Па суботах у сярэдняй школе № 4 Століна спартыўнае жыццё кіпіць: тут праходзяць спартакіяды, рухавыя гульні і конкурсы, расказаў карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.
З дзецьмі займаецца малады і ініцыятыўны настаўнік фізічнай культуры і здароўя Раман Ляшук.
— Няма такога віду спорту, якому наш Раман Аляксандравіч не навучыць, — гавораць пра яго вучні.
Ён сапраўдны прафесіянал: больш за дзесяць гадоў працаваў у дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе Століна, займаўся з дзецьмі баскетболам, падрыхтаваў шмат прызёраў і пераможцаў алімпіяд раённага і абласнога ўзроўню.
— Галоўнае — добра матываваць навучэнца, — лічыць Раман Ляшук, — і гэта задача трэнера. Займацца спортам многія ідуць менавіта да педагога, які ўмее зацікавіць, асабліва малодшыя дзеці.
Выбар спартыўных заняткаў у шосты дзень вялікі. Гэта ўсімі любімыя баскетбол і футбол, а таксама крос, шахматы, валейбол. Раман Ляшук рэгулярна арганізоўвае спартыўныя святы, на якія запрашае навучэнцаў і іх бацькоў.
Раман Ляшук: Спорт выхоўвае сапраўдны мужчынскі характар. Мае першыя выпускнікі з дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы ўжо дарослыя, прайшлі армію. Калі сустракаю іх, дзякуюць: без добрай фізічнай падрыхтоўкі служыць было б значна цяжэй.
Па суботах у школьнікаў ёсць магчымасць не проста наведаць спартзалу, каб там пагуляць і ўмацаваць здароўе, але і падрыхтавацца да спаборніцтваў. Падчас нашай размовы Раман Аляксандравіч якраз рыхтаваў дзяцей да раённых спартакіяд па настольным тэнісе і кулявой стральбе.
— Вырашылі таксама развіваць новы напрамак: прапануем школьнікам займацца веласпортам. Арганізуем велапрабег, у якім прымуць удзел і дзеці, і бацькі, — расказвае настаўнік фізічнай культуры і здароўя. — Маршрут будзе праходзіць па месцах баявой славы Столінскага раёна.
Лізавета МІЦКЕВІЧ