Пад лінеечку

- 11:53Педагагічная майстэрня, Рознае партфолiо

Будучыя алімпіяднікі па матэматыцы — не абавязкова выдатнікі. Гэта дзеці, якія валодаюць арыгінальным мысленнем, здольныя хутка знаходзіць рашэнне на задачу, запамінаць абстрактныя сімвалы, знакі, якія любяць інтэлектуальныя спаборніцтвы, — лічыць настаўніца матэматыкі гімназіі № 1 імя У.А.Караля Чэрвеня Мінскай вобласці Наталля Уладзіміраўна Пабойкіна. Больш за 10 гадоў вучні Наталлі Уладзіміраўны становяцца прызёрамі Рэспубліканскай прадметнай алімпіяды па матэматыцы розных узроўняў.

— Больш як 30 гадоў работы ў сістэме адукацыі — значны тэрмін. Што вас падтрымлівала гэтыя гады?
— Школа — маё прызванне. Са сваімі баламі я магла пайсці вучыцца на навукова-вытворчае аддзяленне ў БДУ, але асэнсавана выбрала педагогіку. Мой тата быў настаўнікам, выкладаў нямецкую мову.
Яшчэ 15 гадоў назад браты раілі атрымаць другую адукацыю, пайсці са школы, але я не ўяўляю сябе на іншым месцы. Люблю працаваць з дзецьмі, а на нізкім заробку і іншых акалічнасцях прафесіі стараюся не засяроджвацца.

— Падабаецца вам, напэўна, яшчэ і таму, што ваша праца дае высокія вынікі…
— Вынікі ёсць, і гэта радуе. Нашы навучэнцы — вялікія працаўнікі, таму ў нас ёсць і дыпломы на рэспубліканскай алімпіядзе па матэматыцы, нашы выпускнікі добра здаюць ЦТ па прадмеце.

— Чаму так адбываецца: для многіх пачаткоўцаў матэматыка — любімы прадмет, а пераходзяць яны ў сярэднюю школу — іх пачуццё да прадмета мяняецца амаль на процілеглае?
— Матэматыка становіцца больш складанай. Вучню трэба прыкласці шмат намаганняў, каб зразумець тэму, рашыць задачу. Мы стараемся зрабіць так, каб дзеці палюбілі матэматыку. І заўважу, што ў нашай гімназіі матэматыку любяць нават слабыя вучні.

— Цікавасць да прадмета пачынаецца з урока. Вы шмат часу затрачваеце на падрыхтоўку да заняткаў?
— Кожны вечар рыхтуюся да заняткаў. У нас няма паралеляў, таму прадумваць даводзіцца калі і пяць розных урокаў. Дзеці па ўзроўні ведаў у класе розныя, і кожнаму трэба падабраць індывідуальнае заданне. Сама люблю геаметрыю і вучняў ёй зацікаўліваю. Адзначаю, што дзякуючы геаметрыі вы станеце прызёрамі алімпіяды альбо ЦТ напішаце лепш за іншых, бо па агульных паказчыках геаметрыю дзеці рашаюць крыху горш за алгебру.
Мяне радуе, калі вучні не заўважаюць, што ўрок скончыўся.

— Ці можна абысціся без дамашняга задання?
— Калі вучні, асабліва сярэдніх класаў, добра папрацавалі на працягу тудня, то ў пятніцу на выхадныя я не задаю ім дамашняе заданне. Аднак без дамашніх заданняў па матэматыцы пакуль немагчыма абысціся. Часам дзеці на ўроку робяць усё па ўзоры, а на заўтра могуць ужо нічога не помніць. На дом я не задаю складаных заданняў. Адзіная праблема — рашэбнікі, якія даступны кожнаму. Пяцікласнікі нават і не ўтойваюць, што карысталіся рашэбнікам. Але я і без іх прызнанняў бачу, калі дзіця само рашала і калі адказ спісала з рашэбніка. Нярэдка прапаную заданні на дом са старых падручнікаў, да якіх няма рашэбнікаў. Яшчэ прапаную да асноўнага дамашняга задання для жадаючых дадатковыя задачы. Затым у асобным сшытку адзначаю: вось гэты вучань у такі дзень выканаў столькі дадатковых заданняў. А калі, напрыклад, дзіця не вельмі добра напісала самастойную работу і не хоча, каб я паставіла нізкую адзнаку ў журнал, то прапаную дадаткова дома папрацаваць, парашаць задачкі.

