Падрыхтоўка на апярэджанне: у Баранавіцкім каледжы тэхналогій і дызайну ведаюць, якога спецыяліста чакае заказчык

- 12:01Пресс-тур «Настаўніцкай»

У Баранавіцкім каледжы тэхналогій і дызайну ведаюць, якога спецыяліста чакае заказчык. Больш за тое, тут працуюць на апярэджанне — ужо цяпер навучэнцы практыкуюцца на найноўшым абсталяванні. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

З’яўленне і дзейнасць цэнтра кампетэнцый сучасных тэхналогій у швейнай вытворчасці для гэтай установы адукацыі абсалютна заканамерныя. Як заўважыла дырэктар каледжа Святлана Шышына, сёння нельга спыняцца ні на хвіліну, хоць швейная вытворчасць непасрэдна звязана з творчасцю, якая, як вядома, меж не мае. Тым не менш, каб наладзіць эфектыўнае навучанне, было прынята рашэнне работу цэнтра пабудаваць на аснове сеткавай формы ўзаемадзеяння. Што дало магчымасць аператыўна вырашаць пытанні падрыхтоўкі рабочых кадраў і спецыялістаў сярэдняга звяна для лёгкай прамысловасці, навукова-метадычнага забеспячэння, назапашваць вопыт у прафесійнай дзейнасці.

Прызнацца, швейнае абсталяванне вельмі ўразіла, як, зрэшты, і падрыхтоўка выкладчыкаў, уменні навучэнцаў. Убачанае яшчэ больш упэўніла ў тым, што толькі перадавыя тэхналогіі і максімальна набліжаныя да вытворчых умовы навучання могуць спры­яць падрыхтоўцы запатрабаванага спецыяліста. Больш за тое, умовы не проста набліжаныя, а іншым разам значна перасягаюць іх. Будучы швачкай-дылетанткай, за Святланай Уладзіміраўнай ха­дзіла з вялікімі вачыма, бо ўніверсальныя швейныя машыны з лічбавым праграмным кіраваннем, спецмашыны — трохыгольныя пласкашоўныя машыны, машына патаемнага сцяжка, вышывальная машына на 15 іголак з праграмным кіраваннем, двухыгольныя трохнітачныя, чатырох- і пяцінітачныя машыны, здольныя аб’яд­наць дзве часткі з тканіны і абкі­даць краі, кавярлок, прамысловы трохнітачны мікраавярлок — не проста здзіўля­юць, а даюць нейкае нерэальнае адчуванне сучасных падыходаў да швейнай вытворчасці. Гэтак як і паўаўтаматы для закрэпак, для вырабу прамых петляў, кіруемая машына з аўтаматычнай падачай гузікаў, пяцельны паўаўтамат з праграмным кіраваннем для вырабу петляў з вочкам.

Асаблівасцю цэнтра кампетэнцый з’яўляецца тое, што, акрамя работы на сучасным швейным абсталяванні, навучэнцы вывучаюць магчымасці прымянення сістэмы аўтаматызаванага праек­та­ван­ня (САПР) швейных вырабаў. “Цяпер праграмы САПР шырока прымяняюцца ў розных галінах вытворчасці і на розных прадпрыемствах, і задача навучальных устаноў — пад­рыхтаваць канкурэнтаздольных і запатрабаваных на рынку працы спецыялістаў. Па гэтай прычыне ў цэнтры абсталявана лабараторыя аўтаматызаванага праектавання адзення з сучаснымі камп’ютарызаванымі працоўнымі месцамі з праграмным забеспячэннем “Аўтакрой”, вучэбная і рабочая версіі якога дазваляюць у рэжыме рэальнага часу праектаваць любы швейны выраб дзіцячага, жаночага і мужчынскага асартыменту ад распрацоўкі мадэлі, канструктыўнага мадэлявання, тэхнічнага размнажэння лякал да стварэння камплекта лякал і вываду іх на плотар (прылада для аўтаматычнага вычэрчвання)”, — адзначыла дырэктар каледжа.

Далей яна звярнула ўвагу, што асноўная дзейнасць цэнтра кампетэнцый — арганізацыя калектыўнага доступу да інфармацыйных, матэрыяльна-тэхнічных, навукова-метадычных і вучэбна-лабараторных рэсурсаў, што ў сваю чаргу забяспечвае доступ да сучаснага высокатэхналагічнага абсталявання, сучасных тэхналогій у галіне швейнай вытворчасці.

