Па трох напрамках: як вядзецца работа па арганізацыі харчавання ў сярэдняй школе № 2 Круглага

- 16:25Новости

У сярэдняй школе № 2 Круглага працуе пераможца раённага конкурсу прафесійнага майстэрства “Лепшы кухар установы адукацыі”. І гэта не адзінае дасягненне ў гэтай сферы.

Правільная ежа 

Работа па арганізацыі харчавання ў нашай установе адукацыі вядзецца па трох напрамках. Першы з іх — гэта фарміраванне ў навучэнцаў культуры і навыкаў здаровага харчавання. Паступова закладваюцца асновы гігіены і рэжыму прыёму ежы, даецца ўяўленне аб карысных прадуктах, аб неабходных арганізму пажыўных рэчывах, адбываецца знаёмства з нацыянальнай кухняй.

У рамках урочнай і пазаўрочнай дзейнасці педагогі праводзяць класныя гадзіны “Рэжым дня і яго значэнне”, “Краіна здаровага харчавання”, конкурсы газет і малюнкаў “Аб смачнай і здаровай ежы”, дыялогавыя пляцоўкі “Каштоўнасці ў жыцці чалавека”, “Што мы ведаем пра здаровае харчаванне”, вусныя часопісы “Твой выбар — здаровы лад жыцця”, “Ад здаровага харчавання — да здаровага пакалення”, віктарыны “Мы за здаровы лад жыцця”, “ЗЛЖ — што гэта такое”.

Аб нормах і правілах здаровага харчавання з улікам індыві­дуальных асаблівасцей навучэнцы даведаюцца на факультатыўных занятках “Па прыступках правіл здаровага харчавання”, а таксама на пазакласных мерапрыемствах “Культура прыёму ежы”, “Сакрэты здаровага харчавання”, “Вітаміны — нашы сябры”, “Харчаванне і тваё здароўе”, “Карысныя і шкодныя звычкі”, “Я здароўе зберагу! Сам сабе дапамагу!”, гадзіне зносін “Вучыся быць здаровым”, інтэлектуальнай віктарыне “Жыць здорава”.

Асаблівай цікавасцю карыстаюцца пазакласныя мерапрыемствы, накіраваныя на далучэнне навучэнцаў да народных традыцый харчавання, знаёмства з кухнямі іншых народаў.

Медыцынскія работнікі школы праводзяць з дзецьмі гутаркі “Правільнае харчаванне — залог здароўя”, “Азбука здаровага хар­чавання” і іншыя. Вядзецца работа і ў шосты школьны дзень — напрыклад, арганізуюцца інтэрактыўныя гульні “Здароўе — гэта здорава”, “Здорава здаровым быць”. Удзельнікі мерапрыемстваў складаюць прыказкі, адгадваюць загадкі, удзельнічаюць у гутарках, адказваюць на пытанні, разгадваюць формулу здароўя і заўсёды прыходзяць да выніку, што быць здаровым — гэта выдатна!

У лютым у школе прайшла квест-гульня “Кулінарны паяды­нак: здаровае харчаванне — залог здароўя”, у якой прынялі ўдзел навучэнцы 5—8 класаў і іх класныя кіраўнікі. Удзельнікі падзяліліся на 2 каманды. Кожнай трэба было па маршрутным лісце прайсці 6 станцый, на якіх навучэнцы даведваліся аб правілах і сакрэтах здаровага харчавання. Акрамя гэтага, на кожнай станцыі іх чакала выпрабаванне: разгадаць крыжаванку, скласці вітамінную лесвічку, знайсці працяг прыказак, распрацаваць здаровае меню з прапанаваных страў. Напрыклад, на станцыі “Эксперыментальная” навучэнцы шляхам доследнай дзейнасці адказалі на пытанне “Ці шмат у чыпсах солі і алею?”, чым пацвердзілі іх шкоднасць.

Прыйшоўшы на фініш, удзельнікам трэба было згатаваць стравы з Інфармацыйнага зборніка тэхналагічных карт страў і вырабаў: салат “Цар Гарох” і канверцікі з тварагом. Перад дэгустацыяй кожная каманда прадставіла сваю страву, расказала, з якіх прадуктаў яна складаецца, чым карысная. У канцы мерапрыемства ўдзельнікі па­дзяліліся ўражаннямі і далі сваім сябрам карысныя парады.

