Ваенная гісторыя Маларытчыны недастаткова вывучана і даследавана, таму нядзіўна, што яна выклікае вялікую цікавасць у моладзі. Сёння вельмі важна захаваць у нашчадкаў гістарычную памяць пра тых, хто загінуў у полымі вайны, абараняючы Радзіму ад ворагаў.
Шмат робіцца ў гэтым кірунку ў Маларыцкай раённай гімназіі, дзе нядаўна адбылася гістарычная квест-гульня “Памятнымі мясцінамі Маларыты”, якую правёў гімназічны клуб ЮНЕСКА “Гагарынцы”. Ініцыятарам і арганізатарам мерапрыемства стала настаўніца англійскай мовы куратар клуба Алена Сезік.
У гульні ўдзельнічалі дзве каманды шасцікласнікаў. Рухаючыся па сваіх маршрутах, яны павінны былі адказаць на пытанні, абапіраючыся на падказкі, якія знаходзіліся ў запланаваных месцах.
Гульня стартавала ад гімназіі. Удзельнікі праходзілі 6 пікетаў — памятных мясцін на тэрыторыі горада, звязаных з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны.
— На кожным пікеце вучні павінны былі знайсці франтавыя канверты са словамі, з якіх неабходна было скласці верш, і вызначыць кірунак далейшага руху, — расказала Алена Сезік.— Гульня не прадугледжвала бездакорнага ведання гісторыі роднага горада. Многія факты ўдзельнікі адкрывалі для сябе падчас спаборніцтва. Каля кожнага памятнага знака, звязанага з мінулай вайной, вучні ўскладвалі кветкі, ушаноўвалі памяць тых, хто загінуў, хвілінай маўчання.
Завяршылася квест-гульня каля брацкай магілы ў гарадскім скверы, дзе і адбылося ўзнагароджванне пераможцы — каманды вучняў 6 “Б” класа.
Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.
Фота аўтара.