Для дырэктара сярэдняй школы № 92 Мінска Нэлі Віктараўны Зелент быць кіраўніком — значыць, шмат працаваць над сабой, знаходзіць падыходы да кожнага ўдзельніка педагагічнага працэсу і нестандартныя шляхі вырашэння праблем. Перш за ўсё яна імкнецца стварыць такую атмасферу, каб і педагогі, і вучні адчувалі сябе ў школе камфортна, штодня ішлі сюды з лёгкай душой.
Нэлі Віктараўна ўпэўнена: шчасце ў тым, каб правільна знайсці сваё месца ў жыцці. Тады работа і чалавеку будзе прыносіць задавальненне, і грамадству будзе большая карысць. Сама яна ніколі нават не задавалася пытаннем, кім быць. З усмешкай прыгадвае, што яе першым вучнем быў малодшы брат. З задавальненнем дапамагала яму выконваць дамашнія заданні, сачыла за тым, каб ён акуратна пісаў у сшытках. Затым прыкладам для яе стала першая настаўніца Таццяна Антонаўна Сцефаненка. Пакарылі яе цёплыя, добрыя адносіны да вучняў і цікавыя ўрокі. З таго часу сумненняў у выбары прафесіі ўжо не было. Пасля заканчэння школы дзяўчына паступіла на фізічны факультэт Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка.
— Мой выбар прыпаў на фізіку і інфарматыку, і я ні разу аб гэтым не пашкадавала, — расказвае Н.В.Зелент. — Любоў да фізікі мне прывілі ў школе. Інфарматыка ж была ў той час нечым новым, і мне захацелася разабрацца ў гэтай навуцы. Так складвалася, што побач са мной заўсёды былі людзі, якія не толькі вучылі, але і натхнялі. Раўняючыся на іх, хацелася ісці наперад. Гэта вельмі важна. І сёння мне таксама хочацца стаць такім чалавекам для іншых, каб мае вучні не стаялі на месцы, не страчвалі ўласны патэнцыял, а раскрываліся, дасягалі максімальных вынікаў і радаваліся гэтаму.
Нэлі Віктараўна пачала працаваць яшчэ ў студэнцкія гады ў той жа сталічнай школе, дзе вучылася сама. Пасля заканчэння ўніверсітэта перайшла ў сярэднюю школу № 143. З гэтай установай лёс быў непарыўна звязаны 13 гадоў. Тут не толькі атрыманы важны педагагічны вопыт, але і закладзена ўстаноўка, якім павінен быць кіраўнік установы адукацыі. Жыццёвыя ўрокі дырэктара сярэдняй школы № 143 Дзмітрыя Вячаслававіча Бачарова ўрэзаліся ў памяць і часта прыходзяцца да месца.
— Я многаму навучылася ў Дзмітрыя Вячаслававіча і сёння часта ўспамінаю яго стыль кіравання, парады, — дадае Нэлі Віктараўна. — Ведаю яго з дзяцінства як майго настаўніка, намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце былой сярэдняй школы № 106 Мінска. Сёння для мяне, ужо не толькі настаўніцы, але і дырэктара ўстановы адукацыі, самая галоўная задача — зрабіць так, каб вучні і педагогі адчувалі сябе ў школе камфортна, каб яна была для іх месцам, куды хочацца ісці, дзе чакаюць аднадумцы і сябры, а час праходзіць хутка і з карысцю.
Спачатку Нэлі Віктараўна, стараннасць, адказнасць і высокі прафесійны ўзровень якой хутка заўважылі і ацанілі, стала намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 143. Затым, у 2018 годзе, была прызначана дырэктарам сярэдняй школы № 92. Установа адукацыі, якой яна кіруе трэці навучальны год, стала для яе асабліва дарагой.