— Як паставіць нізкую адзнаку вучню, каб ён не пакрыўдзіўся на настаўніка?
— Вучні, у якіх я з’яўляюся класным кіраўніком, часам прыходзяць да мяне паскардзіцца на іншых педагогаў, маўляў, яны двойку несправядліва паставілі. Я заўсёды на баку настаўніка, размаўляю з дзецьмі, высвятляю, за што і ў якой сітуацыі была выстаўлена адзнака. А затым пытаюся: “Я ж вам таксама двойкі стаўлю, але ж вы не крыўдзіцеся…” На што яны адказваюць: “Дык вы ж іх ставіце інакш. Вы нас ёй не прыніжаеце. Мы разумеем, што гэта наша адзнака, а не ваша пакаранне”. Вучань павінен разумець, чаму і за што яму была пастаўлена адзнака.
У мяне ёсць сшытак, у якім я пазначаю ўсё, што зрабілі добрае і дрэннае вучні. Яны ведаюць, што я нічога не прапушчу. Калі ў дзённік сёння не паставіла адзнаку, то зраблю гэта праз дзень альбо два. Вяду пастаянна ўлік, і гэта ім падабаецца. І яны таксама сочаць. І дзённік заўсёды падаюць. Дзеці ведаюць, што і бацькам павінны шчыра прызнавацца ў нізкіх адзнаках.
У нас беларускамоўная гімназія, і калі дзіця дрэнна напісала работу, то я, бывае, замест лічбавай адзнакі пішу словам “дрэнна”. А “дрэнна”, як вядома, у кожнага сваё. Для аднаго вучня “дрэнна” — гэта сем балаў, а для некага — пяць. Дзеці ведаюць, што могуць прыйсці ў любы час у клас — раніцай, на перапынках, пасля ўрокаў, у суботу — парашаць задачы, каб выправіць сваё “дрэнна”.

— На бацькоўскіх сходах да вас многа татаў і мам прыходзіць, каб пагаварыць пра паспяховасць сваіх дзяцей?
— Калі я бачу праблему, то не іду ні да класнага кіраўніка, ні да дырэктара, а звяртаюся напрамую да бацькоў. Размаўляем, як нам разам знайсці падыход да іх дзіцяці. Кажу, каб яны давяралі сваім дзецям, але павінны, перад тым як вынесці рашэнне, выслухаць і меркаванне педагога. Ні адно дзіця не прызнае, што яно дрэннае, а настаўнік добры.
Я не лаюся з дзецьмі. Замест гэтага расказваю ім гісторыю са свайго жыцця альбо іншых людзей. Павучальная гісторыя дзейнічае лепш, чым лаянка.

— Беларуская мова не перашкаджае разуменню матэматыкі?
— Ніколькі. Наша гімназія беларускамоўная, таму на ўроку мы ўвесь час размаўляем па-беларуску, і падручнікі ў нас беларускамоўныя. Напярэдадні здачы ЦТ я нагадваю сваім выпускнікам, каб яны абавязкова заданні заказалі на беларускай мове, каб часам незразумелае слова іх не падвяло. На заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды члены журы заўсёды пытаюцца, каму з дзяцей трэба даць умовы заданняў на беларускай мове. Як член журы абласнога этапу алімпіяды па матэматыцы, я сёлета, напрыклад, заўважыла, што толькі дзеці з нашай гімназіі пісалі па-беларуску.
Я заўсёды сваім вучням гавару, што яны, у параўнанні з іншымі дзецьмі, маюць перавагу, бо выдатна валодаюць трыма мовамі — беларускай, рускай і англійскай.
Адзіная праблема — вельмі мала на беларускай мове зборнікаў задач па падрыхтоўцы да ЦТ і алімпіяд. Мы гэтага не баімся, перакладзем, калі трэба, але хацелася б на роднай мове. Ёсць мара выдаць зборнік алімпіядных заданняў для школьнікаў на беларускай мове. Назбіралася вялікая калекцыя сшыткаў, якія я берагу як зрэнку вока. У гэтых сшытках — заданні і рашэнні на задачы як мае, так і вучнёўскія, я нават пазначаю, хто з дзяцей прапанаваў гэтае выдатнае рашэнне, лепшае за маё.

— Матэматыка — прывілеяваны ў школе прадмет. Яго вывучаюць дзеці штодня на працягу вучэбнага тыдня. Але, калі меркаваць па выніках ЦТ, веды ў школьнікаў па матэматыцы нізкія. У вас не ўзнікала пытанне, чаму так адбываецца?
— З пятага класа амаль на кожным уроку я гавару вучням: “Дзеці, звярніце ўвагу: гэтыя задачы ёсць у ЦТ. Вы павінны гэта ведаць. Я прышлю да вас адзінаццацікласнікаў, каб вы ім патлумачылі, як, напрыклад, знайсці найбольшы агульны дзельнік альбо найменшае агульнае кратнае, бо яны ў 11 класе ўжо не памятаюць гэтага”.
Калі я бяру дзяцей з пятага класа і даводжу іх да адзінаццатага, то на выпускных экзаменах і ЦТ яны дэманструюць добрыя веды па прадмеце.
Я патрабую, каб дзеці пісалі ў сшытках акуратна, дакладна, па лінеечцы, без лішніх слоў. Каб кожны, хто адкрые сшытак — бацькі, настаўнікі, іншыя дзеці, адразу зразумеў, чым уладальнік сшытка займаўся падчас урока. Люблю, каб усё было правільна, акуратна.

