Напярэдадні новага навучальнага года пад старшынствам міністра адукацыі краіны І.В.Карпенкі ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка адбылося пасяджэнне калегіі Міністэрства адукацыі па пытаннях якасці агульнай сярэдняй адукацыі.
Яшчэ да пачатку пасяджэння міністр адукацыі І.В.Карпенка адзначыў, што якасць адукацыі ў школах неабходна вывесці на новы ўзровень.
“Калі мы гаворым аб павышэнні якасці адукацыі, то тут шмат складнікаў, пачынаючы ад падрыхтоўкі педагагічных кадраў, іх метадычнай дасведчанасці, прафесійнай кампетэнтнасці, заканчваючы ў цэлым арганізацыяй адукацыйнага працэсу ў кожнай канкрэтнай навучальнай установе: як складзены расклад, як рацыянальна выкарыстоўваецца вучэбны час, як спалучаюцца абавязковыя заняткі з факультатыўнымі, наколькі настаўнік умее разгарнуць змест адукацыі для таго, каб дзеці лепш яго засвоілі і набылі адпаведныя кампетэнцыі”, — падкрэсліў міністр адукацыі.
Па словах І.В.Карпенкі, забеспячэнне якасці адукацыі — гэта абавязак кожнай установы адукацыі. Да вучэбных заняткаў у новым навучальным годзе прыступяць каля 1 млн 30 тысяч навучэнцаў, у тым ліку 115 тысяч першакласнікаў, што на 5 тысяч больш, чым у 2018/2019 навучальным годзе. Плануецца работа больш за 3000 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, з якіх на 22 жніўня, па аператыўнай інфармацыі з месцаў, пашпарты гатоўнасці падпісаны ў 94% школ.
Як адзначалася, для якаснай работы ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі створаны неабходныя ўмовы: распрацаваны адпаведная нарматыўная прававая база, навукова-метадычнае забеспячэнне; ажыццяўляецца падрыхтоўка педагагічных кадраў, праз сетку ўстаноў дадатковай адукацыі дарослых забяспечваецца іх перападрыхтоўка і павышэнне кваліфікацыі; у межах Дзяржаўнай праграмы “Адукацыя і маладзёжная палітыка” на 2016—2020 гады набываецца вучэбнае абсталяванне і сродкі навучання, у тым ліку за кошт цэнтралізаваных паставак для вучэбных кабінетаў фізікі, хіміі, біялогіі, праходзіць закупка мультыбордаў.
Сістэме адукацыі ёсць чым ганарыцца. Навучэнцы ўстаноў адукацыі на міжнародным узроўні дэманструюць высокія вынікі. Толькі за тры апошнія гады 180 удзельнікаў нашых нацыянальных каманд прывезлі 145 медалёў: 15 залатых, 54 сярэбраныя і 76 бронзавых. Па выніках ЦТ сёлета 326 выпускнікоў паказалі 338 стабальных вынікаў, з іх з’яўляліся выпускнікамі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі 252 абітурыенты (77%).
У сувязі з заяўленым у 2015/2016 навучальным годзе пераходам на адносную завершанасць агульнай базавай адукацыі і ўвядзеннем профільнага навучання на ІІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі зацверджаны новыя адукацыйныя стандарты, унесены змяненні ў тыпавы вучэбны план агульнай сярэдняй адукацыі, у тым ліку прадугледжана павелічэнне колькасці гадзін на вывучэнне асобных вучэбных прадметаў як на базавым, так і на павышаным узроўні, абноўлены вучэбныя праграмы. На конкурснай аснове распрацаваны і выдадзены новыя вучэбныя дапаможнікі. Паводле слоў дырэктара Нацыянальнага інстытута адукацыі В.В.Гінчук, адметнасць іх — больш даступнае выкладанне матэрыялу, практыкаарыентаванасць, выкарыстанне розных форм прад’яўлення інфармацыі, заданняў і практыкаванняў з беларускім кантэкстам, больш дасканалы дызайн і г.д. Распрацаваны па ўсіх вучэбных прадметах электронныя адукацыйныя рэсурсы, якія не толькі ўключаюць інфармацыю, але і змяшчаюць матэрыял па адпрацоўцы ведаў, уменняў і навыкаў навучэнцаў, тэматычным і выніковым кантролі.
Сфарміравана сістэма профільных класаў прафесійнай накіраванасці і арыентацыя вучняў на атрыманне педагагічных, сельскагаспадарчых і іншых спецыяльнасцей. Сёлета будуць адкрыты класы спартыўна-педагагічнай і ваенна-патрыятычнай накіраванасці. З мінулага навучальнага года магчымасць вывучаць вучэбныя прадметы на павышаным узроўні атрымалі навучэнцы 8—9 класаў усіх школ і гімназій (так званая дапрофільная падрыхтоўка).
“Аднак практыка паказвае, што часта профільныя класы фарміруюцца толькі зыходзячы з пажаданняў навучэнцаў ці па меркаванні дырэктара школы, што прыводзіць да вялікай колькасці класаў эканамічнай і гуманітарнай накіраванасці, хаця на гэтыя спецыяльнасці ідзе скарачэнне набору. Між тым існуе патрэба ў класах фізіка-матэматычнай, хіміка-матэматычнай, хіміка-біялагічнай, інфарматыка-матэматычнай накіраванасці. Да гэтага года ў школьнікаў не было магчымасці вывучаць інфарматыку на павышаным узроўні. Таму кіраўнікам гарадскіх і раённых аддзелаў адукацыі неабходна ўзяць на кантроль фарміраванне профільных класаў. Гэтыя класы павінны фарміравацца не толькі з пажаданняў бацькоў і навучэнцаў, а ў першую чаргу пад патрэбы рэальнага сектара эканомікі. Профільнае навучанне павінна матываваць навучэнцаў на атрыманне тых прафесій, якія запатрабаваны на рынку працы”, — лічыць міністр адукацыі.
Адначасова ў школах захавалі функцыянаванне 10-я базавыя класы для тых навучэнцаў, якія па выніках паспяховасці не праходзяць для навучання ў профільных класах. Гэтыя навучэнцы разам з засваеннем адукацыйнай праграмы праходзяць курс прафесійнай падрыхтоўкі. Станоўчы прыклад арганізацыі прафесійнай падрыхтоўкі ў Лепельскім раёне Віцебскай вобласці прадставіў прысутным намеснік старшыні райвыканкама В.У.Азаронак.
На пасяджэнні падкрэслівалася, што аналіз вынікаў рэспубліканскіх кантрольных работ і цэнтралізаванага тэсціравання паказвае, што ўзровень вучэбных дасягненняў навучэнцаў застаецца недастатковым. Не набралі па выніках ЦТ мінімальнай колькасці балаў каля 7% выпускнікоў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Па выніках рэспубліканскай кантрольнай работы па беларускай і рускай мовах, матэматыцы і гісторыі Беларусі 43% дзесяцікласнікаў пагоршылі свае адзнакі. У асобных гімназіях і ліцэях вынікі тых вучняў, хто вывучаў прадмет на павышаным узроўні, аказаліся ніжэйшымі, чым тых, хто вывучаў гэты прадмет на базавым узроўні. Па меркаванні І.В.Карпенкі, варта прааналізаваць, наколькі гэтыя ўстановы адпавядаюць заяўленаму тыпу і тым патрабаванням, што прад’яўляюцца да гімназій і ліцэяў.
