Каша на вогнішчы, вандроўкі і экскурсіі: вучням Рэчкаўскай школы ў шосты дзень на месцы не сядзіцца

- 16:43Образование, Шестой день

Па суботах настаўнік гісторыі Рэчкаўскай сярэдняй школы Магілёўскай вобласці і кіраўнік гуртка “Юны краязнавец” Дзяніс Жарыкаў збірае дзяцей у паходы, вандроўкі ці на экскурсіі. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Намераў сваіх педагог не хавае — адцягнуць дзяцей ад шкодных гаджэтаў і азнаёміць з гісторыяй роднага краю. А таксама навучыць любіць прыроду, малую і вялікую радзіму.

— Гэта сёння, думаю, актуальна для ўсіх, — гаворыць Дзяніс Сяргеевіч. — Але метады ў мяне свае — не проста збіраю дзяцей і паведамляю: “Заўтра адпраўляемся ў паход”, а стараюся зацікавіць іх так, каб самі беглі. Ганаруся тым, што ў мяне гэта добра атрымліваецца: вучні загадзя прыходзяць, пытаюцца, што будзе ў шосты школьны дзень. Неяк адвыклі ўжо дома сядзець. Выхоўваю маленькіх турыс­таў так, каб яны адчувалі сябе на прыро­дзе як дома. 

Дзяніс Жарыкаў з гурткоўцамі абавязкова наведвае месцы баявой славы Магілёўшчыны: Буйніцкае поле, мемарыяльны комплекс “Партызанскі лагер” у вёсцы Усакіна, мемарыял “Дняпроўскі рубеж” у Шклове, музеі розных школ раёна. На экскурсіі ездзіць з вучнямі па ўсёй рэспуб­ліцы, напрыклад, у Оршу — паглядзець Ваенна-гістарычны музей імя Героя Савецкага Саюза К.Заслонава і мемарыяльны комп­лекс “Кацюша”.

— Вучні 10—11 класаў спрабу­юць сябе ў якасці экскурсаводаў, — заўважае настаўнік. — Напрыклад, калі былі ў Оршы, арганізавалі сярод іх конкурс “Лепшы экскурсавод”. Распрацавалі маршрут, які пачынаўся з чыгуначнага вакзала, потым — музей К.Заслонава, знакамітая Замкавая гара, іншыя мясцовыя славутас­ці… Дзеці так стараліся, што цяжка было выб­раць лепшых. Але мы іх усё ж такі вызначылі, і пераможцы, за якіх аддалі свае галасы вучні 5—7 класаў (для іх і право­дзілася экскурсія), атрымалі дыпломы. Наступнае такое мерапрыемства плануем у маі, выбіраем цікавы маршрут — яго прапануюць самі школьнікі.

Часцей за ўсё ў вандроўкі гурткоўцы адпраўляюцца пешшу, але бывае, што трэба пад’ехаць чыгункай. Так, вучням спадабалася падарожжа  Александ­рыя — Копысь — Ляўкі — Орша, а таксама Магілёў — Буйнічы — Салтанаўка — Дашкаўка.

— Аднойчы ранняй вясной, калі навокал яшчэ ляжаў снег, падчас наведвання мемарыяльнага комплексу ля вёскі Усакіна мы з дзецьмі спусціліся ў зямлянку, — расказвае гісторык. — Адну з тых, дзе размяшчалася кіраўніцтва партызанскага руху Магілёўшчыны ў Вялікую Айчынную вайну. Сучасныя дзеці ніяк не маглі зразумець, як можна жыць у такіх спартанскіх умовах. Але мы распалілі вогнішча, згатавалі смачную кашу, гарбату, і школьнікі ўбачылі: калі ёсць сяброўства і падтрымка, а галоўнае, агульная высокая мэта, жыць можна і ў халодным лесе.

Сакрэт настаўніка — пасля паходу ці пазнавальнай экскурсіі абавязкова даць дзецям нейкі бонус: ці то пагуляць у актыўныя гульні на прыродзе, ці то згатаваць кашу на вогнішчы, паспяваць пад гітару. А можа, гадзіна-другая ў парку атракцыёнаў: гэта моцна матывуе школьнікаў — задаволеныя застаюцца ўсе!

— Каша, якую мы гатуем на вогнішчы, называецца “Дружба”, — распавядае Дзяніс Сяргеевіч. — Кожны сыпле ў кацёл па жменьцы круп — розных, у каго якія ёсць, і атрымліваецца такая смачная каша! Галоўны сэнс не ў тым, каб паесці, а каб ля вог­нішча дзеці адно з адным пасябравалі, разгаварыліся. Традыцыю гэтую заклаў яшчэ ў пачатку 70-х гадоў былы настаўнік гісторыі Аляксандр Аляксандравіч Губанаў. Сёння яго ўжо няма з намі, а традыцыя жыве і перадаецца новым пакаленням турыстаў.

Дарэчы, акрамя наведвання экскурсій у шосты школьны дзень, навучэнцы займаюцца і карыснай працай: даглядаюць помнікі, мемарыялы, прыродныя аб’екты раёна, дапамагаюць ветэранам і пажылым людзям.

— Напярэдадні свята Вялікай Перамогі мы з вучнямі прыбіраем брацкія магілы жыхароў спаленай нацыстамі ў 1943 годзе вёскі Гараны, ускладаем кветкі. Кожны верасень школьнікі адзначаюць Міжнародны дзень турыста — паходамі, гульнёй “Зарніца”. Праходзіць ён у шосты школьны дзень у лесапаласе на ўскрайку аграгарадка Рэчкі: дзеці спаборнічаюць у праходжанні турыстычнай сцежкі, арыентаванні на мясцовасці, удзельнічаюць у віктарынах на гістарычную тэматыку, вучацца хутка ста­віць палатку.

— Прывучаю вучняў з павагай і любоўю ставіцца да малой радзімы, да кожнага яе куточка, — падкрэслівае Дзяніс Жарыкаў. — Дзеля гэтага праводзім акцыю “Чысты лес” — збіраем у лесе смецце, пластык, утылізуем іх.

Кіраўнік гуртка “Юны краязнавец” адзна­чае: “Жыццё — гэта рух”. А яго жыццёвы лозунг — “Быць турыстам — гэта здорава!”.

Лізавета МІЦКЕВІЧ
Фота прадастаўлена суразмоўнікам