Пераможцаў заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах “Геаграфія”, “Замежная мова”, “Фізічная культура і здароўе”, “Інфарматыка“, “Сусветная гісторыя”, “Гісторыя Беларусі”, “Беларуская мова і літаратура“ вызначылі ў Беларусі. Навучэнцы паспяхова справіліся з задачамі, прадэманстраваўшы глыбокія веды, логіку, эрудыцыю.
Лепшыя ў вышэйшай лізе
Пераможцаў заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах “Геаграфія”, “Замежная мова”, “Фізічная культура і здароўе” вызначылі на Віцебшчыне.
Фота прадастаўлена сярэдняй школай № 12 Наваполацка
Лепшыя знаўцы геаграфіі сустрэліся ў Віцебскім дзяржаўным тэхнічным каледжы. Выпрабаванні прадугледжвалі некалькі этапаў: удзельнікі спаборнічалі ў тэарэтычным, мультымедыйным, праектна-практычным турах, а па жаданні яшчэ і ў дадатковым туры на англійскай мове.
Як паведаміла старшыня журы дэкан факультэта геаграфіі і геаінфарматыкі БДУ Алена Кальмакова, заданні тэарэтычнага тура былі прадстаўлены двума блокамі, якія ахопліваюць разнастайныя тэмы па фізічнай і сацыяльна-эканамічнай геаграфіі. У мультымедыйным туры прапаноўвалася адказаць на 30 тэставых пытанняў, пераважна закрытага тыпу, прычым пытанні суправаджаліся картамі, схемамі, фатаграфіямі, графікамі і дыяграмамі. Спецыфіку алімпіяды па геаграфіі вызначаў праектна-практычны тур, з якім навучэнцы выдатна справіліся. Гэтаму, дарэчы, спрыяла і надвор’е. На палявым этапе неабходна было правесці вакамерную здымку ўчастка мясцовасці, яго геамаркетынгавае даследаванне для выяўлення праблемных момантаў функцыянальнага прызначэння, геаграфічнага становішча і ўнутранай арганізацыі тэрыторыі. Камеральны этап праектна-практычнага тура ўключаў гісторыка-геаграфічны аналіз урбанонімаў і трансфармацыі гарадской планіроўкі Віцебска, вызначэнне гідраграфічных характарыстык рэк басейна Заходняй Дзвіны. Асаблівую цікавасць у навучэнцаў выклікала заданне па распрацоўцы праекта развіцця інфраструктуры ўчастка горада.
— Разам з навучэнцамі, якія не першы год у алімпіядным руху, мы пазнаёміліся з таленавітымі дэбютантамі, — расказала Алена Генадзьеўна. — Гэта вельмі матываваныя дзеці, прасочваецца нават сямейная пераемнасць. Так, у нас на другім курсе вучыцца Мікіта Віхараў, выпускнік гімназіі № 1 імя акадэміка Я.Ф.Карскага Гродна. А яго брат, які вучыцца ў 10 класе названай установы адукацыі, сёлета атрымаў дыплом ІІ ступені. Прыемна ўразілі трое самых малодшых фіналістаў алімпіяды: васьмікласнікі Аляксандр Сарокін з гімназіі № 39 Мінска, Арсеній Туровіч з гімназіі № 3 Гродна імя В.І.Соламавай (у абодвух — дыпломы ІІ ступені) і Настасся Шарамет з сярэдняй школы № 37 Магілёва (дыплом І ступені). Аляксандр і Настасся выступалі за 9-ы, Арсеній — за 10 клас.
Спецыяльным прызам міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь узнагароджаны навучэнец 11 класа гімназіі № 33 Мінска Уладзімір Піскур, які набраў максімальную колькасць балаў па суме ўсіх тураў. Падрыхтавала абсалютнага пераможцу настаўніца Галіна Пайкіна.
Упартая барацьба за перамогу ў заключным этапе алімпіяды па фізічнай культуры і здароўі разгарнулася ў Віцебскім кадэцкім вучылішчы. Юнакі і дзяўчаты праходзілі тэарэтычны і тры практычныя туры, падчас якіх дэманстравалі не толькі ўзровень фізічнай падрыхтаванасці, але і свае здольнасці ў плаванні і гульнявых відах спорту.
