ФУНЦІКАВА Ірына Аляксандраўна,
выхавальніца ясляў-сада № 84 Мінска.
Ірына Аляксандраўна скончыла БДПУ імя Максіма Танка. Стаж работы — 10 гадоў. Педагагічнае крэда: “Сапраўдны выхавальнік той, хто здольны спусціцца з вышыні сваіх ведаў да няведання выхаванцаў і разам з імі здзейсніць узыходжанне”.
Намінацыя «Выхавальнік дашкольнай адукацыі»
Каб падтрымліваць цікавасць выхаванцаў да навучання, Ірына Аляксандраўна актыўна прымяняе ў сваёй практыцы гульнявыя прыёмы, сюрпрызныя моманты, элементы педагагічнай сістэмы Марыі Мантэсоры. Для павышэння эфектыўнасці заняткаў з дзецьмі старэйшага дашкольнага ўзросту выкарыстоўвае метады нагляднага мадэлявання, праблемнага навучання, інфармацыйна-камп’ютарныя тэхналогіі. На кожных занятках выхавальніца ўдзяляе вялікую ўвагу сацыялізацыі, фарміраванню агульнай культуры асобы.
Многія выхавальнікі, якія працуюць у рускамоўных групах, сутыкаюцца з пэўнымі цяжкасцямі падчас планавання і арганізацыі заняткаў па развіцці цікавасці дзяцей да беларускай мовы. Ірына Аляксандраўна склала аўтарскаю сістэму, накіраваную на пераадоленне праблемы разумення дашкольнікамі роднай мовы і яе актыўнае ўжыванне.
“Для большасці дзяцей першай мовай, на якой яны вучацца размаўляць і думаць, будаваць зносіны, з’яўляецца руская. Паўнавартаснае беларускамоўнае асяроддзе ў дашкольнікаў, як правіла, адсутнічае. Больш за тое, дзеці часта карыстаюцца рускай мовай нават тады, калі да іх звяртаюцца па-беларуску, ведаючы, што іх разумеюць. Такім чынам, маўленчыя сітуацыі, у якіх апынаюцца выхаванцы, асабліва за межамі ўстановы дашкольнай адукацыі, на жаль, не ствараюць у іх жыццёвай неабходнасці ў зносінах на беларускай мове, — лічыць педагог. — Гэтая праблема патрабуе ад педагогаў распрацоўкі і ўкаранення больш прадукцыйных метадаў і прыёмаў фарміравання ўстойлівай цікавасці дзяцей дашкольнага ўзросту да роднай мовы”.
Назапашванне беларускага слоўніка, актывізацыя беларускамоўных зносін у дашкольнікаў абумоўлены агульнавядомымі асаблівасцямі дзіцячага ўспрымання новых ведаў. Гэтыя працэсы стануць эфектыўнымі толькі тады, калі будуць праходзіць у цікавай для дзяцей гульнявой форме і будуць прадугледжваць адначасовы ўдзел кожнага выхаванца. Улічваючы гэта, Ірына Аляксандраўна распрацавала і апрабавала развіццёвыя гульнявыя комплексы, якія пабудаваны на аснове знаёмых дзецям казачных сюжэтаў.
Казкі пра жывёл, сюжэты якіх сталі асновай для распрацоўкі развіццёвых гульняў, выхавальніца выбрала з вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі для дзяцей сярэдняй групы. Для зручнасці карыстання не толькі педагогамі, але і бацькамі ў хатніх умовах Ірына Аляксандраўна вырашыла змясціць тэксты казак у адной кніжцы.
“Каб кожная гульня садзейнічала рэалізацыі асобных кірункаў работы па далучэнні дзяцей да беларускай мовы, неабходна было аб’яднаць гульні ў комплекс, які можна было б выкарыстоўваць на занятках. Такім чынам, была складзена картатэка комплексаў з апісаннем кожнай гульні і правіл яе правядзення”, — расказала выхавальніца.
Для графічнага афармлення гульнявых заданняў былі выкарыстаны камп’ютарныя праграмы Adobe Photoshop, Microsoft Office.
Ірына Аляксандраўна склала сем комплексаў развіццёвых гульняў. Кожны разлічаны на выкарыстанне на адных занятках і змяшчае 5 гульняў. Чатыры з іх накіраваны на вырашэнне задач раздзелаў адукацыйнай вобласці “Развіццё маўлення і культура маўленчых зносін” (“Слоўнік”, “Граматычны лад маўлення”, “Гукавая культура маўлення”, “Звязнае маўленне”), пятая гульня накіравана на рэалізацыю задач адукацыйнай вобласці “Мастацтва” (раздзел “Мастацкая літаратура”).
Кожная гульня ўяўляе сабой друкаванае заламініраванае гульнявое поле памерам А4, якое разлічана на 1—2 гульцоў. Паводле правіл, выхаванцы павінны абавязкова выконваць пэўныя маўленчыя дзеянні (“назаві”, “паўтары”, “адкажы”, “палічы” і інш.). Кожны гульнявы комплекс мае сваю назву: “Падарожжа па казцы “Зайкава хатка”, “Падарожжа па казцы “Курачка-раба” і інш. Напрыклад, у склад комплексу “Падарожжа па казцы “Зайкава хатка” ўваходзіць гульня “Каго не было ў казцы?”, якая ўзбагачае беларускі слоўнікавы запас дзяцей назоўнікамі, што абазначаюць назвы жывёл і птушак. Дзеці павінны знайсці і назваць герояў, якія сустракаюцца ў казцы, адказаць на пытанне “Каго не было ў казцы “Зайкава хатка?” і на гульнявым полі закрэсліць (ці закрыць фішкай) гэтага героя. Каб праверыць правільнасць выканання задання, задаюцца пытанні “Якія героі былі ў казцы, каго ты закрэсліў (закрыў фішкай)?”. Гульня “Крыжыкі-нулікі” садзейнічанне правільнаму вымаўленню спецыфічна беларускіх гукаў [ў], [дз’]. У ёй удзельнічаюць двое дзяцей. Гульцы па чарзе размяшчаюць на гульнявым полі па адной сваёй картцы і называюць героя, які на ёй намаляваны. Той, хто паспее раней за іншага раскласці свае карткі ў адзін рад (па гарызанталі, вертыкалі ці дыяганалі), становіцца пераможцам.
Аўтарская распрацоўка для выхаванцаў 4—5 гадоў “Падарожжа па казках” дапамагае аб’яднаць цікавую дзейнасць з першапачаткова неўсвядомленай маўленчай практыкай. Гульні, распрацаваныя выхавальніцай, падыходзяць як для выкарыстання ў спецыяльна арганізаванай дзейнасці па фарміраванні маўленчых уменняў дашкольнікаў, так і для самастойнай работы дзіцяці. “Падарожжы па казках” не толькі ўзбагачаюць беларускамоўны слоўнік дзяцей, але і спрыяюць іх далучэнню да беларускага фальклору.