Падмурак поспеху

- 10:10Планерка, Планёрка ў рэгіёне, Суразмоўца, Суразмоўца

Па выніках абласнога конкурсу “За дасягненне высокіх паказчыкаў у развіцці адукацыі” Дзяржынскі раён прызнаны лепшым у стварэнні аптымальнага адукацыйнага асяроддзя і ў арганізацыі адукацыйнага працэсу. Што з’яўляецца падмуркам поспеху, мы спыталі ў начальніка ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме Дзяржынскага райвыканкама Галіны ГАПАНЬКОВАЙ.

— Галіна Уладзіміраўна, што ля­жыць у аснове паспяховай арганізацыі якаснага адукацыйнага працэсу і аптымальнага адукацыйнага асяроддзя ў раёне?

— Якасць адукацыі, як правіла, вымяраецца вынікамі навучання і выхавання. Па іх узроўні можна меркаваць аб развіцці асобы дзіцяці. Устойлівае развіццё сістэмы адукацыі раёна магчыма дзякуючы сістэмнай рабоце ў інтарэсах кожнага дзіцяці каманды спецыялістаў упраўлення, кіраўнікоў-аднадумцаў, супольнасці педагогаў, сацыяльных партнёраў. А яшчэ дзякуючы паслядоўнай дзейнасці па павышэнні якасці адукацыі, заснаванай на спалучэнні паспяховых адукацыйных практык і традыцый з інавацыйнымі падыходамі. Акцэнт робіцца на псіхолага-педагагічным суправаджэнні і выхаваўчым складніку. У прыярытэце цэласнай сістэмы выхавання, якая склалася ў раёне, — ідэалагічная работа, фарміраванне грамадзянска-патрыятычных якасцей асобы, выхаванне ў вучняў павагі да нацыянальнай культуры, папярэ­джанне правапарушэнняў і злачынстваў сярод навучэнцаў.

— Кадры — найважнейшы складнік паспяховага адукацыйнага працэ­су. Як рэалізуецца ў раёне кадравая палітыка?

— Педагог — ключавы элемент у сістэме адукацыі, менавіта ён закладвае падмурак развіцця кожнага дзіцяці. Ад узроўню прафесіяналізму настаўніка, яго маральна-этычных асноў залежыць якасць адукацыйнага працэсу ў цэлым. У нашым раёне працуюць 1325 педагогаў. Гэта людзі захопленыя, шчырыя, якія імкнуцца да самаразвіцця і пастаянна павышаюць сваю кампетэнцыю.

Вопытныя настаўнікі дапамагаюць пачаткоўцам авалодаць прафесіяй, дзеляцца вопытам, даюць прак­тычныя парады. Маладыя спецыялісты ўдзельнічаюць у фестывалях, канферэнцыях, конкурсах прафмайстэрства. На сайце і ў Telegram-канале ўпраўлення па адукацыі ў гэтым годзе з’явілася рубрыка “Знаёмцеся: малады педагог”, дзе педагагічная моладзь можа заявіць пра сябе, прадэманстраваць свае здольнасці, навыкі ў прафесійнай, сацыяльна значнай, грамадскай дзейнасці і выказаць сваю актыўную грамадзянскую пазіцыю.

Наяўнасць высокакваліфікаваных кад­раў і сучаснай адукацыйнай базы станоўча адбіваецца на выніках адукацыйнага працэсу. Ва ўстановах вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі працягваюць навучанне 94,5% выпускнікоў школ (з іх ва УВА — 69,3%, у ССНУ — 25,2%). Найбольш высокія паказчыкі ў гімназіі Дзяржынска і сярэдняй школы № 1 Фаніпаля.

Педагогі, якія дасягнулі пэўных поспехаў і вынікаў, адчуваюць падтрымку кіраўніцтва. У нас прымяняецца сістэма стымулявання: узнагароджанне граматамі, дыпломамі, падзякамі, размяшчэнне на Дошцы гонару, грашовае заахвочванне і г.д. Пры гэтым захоўваецца стабільны кадравы склад раённага ўпраўлення адукацыі, а таксама корпуса кіраўнікоў устаноў адукацыі.

— Мабыць, не менш важная і падтрымка маладых спецыялістаў?

— Безумоўна. Мы актыўна прыцягваем у раён маладыя кадры: право­дзіцца вялікая прафарыентацыйная работа, функцыянуе педклас. З тымі, хто жадае звязаць жыццё з педагогікай, заключаюцца дагаворы на мэтавую пад­рыхтоўку. Штогод да нас прыходзяць каля 50 маладых педагогаў. У жніўні праводзіцца дзень маладога спецыяліста, на жнівеньскім педагагічным форуме іх традыцыйна ўшаноўваюць, як і тых, хто адпрацаваў 1—2 гады і дасягнуў пэўных поспехаў. Ва ўстановах адукацыі прадугледжаны дадатковыя меры стымулявання. У шэрагу ўстаноў “навабранцы” атрымліва­юць кампенсацыю па найме жылля (ад 20% да 100% ад яго кошту). Усе, хто мае патрэбу, забяспечваюцца месцамі ў інтэрнатах. Вынік — замацавальнасць маладых педагогаў на першым месцы працы складае 80%!

