Адно з самых прыгожых і запамінальных навагодніх мерапрыемстваў прайшло падчас рэспубліканскай дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці” ў магілёўскім Палацы грамадзянскіх абрадаў. Тут адбыўся Калядны кадэцкі баль, які закружыў у танцавальнай віхуры выхаванцаў абласнога кадэцкага вучылішча, вучаніц абласнога ліцэя № 2 і юных дзяўчат са студыі эстраднага танца “Эдэльвейс” Цэнтра творчасці “Эверэст”. Свята таксама наведала кіраўніцтва Магілёўскай вобласці, а таксама Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь, прадстаўнікі сілавых структур і ведамстваў, грамадскіх арганізацый.
Мерапрыемства праходзіла ўжо восьмы раз. Сёння яго па праве можна назваць одай маладосці і афіцэрскім традыцыям. Дарэчы, уражанняў было многа як у гледачоў, так і ў саміх удзельнікаў: пары з задавальненнем танцавалі вальс, паланэз, польку і танга, прымалі ўдзел у імправізаваных бальных гульнях, забавах і дывертысментах, кадэты дэманстравалі страявыя прыёмы, чыталі вершы і выступалі ў складзе кадэцкага вакальна-інструментальнага ансамбля.
Удзельнікамі мерапрыемства сталі 50 кадэтаў, а падрыхтоўка да балю заняла больш за месяц. Сярод хлопцаў, што прайшлі адбор, і чацвёртакурснік Арцём Каваленка, для якога гэты баль стаў асаблівым. І справа не толькі ў тым, што ён танцаваў у дзень свайго 17-годдзя — гэта апошні год навучання Арцёма, адпаведна, і баль стаў для яго развітальным. Кадэт апошні раз танцаваў тут са сваёй спадарожніцай Дар’яй Саладковай, з якой пазнаёміўся 4 гады назад на такім жа мерапрыемстве ў свой першы год навучання. Арцём упэўнены, што гэтыя балі як неад’емную частку кадэцкага жыцця ён запомніць назаўсёды.
Па словах старшыні Магілёўскага аблвыканкама Уладзіміра Даманеўскага, кадэцкі баль — гэта адно з самых яркіх і эстэтычна прыгожых святочных мерапрыемстваў. “Кадэцкія балі — гэта тая форма зносін і праяўлення кадэта як асобы, якая дазваляе прадэманстраваць лепшыя якасці мужчынскага характару, культывуе культуру паводзін будучага афіцэра, вучыць паважліваму стаўленню да супрацьлеглага полу, — падкрэсліў старшыня. — На Магілёўшчыне, як і ва ўсёй дзяржаве, развіццю кадэцкага руху ўдзяляецца асаблівая ўвага, бо кадэты — гэта будучыя абаронцы нашай Айчыны, людзі, якія звяжуць сваю прафесію з працай у сілавых структурах і ведамствах, будуць стаяць на варце правапарадку і спакою грамадзян. Сёння важна тое, што ў сценах кадэцкага вучылішча працягваюць развівацца афіцэрскія традыцыі, а ў хлопцах выхоўваюцца мужнасць, узаемадапамога, гонар і годнасць — тыя якасці і арыенціры, якія стануць для іх прыярытэтнымі ў жыцці”.
Звяртаючыся да кадэтаў, Уладзімір Віктаравіч пажадаў ім у новым годзе здароўя, дабрабыту і здзяйснення жаданняў. Асобныя віншаванні былі адрасаваны іх спадарожніцам. “Вы прыгожыя, вытанчаныя і грацыёзныя, — падкрэсліў губернатар. — Гэта заслугоўвае асобнай пахвалы. Жадаю вам быць закаханымі, што і трэба ў вашым узросце, і ў той жа час заставацца заўсёды любімымі”.
У якасці навагодняга падарунка абласное кадэцкае вучылішча атрымала ад старшыні аблвыканкама мікрааўтобус. Яшчэ адзін сертыфікат на набыццё комплексу сілавых трэнажораў дырэктар навучальнай установы Юрый Грышанаў атрымаў ад намесніка міністра спорту і турызму Аляксандра Баравулі. Такі падарунак будзе спрыяць далучэнню кадэтаў да спорту. Акрамя таго, вучылішчу перададзены два тэлевізары і грашовыя сертыфікаты, а кадэтам уручаны прысмакі.
“Кіраўнікі міністэрстваў і ведамстваў падчас рэспубліканскай дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці” традыцыйна наведваюць розныя рэгіёны нашай краіны, каб падарыць свята тым, хто з нецярпеннем яго чакае, — падкрэсліў Аляксандр Баравуля. — Ні адно дзіця не павінна быць абдзелена ўвагай і клопатам, асабліва падчас навагодніх і калядных свят. Удзел у кадэцкім балі ў Магілёве для нас як куратараў гэтай навучальнай установы, стаў добрай традыцыяй. Ведаючы, наколькі пільную ўвагу ў вучылішчы ўдзяляюць развіццю фізічнай культуры і спорту, мы прывезлі падарунак, які ад нас чакалі”.
Юлія БАЧКАРОВА.
Фота аўтара.