку. Яны ўмела выкарыстоўваюць мабільныя тэхналогіі і заўсёды знаходзяцца ў пошуку новых цікавых сэрвісаў і дадаткаў.

Дапоўніць рэальнасць

Марына Сяргееўна Бортнік, выкладчык інфарматыкі і матэматыкі, лічыць важным прымяненне разнастайных адукацыйных варыя­цый для развіцця цікавасці навучэнцаў да вучэбнага прадмета і павышэння іх матывацыі да навучання.

— Сёння пошук высакаякасных адукацыйных дадаткаў — няпростая задача, таму што такіх сэрвісаў вельмі многа. Існуе больш за паўмільёна падобных дадаткаў. Палюбіліся і актыўна выкарыстоўваюцца педагогамі ў многіх установах адукацыі такія сэрвісы, як LearningApps, Quizz, Plickers, Kahoot, крыху менш распаўсюджаныя, але ўжо набіраюць папулярнасць сэрвісы Mentimeter, Formative. Усе пералічаныя сэрвісы выкарыстоўваюць і мае калегі, — расказвае педагог.

Марына Сяргееўна звярнула ўвагу на сэрвісы на аснове тэхналогіі дапоўненай рэальнасці, або AR-тэхналогіі. Выкарыстоўваючы дапоўненую рэальнасць, чалавек быццам глядзіць на ўсё праз нейкі “фільтр”, які ўбудоўвае ў рэальны свет віртуальныя аб’екты так, нібы яны сапраўды там знаходзяцца. Часцей за ўсё ў якасці “фільтра” выкарыстоўваецца смартфон або планшэт. Выкарыстанне элементаў дапоўненай рэальнасці ў адукацыйным працэсе спрыяе павышэнню матывацыі падлеткаў да навучання. Вялізнымі плюсамі прымянення дапоўненай рэальнасці з’яўляецца яе нагляднасць, інфармацыйная паўната і інтэрактыўнасць.

— Зараз, на жаль, па-сапраўднаму якасных інтэрнэт-сэрвісаў і дадаткаў дапоўненай рэальнасці не так шмат. Разглядаючы гэтыя сэрвісы, можна заўважыць, што ў асноўным або самі дадаткі з’яўляюцца платнымі, або платным з’яўляецца іх суправа­джэнне, напрыклад, у выглядзе картак, — адзначае Марына Сяргееўна. — Шэраг дадаткаў прапануе выкарыстоўваць ужо гатовыя ма­дэлі — напрыклад, кнігі з дапоўненай рэальнасцю, дзе друкаванае слова спалучаецца з мабільнымі тэхналогіямі. Дэманстрацыйныя макеты з дапоўненай рэальнасцю могуць замяніць папяровыя плакаты і пластмасавыя макеты ў вучэбных кабінетах. Уявіце, што можна з усіх бакоў разгле­дзець мадэль мозгу, стаць відавочцам яго развіцця і старэння, проста навёўшы камеру планшэта на ідэнтыфікацыйную пазнаку. Ці пералічыць колькасць пазванкоў у шкілеце чалавека, паназіраць за работай сэрца, працэсам адкрыцця клапанаў, за тым, як адбываецца інфаркт. Канечне, гэта робіць заняткі больш нагляднымі і вельмі ўражвае дзяцей.

Марыну Сяргееўну больш цікавяць сродкі, якія можна было б выкарыстоўваць для самастойнага стварэння дапоўненай рэальнасці. У інтэрнэт-аглядах платформ для стварэння віртуальнай рэальнасці для адукацыйных патрэб найбольш часта прапаноўваецца платформа HP Reveal. Аднак, у 2020 годзе гэты праект быў закрыты, усе акаўнты выдалены і больш працаваць з гэтым сэрвісам немагчыма.

