Падарожжа ў Каралеўства герояў Дыснея

- 12:35Педагагічная майстэрня

Апошнім часам усё часцей уздымаецца пытанне аб прымяненні новых тэхналогій пры вывучэнні замежных моў, якія б дазволілі актывізаваць вучэбна-пазнавальную дзейнасць навучэнцаў.

Укараненне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, у прыватнасці Web-сэрвісаў, у працэс навучання з’яўляецца адным з прыярытэтных напрамкаў у методыцы навучання замежным мовам. Web-сэрвісы дазваляюць далучаць навучэнцаў да дыялогу, павышаюць цікавасць да навучання, узбагачаюць вучэбны працэс разнастайнымі найноўшымі метадамі навучання.

Сістэматычнае прымяненне Web-сэрвісаў адкрывае вялікія магчымасці для выкарыстання на занятках па замежнай мове розных матэрыялаў, прыёмаў і сродкаў навучання, што дазваляе інтэнсіфікаваць вучэбны працэс.

Сучаснае выкладанне замежных моў прадугледжвае выкарыстанне не толькі гукавых, але і мультымедыйных інтэрактыўных дапаможнікаў, якія павінны быць распрацаваны з прымяненнем новых тэхналогій.

Дыдактычныя інтэрактыўныя прак­тыкаванні, прэзентацыйны граматычны і лексічны матэрыял, навучальныя гульні, відэа- і аўдыякантэнт, магчы­масць публікацыі ўласных творчых работ на сайце — гэта магутныя інструменты матывацыі навучэнцаў, якія дазва­ляюць акты­візаваць іх пазнавальную дзей­насць, а таксама ўдасканальваць самастойную работу.

З мэтай стварэння ўмоў для матывацыі вучняў да актыўнай дзейнасці, раскрыцця іх творчага патэнцыялу, камунікацыі і супрацоўніцтва ў мінулым годзе мной быў створаны электронны адукацыйны рэсурс 4th Kingdom. Задачы праекта:

• фарміраванне інфармацыйнай, камунікатыўнай, сацыякультурнай кампетэнцыі навучэнцаў;
• пашырэнне інфармацыйнай прасторы адукацыйнага працэсу;
• стымуляванне актыўнай пазнавальнай дзейнасці вучняў, развіццё ўвагі, мыслення, аўдытыўных навыкаў і навыкаў вуснага маўлення;
• рэалізацыя творчага патэнцыялу кожнага ўдзельніка, публікацыя творчых работ навучэнцаў;
• фарміраванне культурных і бяспечных паводзін у сетцы.

Пры стварэнні рэсурсу ўлічваліся ўзроставыя асаблівасці навучэнцаў, іх інтарэсы. Менавіта таму праект названы 4th Кingdom і прадстаўлены ў выглядзе каралеўства, жыхарамі якога з’яўляюцца мультыплікацыйныя героі Disney.

Рэсурс складаецца з 9 блокаў-зам­каў, кожны з якіх уключае ў сябе пад­раздзелы, што адпавядаюць тэмам і ўрокам друкаванага дапаможніка. Знайсці неабходны раздзел можна як праз галоўную старонку, так і з дапамогай меню, якое знаходзіцца ў верхняй частцы старонкі. Акрамя гэтага, можна выкарыстаць рэсурсы Cinema Castle, дзе навучэнцы могуць самастойна ўдасканальваць свае лексічныя навыкі і навыкі ўспрымання і разумення замежнай мовы на слых на аснове аўтэнтычных мультыплікацыйных фільмаў. Grammar Castle дазваляе навучэнцам паўтараць граматычны матэрыял, пройдзены на ўроках, а таксама замацоўваць яго, выконваючы шэраг практыкаванняў трэніровачнага характару.

Укараненне дадзенага рэсурсу ў адукацыйны працэс на працягу 2019/2020 на­вучальнага года дазволіла ацаніць яго практычную значнасць для ўсіх суб’ектаў адукацыйнага працэсу. Прапанаваныя вучэбныя матэрыялы распрацаваны з дапамогай сэрвісаў Web 2.0, якія напаўняюць вучэбны працэс новым зместам і з’яўляюцца выдатным памочнікам педагога пры падрыхтоўцы ўрокаў, факультатыўных, стымулюючых і падтрымліваючых заняткаў (варта толькі прадумаць, дзе і як у ходзе ўрока выкарыстоўваць тое ці іншае практыкаванне), а таксама пры арганізацыі самастойнай работы навучэнцаў. Школьнікі выкарыстоўваюць iнтэрнэт не толькі як крыніцу інфармацыі, але і становяцца актыўнымі ўдзельнікамі стварэння мультымедыйнага кантэнту. Навучанне становіцца для чац­вёртакласнікаў займальным падарожжам па каралеўстве, падчас якога яны пераадольваюць перашкоды (граматычныя, лексічныя, фанетычныя), пры гэтым трывала засвойваюць матэ­рыял па прадмеце і павышаюць сваю паспяховасць. Бацькі і дзеці змогуць лёгка знайсці матэрыял бягучага ўрока або паўтарыць папярэдні, паколькі сайт цалкам паўтарае тэматычны змест раздзелаў і ўрокаў нацыянальнага вучэбнага дапаможніка “Англійская мова. 4 клас”. Нават тыя бацькі, якія не вывучалі анг­лійскую мову, змогуць дапамагчы свайму дзіцяці.

Вікторыя САВАСЦЕЙ,
настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 7 Смаргоні.