З першымі цёплымі дзянькамі перапынкі паміж урокамі ў Пратасевіцкай сярэдняй школе Асіповіцкага раёна аб’яўляе… калонка на ганку. На танцпляцоўку, на хаду аб’ядноўваючыся ў пары, выбягаюць усе. За перформансам паназірала карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».
– Матлёт, падэспань, кракавяк нашы дзеці ведаюць з 1 класа. У школе мы ладзім танцавальныя праграмы, і нават у праграму конкурсаў, якія праходзяць у нас, стараюся ўключаць элементы народных танцаў. Так мы хочам перадаць сучаснаму пакаленню крупінкі той спадчыны, якую пакінулі нашы продкі. І вельмі прыемна, што дзецям гэта падабаецца, – гаворыць намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Аксана Русаковіч.
Павагу да танца – роднага, народнага – у навучэнцаў выхоўваюць не толькі настаўнікі школы. Творчы калектыў складаюць і выпускнікі, якія захаванне беларускай культуры зрабілі сваёй прафесіяй – працуюць у мясцовай музычнай школе і ў Доме культуры.
Сярод іх – Яўгенія Шведава, кіраўнік узорнага ансамбля «Лянок», які дзейнічае на базе музычнай школы. Яго амаль 20 гадоў назад стварыла яе сястра, таксама выпускніца Пратасевіцкай школы. Яўгенія – чалавек апантаны: піша музыку, выдатна спявае ў народным стылі, вядзе пра гэта блог. Захоплена педагог і танцамі. Школьнікаў яна вучыць не толькі самім атрымліваць асалоду ад народных танцаў, але і дарыць яе гледачам на спаборніцтвах і фестывалях. У прыватнасці, яе дзіцячы калектыў прымае ўдзел у конкурсе аўтэнтычнага танцавальнага мастацтва «Берагіня».
– Мы не можам раздзяліць выхаваўчую работу нашай установы, Дома культуры і музычнай школы. Гэта агульная справа, дзеці і педагогі гэтым жывуць, – адзначае А. Русаковіч. – Для мяне каштоўна і тое, што музычны фальклор дзеці шануюць і па-за сценамі школы. Напрыклад, дзевяцікласніца Варвара Смоляр спявае ўсюды – і ў школьным аўтобусе, пакуль едзе на заняткі, і падчас работы ў лагеры працы і адпачынку. У такія моманты падхопліваюць песні і іншыя дзяўчаты. Я часам гляджу на гэта з вокнаў настаўніцкай і замілоўваюся. Вельмі душэўна і прыемна!
Святлана НІКІФАРАВА
Фота аўтара