На думку намесніка міністра адукацыі А.У.Кадлубая, адной з прычын недастатковага ўзроўню якасці агульнай сярэдняй адукацыі з’яўляецца невысокі ўзровень метадычнай, псіхалагічнай, інфармацыйнай работы. Праблема заключаецца не толькі ў падрыхтоўцы настаўнікаў УВА, але і ў павышэнні кваліфікацыі, метадычным суправаджэнні дзейнасці педагогаў. Праблему ва ўзаемаадносінах з настаўнікамі адчувае кожны пяты навучэнец. Прычына ў тым, што настаўнік у недастатковай ступені валодае тэхнікай вырашэння канфліктаў, стварэння спрыяльнай атмасферы на вучэбных занятках і г.д. Часта вучэбныя заняткі праводзяцца аднастайна, адсутнічае варыятыўнасць форм правядзення ўрокаў. На ўроках не выкарыстоўваюцца тэхналогіі праблемнага навучання, праектныя, вучэбнага даследавання для прадстаўлення магчымасці кожнаму навучэнцу максімальна рэалізаваць свае задаткі ў межах вучэбных заняткаў. Акрамя таго, у рэспубліцы не праводзілася маштабных даследаванняў уплыву розных фактараў: структуры навучальнага года, перыядычнасці форм правядзення атэстацыі, аб’ёмаў вучэбнай нагрузкі і г.д. на эфектыўнасць адукацыйнага працэсу.
Па словах рэктара БДПУ імя Максіма Танка А.І.Жука, у сістэме педагагічнай адукацыі ў апошнія гады ў краіне адбываюцца пазітыўныя змены. Яна становіцца бесперапыннай, адкрытай і шматузроўневай. Сярод прыярытэтных напрамкаў — аднаўленне мэт і зместу, мадэрнізацыя форм і метадаў падрыхтоўкі педагогаў, удасканаленне падрыхтоўкі кадраў навуковай кваліфікацыі, удасканаленне рэсурснага забеспячэння і інш. Узмоцнена практыкаарыентаванасць падрыхтоўкі настаўнікаў. Устаноўка на ранняе пагружэнне будучых педагогаў у прафесійнае асяроддзе рэалізуецца праз стварэнне новага пакалення адукацыйных стандартаў вышэйшай адукацыі. Гэтая задача вырашаецца праз удасканаленне педагагічнай практыкі, наданне ёй бесперапыннага характару. Ва ўніверсітэце на працягу апошніх трох гадоў паспяхова апрабаваны і ўкараняюцца на ўсіх факультэтах такія інавацыйныя формы, як валанцёрская практыка на 1 курсе і педагагічная практыка з выдзяленнем так званага школьнага дня для студэнтаў 2 курса.
“Сёння важна падрыхтаваць новага настаўніка, здольнага прадбачыць развіццё сучаснага лічбавага грамадства, — адзначыў А.І.Жук. — Ва ўніверсітэце створана сеткавая акадэмія педагогікі электроннага навучання. Яна працуе па шэрагу напрамкаў: дыдактыка сеткавага ўрока, педагагічная практыка ў сферы электроннага навучання, вэбінары, анлайн-канферэнцыі, фарміраванне партфоліа студэнта ў гэтай галіне і г.д.”.
Асаблівая ўвага на калегіі была ўдзелена пытанням павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі педагогаў. Толькі 39% педагогаў маюць навыкі работы з воблачнымі тэхналогіямі. Магчымасці работы з электроннымі адукацыйнымі рэсурсамі не выкарыстоўваюцца ў поўнай ступені. Хаця і ёсць станоўчыя прыклады. Дырэктар сярэдняй школы № 1 Ліды С.А.Фанасаў расказаў пра стварэнне ва ўстанове адкрытай інфармацыйна-адукацыйнай прасторы.
На думку міністра адукацыі, ва ўмовах развіцця інфармацыйнага грамадства трэба разабрацца ва ўкараненні ІКТ у адукацыйны працэс і ў распрацоўцы інфармацыйна-адукацыйных рэсурсаў, прыдатных для выкарыстання. Патрэбен такі кантэнт, які дазволіць разнастаіць формы ўрока. Бо чым больш разнастайныя формы ўрока, тым лепш засвойваецца матэрыял. Акрамя таго, варта ўзмацніць падрыхтоўку педагогаў у галіне ІТ як у АПА, так і ў рэгіянальных інстытутах развіцця адукацыі.