У раёне ўсюды вядзецца маштабная работа, накіраваная на тое, каб, атрымаўшы пасля школы адукацыю па любых запатрабаваных у раёне спецыяльнасцях, маладыя людзі вярталіся на сваю малую радзіму. Дарэчы, сярод кіраўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый раёна нямала мясцовых жыхароў. Галоўны прыклад для нашых сённяшніх старшакласнікаў — старшыня раённага выканаўчага камітэта Максім Уладзіміравіч Лысенка, выпускнік сярэдняй школы № 4 Дзяржынска.

У раёне працуе супольнасць педагогаў устаноў дашкольнай адукацыі “Медыясфера”. Усе 16 дзіцячых садоў маюць афіцыйныя вэб-сайты, 15 з іх расказваюць аб сваёй дзейнасці ў Instagram, 6 — на YouTube-каналах, 24 педагогі вядуць блогі. “Медыясфера”— гэта сеткавая супольнасць, дзе выхавальнікі абменьваюцца эфектыўнымі педагагічнымі практыкамі, абмяркоўваюць ініцыятывы і праекты. На сайце супольнасці шмат актуальнай і карыснай інфармацыі.

— Галіна Уладзіміраўна, па выніках мінулага года яслі-сад № 1 Дзяржынска быў прызнаны лепшай установай дашкольнай адукацыі, а дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці ў пасёлку Энергетыкаў стаў лаўрэатам конкурсу. Чым абумоўлена высокая ацэнка іх дзей­насці?

— Поспехі ў павышэнні якасці дашкольнай адукацыі дасягаюцца дзякуючы зладжанай рабоце кіраўнікоў і калектываў, аператыўнаму сумеснаму пошуку эфектыўных рашэнняў. Педагогі актыўна працуюць над выяўленнем і развіццём творчых і інтэлектуальных здольнасцей дашкольнікаў. Гэтаму спрыяе ўдзел у міжнародным конкурсе “Маленькі блогер”, фестываль “Я — даследчык”, раённая ініцыятыва — перасовачная выстава дзіцячых малюнкаў “Каб мова родная гучала”, агляд дзіцячай творчасці “Таленты новага пакалення”, шахматна-шашачны турнір “Малыя гуляюць у шахматы і шашкі”, спартландыя, канцэрты, прысвечаныя Дню абароны дзяцей, і многае іншае.

— Сістэма агульнай сярэдняй адукацыі, бадай, ключавое звяно ў станаўленні маладога чалавека. Якія патрабаванні да яе прад’яўляюцца сёння?

— Галоўная задача — даць падрастаючаму пакаленню адукацыю ў адпаведнасці з сучаснымі стандартамі, выхаваць іх сапраўднымі патрыётамі, усебакова развітымі людзьмі. Важна навучыць юнакоў і дзяўчат паспяхова выбудоўваць сваё жыццё, быць адказнымі за свой лёс, лёс сваёй краіны, выкарыстоўваючы ўсе магчымасці дзяржавы і грамадства. Падчас навучання ў школе яны маюць шырокі спектр магчымасцей. Штогод павялічваецца ахоп навучэнцаў заняткамі робататэхнікай, што спрыяе развіццю інжынернага мыслення. У раёне праводзіцца вялікая фізкультурна-аздараўленчая і спартыўна-масавая работа: у 24 установах агульнай сярэдняй адукацыі працуюць спартыўныя клубы. Добра развіта сістэма дадатковай адукацыі. Характэрна, што ў раёне 95% навучэнцаў з’яўляюцца членамі БРПА і БРСМ. Работа дзіцячага раённага парламента і грамадскіх аб’яднанняў дазваляе найбольш эфектыўна ўвасабляць у жыццё дзіцячыя і маладзёжныя сацыяльна значныя ініцыятывы.

Для старшакласнікаў, якія вызначаюцца з выбарам будучай прафесіі, на трэцяй ступені агульнай сярэдняй адукацыі арганізавана профільнае навучанне. Пяты год на базе абласнога аграрна-тэхнічнага прафесійнага ліцэя старшакласнікі атрымліваюць прафесіі кухара і слесара па рамонце аўтамабіляў. А яшчэ ў раёне дзейнічае 7 спартыўных класаў, педагагічны, ваенна-патрыятычны, прававы класы, міжшкольныя спартыўна-педагагічны і аграрны класы, клас МНС. Эканамічную культуру і фінансавую дасведчанасць школьнікі развіваюць у 25 вучнёўскіх бізнес-кампаніях раёна.

— На чым будзе грунтавацца кіраўнічая дзейнасць у найбліжэйшыя гады?

— У Праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2021—2025 гады вылучаны такія прыярытэты, як “шчаслівая сям’я”, “моцныя рэгіёны”, “інтэлектуальная краіна” і “дзяржава-партнёр”. У рэалізацыі гэтых напрамкаў і будуецца наша дзей­насць, як кіраўнічая, так і практычная. Як сведчыць вопыт, менавіта якасная рэалі­зацыя дзяржаўных праграм і дзяржаўнага заказу ў сферы адукацыі з’яўляецца асноўнай перадумовай паспяховага развіцця адукацыйнай галіны раёна.

Марына КУНЯЎСКАЯ.