Днямі ў нашай краіне будзе адзначацца святочная дата, якая з’яўляецца для кожнага беларуса сімвалам мірнага жыцця, стваральнай энергіі і патрыятычнай свядомасці, — 80-годдзе перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Аб’ектыўнае даследаванне гісторыі, захаванне памяці аб подзвігах продкаў — тыя актуальныя напрамкі, якія сёння ляжаць у аснове арганізацыі выхаваўчай работы ва ўсіх установах адукацыі краіны.

Чырвонай ніткай праз красавіцкі выпуск часопіса праходзіць тэма вывучэння гераічных старонак мінулага, генацыду беларускага народа. Так, у артыкуле “Ваенна-патрыятычнае выхаванне: праўда аб вайне і маральныя арыенціры моладзі” супрацоўнікі Акадэміі адукацыі Віталь Стуканаў і Вольга Пішчык на прыкладзе праекта “Памяць і мастацтва: гісторыя аднаго шэдэўра” прапануюць дакладныя метадычныя інструменты ўвекавечвання подзвігу беларусаў.
Асаблівай увагі настаўнікаў гісторыі, класных кіраўнікоў, кіраўнікоў музеяў заслугоўвае артыкул начальніка Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь, кандыдата юрыдычных навук, палкоўніка юстыцыі Юрыя Камянецкага. Аўтар разглядае чатыры аспекты вынікаў расследавання генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны (сацыяльны, прававы, гістарычны, адукацыйны) і дае спасылкі на гістарычныя і архіўныя матэрыялы, якія можна выкарыстоўваць пры правядзенні ўрокаў, факультатыўных заняткаў, арганізацыі краязнаўчай і даследчай работы.
Спецвыпуск рубрыкі “Педагагічная асамблея” прысвечаны пытанням фарміравання ў навучэнцаў эмацыянальна-каштоўнасных адносін да гістарычнага мінулага беларускага народа праз выкарыстанне гісторыка-культурных рэсурсаў рэгіёна. Тэма раскрываецца на прыкладзе рэалізацыі інавацыйнага праекта. Аўтары артыкулаў разважаюць над тым, што такое патрыятызм, чаму важна данесці да сучаснай моладзі сэнс Вялікай Перамогі, які метадычны інструментарый мэтазгодна прымяняць у рамках выхаваўчай работы ў школе, як эфектыўна пабудаваць вучэбную і пазавучэбную дзейнасць.
“Каб наша школа сапраўды стала другім домам для навучэнцаў, мы імкнёмся ствараць аптымальныя ўмовы для іх усебаковага развіцця”, — адзначае Марына Пятроўна Кароза, дырэктар сярэдняй школы № 11 імя генерала арміі А.І.Антонава Гродна. Кожны ўрок, кожнае пазавучэбнае мерапрыемства, якія праводзяць настаўнікі, накіраваны на падтрымку вучняў і павышэнне іх творчага патэнцыялу. На базе ўстановы адукацыі дзейнічаюць два раённыя рэсурсныя цэнтры, дзе педагогі маюць магчымасць дзяліцца эфектыўным вопытам па выхаванні фінансава дасведчаных школьнікаў. Тут працуе ваенна-патрыятычны клас пагранічнай накіраванасці, выпускаюцца газета “11 балаў” і часопіс “Антонаўка”, арганізавана работа школьнай бізнес-кампаніі “Тэадора”. З вялікай цікавасцю старшакласнікі праводзяць экскурсіі ў музеі воінскай славы, удзельнічаюць у даследчай і пошукавай дзейнасці, а вучні пачатковых класаў — у пастаноўках батлейкі “Знічка”. За амаль 60 гадоў школьнай гісторыі педагогі сабралі вялікае партфоліа кіраўніцкіх, метадычных і выхаваўчых ідэй па выкарыстанні ІКТ, распрацоўцы выхаваўчых праектаў, правядзенні музейных заняткаў, арганізацыі ўзаемадзеяння з сям’ёй. Прапануем азнаёміцца з карысным вопытам калектыву ў рубрыцы “Энцыклапедыя “Школы Беларусі”.
“Ёсць слова “хачу”, а ёсць слова “трэба”. Каму з бацькоў не прыходзілася стымуляваць гэтай сакраментальнай фразай валявыя праяўленні ў свайго дзіцяці! Бацькоўская заклапочанасць зразумелая: сіла волі — абавязковая ўмова жыццёвага поспеху. Але ж ці не перашкаджаем мы яе фарміраванню, калі дбайна клапоцімся аб камфорце нашых дзяцей?
Як дапамагчы падлетку гартаваць сілу волі — тэма чарговай размовы ўдзельнікаў нашага пастаяннага праекта “Бацькоўскі сход”. Аўтары артыкулаў разважаюць над праблемамі, абумоўленымі дэфіцытам валявых якасцей, і даюць слушныя парады бацькам.
Паважаныя чытачы! Вы, напэўна, заўважылі, што тэматыка красавіцкага выпуску часопіса “Народная асвета” так ці інакш звязана з задачамі выхавання маладога пакалення. Усе мы павінны помніць, што ад гэтага залежыць траекторыя развіцця і грамадства, і асобнай сям’і, і кожнага чалавека.
Святлана МАЗУРЫНА,
галоўны рэдактар