Апрабаваўшы некалькі розных дадаткаў, Марына Сяргееўна пераканалася, што найбольш простая і даступная для прымянення ў адукацыйным працэсе на дадзены момант маркерная тэхналогія дапоўненай рэальнасці. Педагог выкарыстоўвае два дадаткі, якія дазва­ляюць ствараць маркеры дапоўненай рэальнасці і пры гэтым не патрабуюць ведання моў праграмавання. Гэта дадаткі ImagineAR Augmented Reality Platform і ROAR AR Platform. Платформы былі створаны як камерцыйныя праекты, але іх магчыма выкарыстоўваць і ў адукацыйных мэтах. Яны дазваляюць кіраваць кантэнтам дапоўненай рэальнасці, нак­ладваць аб’екты рэальнага свету на лічбавую інфармацыю. З дапамогай гэтых дадаткаў можна дапоўніць рэальны свет відэа, гукам, 2D- і 3D-графічнымі мадэлямі, анімацыяй і многім іншым.

На занятках па прыкладной інфарматыцы навучэнцы з задавальненнем вучацца і самі ствараць аб’екты дапоўненай рэальнасці. Прычым педагог звязвае гэтую работу з прафесійным кампанентам навучання: будучыя электрыкі ствараюць 3D-мадэлі электраправодкі, муляры — мадэлі печак, сталяры — аб’ёмныя віртуальныя макеты вырабаў і г.д.

— Тэхналогіі дапоўненай рэальнасці паляпшаюць працэс успрымання і запамінання вучэбнага матэрыялу. Яны ўно­сяць у працэс навучання гульнявы элемент, яркія трохвымерныя вобразы, актывізуюць узаема­дзеянне удзельнікаў вучэбнага працэсу, развіваюць прасторавае мысленне. З дапамогай дапоўненай рэальнасці перад навучэнцамі адкрываюцца бязмежныя магчымасці для пазнання новага, — рэзюмуе Марына Сяргееўна.

Геніяльны Genial.ly

Актыўна выкарыстоўвае ў сваёй дзейнасці шматлікія інтэрнэт-рэсурсы выкладчык матэматыкі Таццяна Мікалаеўна Слуцкая. Яна працуе з рознымі сэрвісамі ў залежнасці ад задумы і сітуацыі.

— Матэматыка — прадмет няпросты. А навучэнцы ў ліцэй прыходзяць з розным узроўнем пад­рыхтоўкі і матывацыі, нярэдка гэты ўзровень невысокі. Прымяненне сучасных тэхналогій, гульнявыя інтэрактыўныя заданні дапамагаюць прыцягнуць іх увагу, захапіць, актывізаваць пазнавальную дзейнасць. І вось ужо матэматыка больш не здаецца ім складанай! Выкарыстанне розных сэрвісаў дазваляе павысіць вучэбную матывацыю і творчую актыўнасць навучэнцаў, іх самастойнасць і ўвогуле павышае эфектыўнасць працэсу навучання, — лічыць Таццяна Мікалаеўна.

Апошнім часам педагог упадабала анлайн-сэрвіс Genial.ly. Гэта платформа для распрацоўкі аўтарскіх інтэрактыўных адукацыйных рэсурсаў, такіх як прэзентацыі, гульні, віктарыны, інфаграфіка, квесты, постары, плакаты і г.д. Сэрвіс бясплатны, адрозніваецца зручным інтэрфейсам і падыходзіць для людзей, якія не маюць навыкаў праграмавання. Нягледзячы на адсутнасць рускамоўнай версіі, прыцягвае ўвагу арыгінальнай падачай і разнастайнасцю шматлікіх шаблонаў, падыходзіць для ўсіх узроўняў адукацыі і электроннага навучання.

