На базе сярэдняй школы № 9 Баранавіч трэці год паспяхова працуе пры школьным музеі Г.М.Халасцякова бізнес-кампанія “Дзявятачка”, якая аб’ядноўвае 15 юных прадпрымальнікаў-аднадумцаў. Сёлета трое з іх вырашылі паспрабаваць свае сілы ў рэспубліканскім маладзёжным інавацыйным праекце “100 ідэй для Беларусі”.
Дзесяцікласніцы Кіра Паўлоўская, Валерыя Фаворская і Ганна Шарапа з іх экскурсійным бізнес-праектам “Нясумны музей” перамаглі ў гарадскім этапе конкурсу ў спецыяльнай намінацыі “Лепшая бізнес-ідэя”. Курыравала дзяўчынак кіраўнік музея сярэдняй школы № 9 імя Героя Савецкага Саюза Г.М.Халасцякова Баранавіч Наталля Вячаславаўна Язерская.
Школьная бізнес-кампанія — гэта магчымасць вывучыць асновы прадпрымальніцтва і прымяніць тэорыю на практыцы. Школьнікі пад кіраўніцтвам выкладчыкаў распрацоўваюць бізнес-планы, праводзяць маркетынгавыя даследаванні, рэкламуюць сваю прадукцыю. Такая дзейнасць рыхтуе дзяцей да рэальнага жыцця і спрыяе сацыялізацыі асобы.
— Сёлета ў любімым рэспубліканскім праекце мы заўважылі новую намінацыю “Лепшая бізнес-ідэя”. А ў нас якраз на базе школы дзейнічае аб’яднанне па інтарэсах “Школьны музей: асновы маркетынгавай кампаніі”. Мы вырашылі скласці праект і тым самым падзяліцца вопытам работы з усёй краінай і натхніць іншыя музеі на тое, каб яны не проста праводзілі экскурсіі, а прыцягвалі аўдыторыю цікавымі інтэрактывамі і ўнікальнымі майстар-класамі. У нас Кіра — дырэктар кампаніі, а Ганна і Валерыя — экскурсаводы. Дзяўчынкі заўсёды актыўнічаюць, прадстаўляюць нашу школу на ўсіх мерапрыемствах і педагагічных канферэнцыях. Таму падрыхтавацца было няцяжка. Мы перамаглі на гарадскім этапе і паехалі на абласны, дзе ўдзельнічала 50 праектаў у некалькіх намінацыях. У сваёй мы занялі 3-е месца, — расказвае педагог.
Чытайце матэрыял Настассі Чарканавай у нумары ад 6 студзеня 2023 года.