Па маршруце «Быхаўшчына духоўная»: што паглядзець у райцэнтры

- 14:20Духовность и патриотизм, Новости

Тэматыку маршруту “Быхаўшчына духоўная” нам з вучнямі падказала Усебеларуская маладзёжная экспедыцыя “Маршрутамі памяці. Маршрутамі адзінства”, адзін з напрамкаў якой прысвечаны святыням роднага краю.

Пачнём падарожжа з невялікай царквы на тэрыторыі нашага аграгарадка Следзюкі — храма Васілія Вялікага. Будуецца царква на ахвяраванні жыхароў аграгарадка і раёна, ужо ўзведзены сцены і купал. Мы ўсе з нецярпеннем чакаем адкрыцця храма.

Рухаемся далей і наведваем Свята-Троіцкую царкву, якая знаходзіцца ў цэнтры Быхава і з’яўляецца прыкладам драўлянага дойлідства ХІХ стагоддзя. Будынак царквы мае выгляд крыжа з вежай-званіцай і размяшчаецца на каменным падмурку. Людміла Леанідаўна Бараноўская правяла для навучэнцаў цікавую экскурсію і пранікнёна расказала пра значэнне малітвы, важнасць веры ў жыцці кожнага чалавека. Думаю, вучні запомнілі словы Людмілы Леанідаўны і такія паняцці, як вера, малітва, любоў да блізкага, застануцца ў іх памяці назаўсёды.

Наш райцэнтр ганарыцца яшчэ адной святыняй — сінагогай. Быхаўская сінагога вядома далёка за межамі Беларусі. Яе выгляд сапраўды ўнікальны і непаўторны! Масіўны будынак у стылі барока з круглай вежай і байніцамі, больш падобны на сярэдневяковую крэпасць, чым на храм. З’явілася сінагога ў мястэчку Стары Быхаў у першай палове XVII стагоддзя, прыкладна ў адзін час з Быхаўскім замкам. Адметны выгляд у сінагогі невыпадковы: падчас баявых дзеянняў храм служыў добра абароненай крэпасцю. Хочацца, каб гэты ўнікальны будынак быў рэканструяваны.

Далей мы адпраўляемся ў аграгарадок Баркалабава. Тут Свята-Узнясенскі жаночы манастыр і царква Казанскай іконы Божай Маці. Манастыр вядзе сваю гісторыю з 1641 года. Галоўнай яго святыняй з’яўляецца ікона Баркалабаўскай Божай Маці. Да абраза прыходзілі праваслаўныя, католікі з усёй нашай краіны і не толькі. І дагэтуль абраз з’яўляецца адным з самых шануемых ва Усход­няй Беларусі.

24 ліпеня — свята іконы Баркалабаўскай Божай Маці — дзень, калі паломнікі з усёй Беларусі прыходзяць у манас­тыр, каб памаліцца каля іконы, папрасіць міру, спакою і дабра. Вось і мы з радасцю наведалі гэтае святое месца. Уся тэрыторыя манастыра патанае ў кветках, упрыгожана архітэктурнымі формамі. Знаходзіцца гэтае хараство на беразе Дняпра, да якога зроблены зручны і прыгожы лес­вічны спуск. Некаторыя ўдзельнікі экскурсіі наведвалі манастыр упершыню і былі ўражаны прыгажосцю святога месца, яго цікавай гісторыяй.

Далей мы знаёмімся з царквой Казанскай іконы Божай Маці, узведзенай у 1904 годзе на галоўнай вуліцы вёскі. Доўгі час царква стаяла ў запусценні, цяпер храм адноўлены. Галоўныя яго святыні былі знойдзены пры раскопках. Гэта драўляны крыж, а таксама двухбаковы абраз. З аднаго боку выява Казанскай іконы Божай Маці, з другога — святых Барыса і Глеба.

Рухаемся далей у аграгарадок Мокрае. Тут узвышаецца храм Успення Прасвятой Багародзіцы, пабудаваны ў 1865 годзе. У 30-я гады мінулага стагоддзя храм перабудоўваўся — да асноўнага аб’ёму будынка стала прылягаць пяцігранная апсіда і прытвор, над якім размясцілася званіца. Неўзабаве пасля перабудовы храма з яго знялі купалы, а будынак абсталявалі пад свіран. Набажэнствы зноў аднавіліся толькі ў 70-я гады ХХ стагоддзя, аднак у 1990 годзе царква была знішчана пажарам.

Вялікімі стараннямі мясцовых жыхароў на месцы згарэлага храма пабудавалі новы з белай цэглы. Асвечана царква ў 1995 го­дзе ў гонар свята Успення Божай Маці. Дзверы храма заўсёды адчынены для наведвання.

Вельмі часта мы наведваем святыні ў розных гарадах і краінах, але так мала ведаем пра нашы мясцовыя славутасці. А яны таксама ўнікальныя!

Вольга БЕЗДНІКАВА,
настаўніца англійскай мовы Следзюкоўскай базавай школы
імя Д.Я.Аскаленкі Быхаўскага раёна
Фота аўтара