У сваёй рабоце выкарыстоў­ваем канструктар інтэрактыўных заданняў LearningApps. Ён прызначаны для падтрымкі працэсу навучання з дапамогай інтэрактыўных модуляў (практыкаванняў) і змяшчае галерэю агульнадаступных інтэрактыўных заданняў, у тым ліку накіраваных на фарміраванне ў вучняў навыкаў правільнага харчавання. На школьным сайце у раздзеле “Асновы бяспе­кі жыцця­дзейнасці” размешчаны практыкаванні, распрацаваныя ў тым ліку і нашай установай адукацыі: віктарына “Народная муд­расць”, “Карысная крыжаванка”, практыкаванне “Складзі меню” і інш.

Ва ўстанове адукацыі праводзіцца акцыя “Здаровае меню”. Пасля ўвядзення ў меню стравы-навінкі кожны навучэнец, пакаштаваўшы яе, на ацэначным полі можа паставіць сваю адзнаку.

У абедзеннай зале школы навучэнцы аформілі тэматычны куток “про#ЕДУ”. Усе дзеці з дапамогай QR-кодаў могуць азнаёміцца з рэцэптамі страў, якія ўваходзяць у 10-дзённае прыкладнае меню, а таксама іншымі стравамі з Інфармацыйнага зборніка тэхналагічных карт страў і вырабаў, якія распрацаваны з улікам смакавых пераваг навучэнцаў.

Сям’і насустрач

Другім напрамкам у рабоце па фарміраванні культуры і навы­каў здаровага харчавання навучэнцаў з’яўляецца інфармацыйна-­асветніцкая работа з законнымі прадстаўнікамі. На працягу навучальнага года праводзяцца баць­коўскія сходы з удзелам работнікаў розных арганізацый, якія тлума­чаць пытанні арганізацыі харчавання, прапагандуюць здаровы лад жыцця. Бацькі вучняў з задавальненнем удзельнічаюць у пазакласных мерапрыемствах: бацькоўскім універсітэце “Здаровая сям’я — здаровае дзіця”, індывідуальных гутарках “Клопат пра здароўе дзяцей”, “Арганізацыя правільнага харчавання ў сям’і”.

Таксама для татаў і мам праводзяцца кансультацыі, лекцыі, інфармацыя размяшчаецца на сайце ўстановы адукацыі, стэндах, у месенджарах, выдаюцца буклеты “Аб карысці натуральных сокаў”, “Школьныя стравы-навінкі, якія можна згатаваць дома”, “Піраміда здаровага харчавання” і інш.

З навучэнцамі 1—11 класаў і іх законнымі прадстаўнікамі праводзіцца анкетаванне па пытаннях арганізацыі харчавання ва ўстанове адукацыі. Пры гэтым звяртаецца ўвага на задаволенасць меню, якасцю страў, рэжымам работы школьнай сталовай і г.д.

Узаемадзеянне ўстановы адукацыі, навучэнцаў і іх законных прадстаўнікоў дае магчымасць вывучаць смакавыя перавагі дзяцей і дадаваць у рацыён школьнага і дамашняга харчавання новыя стравы.

Ад лепшага кухара

Трэці напрамак работы — рацыянальная арганізацыя харчавання. Школьная сталовая забяспечана неабходнай колькасцю абсталявання, посудам, мыйнымі сродкамі і сродкамі дэзінфекцыі, дазволенымі да ўжывання ў адпаведнасці з заканадаўствам. Тэхнічныя асаблівасці і вытворчыя магутнасці тэхналагічнага абсталявання харчаблока адпавядаюць колькасці навучэнцаў, ліку і асартыменту страў, планіроўцы і плошчы памяшкання. Усё ў рацыянальнай арганізацыі харчавання ад знешняга выгляду да складу прадуктаў спрыяе фарміраванню ў навучэнцаў прынцыпаў здаровага харчавання. Структура, рэжым і арганізацыя харчавання адпавядае ўсім гігіенічным патрабаванням.

Установа адукацыі ўзнагароджана на абласным конкурсе “Здаровае харчаванне з дзяцінства — дабрабыт у будучыні!” дыпломам у намінацыі “За стварэнне ўмоў для якаснай арганізацыі харчавання навучэнцаў”. На раённым фестывалі-конкурсе “Харчаванне і здароўе” работы навучэнцаў былі адзначаны дыпломамі ў намінацыях “Плакат” і “Кулінарны лайфхак ад маёй сям’і”.

Работа па ўсіх трох напрамках прыносіць вынікі. Нашы кухары не толькі павышаюць кваліфікацыю, але і прымаюць актыўны ўдзел у розных конкурсах. На раённым конкурсе прафесійнага майстэрства шэф-кухар нашай школы Ірына Анатольеўна Федаровіч стала пераможцай.

Алена ЛЫСАВА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
сярэдняй школы № 2 Круглага