Майстар вытворчага навучання Галіна Савеня

Трэба адзначыць, што магчымасцямі цэнтра актыўна карыстаюцца як навучэнцы, так і дарослае насельніцтва. У выніку на яго базе навучанне праходзяць юнакі і дзяўчаты з устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі Брэсцкай вобласці (звыш 800 чалавек у год), студэнты Баранавіцкага ўніверсітэта; слухачы адукацыйнай праграмы прафесійнай падрыхтоўкі, перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі рабочых (служачых) па лініі ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, у тым ліку асобы з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця; прадстаўнікі профільных арганізацый і прадпрыемстваў лёгкай прамысловасці рэгіёна дзяржаўнай і прыватнай формы ўласнасці. На базе цэнтра кампетэнцый праходзяць стажыроўку майстры вытворчага навучання і выкладчыкі вучэбных прадметаў.

Канечне ж, база цэнтра спрыяе адкрыццю талентаў сярод навучэнцаў самога каледжа. Прызнаным майстрам сваёй справы стаў Павел Козін. Гэты таленавіты юнак за апошнія гады стаў пераможцам і лаўрэатам не толькі рэспубліканскіх конкурсаў, але і 28-га Міжнароднага фестывалю моды, мастацтва і дызайну “Адміралцейская іголка” ў Санкт-Пецярбургу, 13-га Міжнароднага конкурсу маладых дызайнераў “Рускі сілуэт”. На подыуме ў Маскве Павел прадстаўляў сваю калекцыю “Бібліяклазм”. “Вядома, для мяне гэта быў каласальны вопыт, я пазнаёміўся з мноствам цікавых дызайнераў з розных краін, уразіўся ўбачаным і нават атрымаў аўтограф самой Таццяны Міхалковай, — падзяліўся малады дызайнер. — Атрыманае натхненне, безумоўна, дапаможа мне ў рабоце над новай калекцыяй мужчынскага адзення, якую я рыхтуюся прадставіць гэтым летам на новым “Млыне моды”.

“Цэнтр кампетэнцый з’яўляецца пляцоўкай для правядзення мерапрыемстваў адукацыйнага фармату, алімпіяд, конкурсаў прафесійнага майстэрства, майстар-класаў, семінараў-практыкумаў для педагогаў, пасяджэнняў творчых груп майстроў вытворчага навучання спецыяльнасці “Выраб швейных вырабаў” Брэсцкай вобласці. Яго база выкарыстоўваецца для правядзення абласных конкурсаў па прафесіях “швачка”, “закройшчык” сярод навучэнцаў і майстроў, а таксама для падрыхтоўкі ўдзельнікаў рэспубліканскіх, міжнародных конкурсаў прафесійнага майстэрства — “Млын моды”, “Галерэя стылю”, “Адміралцейская іголка”, “Рускі сілуэт”.

Акрамя таго, тут адкрыта “Вучэбнае атэлье”, куды могуць звярнуцца як жыхары Баранавіч, так і прадпрыемствы, арганізацыі горада і нават краіны. У каталогу вырабаў можна знайсці варыянты сталовай, пасцельнай бялізны, рабочага і спецыяльнага адзення для навучэнцаў каледжаў, ёсць школьная форма для класаў прававой накіраванасці, школьныя гальштукі і хусткі, тут шыюць тэатральныя, танцавальныя, карнавальныя, сцэнічныя касцюмы для Палаца дзіцячай творчасці, Баранавіцкага ўніверсітэта, а таксама спартыўныя трыкатажныя касцюмы, дзіцячыя курткі, сумкі-­шоперы і іншае”, — азна­ёміла з напрамкамі работы цэнтра Святлана Шышына.

У межах прафарыентацыйнай работы ў цэнтры кампетэнцый праводзяцца дні адкрытых дзвярэй, арганізуюцца экскурсіі для навучэнцаў школ горада і раёна, майстар-класы, кірмашы, выставы-продажы. Акрамя традыцыйных экскурсій для школьнікаў, у цэнтры кампетэнцый праводзяцца прафесійныя пробы, дзе кожны можа паспрабаваць сябе ў швейнай справе, выконваючы спачатку нескладанае заданне (пракласці строчку па лініях на паперы), якое пасля, зразумела, ускладніцца (пашыць, напрыклад, кухонны ручнік).

У шосты школьны дзень на базе цэнтра арганізуюцца заняткі аб’яднанняў па інтарэсах “Дызайн-студыя”, гурткоў “Тэхнічная творчасць і рацыяналізатарства”, “Тэхніка крою і шыцця”, “Тэхніка малюнка і мадэляванне”, практыкумы на швейным абсталяванні, работа ў творчай лабараторыі на вышывальным абсталяванні, практыкумы па стварэнні швейных вырабаў-сувеніраў.

Акрамя таго, дырэктар кале­джа расказала пра магчымасці дадатковай адукацыі па прафесіях цырульніка, майстра па манікюры (педыкюры), візажыста сярод дарослага насельніцтва. Моцны выкладчыцкі склад і сучаснае вучэбнае абсталяванне дадуць выдатную базу пачынаючаму спецыялісту.

 Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА