Па шляху супрацоўніцтва з вытворцамі

- 12:22Прафесійна-тэхнічная адукацыя

Пра сённяшні стан спраў у сістэме прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, перспектывы развіцця гэтых узроўняў адукацыі, а таксама пра гарачую пару для выпускнікоў школ — сёлетнюю прыёмную кампанію — мы гутарым з начальнікам упраўлення прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі намеснікам начальніка Галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі галіновага міністэрства А.М.ПЯТРОВАЙ.

— Аляксандра Мікалаеўна, пачнём нашу гутарку са злабадзённай тэмы — уступнай кампаніі. З 15 чэрвеня пачаўся прыём у прафтэхустановы. Раскажыце, калі ласка, аб правілах прыёму і яго асаблівасцях.

— Улічваючы тое, як былі выкананы кантрольныя лічбы прыёму ў мінулым годзе, якая сёння дэмаграфічная сітуацыя, якія вынікі працаўладкавання выпускнікоў і ўзровень аптымізацыі сеткі ўстаноў прафесійнай адукацыі, у гэтым годзе ва ўстановы прафесійна-тэхнічнай адукацыі плануецца прыняць 26,7 тысячы чалавек, што складзе 103,5% да прыёму мінулага года. Каб аператыўна і мабільна рэагаваць на патрэбы рэгіянальных рынкаў працы, мы штогод удасканальваем структуру падрыхтоўкі кадраў. Сёлета плануецца спыніць або прыпыніць прыём па 150 (у 2020 го­дзе — па 147) незапатрабаваных прафесіях і адкрыць падрыхтоўку па 135 (у 2020 годзе — па 133) новых для асобных устаноў прафтэхадукацыі прафесіях. У структуры прыёму мяркуецца захаваць тэндэнцыі мінулых гадоў, а гэта значыць, што прафесіі рэальнага сектара эканомікі складуць амаль 75%.

Умовы прыёмнай кампаніі вызначаны Правіламі прыёму асоб для атрымання прафесійна-тэхнічнай адукацыі, якія ў гэтым годзе застаюцца ранейшымі. Прыём дакументаў для атрымання прафесійна-тэхнічнай адукацыі ажыццяўляецца: у дзённай форме атрымання адукацыi — з 15 чэрвеня па 20 жніўня, у вячэрняй форме атрымання адукацыi — з 15 чэрвеня па 20 жніўня, а па спецыяльнасцях напрамку адукацыі “Сельская гаспадарка” — з 1 кастрычніка па 20 лістапада; у завочнай форме атрымання адукацыі — з 1 па 10 кастрычніка; для замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія паступа­юць для атрымання прафесійна-тэхнічнай адукацыі на платнай аснове, — з 15 чэрвеня па 10 верасня. Залічэнне ва ўстановы прафтэхадукацыі ажыццяўляецца згодна з заявамі паступаючых (пры адсутнасці конкурсу) або па конкурсе сярэдняга бала пасведчання аб агульнай базавай адукацыi, цi атэстата аб агульнай сярэдняй адукацыі, ці пасведчання аб спецыяльнай адукацыі. І толькі для асобных спецыяльнасцей профіляў адукацыі “Мастацтва і дызайн” і “Архітэктура і будаўніцтва” з мэтай выяўлення творчых здольнасцей прадугледжаны ўступныя выпрабаванні, вынікі якіх улічваюцца пры залічэнні.

Тэрміны правядзення ўступных іспытаў і залічэння для атры­мання прафесійна-тэхнічнай адукацыі: у дзённай форме атры­мання адукацыі — з 21 па 24 жніўня, залічэнне ў склад навучэнцаў — па 25 жнiўня; у вячэрняй форме атрымання адукацыi — з 21 па 24 жніўня, залічэнне ў склад навучэнцаў — да 25 жніўня, па спецыяльнасцях напрамку адукацыі “Сельская гаспадарка” — з 21 па 24 лістапада, залічэнне ў склад навучэнцаў — па 25 лістапада; у завочнай форме атрымання адукацыі залічэнне ў склад навучэнцаў — з 11 па 13 кастрычніка.

— Што прапануе абітурыентам сістэма сярэдняй спецыяльнай адукацыі?

— Аб’ёмы і структура кантрольных лічбаў сёлетняга прыёму ва ўстановы сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў дзённай форме сфарміраваны на ўзроўні плана прыёму 2020 года. Пры гэтым адкарэкціравана структура прыёму для падрыхтоўкі спецыялістаў па запатрабаваных эканомікай спецыяльнасцях, у тым ліку для высокатэхналагічных вытворчасцей, за кошт сродкаў бюджэту. Скарочаны аб’ёмы падрыхтоўкі кадраў на платнай аснове, у тым ліку па эканамічных спецыяльнасцях і спецыяльнасцях IT-сферы. У 2021 годзе для атрымання сярэдняй спецыяльнай адукацыі плануецца прыняць 39,7 тысячы чалавек, што складзе 105,3% да прыёму 2020 года, у тым ліку за кошт сродкаў бюджэту — 25,8 тысячы чалавек (103,2% да факта прыёму 2020 года). У гэтым годзе ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі сувязі ўпершыню будзе праходзіць прыём па новай спецыяльнасці “Інфармацыйныя кабельныя сеткі” для ўзроўню сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Больш за 30 навучальных устаноў адукацыі, якія рэалізуюць адукацыйныя праграмы сярэдняй спецыяльнай адукацыі, пашырылі пералік спецыяльнасцей, па якіх будуць весці падрыхтоўку. Павелічэнне прыёму абітурыентаў плануецца па такіх профілях адукацыі, як “Педагогіка”, “Мастацтва і дызайн”, “Тэхніка і тэхналогія”, “Сельская і лясная гаспадарка. Садова-паркавае будаўніцтва”, “Архітэктура і будаўніцтва”, “Грамадскае харчаванне. Бытавое абслугоўванне”. Скарачэнне прыёму адбудзецца па профілі “Камунікацыі. Права. Эканоміка. Кіраванне. Эканоміка і арганізацыя вытворчасці”.

Прыём ва ўстановы сярэдняй спецыяльнай адукацыі бу­дзе ажыццяўляецца ў адпаведнасці з Правіламі прыёму асоб для а­трымання сярэдняй спецыяльнай адукацыі і пройдзе з 20 ліпеня па 18 жніўня.

Прыём дакументаў на аснове агульнай базавай адукацыі бу­дзе праходзіць за кошт сродкаў бюджэту — з 20 ліпеня па 3 жніўня, на платнай аснове — з 20 ліпеня па 14 жніўня (для абітурыентаў, якія будуць здаваць уступныя іспыты па спецыяльнасці — па 3 жніўня). Уступныя іспыты пройдуць з 4 па 8 жніўня, залічэнне на навучанне за кошт сродкаў бюджэту — па 10 жніўня, на платнай аснове — па 16 жніўня. Прыём дакументаў на аснове агульнай сярэдняй адукацыі (прафесійна-тэхнічнай з агульнай сярэдняй адукацыяй) будзе ажыццяўляцца: за кошт сродкаў бю­джэту — з 20 ліпеня па 12 жніўня; на платнай аснове —
з 20 лі­пеня па 17 жніўня (для абітурыентаў, якія будуць здавац­ь уступныя іспыты па спецыяльнасці — па 12 жніўня). Уступныя іспыты пройдуць з 13 па 15 жніўня, залічэнне на навучанне за кошт сродкаў бюджэту — па 16 жніўня, на платнай аснове —
па 18 жніўня. Прыём дакументаў ад жадаючых атрымаць сярэднюю спецыяльную адукацыю ў вочнай (вячэрняй) або завочнай форме за кошт сродкаў бюджэту або на платнай аснове па спецыяльнасцях сельскай гаспадаркі і воднага транспарту — з 1 кастрычніка па 30 лістапада. Уступныя іспыты пройдуць з 1 па 5 снежня, залічэнне — па 10 снежня. Прыём дакументаў ад замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія паступаюць для атрымання сярэдняй спецыяльнай адукацыі: за кошт сродкаў бюджэту або на платнай аснове ў адпаведнасці з міжнароднымі дамоўленасцямі Рэспублікі Беларусь —
па 3 жніўня; на платнай аснове па выніках выніковай атэстацыі пры засваенні зместу адукацыйнай праграмы падрыхтоўкі асоб да паступлення ва ўстановы адукацыі Рэспублікі Беларусь — па 3 жніўня; на платнай аснове па выніках субяседавання ва ўстанове адукацыі, які ўстанаўлівае ўзровень валодання імі мовай, на якой вядзецца адукацыйны працэс, у аб’ёме, дастатковым для засваення зместу адукацыйнай праграмы сярэдняй спецыяльнай адукацыі, — па 15 кастрычніка.