Раздзел сэрвісу “Гарызантальная інфаграфіка” дазваляе ствараць інтэрактыўныя закладкі, стужкі часу, плакаты, графікі, таб­ліцы, а таксама рабіць серты­фікаты, граматы, расклад і шэраг іншых арыгінальных рэсурсаў. У раздзеле “Гайд” шмат шаблонаў для стварэння прыгожых інтэрактыўных дзённікаў, да старонак якіх можна прымацоўваць спасылкі на вэб-рэсурсы, тэкставую інфармацыю, відэа, аўдыя і любыя аб’екты. Ва ўкладцы “Гульні” сэрвіс прапануе гульні з серыі “Фліп-карты”, “Пазл-віктарына”, гульні, падобныя да настольных “хадзілак” і нават марскі бой. Ёсць шаблоны для стварэння квестаў.

Genial.ly захоўвае ўвесь кантэнт, які дадае карыстальнік, у воб­лачным сховішчы, таму можна пакінуць няскончаную працу над праектам і працягнуць яе на іншым камп’ютары, адкрыўшы сваю старонку ў сэрвісе.

Сэрвіс пастаянна папаўняецца шэрагам шаблонаў ва ўсіх раздзелах. Нават у бясплатнай версіі іх даволі шмат, што дазваляе выкладчыку папаўняць сваю скарбонку дыдактычных гульняў. Таксама платформа падтрымлівае сумесную работу, гэта значыць, што адначасова працаваць над адным праектам могуць некалькі чалавек. Праект можна апублікаваць і падзяліцца ім.

Размаляваць настрой

Сучасныя тэхналогіі знахо­дзяць прымяненне не толькі ў рабоце выкладчыкаў. Педагог-псіхолаг Ірына Міхайлаўна Драз­доўская таксама знайшла электронны сродак, які дапамагае ёй на занятках з навучэнцамі. Яна выкарыстоўвае дадаткі для стварэння інтэрактыўных 3D-размалёвак (Chromville, Quiver).

Практычна ўсе дадаткі для стварэння такіх размалёвак пабудаваны па адным прынцыпе. Трэба спампаваць і раздрукаваць карцінкі-маркеры, размаляваць іх, усталяваць дадатак на свой га­джэт. Пасля сканіравання маркераў на экране гаджэта з’яўляюцца 3D-аб’екты. Віртуальны аб’ект атрымлівае тыя колеры, якімі яго размалявалі. Многія такія дадаткі прызначаны для выкарыстання дзецьмі малодшага школьнага ўзросту, аднак педагог-псіхолаг можа адаптаваць заданні і выкарыстоўваць іх у рабоце з падлеткамі. Гэтыя дадаткі могуць выкарыстоўвацца для вывучэння навакольнага свету, стварэння праектаў міжпрадметнага і мультымедыйнага характару. У залежнасці ад выбранай карцінкі можна, напрыклад, паназіраць за кругаваротам вады ў прыродзе, вырас­ціць віртуальныя клубніцы, вывучыць будову біялагічнай клеткі, убачыць вывяржэнне вулкана.

— Такая дзейнасць прывабная для дзяцей. Мне не прыходзіцца ўгаворваць іх прыйсці да мяне на заняткі. Яны з задавальненнем прыходзяць самі. Як псіхолаг, звяртаю ўвагу, які сюжэт малюнка выбірае дзіця, якія колеры, з якім настроем малюе. Падчас малявання навучэнцы расслабляюцца, разнявольваюцца, раскрываюцца і лягчэй іду ць на кантакт, што значна спрашчае працу і робіць яе больш эфектыўнай, — расказвае Ірына Міхайлаўна.

Мабільнае навучанне ў наш лічбавы час, безумоўна, мае свае плюсы. Выкарыстанне разнастайных мабільных дадаткаў, анлайн-сэрвісаў уносіць у навучанне эфект навізны і прыцягвае ўвагу навучэнцаў, яны жвава рэагуюць на ўсё, што звязана з сучаснымі тэхналогіямі. Аднак пры ўсіх плюсах мабільнае навучанне — гэта толькі інструмент, які прынясе карысць пры ўмелым, прадуманым выкарыстанні. І ў гэтай справе ўсё залежыць ад асобы педагога.

Дар’я РЭВА.
Фота прадастаўлены ўстановай адукацыі.