Адзін з важных кірункаў дзейнасці ўсяго педагагічнага калектыву — прафарыентацыя вучняў. Гасцямі школы рэгулярна становяцца прадстаўнікі розных прафесій, каб даць дзецям магчымасць цікавых, непасрэдных зносін. Важнай падзеяй стала заключэнне ў мінулым годзе дагавора аб супрацоўніцтве паміж сярэдняй школай № 92 і прыродазнаўчым факультэтам Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка. Гэта дало магчымасць вучням для паглыбленага вывучэння выбраных прадметаў і прафарыентацыі.
— На трэцяй ступені навучання ў нашай школе створаны хіміка-біялагічны профіль, — расказвае Нэлі Віктараўна. — Мне вельмі радасна, што цяпер для нашых старшакласнікаў будуць праводзіць заняткі і выкладчыкі ўніверсітэта. Магчымасць на дзень стаць студэнтам вышэйшай навучальнай установы юнакі і дзяўчаты таксама прынялі на ўра. Стараемся адчуваць патрэбы дзяцей і задавальняць іх запыты.
Яшчэ ў студэнцкія гады Нэлі Віктараўне запаў у душу выраз Ёгана Вольфганга Гётэ: “Ёсць дзве рэчы, якія бацькі павінны даць сваім дзецям: карані і крылы”. Менавіта такой устаноўкай яна кіруецца ў сваёй педагагічнай дзейнасці, бо так важна, каб у рэшце рэшт у кожнага вучня з’явіліся карані для трывалай жыццёвай пазіцыі, пастаянства ў выбранай справе і крылы для натхнення, творчасці і смеласці.
Любое дасягненне педагагічнага калектыву ці вучняў становіцца вялікай радасцю для дырэктара. У мінулым годзе яркімі падзеямі сталі такія дасягненні навучэнцаў, як дыплом І ступені гарадскога фестывалю праектна-даследчых работ вучняў пачатковых класаў “Пазнанне і творчасць”, дыпломы І ступені (два гады запар) рэспубліканскай алімпіяды “СуперЛагістык”. У сярэдняй школе № 92 адкрыты адзіны ў Мінску кабінет па ахове працы, дзе ўсталявана праграмнае забеспячэнне для здачы экзамену педагагічнымі работнікамі, ёсць трэнажоры і манекены для адпрацоўкі практычных навыкаў. У 2019 годзе калектыў школы атрымаў дыплом ІІ ступені ў гарадскім аглядзе-конкурсе на лепшую арганізацыю па ахове працы ў арганізацыях сталіцы.
Асаблівую ўвагу Нэлі Віктараўна як кіраўнік удзяляе фарміраванню здаровага ладу жыцця і экалагічнай дасведчанасці. Вучні школы працуюць у рамках праекта ЮНЕСКА і Мэт устойлівага развіцця ААН “Маладзёжная валанцёрская сетка: экалогія на пальцах”. Таксама рэалізуецца праект “Гігіенічная ацэнка арганізацыі адукацыйнага працэсу на ІІ і ІІІ ступенях адукацыі ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі Беларусі і яго ўплыў на здароўе навучэнцаў”.
— Наша задача — не толькі даць дзецям веды, але і навучыць іх жыць, правільна адносіцца да саміх сябе, іншых і навакольнага свету, — акцэнтуе ўвагу Н.В.Зелент. — І дробязей у такой важнай справе няма. Мы стараемся навучыць дзяцей правільна адпачываць, паказаць, як гэта ўплывае на самаадчуванне і настрой. Традыцыйна па суботах у школе праходзяць дні здароўя і шмат іншых цікавых мерапрыемстваў. Калі бачыш, што дзеці зацікаўлены, у іх гараць вочы і яны з жаданнем прыйшлі ў школу, лепшай узнагароды быць не можа.
Нэлі Віктараўна прызнаецца: любому чалавеку працаваць нашмат лягчэй, калі дома ён адчувае падтрымку, ёсць паразуменне і цеплыня. Яна вельмі ўдзячна бацькам і мужу за тое, што яны заўсёды з павагай ставіліся да яе выбару і ва ўсім падтрымлівалі.
Таццяна ШЫМКО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.