Нясумны чэрвень

- 9:24Авторские колонки, Ремарка

Вядучая рубрыкі — Наталля Кастэнка

 

 

 

 

 

 

Штораніцу сталічнае метро звініць шчаслівымі дзіцячымі галасамі. Гэта адпачывальнікі летнікаў дзённага знаходжання, добра паснедаўшы, накіроўваюцца па сваіх цікавых справах: у кінатэатр, на выставу, выхаваўчае мерапрыемства, у дзіцячы парк. Менавіта так выглядае (і гу­чыць) простае чалавечае шчасце — лета, напоўненае звонкімі дзіцячымі галасамі і шчырымі ўсмешкамі.

Тысячы летнікаў разгорнуты па ўсёй краіне. І ў кожным з іх не толькі распрацавана карыснае і збалансаванае меню для хлопчыкаў і дзяўчынак, але і прадумана змястоўная выхаваўчая праграма. Сумаваць у летнім лагеры няма калі.

І па прыклады далёка хадзіць не трэба. Прама зараз, гледзячы з акна рабочага кабінета, бачу арганізаваную купку дзяцей у суправаджэнні дзвюх настаўніц. Дзятва накіроўваецца ў Цэнтральны батанічны сад Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, дзе ёсць магчымасць падыхаць свежым паветрам, палюбавацца рэдкімі раслінамі і атрымаць асалоду ад водару кветак. Дарэчы, у найбліжэйшыя выхадныя ў батанічным садзе пройдзе фестываль для ўсёй сям’і “Букідс. Прафесіі”. На мерапрыемстве дзеці змогуць паспрабаваць сябе ў больш чым 80 прафесіях (медык, ландшафтны дызайнер, садоўнік, ветэрынар, аніматар, скалалаз, эколаг, касцюмер, кампазітар і інш.), атрымаць запіс у “працоўнай кніжцы”, здаць “на правы”, наведаць разам з бацькамі “натарыяльную кантору”, аформіць “крэдытную картку” і нават атрымаць на яе сваю першую “зарплату” — букідсы, якія можна будзе адразу патраціць на забавы на пляцоўцы фестывалю, дабрачыннасць, дадатковую адукацыю або абмя­няць на тавары ў фестывальных крамах. Сумаваць малым не давядзецца.

Не адстаюць ад сталіцы і рэгіёны. Па ўсёй краіне гэтымі сонечнымі чэрвеньскімі дзянькамі дзяцей чакаюць мерапрыемствы, забавы, падарожжы і экскурсіі. Так, сіламі арганізацый, аб’яднанняў і структур Мінскай вобласці была арганізавана выстава на галоўнай пляцоўцы Міншчыны — Кургане Славы. Па меркаванні арганізатараў, выстава, прымеркаваная да Года міру і стварэння, — гэта ўнікальная магчымасць далучыць людзей, а асаб­ліва малодшае пакаленне, да традыцый і дасягненняў роднага краю. Паўдзельнічалі ў выставе і ўстановы адукацыі Мінскай вобласці, даўшы магчымасць гасцям мерапрыемства стварыць памятны падарунак сваімі рукамі.

У Гомельскай вобласці гэтымі днямі адбылося адкрыццё Рэспубліканскай спартакіяды школьнікаў. Спаборніцтвы юных спартсменаў, акрамя абласнога цэнтра, прымуць Мазыр, Рэчыца і Жлобін. Аматарам здаровага ладу жыцця і спорту сумаваць не даводзіцца — трэба ставіць рэкорды.

На Брэстчыне пачаў работу абласны дзіцячы лагер “Ювента”. Сюды ўжо прыбылі для аздараўлення і адпачынку 120 хлопчыкаў і дзяўчынак з усяго рэгіёна. Дзеці з радасцю паглыбіліся ў доўгачаканы адпачынак з падарожжамі, мерапрыемствамі і спартыўнымі спаборніцтвамі.

На Гродзеншчыне заўтра святкуюць юбілей — 520-годдзе Смаргоні. Дата паважаная, таму задзейнічаны ў святкаванні ўсе смаргонцы ад малога да вялікага. Гасцей горада заўтра чакаюць на фестывалі-кірмашы “Смаргонскія абаранкі”. Кожны тут знойдзе нясумны занятак для душы. Ну а дзеці ў гэты дзень змогуць азнаёміцца з прысвечанымі круглай даце праектамі, якія на працягу навучальнага года рэалізоўвалі мясцовыя ўстановы адукацыі.

Лета толькі пачынае свой разбег. І толькі ад нас, дарослых, залежыць, ці стане дзіцячы адпачынак — 2023 здаровым, цікавым і нясумным.