Новыя выклікі для падрастаючага пакалення: чым гатовы адказаць маладзёжныя лідары?

- 11:52Компетентно

Падчас рэспубліканскага свята «Наваполацк — маладзёжная сталіца Беларусі — 2023» на дыялогавай пляцоўцы кіраўнікі маладзёжных грамадскіх аб’яднанняў і фарміраванняў абмяркоўвалі з прадстаўнікамі ўлады  надзённыя праблемы і разам шукалі эфектыўныя рашэнні, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

Паколькі сустрэчу прысвяцілі Году міру і стварэння, то ўдзельнікі паспрабавалі вызначыць, што яны ўкладваюць у гэтыя словы. Разам з тым кожны з прысутных разумеў: у сучасных рэаліях мала ўсведамляць каштоўнасць міру і стваральнай працы. Перакананні неабходна падмацоўваць справамі. Невыпадкова галоўным пытаннем практычна адразу паўстала супрацьдзеянне негатыўным уплывам і маніпулятыўным тэхналогіям, арыентаваным на дзяцей і моладзь.

— Дзякуючы кіраўніцтву дзяржавы Беларусь уяўляе сабой не проста астравок міру і стабільнасці. Мы не стаім на месцы: развіваемся, кантактуем з сяброўскімі краінамі, — задаў тон размове міністр адукацыі Андрэй Іванец. — Сёння той час, калі кожнаму з нас прынцыпова не проста даражыць мірам, а ўсе сілы і энергію нацэліць на яго захаванне, дабрабыт грамадства, паступальны прагрэс — пачынаючы ад сваёй малой радзімы і да краіны ў цэлым. Упэўнены, маладзёжныя лідары гатовы прапанаваць новыя ініцыятывы. Нам важна пачуць вас: што думаеце, якія ёсць ідэі.

Сярод першых у ліку ўзнятых кіраўніком ведамства тэм прагучала барацьба з наркотыкамі і прадухіленне незаконных акцый з удзелам падлеткаў:

— Калі пачынаем аналізаваць праблему прафілактыкі нарказалежнасці і спынення наркатычнага звароту, то за сухімі лічбамі статыстыкі бачым няшчасце як маладых людзей, хто трапіў у пастку, так і іх родных. Сустракаючыся з бацькамі, разумееш: пытанне, пра што думаюць дзеці і моладзь зараз, у гэты час, — напэўна, першаступеннае. Чаго не хапіла, каб прадухіліць бяду? Інфармацыйнага суправаджэння? Яно наладжана — аднак, магчыма, недастаткова. Тое ж тычыцца і шэрага іншых напрамкаў. За апошні час, нягледзячы на нашу аператыўную прафілактычную работу, трывожнае гучанне атрымала тэма ПВК «Радан». Літаральна з першага дня з’яўлення названай групы ў Telegram і TikTok мы пачалі працаваць з бацькамі, бацькоўскімі чатамі. Можа, не зусім да нас прыслухоўваліся, бо для сямей пагроза таксама стала нечаканасцю. У абодвух выпадках агульнае, што на негатыўныя рэчы, на жаль, частка моладзі схільна адгукнуцца, прычым даволі хутка. Трэба знайсці і выкарыстоўваць дзейсныя інструменты, каб ніхто з іх не аступіўся. Для нас жа кожнае жыццё і лёс — гэта вельмі значна і адчувальна.

— Рух субкультур — праблема ў многім педагагічная і выхаваўчая, якая пастаянна цыркулюе: напрыклад, былі ў свой час скінхэды, іншыя нефармалы, — развіў тэму першы сакратар ЦК БРСМ Аляксандр Лук’янаў. — Асаблівасць цяперашняй пагрозы ў яе хуткім распаўсюджванні і сур’ёзнай інфраструктурнай падтрымцы. Куратары руху не толькі маладыя людзі, але і асобы старэйшага ўзросту, з грунтоўным веданнем псіхалагічных прыёмаў маніпуляцыі. З іх падачы бяскрыўдны рух аматараў анімэ перарос у супрацьстаянне. У гэтым дачыненні хочацца папярэдзіць: адказнасць за дэструктыўныя дзеянні непазбежная і сур’ёзная. Па ініцыятыве Міністэрства адукацыі працуе міжведамасная камісія, у якую ўваходзяць і прадстаўнікі БРСМ, арганізаваны працэс максімальна шырокага інфармавання моладзі і шырокага грамадства. Тут у многім зона адказнасці бацькоў: яны абавязаны ведаць, чым займаюцца іх дзеці ў вольны час, а таксама шэрага ведамасных структур, якія займаюцца забеспячэннем нацыянальнай, інфармацыйнай бяспекі і правапарадку. Неабходна ўсім разам данесці да моладзі, наколькі важна не паддавацца на маніпуляцыі.

Як падкрэсліла намеснік старшыні Грамадскага рэспубліканскага студэнцкага савета пры міністры адукацыі Дар’я Жаркова, сёння для моладзі расчынены ўсе дзверы. Хочаш працаваць — запісвайся ў студатрады. Ёсць варыянты заробку для навучэнцаў, студэнтаў. І ўсё ж кагосьці спакушаюць лёгкія грошы.