— На якіх кірунках развіцця сістэмы прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі акцэнтавана найбольшая ўвага? Што з’яўляецца прыярытэтам?

— На працягу апошніх гадоў мы накіравалі свае намаганні на павышэнне якасці падрыхтоўкі кваліфікаваных рабочых, служачых і спецыялістаў, прывядзенне аб’ёмаў і структуры падрыхтоўкі ў адпаведнасць з патрэбамі эканомікі, развіццё яе высокатэхналагічных галін, аптымізацыю сеткі ўстаноў адукацыі, удасканальванне нарматыўнага прававога забеспячэння. Сур’ёзная работа праведзена па абнаўленні Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі. Па-ранейшаму прыярытэтным кірункам з’яўляецца далейшае ўмацаванне супрацоўніцтва паміж адукацыйнай галіной і заказчыкамі кадраў. Заказ на падрыхтоўку паступае ад розных сектараў эканомікі і органаў дзяржаўнага кіравання, якія курыруюць адпаведныя віды эканамічнай дзейнасці. Заказчыкі кадраў павінны сфармуляваць не толькі колькасныя паказчыкі патрэбы ў кадравым забеспячэнні, але і дакладна адлюстраваць функцыі рабочых і спецыялістаў, якіх бы яны хацелі бачыць на працоўных месцах. Для вырашэння гэтага пытання з 2018 года мы сумесна з іншымі органамі дзяржаўнага кіравання працуем над рэалізацыяй Стратэгіі ўдасканалення Нацыянальнай сістэмы кваліфікацый, якая падразумявае стварэнне пры дзяржаўных органах кіравання сектаральных саветаў кваліфікацый па тым ці іншым кірунку эканамічнай дзейнасці. Сёння ў краіне дзейнічаюць 15 такіх саветаў, якія распрацоўваюць прафесійныя стандарты, дзе будуць больш выразна сфармуляваны патрабаванні рынку працы да працоўных функцый спецыялістаў. Такія стандарты патрэбны не толькі самому заказчыку кадраў, але і сістэме адукацыі. Менавіта таму ў склад рабочых груп па стварэнні прафесійных стандартаў разам з прадстаўнікамі арганізацый — заказчыкаў кадраў уваходзяць прадстаўнікі вядучых каледжаў і ўніверсітэтаў. У сваю чаргу Міністэрства адукацыі прыцягвае таксама профільныя міністэрствы і іх падведамасныя арганізацыі да распрацоўкі адукацыйных праграм, каб максімальна наблізіць іх змест да патрэб заказчыкаў кадраў. Такі падыход мы замацавалі і ў новай рэдакцыі Кодэкса аб адукацыі. У вучэбным плане па спецыяльнасці прадугледжана спалучэнне дзяржаўнага абавязковага кампанента і кампанента ўстановы адукацыі. Гэта дасць магчымасць установе адукацыі самастойна выбудаваць вучэбны працэс, зыходзячы з патрэб арганізацый, узроўню развіцця тэхналогій, уласных магчымасцей, магчымасцей арганізацый-партнёраў, рэсурсных цэнтраў. Абнаўленне зместу адукацыйных праграм дазволіць нам прадоўжыць аптымізацыю тэрмінаў навучання па асобных спецыяльнасцях з улікам дыверсіфікацыі траекторый атрымання адукацыі.

