Падтрымліваць традыцыі

- 9:59Планерка, Планёрка ў рэгіёне, Суразмоўца, Суразмоўца

На пасадзе начальніка аддзела адукацыі Дзятлаўскага райвыканкама Марына Яўгеньеўна Лашкоўская працуе з першага верасня бягучага года, а ў сістэме адукацыі — больш за 30 гадоў, 17 з іх была кіраўніком у школах.

Свой уклад у развіццё сістэмы адукацыі Дзятлаўшчыны яна прапануе абмеркаваць праз год, калі можна будзе падвесці пэўныя вынікі, але ж з гордасцю падкрэслівае, што традыцыі тут закладзены вельмі добрыя.

— Я буду падтрымліваць традыцыі, якія дзесяцігоддзямі складваліся ў сістэме адукацыі раёна, і прыкладу ўсе намаганні, каб рухацца наперад, развіваць перспектыўныя напрамкі дзейнасці. У нас усё для гэтага ёсць, самае галоўнае — людзі, якія хочуць працаваць, удасканальвацца. У адукацыі мы ўсе не выпадковыя, так што будзем імкнуцца да новых вышынь.

— Якім быў ваш прафесійны шлях?

— У адукацыю я прыйшла ў 1990 го­дзе. Пачынала піянерважатай у Стараяльнянскай базавай школе, затым працавала намеснікам па выхаваўчай рабоце, дырэктарам у Круцілавіцкай сярэдняй школе. У 2009 годзе ўзначаліла Новаяльнянскую сярэднюю школу, якой аддала больш за 13 гадоў. Ганаруся гэтай установай адукацыі, не магу стрымаць свае эмоцыі, пачуцці. Тут працуюць цудоўныя педагогі, вучацца таленавітыя дзеці. Толькі дзякуючы сумеснай рабоце калектыву, навучэнцаў і іх бацькоў, установа адукацыі змагла дасягнуць значных поспехаў. На працягу 8 гадоў Новаяльнянская сярэдняя школа ўтрымлівае першае месца ў раёне па рэйтынгу якасці адукацыі і можа канкурыра­ваць з любой гарадской установай. Радуюць і цяперашнія поспехі навучэнцаў і калектыву на чале з дырэктарам Аленай Стэфанаўнай Кругловай.

— А цяпер вы ў адказе за каго?

— На сённяшняй маёй пасадзе прыходзіцца адказваць за ўсе ўстановы адукацыі раёна, за ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу. Гэта, безумоўна, вялікая адказнасць, але, улічваючы маё жаданне, імкненне і вопыт — як кіраўніка, так і жыццёвы, спадзяюся, што не падвяду. Буду імкнуцца, захоўваючы здабыткі сістэмы адукацыі раёна, ісці наперад, развівацца, прыўносіць нешта новае. Калі ў жыцці ты стаіш на месцы, усё вакол спыняецца. А адукацыя — гэта рухавік прагрэсу.

— З чаго хацелася пачаць, калі першага верасня прыйшлі не ў школу, а ў аддзел адукацыі райвыканкама? 

— Перш за ўсё пабываць у кожнай установе адукацыі, сустрэцца з калектывамі, з калегамі, наме­ціць шляхі далейшага супрацоўніцтва, развіцця. Лічу, што вельмі важна для кожнай установы выпрацаваць свой індывідуальны маршрут, свой шлях руху наперад, развіцця.

— Чаму для вас важна сустрэцца з кіраўнікамі ўстаноў?

— Ніхто не адмяняў жывыя зносіны. Калі размаўляеш з чалавекам, ставіш перад ім пэўныя задачы, бачыш адпаведную рэакцыю. І разумееш, наколькі кіраўнік можа выканаць пастаўленую перад ім задачу. Мне патрэбен кантакт, бо менавіта праз яго можна адчуць, чым жыве кожны педагагічны калектыў раёна.

— Ахарактарызуйце, калі ласка, сістэму адукацыі Дзятлаўскага раёна.

— У 24 установах адукацыі вучацца 2974 дзіцяці. Раён невялікі, але кампактны, нават маленькія ўстановы жывуць, развіваюцца. Важная для нас тэндэнцыя — захаваць дынаміку
стабільнасці.

Штогод установы адукацыі раёна ўключаюцца ў рэалізацыю рэспубліканскіх інавацыйных (эксперыментальных) праектаў. Так, у 2022/2023 навучальным годзе такіх праектаў 21.