— Верагодна, да інфармавання варта шырэй далучыць тых, хто аступіўся перад законам, зламаў сабе жыццё, каб яны самі расказалі, чаму не трэба так рабіць, — лічыць Д. Жаркова. — Многія праблемы ідуць з сям’і, але ўплывае і грамадства. Мае малодшыя браты і сёстры вучацца ў школе, і я вельмі перажываю за тое, што адбываецца вакол іх. Зараз у мяне практыка ў 7-м класе. Вучні ў 12—13-гадовым узросце абсалютна розныя. Некаторыя ўжо кураць, спажываюць алкаголь. У тым ліку дзеці з нармальных сямей: тут, па-мойму, пераважае адмоўны ўплыў маладзёжных трэндаў. Таму хацелася б, каб з’яўляліся новыя аўтарытэтныя ў маладзёжным асяроддзі блогеры. Каб інфармацыя ішла непаасрэдна ад моладзі, якую яшчэ ніхто не чуў. Яшчэ адна мая прапанова па ўзроставай аўдыторыі. Мы звычайна ў прафілактычнай рабоце нацэльваемся на школьнікаў 8—11-х класаў, навучэнцаў каледжаў, студэнтаў. Лічу, гэтую работу неабходна пачынаць раней.

Старшыня Пастаянная камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Людміла Макарына-Кібак выказала наступнае меркаванне:

— Назіранні Дар’і пацвярджае статыстыка: сярод спажывальнікаў і распаўсюджвальнікаў не абавязкова маладыя людзі з нядобранадзейных сямей. Бяда закранула нават некаторыя сем’і медыкаў, дзе дзеці вырашылі «паспрабаваць». Праблема падзяляецца на дзве катэгорыі: спажыванне наркатычных рэчываў і іх распаўсюджванне. У абодвух выпадках часта вырашальнай становіцца ўпэўненасць у сваёй удачлівасці і беспакаранасці. Вось тут бы спрацавалі сустрэчы з тымі, хто апёкся і ўжо мае за плячыма сумны вопыт. У цэлым работа па супрацьдзеянні страшнай навале праводзіцца вялікая, у тым ліку ў школах, вышэйшых навучальных установах. Хаця, як правіла, з моладдзю сустракаюцца і гутараць дарослыя, кампетэнтныя спецыялісты. Напэўна, трэба актыўней уключаць маладых людзей па прынцыпе «роўны выхоўвае роўнага». Мне гэта ўяўляецца дзейсным рэзервам.

Дарэчы, пра вопыт выкарыстання прынцыпу «роўны навучае роўнага» ў прафілактычнай рабоце расказаў намеснік старшыні Рэспубліканскага маладзёжнага савета пры Міністэрстве аховы здароўя Антон Гутырчык:

— Адзін з напрамкаў, якім мы займаемся, з’яўляецца праект палавога выхавання. Хаця тут мы сутыкнуліся з такой праблемай, як   непрыняцце некаторымі бацькамі магчымасці сустрэч нашых валанцёраў з дзецьмі. Педагогі ў школе гавораць — ладна, прывыклі. А пабочныя асобы, нават калі гэта маладыя спецыялісты-ўрачы, — катэгарычна не! Зараз мы атрымалі падтрымку на ўзроўні аблвыканкамаў, выходзіць у школы прасцей.

Трэба адзначыць, што моладзь, якая сабралася на дыялогавай пляцоўцы, актыўна абмяркоўвала ідэі і розныя ініцыятывы. Так, кіраўнік маладзёжнага крыла Беларускага саюза жанчын Дзіяна Мішура звярнула ўвагу вось на які момант:

— Не так даўно да нас прыязджалі жанчыны з Расіі, мы сустракаліся на канферэнцыі. І расіянкі падзяліліся назіраннем, што ў гасцініцах, дзе яны пражывалі, пастаянна дэманстраваліся ролікі розных кантэнтаў. Некаторыя, па іх словах, успрымаліся б не зусім пазітыўна, калі б гэта была, напрыклад, турыстычная паездка з дзецьмі. Так з’явілася думка: можа, лепш у гасцінічных комплексах арганізаваць паказ ролікаў пра Беларусь, яе прыродныя багацці, славутыя мясціны? Турыстам, гасцям краіны гэта будзе цікава і пазнавальна. Па-мойму, добрая ідэя.

Са свайго боку старшыня маладзежнага савета Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Дзмітрый Гарбачоў заўважыў:

— У краіне праводзіцца многа дыялогавых пляцовак, гэты механізм пацвердзіў сваю эфектыўнасць. Аднак часам моладзь, якая прыязджае да нас, гаворыць, што не заўсёды зручна, калі дыялогавыя пляцоўкі прымеркаваны да пэўнай падзеі ці даты, а так амаль штораз. Магчыма, патрэбна больш дыялогавых прастор, не прывязаных да канкрэтных мерапрыемстваў. У нас такая існуе — маладзёжныя курсы прафактыву, што дзейнічаюць з лютага 2020 г. і на якіх пабывала звыш 4 тыс. чалавек. Маладыя людзі — прадстаўнікі розных галін — могуць падзяліцца сваімі напрацоўкамі, выказацца на вольныя тэмы. Думаю, маштабаваць вопыт было б карысна.

Таццяна БОНДАРАВА
Фота аўтара