— Сёння вельмі важная сувязь з вытворчасцю пры практычным замацаванні прафесійных навыкаў будучых кадраў. Але і самі ўстановы актыўна ўключаюцца ў абазначаны працэс. Якая роля ў гэтым рэсурсных цэнтраў?

— Для асваення навучэнцамі новых тэхналогій і высокатэхналагічнага абсталявання на базе ўстаноў прафесійнай адукацыі ствараюцца рэсурсныя цэнтры, аснашчанасць якіх адпавядае, а часам і апярэджвае тэхналагічны ўзровень прадпрыемстваў краіны. Разам з тым практыка-арыентаваная падрыхтоўка кадраў, асабліва па тэхнічных спецыяльнасцях, патрабуе пастаяннага абнаўлення дарагога абсталявання, праграмнага забеспячэння, павышэння кваліфікацыі педагагічных работнікаў, якія задзейнічаны ў адукацыйным працэсе. Кожную ўстанову ўсім гэтым не аснасціць, таму самы аптымальны варыянт — стварэнне рэсурсных цэнтраў. Усяго ў нашай краіне функцыянуе 51 рэсурсны цэнтр па 9 відах эканамічнай дзейнасці, 16 цэнтраў аснашчаны найноўшым абсталяваннем і тэхналогіямі сусветнага ўзроўню. Дзяржаўная праграма “Адукацыя і маладзёжная палітыка” прадугледжвае фінансаванне далейшага аснашчэння сеткі рэсурсных цэнтраў, што пацвярджае іх мэтазгоднасць і далейшае развіццё.

— Новай рухаючай сілай развіцця айчыннай прафесійнай адукацыі сёння называюць рух WorldSkills.

— Так, сапраўды гэты рух дазваляе на практыцы параўнац­ь якасць прафесійнай падрыхтоўкі нашых навучэнцаў, маладых рабочых і спецыялістаў з сусветнымі дасягненнямі ў цэлым і па кожнай асобнай прафесіі. Удзел нашай краіны ў конкурсе прафесійнага майстэрства WorldSkills спрыяе ўдасканаленню прафесійнай адукацыі на аснове міжнародных стандартаў, абнаўленню зместу вучэбных праграм, павышэнню статусу рабочага, папулярызацыі сістэмы ПТА і ССА сярод моладзі. Акрамя таго, гэта дае стымул абнаўляць вучэбна-матэрыяльную базу навучальных устаноў з улікам міжнародных патрабаванняў, мадэрнізацыі айчыннай прамысловасці і ўкаранення сучасных тэхналогій, у тым ліку ІКТ.

Статус WorldSkills станоўча ўплывае на прафесійны выбар нашай моладзі, непасрэдна выпускнікоў школ, дазваляе разнастаіць прафарыентацыйную работу, стымулюе развіццё новых падыходаў. Лічу, што тут павінна быць істотная падтрымка заказчыкаў кадраў. Прадстаўнікі сацыяльна-эканамічнага комплексу павінны ўзаемадзейнічаць з будучымі абітурыентамі, асвятляц­ь перспектывы развіцця галін эканомікі, канкрэтнага прадпрыемства і арганізацыі, прадстаўляць умовы працы і ўзровень фінансавання на вытворчасці, сацыяльнага пакета, які бу­дзе мець малады рабочы і спецыяліст. Цяпер, у асноўным, прафарыентацыйнай работай займаюцца школа і сістэма прафесійнай адукацыі, таму спадзяёмся, што ў далейшым мы аб’яднаем свае намаганні з заказчыкамі кадраў у прафарыентацыі школьнікаў. Хацелася б дасягнуць кансэнсусу з вытворцамі і ў пытанні замацавання на прадпрыемстве нашых выпускнікоў, забеспячэння іх прафесійнага росту. У гэтай справе неабходна выкарыстоўвац­ь матывацыйныя рычагі. Сярод іх могуць быць выбудоўванне кар’ернай траекторыі, самаразвіццё праз стажыроўкі, павышэнне кваліфікацыі, праектная дзейнасць.