Не знята з парадку дня і пытанне матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння ўстаноў адукацыі. Занепакоенасць выклікае забяспечанасць школ спартыўным інвентаром. “На сёння забяспечанасць інвентаром па лёгкай атлетыцы і лыжах складае 72%. І тут пытанне не столькі ў лічбах, колькі ў тым, як выконваецца вучэбная праграма па фізкультуры, ці дастаткова гэтага спортінвентару для яе выканання, ці ўвесь інвентар з’яўляецца бяспечным для навучэнцаў, — заўважыў І.В.Карпенка. — Аналагічная сітуацыя з базай камп’ютараў для правядзення ўрокаў інфарматыкі. У мінулым навучальным годзе 27% камп’ютараў, якія выкарыстоўваліся ў адукацыйным працэсе, былі з тэрмінам эксплуатацыі больш за 10 гадоў. Ці можна эфектыўна арганізаваць навучанне інфарматыцы з такой камп’ютарнай базай?”.
Ва ўсіх установах адукацыі павінен быць створаны псіхалагічны камфорт для вучня. “Псіхалагічнае здароўе і дабрабыт навучэнцаў — неабходная ўмова паўнавартаснага развіцця. Не можа навучэнец, які адчувае псіхалагічны дыскамфорт ва ўстанове адукацыі, класе або на канкрэтным уроку, якасна вучыцца і паказаць годны вынік. І тут важна выбудаваць узаемадзеянне ўсіх зацікаўленых у вырашэнні гэтай праблемы: школы, педагогаў, бацькоў, псіхолагаў”, — адзначыў І.В. Карпенка.
Для каардынацыі дзейнасці педагогаў-псіхолагаў устаноў адукацыі і сацыяльна-педагагічных цэнтраў на базе Інстытута псіхалогіі БДПУ імя Максіма Танка створаны Рэспубліканскі цэнтр псіхалагічнай дапамогі. Ужо з верасня ён пачне аказваць практычную псіхалагічную дапамогу і непаўналетнім, і іх законным прадстаўнікам, і педагагічным работнікам, у тым ліку і ў рэжыме анлайн.
Неад’емным складнікам педагагічнай дзейнасці, інтэграванай у адукацыйны працэс, з’яўляецца выхаванне. Ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі будзе працягнута рэалізацыя інфармацыйна-адукацыйнага праекта “Школа актыўнага грамадзяніна” для 8—11 класаў, а ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай адукацыі пачнецца яго рэалізацыя ў новым навучальным годзе. Новае гучанне неабходна надаць шостаму школьнаму дню. Змястоўна напоўніць яго з улікам спецыфікі работы кожнай канкрэтнай ўстановы адукацыі, інтарэсаў, патрэб і запытаў навучэнцаў, пажаданняў законных прадстаўнікоў.
Асаблівую актуальнасць набывае работа ў сацыяльных сетках. “Мы павінны знаходзіцца там, дзе знаходзяцца дзеці. А мы ўсё больш знаходзімся ў ролі пасіўных сузіральнікаў. Актыўнасць моладзі ў сацыяльных сетках трэба выкарыстоўваць у нашай рабоце, напрыклад, стварыць інтэрнэт-праект, які будзе рэальна цікавы навучэнцам”,— лічыць міністр.
Напрыканцы пасяджэння І.В.Карпенка павіншаваў педагогаў з пачаткам новага навучальнага года. “Толькі ад нас з вамі, ад нашай работы будзе залежаць і прэстыж настаўніцкай прафесіі, і прэстыж сістэмы адукацыі ў цэлым, і адносіны да сістэмы з боку грамадскасці”, — адзначыў міністр адукацыі.
Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.