— Можаце падзяліцца методыкай пошуку дзяцей, здольных да матэматыкі?
— Як правіла, будучыя алімпіяднікі не заўсёды выдатнікі. Каб вырасціць пераможцу рэспубліканскай алімпіяды, трэба разгледзець яго яшчэ ў пятым класе. Трэба ўважліва да дзяцей прыглядацца, адзначаць, хто неардынарна мысліць, хутка рашае задачы, выдае цікавыя рашэнні… Часам прапануеш тэкставую задачу вучням, сам яшчэ думаеш над адказам, а якое-небудзь дзіця ўжо цягне руку з правільным адказам. І як яно так хутка рашыла задачу — проста дзіву даешся.
Была ў маёй практыцы такая гісторыя. Падчас канікул я працавала выхавальнікам у лагеры дзённага наведвання ў гімназіі. У адзін дзень усіх дзяцей забралі, са мной засталася толькі адна дзяўчынка з 4 класа. Кожны з нас сваёй справай займаецца: я рашаю задачы, яна гуляе. Затым падыходзіць да мяне пацікавіцца, што я раблю, заглядвае ў мой сшытак і выдае правільны адказ на адну задачу. Я прапанавала дзяўчынцы парашаць задачкі са зборніка алімпіядных заданняў для вучняў 5—6 класаў. Яна хутка парашала некаторыя і дала правільныя адказы. А затым дзяўчынка трапіла ў мой клас. Па матэматыцы за пачатковую школу ў яе было, дарэчы, толькі 8 балаў за год. Я звярнула на яе ўвагу. У выніку мы з ёй ездзілі 4 гады запар на алімпіяду, дзе дзяўчына на “вобласці” атрымлівала дыпломы. Дзяўчынку завуць Ірына Шэўка. Тры гады назад яна скончыла гімназію і вучыцца на факультэце прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ. Заўсёды задаволеная прыходзіць да мяне ў госці ў гімназію. У гэтым жа класе быў хлопчык Алег Батура. Я ведала яго дзядулю, які быў добрым матэматыкам. Хлопчык таксама аказаўся здольным: двойчы быў адзначаны дыпломам на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па матэматыцы. Добра, калі алімпіяднікаў некалькі. Яны разам рашаюць задачу, абменьваюцца думкамі.
Сярод алімпіяднікаў больш хлопчыкаў. Магчыма, у іх іншы, неардынарны, склад розуму. Дзяўчынкі імкнуцца быць паспяховымі па ўсіх прадметах, а хлопчыкі часцей перавагу аддаюць аднаму прадмету, па іншых могуць мець і 5—7 балаў.

— Калі вы сталі трэнерам, членам журы алімпіяды, ці змянілася ў вас стаўленне да гэтага інтэлектуальнага спаборніцтва?
— Не ўсе настаўнікі асмельваюцца звязвацца з алімпіядных рухам. Калі я толькі пачынала рыхтаваць дзяцей да алімпіяды і прыязджала на спаборніцтвы, мне здавалася, што нашы чэрвеньскія дзеці звычайныя, а астатнія — асаблівыя, нібыта з іншага свету. Калі ж па-сапраўднаму занялася алімпіядным рухам, то зразумела, што ўсе дзеці аднолькавыя. З імі трэба працаваць, прыкладаць шмат намаганняў, каб нечага дасягнуць. Раней мне здавалася, што на алімпіядзе некаму завышаюць балы, некаму дапамагаюць, але толькі не нашым дзецям. Гэта былі мае памылковыя меркаванні. На алімпіядах журы да кожнага дзіцяці ставіцца з увагай, там пануе добразычлівая атмасфера.
Вопыт прыходзіць з гадамі. 20 гадоў назад і сёння — розныя падыходы да падрыхтоўкі алімпіяднікаў. Вундэркіндаў я не сустракала. Мне трапляліся дзеці, якія мелі схільнасці і жадалі быць паспяховымі. Яны ад прыроды не вялікія матэматыкі, але вельмі стараюцца і дасягаюць выніку. Нашы алімпіяднікі — вялікія працаўнікі. Часам здараецца, што мы стараемся, а на абласной алімпіядзе ні дыплома, ні водгуку не атрымліваем, таму засмучаныя вяртаемся дадому, але суцяшаем і падбадзёрваем сябе, што гэта таксама вынік, у наступны раз наша праца будзе больш высока адзначана. У гэтым годзе нашы гімназісты былі адзначаны двума дыпломамі на “вобласці”, але на “рэспубліку” мы не трапілі.

— Як вы лічыце, трэба настаўнікам шукаць здольных дзяцей і рыхтаваць іх да алімпіяд?
— Гэта нават цікава. Алімпіядны рух павінен быць. Адзінае — не трэба патрабаваць, каб у кожнай школе былі алімпіяднікі. Нельга меркаваць аб рабоце настаўніка па тым, падрыхтаваў ці не падрыхтаваў ён пераможцу алімпіяды. Трэба ацэньваць работу настаўніка па тым, як дзеці ставяцца да яго прадмета: калі яны задаволены сваімі ведамі, калі пасля заканчэння школы прыходзяць на вечары сустрэчы і выказваюць свайму настаўніку словы ўдзячнасці.

Святлана КІРСАНАВА.
Фота аўтара.