— Напэўна, задача супрацоўніцтва ставіцца і ў выхаваўчай рабоце?

— У нашай сістэме адукацыі навучанне непарыўна звязана з працэсам выхавання. Гэта адзіны працэс. Такая місія ў­складаецца перш-наперш на сістэму прафесійнай адукацыі, дзе павінна забяспечвацца развіццё асобы чалавека працы, фарміраванне яго як грамадзяніна і патрыёта. У рамках выканання задач па ўдасканаленні ідэалагічнай і выхаваўчай работы з навучэнскай моладдзю ва ўстановах прафесійнай адукацыі створана варыятыўнае выхаваўчае асяроддзе, дзе кожны малады чалавек можа рэалізаваць свае інтарэсы і развіць свае здольнасці. Але выхаваўчы працэс таксама павінен ажыццяўляцца ва ўзаемадзеянні з прадпрыемствамі — заказчыкамі кадраў. Для гэтага ўжо распрацаваны механізм інфармавання заказчыкаў кадраў аб канкрэтных дасягненнях выпускніка ў грамадскай, ідэалагічнай, прафесійнай, творчай, спартыўнай і іншых відах дзейнасці. У гэтыя дасягненні павінен зрабіць уклад не толькі педагог, але і вытворца.

— Якія планы па развіцці прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі вы мяркуеце рэалізаваць у новым навучальным годзе?

— Мы будзем і надалей узаемадзейнічаць з заказчыкамі кадраў дзяржаўнай і прыватнай форм уласнасці, павышаць прывабнасць прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, забяспечваць прадастаўленне рабочага месца ўсім выпускнікам устаноў адукацыі, якія ў адпаведнасці з заканадаўствам падлягаюць размеркаванню, накіраванню на працу, спрыяць працаўладкаванню асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, а таксама асоб з ліку дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. Нам трэба будзе весці работу па далейшай дыверсіфікацыі зместу адукацыйных праграм, аптымізацыі аб’ёмаў і структуры падрыхтоўкі рабочых і спецыялістаў, у тым ліку шляхам адкрыцця новых спецыяльнасцей, якія адпавядаюць сучаснай эканамічнай дзейнасці, а таксама міжнародным стандартам WorldSkills. Трэба аказваць са­дзейнічанне педагагічным работнікам у распрацоўцы сучасных кампанентаў навукова-метадычнага забеспячэння, якія суправаджаюць адукацыйны працэс, прыцягваць педагагічных работнікаў да ўдзелу ў распрацоўцы прафесійных стандартаў для сучасных сфер эканомікі. Ставіцца задача ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў ПТА і ССА, забеспячэння шырокага выкарыстання інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій у адукацыйным працэсе, абнаўлення парка камп’ютарнай тэхнікі, распрацоўкі і ўкаранення ў працэс навучання і выхавання элементаў дыстанцыйнага навучання.

У 2021 годзе ў АКРБ “Спецыяльнасці і кваліфікацыі” ўводзяцца новыя спецыяльнасці “Педагагічнае суправаджэнне” (кваліфікацыя “выхавальнік”); “Абслугоўванне сістэм водападрыхтоўкі і водаачысткі” (кваліфікацыя “тэхнік-тэхнолаг”); “Архітэктурны дызайн гарадскога асяроддзя” (кваліфікацыя “тэхнік-архітэктар”). Набор навучэнцаў па названых спецыяльнасцях плануецца ў 2022 годзе.

Будзем спадзявацца, што мы выканаем усе пастаўленыя задачы і наша прафесійная адукацыя ўздымецца на больш высокі ўзровень і будзе карыстацца вялікім попытам сярод моладзі.

Гутарыла Ала КЛЮЙКО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.