Пад купалам патрыятызму. Чым жыве летні лагер «Арыенцір» школы № 45 Віцебска імя В.П. Маргелава

- 14:36Новости

Чым жыве выхаваўча­-аздараўленчы лагер “Арыенцір” сярэдняй школы № 45 Віцебска імя В.П.Маргелава, якая плённа супрацоўнічае з дэсантнікамі, даведалася карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Адна з найбуйнейшых школ горада паспяхова працуе ў напрамку ваенна-патрыятычнага выхавання не толькі на працягу навучальнага года, але і падчас летніх канікул. Гэты профіль стаў асноўным у дзейнасці выхаваўча-аздараўленчага лагера “Арыенцір”, што функцыянуе тут у чэрвені.

Як расказала дырэктар школы Ірына Лашакова, з 2020 года ўстанова адукацыі носіць імя Героя Савецкага Саюза Васіля Піліпавіча Маргелава, якога называюць бацькам паветрана-дэсантных войскаў. Гэта пасадзейнічала наладжванню супрацоўніцтва з 103-й Віцебскай асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгадай. Дэсантнікі наведваюць школьныя мерапрыемствы, праводзяць для навучэнцаў заняткі і інфармацыйныя гадзіны, запрашаюць дзяцей на экскурсіі да сябе ў брыгаду. У школе створаны ваенна-патрыятычныя клас і клуб “Гвардыя”, аб’яднанне па інтарэсах “Юнармеец”. На базе ўстановы працуе цэнтр дапрызыўнай падрыхтоўкі.

— Сярод выхаванцаў нашага лагера ёсць навучэнцы як ваенна-патрыятычнага, так і звычайных класаў — усяго 30 хлопчыкаў і дзяўчынак 11—13 гадоў. Праграма лагера вельмі разнастайная, цікавая, накіраваная на ўсебаковае развіццё асобы. Час, які дзеці праводзяць тут, абавязкова запомніцца ім суквеццем яркіх падзей і паспрыяе фарміраванню сапраўдных патрыётаў, — адзначае Ірына Анатольеўна.

Амаль кожны дзень выхаванцы лагера праходзяць на базе школы страявую падрыхтоўку, вучацца аказваць першую медыцынскую дапамогу, практыкуюцца ў ціры ў стральбе, зборцы-разборцы аўтамата, асвойваюць іншыя аспекты ваеннай справы. Займаюцца яны і на базе 103-й Віцебскай паветрана-дэсантнай брыгады пад кіраўніц­твам яе ваеннаслужачых. Да таго ж дзяцей знаёмяць з іншымі прафесіямі, звязанымі з бяс­пекай людзей. Так, яны наведалі з экскурсіяй віцебскае абласное ўпраўленне Дэпартамента аховы МУС, Цэнтр бяспекі МНС, пажарны аварыйна-выратавальны атрад “Віцязь”, чыгуначную станцыю Лучоса.

У кантэксце 80-годдзя Вялікай Перамогі асаблівая ўвага ўдзяляецца тэме Вялікай Айчыннай вайны. Дзеці рыхтуюць аповеды аб яе героях, у тым ліку сваіх прадзедах, якія ваявалі, і потым дзеляцца імі з іншымі выхаванцамі лагера. Яны паглядзелі вядомы мастацкі фільм “Брэсцкая крэпасць”, прынялі ўдзел у тэматычным конкурсе малюнкаў на асфальце, ваенна-патрыятычным квесце “Патрыётамі не нараджаюцца, патрыётамі становяцца” і іншых мерапрыемствах.

Шмат у праграме лагера як спартыўных, так і культурна-масавых мерапрыемстваў. Дзеці наведалі Віцебскую абласную філармонію, Беларускі тэатр “Лялька”, кінатэатр. З цікавасцю прыма­юць удзел у канцэртных праграмах, спартландыях, конкурсах, віктарынах, гульнях і інш.

У ліку ўдзельнікаў ваенна-патрыятычнай змены — Сняжана Вінаградава, якая перайшла ў 8 клас.

— Мы ўвесь час у руху, не ся­дзім без справы, — гаворыць школьніца. — Мне гэта падабаецца, таму што я чалавек актыўны. Тое, чаму нас вучаць у лагеры, — гэта карысны для мяне вопыт. У будучыні я хацела б стаць ці ваенным урачом, ці інспектарам па справах непаўналетніх.

Педагог дадатковай адукацыі Сяргей Сабалеўскі, які працуе ў лагеры выхавальнікам, адзначае, што, дзякуючы “Арыенціру”, дзеці на вачах мяняюцца да лепшага, становяцца больш дысцыплінаванымі, адказнымі. Адзін з вучняў, які ў пачатку змены не праяўляў асаблівай актыўнасці, праз два тыдні атрымаў шэўрон лідара дня, які даецца самым зацікаўленым і выніковым выхаванцам лагера. Каб умацаваць дух здаровага спаборніцтва, дзеці падзелены на два атрады. Трэба бачыць, колькі радасці ў вачах удзельнікаў атрада, які па выніках дня прызнаецца пераможцам і атрымлівае талісман лагера — цацку-медзведзяня ў дэсантнай форме.

— Мы не ставім перад сабой мэты, каб усе нашы выхаванцы сталі ваеннымі. Абараняць інтарэ­сы Радзімы можна ў розных прафесіях, і для нас вельмі важна данесці гэта да дзяцей, — гаворыць Сяргей Яўгенавіч. — Калі ж навучэнец бачыць сваю будучыню менавіта ў сілавых структурах, мы заўсёды дапаможам. І ваенна-патрыятычны летні лагер у гэтай справе таксама важнае звяно.

Аксана МЫЦЬКО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА