11 красавіка — Міжнародны дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў.

У нашым жыцці бываюць падзеі, якія пакідаюць след у памяці на доўгія гады. Да такіх знамянальных падзей можна аднесці прыезд у нашу школу сваякоў Зоі Крукоўскай, мінскай падпольшчыцы, арыштаванай гестапаўцамі 5 красавіка 1944 года.
Пра яе далейшы лёс сям’і нічога не было вядома аж да 1994 года, калі газета “Вячэрні Мінск” апублікавала спісы людзей, якія ўдзельнічалі ў Мінскім падполлі і, напэўна, былі знішчаны ў Трасцянцы. Родныя адважнай падпольшчыцы распачалі самастойны пошук інфармацыі, звярнуўшыся да архіўных матэрыялаў, у Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, але вынікі аказаліся нездавальняючымі.
Працягваючы пошук інфармацыі праз сацсеткі, яны даведаліся пра нашу школу, калектыў якой, захоўваючы памяць аб ахвярах лагера смерці Трасцянец, ажыццяўляе шматгадовую краязнаўча-пошукавую дзейнасць. Была дасягнута дамоўленасць аб сустрэчы, і 1 сакавіка дачка Зоі Крукоўскай Людміла Міхайлаўна Іванова і ўнучка Вольга Васільеўна прыехалі ў нашу школу. Гасцей урачыста сустрэлі педагогі ля парога ўстановы адукацыі. Каля сцяны памяці ахвяр лагера смерці Трасцянец для іх была праведзена аглядная экскурсія.

Дачка Зоі Крукоўскай была вельмі ўсхвалявана і кранута, знайшоўшы сярод імён суайчыннікаў, якія загінулі ў Трасцянцы, прозвішча сваёй маці.
Падчас гутаркі краязнаўцы школы атрымалі грунтоўныя звесткі аб Соф’і Адамаўне Крукоўскай (маладой жанчыне было больш даспадобы, калі яе звалі Зояй).

С.А.Крукоўская нарадзілася ў 1914 годзе ў Мінску. Яе бацькі разам з чатырма дочкамі жылі ў прыватным доме. Соф’я была старэйшым дзіцем.
З 1932 года працавала лабарантам у Беларускім дзяржаўным медыцынскім інстытуце. З 1936 па 1937 год вучылася на рабфаку БДМІ. У 1937-м паступіла ў вышэйназваны інстытут на лячэбны факультэт, да Вялікай Айчыннай вайны паспела скончыць чатыры курсы. Была замужам, у 1940 годзе ў яе нарадзілася дачка Людміла.
У час вайны Зоя Крукоўская працавала ў адной з мінскіх аптэк, была звязана з партызанамі, дапамагала даставаць лекі. У красавіку 1944 года за сувязь з партызанамі была арыштавана і адпраўлена спачатку ў лагер па вуліцы Чырвонай, а затым перапраўлена ў лагер смерці Трасцянец, дзе і загінула.
Сваякі Зоі Крукоўскай прывезлі з сабой фатаграфіі патрыёткі, яе прафсаюзны білет і іншыя дакументы, копіі якіх будуць выкарыстаны пошукавікамі для стварэння спецыяльнай імянной папкі. Плануецца размяшчэнне фатаграфіі падпольшчыцы на інсталяцыі “Цені Трасцянца”, а таксама ўстанаўленне таблічкі ў “Лесе імёнаў” мемарыяла “Благоўшчына”.

Падчас сустрэчы сумесна наведалі трасцянецкі мемарыял і ўсклалі кветкі да помніка, дзе ў калгасным хляве 29 і 30 чэрвеня 1944 года былі расстраляны і спалены 6,5 тысячы савецкіх патрыётаў.
Як паказала сустрэча са сваякамі падпольшчыцы Зоі Крукоўскай, многія нашы землякі працягваюць пошукі звестак пра сваіх блізкіх, якія загінулі ці зніклі без вестак падчас Вялікай Айчыннай вайны, не губляючы надзеі знайсці любую, нават самую сціплую інфармацыю.
Галіна ПІЛЯЕВА,
арганізатар краязнаўчай работы
ў Трасцянецкай сярэдняй школе Мінскага раёна