Таленавітымі, творчымі педагогамі славіцца дзятлаўская зямля, іх працуе больш за 500. Дзякуючы іх самаадданай працы, навучэнцы дасягаюць высокіх вынікаў у навучанні, растуць выхаванымі людзьмі з высокімі маральнымі каштоўнасцямі. Забяспечваецца выніковы ўдзел вучняў у розных конкурсах даследчага характару. Заваяваны 5 дыпломаў на XIV абласным конкурсе даследчых работ “Хрустальная Альфа” і пераможнае 1-е месца ў рэспубліканскім конкурсе работ даследчага характару па вучэбным прадмеце “Руская мова” ў секцыі “Лінгвістыка”. Добрыя вынікі навучэнцы паказалі і на абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды, дзе заваявалі 5 дыпломаў.

У бягучым навучальным годзе да нас прыйшлі 11 маладых спецыялістаў, трое з іх вучыліся па мэтавым накіраванні, 9 — ураджэнцы нашага раёна. У віртуальную Кнігу гонару маладых спецыялістаў сістэмы адукацыі Гродзенскай вобласці летась занесена Карына Папко, настаўніца англійскай мовы Круцілавіцкай сярэдняй школы.

— Якім профільным класам аддаецца перавага?

— Профільнае навучанне арганізавана ва ўсіх школах раёна. У гэтым годзе 76,75% навучэнцаў 10—11 класаў вывучаюць вучэбныя прадметы на павышаным узроўні. Важнае месца адводзіцца дзейнасці па стварэнні профільных класаў з улікам найбольш запатрабаваных у раёне прафесій. Карыстаюцца попытам класы спартыўна-педагагічнай, ваенна-патрыятычнай накіраванасці, якія працу­юць на базе Новаяльнянскай сярэдняй школы. Для 35 навучэнцаў сярэдніх школ № 3 Дзятлава, Дварэцкай і Хвінявіцкай адкрыты педагагічныя класы. У Гезгалаўскай, Казлоўшчынскай, Хвінявіцкай, Новаяльнянскай, Круцілавіцкай школах для 28 навучэнцаў функцыянуюць профільныя класы аграрнага кірунку. Паміж БДАТУ і Круцілавіцкай школай наладжана шматгадовае супрацоўніцтва па прафесійнай арыентацыі вучняў на атрыманне сельскагаспадарчых спецыяльнасцей. Цесныя сувязі звязваюць гэтую школу і ААТ “Граніт-Агра”. 

— У Год гістарычнай памяці не магу не закрануць тэму патрыятычнага выхавання.

— Прыярытэтным у арганізацыі выхаваўчай работы з’яўляецца фарміраванне ў навучэнцаў грамадзянскасці, патрыятызму, нацыянальнай самасвядомасці на аснове дзяржаўнай ідэалогіі. Эфектыўна працуе маладзёжны парламент пры Дзятлаўскім раённым Савеце дэпутатаў. Арганізавана ўзаемадзеянне з органамі дзяржаўнага кіравання, дэпутатамі, грамадскімі арганізацыямі пры правядзенні дыялогавых пляцовак, іншых мерапрыемстваў. Нала­джана супрацоўніцтва з вайсковымі часцямі Гродна і з ГрДУ імя Янкі Купалы.

З апошніх дасягненняў хочацца адзначыць выступленне каманды ваенна-патрыятычнага клуба “Муж­насць” Казлоўшчынскай сярэдняй школы, які заваяваў 2-е месца на абласным злёце патрыятычных клубаў. Выніковым стаў удзел у рэспубліканскім мала­дзёжным фестывалі-конкурсе “Медыя-­сфера-2022” сярэдняй школы № 3 Дзятлава. Два педагогі сярэдняй школы № 1 Дзятлава атрымалі прэмію імя Героя Беларусі мітрапаліта Філарэта. У народным музеі “Дзеці ліхалецця” на базе Новаяльнянскай сярэдняй школы адкрылася экспазіцыя “Генацыд на Дзятлаўшчыне”. Кожны год праекты моладзі раёна становяцца пераможцамі абласнога і рэспубліканскага этапаў конкурсу “100 ідэй для Беларусі”, “ТэхнаІнтэлект”, “ПАТРЫЁТ.by”, “ТэхнаМарафон”.

— Што самае важнае для вас як для кіраўніка сістэмы адукацыі раёна?

— Для мяне важна павышэнне якасці адукацыі, захаванне бяспекі і аховы здароўя дзяцей, стварэнне камфортных умоў для навучэнцаў і педагогаў. Гэта тычыцца як матэрыяльнага аспекта, так і псіхалагічнага. Бо гэтыя фактары не толькі ўплываюць на якасць адукацыі, але і дазваляюць навучэнцам дасягаць высокіх вынікаў. Важна для мяне таксама забяспечыць адзінства і ўзгодне­насць дзеянняў сям’і і ўстаноў адукацыі ў дасягненні галоўнай мэты — навучання і выхавання ў інтарэсах асобы, грамадства і дзяржавы.

Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота аўтара.