— Новым у фармаце спаборніцтваў стала тое, што заданні па УФП не былі вядомы загадзя, канверт з імі адкрывалі непасрэдна перад пачаткам тура, — праінфармаваў метадыст цэнтра педагагічных ініцыятыў у рабоце з інтэлектуальна адоранымі і высокаматываванымі навучэнцамі Віцебскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Пётр Кавальчук. — Віцебская вобласць заняла 1-е каманднае месца і пры гэтым паўтарыла свой рэкорд 2021 года, які не пабілі іншыя рэгіёны: 11 удзельнікаў і 9 дыпломаў. Пасля папярэдніх алімпіяд мы ўважліва прааналізавалі вынікі і асобны акцэнт зрабілі на падрыхтоўцы да тэарэтычнага тура, прычым не ў выглядзе тэсціравання, а ў гульнявой форме. Ужо ў мінулым годзе ў нас быў найлепшы вынік, сёлета мы замацавалі поспех. Добра прыбавілі нашы навучэнцы і ў плаванні — гэта плён наладжанага супрацоўніцтва з дзіцяча-юнацкімі спартыўнымі школамі.
Спецыяльным прызам міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь узнагароджаны Дзмітрый Раманюк, навучэнец Ленінскай сярэдняй школы Жабінкаўскага раёна.
Фінал алімпіяды па замежных мовах (англійскай, іспанскай, кітайскай, нямецкай і французскай) прымаў найстаражытнейшы горад Беларусі. Разумнікі і разумніцы з усёй краіны сабраліся ў Полацкім кадэцкім вучылішчы, дзе яны выконвалі лексіка-граматычны тэст, спаборнічалі ў аўдзіраванні і вусным маўленні.
Уладальнікамі спецыяльных прызоў міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь сталі адзінаццацікласнікі Настасся Казлоўская (ліцэй № 1 Ліды), Варвара Самуйлік (гімназія № 2 Магілёва), Кацярына Вараб’ёва (сярэдняя школа № 7 Брэста), Ілья Новікаў (Аснежыцкая сярэдняя школа Пінскага раёна) і Сафія Святцава (сярэдняя школа № 8 Рэчыцы).
— У алімпіядным руху мы з Ганнай Кунцэвіч (на здымку) удзельнічаем чацвёрты год. З іх трэці запар перамагаем на заключным этапе, — падзялілася ўражаннямі настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 12 Наваполацка Аксана Лісоўская. — Сёлетні поспех — цудоўная ўзнагарода за велізарную працу. Эмацыянальны ўздым проста неверагодны! У 9 класе Ганна была лепшай у рэспубліцы. Летась у нас крыху не склалася: пры невялікай разбежцы ў балах яна апынулася на 2-м месцы ў рэйтынгу, хаця і атрымала дыплом І ступені. Мы тады зразумелі, што недзе, напэўна, недапрацавалі. Таму рыхтаваліся да рэваншу з патроенай сілай. Вынік варты штодзённай працы, часам бяссонных начэй: упэўненае лідарства, 145 балаў са 150 магчымых! На прыкладзе Ганны мы з вучнямі пераканаліся, што, калі ўпарта рухацца да мэты, не ленавацца, рэальна дасягнуць любой вышыні.
Асновай паспяховага ўдзелу вучняў у алімпіядным руху Аксана Валянцінаўна лічыць сістэмную работу з сярэдняга школьнага звяна. Добра матывуюць дзяцей абласныя дыстанцыйныя алімпіяды па прадмеце. На іх вучні Аксаны Лісоўскай стабільна трымаюцца ў тройцы лідараў.
Ва ўмовах спаборнасці і высокай канкурэнцыі
55 дыпломаў (11 — І ступені, 16 — ІІ ступені і 28 — ІІІ ступені) і 6 пахвальных водзываў заваявалі школьнікі на заключным этапе Рэспубліканскай алімпіяды па інфарматыцы.
Фота Наталлі Калядзіч
Урачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў прайшла ў Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку, дзе, дарэчы, сёлета і былі арганізаваны спаборніцтвы.
У алімпіядзе прынялі ўдзел 8 каманд: навучэнцы ад кожнай вобласці, Мінска і Ліцэя БДУ — 122 чалавекі з 7—11 класаў. Яна прайшла па адладжанай схеме: двум уласна спаборніцкім турам папярэднічаў пробны тур, падчас якога алімпіяднікі вывучалі, як працуе аўтаматызаваная сістэма, якая зводзіць умяшальніцтва чалавека да мінімуму і робіць алімпіяду аб’ектыўнай. Алімпіядныя туры ўяўлялі сабой пяцігадзінныя спаборніцтвы ў майстэрстве праграмавання. Юным знаўцам інфармацыйных тэхналогій у кожным з дзён алімпіяды прапаноўвалася па 4 задачы (кожная з якіх ацэньвалася ў 100 балаў), рашэннем кожнай павінна была стаць праграма, якая найбольш дакладна выконвала патрабаванні, пастаўленыя ў задачы. Дарэчы, традыцыйна ў спаборніцтвах няма дзялення вучняў па класах: усім школьнікам даюцца агульныя заданні. Другі тур спаборніцтваў завяршыўся саматэсціраваннем.
— У гэтым годзе ў нас была бадай што самая складаная алімпіяда за апошняе 20-годдзе, — расказвае старшыня журы алімпіяды старшы выкладчык кафедры дыскрэтнай матэматыкі і алгарытмікі факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ Аляксандр Буслаўскі. — І гэта агульнасусветны трэнд. У свеце заданні ўсё больш ускладняюцца, бо расце ўзровень падрыхтоўкі навучэнцаў і студэнтаў. Тут у першую чаргу нас падганяюць Расія, Кітай, ЗША, дзе маладыя людзі актыўна рыхтуюцца, выкарыстоўваюць самыя сучасныя метады, алгарытмы і г.д. І каб не адставаць ад іх, трымаць планку, мы таксама вымушаны рабіць задачы больш складанымі. Гэта выклікае пэўны ціск на вучняў, ім цяжка, але яны спраўляюцца і становяцца мацнейшымі.
На інтэлектуальным спаборніцтве ўдзельнікам прапаноўваліся класічныя задачы на ўваходныя ўмовы і ім неабходна было знаходзіць правільныя адказы за абмежаваны перыяд часу. Адна з задач была з адкрытымі тэстамі. Задача на бібліятэку ці інтэрактыўная задача ўжо некалькі гадоў не сустракаецца, аднак гэта не факт, што яе таксама не будзе на міжнародных спаборніцтвах.
Журы адзначыла, што навучэнцы паспяхова справіліся з задачамі, прадэманстраваўшы глыбокія веды, логіку, эрудыцыю. У большасці сваёй тыя навучэнцы, якія да 11 класа сур’ёзна трэніраваліся, укладвалі больш часу і сіл на падрыхтоўку, удзельнічалі ў шматлікіх спаборніцтвах, атрымалі лепшы вынік. Безумоўна, прысутнічала і доля ўдачы, бо ўсё ведаць немагчыма.
— Каб паспяхова выступаць у алімпіядах, у дзяцей павінна быць развіта лагічнае, алгарытмічнае мысленне. Гэта можна рабіць яшчэ да вывучэння інфарматыкі ў школе. Зараз ужо ў дзіцячым садку рэалізоўваецца праект “Інфарматыка без разеткі”. Для пачынаючых алімпіяднікаў можна парэкамендаваць конкурс “Бабёр”, на якім патрабуецца рашаць задачы з элементамі алгарытмікі. Веданне праграмавання таксама важна. У школьнай праграме яно пачынаецца толькі ў 6 класе і размеркавана па ўсіх класах. А алімпіяднікам яно патрэбна значна раней: практычна ў 6—7 класе ім неабходна гэтую частку інфарматыкі засвоіць. Акрамя таго, трэба ведаць сусветны вопыт алгарытмаў рашэння задач. У “Юні-цэнтры — ХХІ” пры БДУ арганізоўваюцца заняткі па гэтым напрамку. Ну і, безумоўна, трэба трэніравацца ў практычных алімпіядах (такіх як, напрыклад, Codeforces), прапрацоўваць літаратуру. Важна таксама трэнерам дакладна па кроках распісваць дзецям, што неабходна зрабіць, прарашаць, пачытаць і інш. Пабудаваць жорсткую сетку, як у спартсмена, і па ёй рухацца. Гэта, дарэчы, адзін з сакрэтаў поспеху кітайскіх школьнікаў, — раіць Аляксандр Буслаўскі.
Па выніках алімпіяды, шчаслівымі ўладальнікамі дыпломаў сталі Міхаіл Брэль з сярэдняй школы № 27 Гомеля (настаўнік М.С.Далінскі), Кірыл Кардаш з сярэдняй школы № 8 Гомеля (М.С.Далінскі, І.М.Русакова), Анастасія Казлова з гімназіі № 8 Віцебска (В.П.Лакціна), Арцемій Агаліхін з Ліцэя БДУ (А.І.Лапо), Іван Кошман з гімназіі імя Янкі Купалы Мазыра і Цэнтра юных пажарных (А.В.Баруноў), Артур Рубіш з гімназіі № 8 Віцебска (В.П.Лакціна), Арцём Ткач з гімназіі № 4 Баранавіч (А.А.Берднікава), Дзмітрый Гарбатоўскі з гімназіі № 51 Гомеля (М.Г.Несалёны, М.С.Далінскі), Захар Цвірко з сярэдняй школы № 14 Баранавіч (С.В.Басан), Аляксандр Паўлаў з гімназіі № 8 Віцебска (В.П.Лакціна), Ягор Савіцкі з сярэдняй школы № 3 Светлагорска (А.С.Ярэміч, У.У.Кумакоў).
Фота Наталлі Калядзіч
Навучэнка 11 класа гімназіі № 8 Віцебска Анастасія Казлова ўжо трэці раз удзельнічае ў рэспубліканскай алімпіядзе. Летась і пазалетась атрымлівала дыпломы ІІ ступені. Зараз у дзяўчыны першае “золата”.
— Я вельмі задаволена сваім выступленнем, — адзначае Анастасія. — Складанасць заданняў сёлета ўзрасла ў разы. Давялося на месцы сарыентавацца, адаптавацца да складаных умоў і мяняць стратэгію. У другі дзень спаборніцтваў было прасцей. Найбольш лёгкай падалася апошняя задача другога дня — задача на адкрытыя тэсты. Трэба было вывесці адказ, максімальна набліжаны да правільнага. Самае прыемнае ў гэтай задачы тое, што можна спрабаваць розныя рашэнні і набраць высокія балы. І ў мяне атрымалася неаптымальным рашэннем узяць 63 балы са 100 магчымых. Самая складаная задача — апошняя ў першы дзень. Ні ў кога не было поўнага рашэння. Мне падалося, што і частковыя балы па ёй складана было набіраць.
Дзяўчына прызнаецца, што любоў да дакладных навук ёй прывіла мама Святлана Віктараўна, настаўніца матэматыкі. А потым настаўніца інфарматыкі В.П.Лакціна запрасіла на свой факультатыў. Спачатку арганізоўваліся групавыя заняткі, закладвалася база, а потым упор рабіўся на індывідуальную самастойную работу. Апошнім часам займалася ў сярэднім па 5 гадзін у дзень. Калі стамлялася ад інфарматыкі, імкнулася пераключыцца на іншы від дзейнасці: маляванне, спорт, рукадзелле. Пасля 11 класа Анастасія плануе паступаць на факультэт прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ ці ў БДУІР.
Спецыяльны прыз міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь уручаны самаму юнаму ўдзельніку — навучэнцу 7 класа сярэдняй школы № 11 Гомеля Генадзю Марцінкевічу. Ён, па меркаванні журы, справіўся з некаторымі заданнямі лепш за адзінаццацікласнікаў.
— На рэспубліканскай алімпіядзе я ўжо другі раз. Летась у мяне быў дыплом ІІІ ступені, — расказвае Генадзь. — Заданні былі пад’ёмныя, цікавыя. Праўда, ніхто з удзельнікаў не быў гатовы да таго, што першае заданне ў першы дзень было такім складаным. І вынік, адпаведна, быў не з лепшых. А ў другі дзень удалося сабрацца.
З дзяцінства мяне цікавіла матэматыка. Вельмі падабалася рашаць задачы на логіку, кемлівасць. У 4 класе захапіўся інфарматыкай. Мая школьная настаўніца Таццяна Васільеўна Ключынская ўбачыла ўва мне патэнцыял. Яна займалася са мной, і ў мяне пачало атрымлівацца — займаў прызавыя месцы на раёне і горадзе. Затым пачаў працаваць з М.С.Далінскім. Цікавасць да інфарматыкі падагрэлі і заняткі на яго сайце: магчымасць паспаборнічаць, убачыць сябе на фоне іншых і г.д. Мы займаемся індывідуальна, раімся з таварышамі. Калі задача не атрымліваецца, то кансультуемся з педагогам. Галоўны прынцып — не спісаць рашэнне, а зразумець, як яно працуе, і навучыцца прымяняць яго на практыцы. Вялікі ўклад у падрыхтоўку ўнеслі і трэніровачныя зборы.
Прызам старшыні Мінгарвыканкама адзначаны навучэнец сярэдняй школы № 71 Мінска імя М.Каржанеўскага Дзмітрый Лобач — лепшы ў сталічнай камандзе. А спецыяльны прыз за рашэнне задачы з адкрытымі тэстамі атрымаў дзесяцікласнік гімназіі № 8 Віцебска Аляксандр Паўлаў.
Лідарамі ў камандным заліку сталі Віцебская і Гомельская вобласці і Ліцэй БДУ.
— Алімпіядны рух у нашай краіне з’яўляецца яркай старонкай нацыянальнай сістэмы адукацыі. Дзяржавай удзяляецца вялікая ўвага і ствараюцца ўмовы для развіцця творчых здольнасцей навучэнцаў, паглыблення іх тэарэтычных ведаў і практычных навыкаў, самарэалізацыі, павышэння цікавасці да прадмета, які вывучаецца, — адзначыла, звяртаючыся да ўдзельнікаў алімпіяды і прысутных, намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення — начальнік упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі Ірына Каржова. — Сёння Рэспубліканская алімпіяда па інфарматыцы становіцца гісторыяй. І вы, дарагія ўдзельнікі, творцы гэтай гісторыі. Віншую вас з перамогай! Прайшоўшы праз усе этапы гэтага маштабнага спаборніцтва, вы ўсе — пераможцы. Пераможаных проста быць не можа. Заключны этап алімпіяды патрабуе ад удзельніка інтэлектуальнай сталасці, камунікабельнасці, умення выходзіць з няпростых сітуацый, арыентавацца ў незнаёмых умовах, канцэнтравацца на рашэнні пастаўленай задачы. Дні, праведзеныя ў Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку, дазволілі вам параўнаць сябе з лепшымі знаўцамі інфарматыкі з усіх куточкаў нашай краіны. Упэўнена, што атрыманыя веды, уменні і вопыт дазволяць вам рэалізаваць сябе ў нашай краіне і ствараць на карысць яе развіцця!
Удзельнікі алімпіяды, кіраўнікі каманд, а таксама члены журы адзначылі высокі ўзровень правядзення алімпіяды. Яна запомніцца і насычанай культурнай праграмай. Навучэнцы азнаёміліся з памятнымі мясцінамі Мінска, наведалі ТАА “Тинькофф Центр Разработки”, “Игры Разума Софт”, “Вайбер Медиа” і інш.
Паглыбленне ў гісторыю
Заключны этап Рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах “Сусветная гісторыя” і “Гісторыя Беларусі” прайшоў у Гродне.
Фота Ірыны Анікевіч
Інтэлектуальныя спаборніцтвы праходзілі на базе Гродзенскага дзяржаўнага каледжа галіновых тэхналогій, дзе на працягу некалькіх дзён 71 навучэнец змагаўся за права называцца лепшым сярод школьнікаў знаўцам гісторыі, а ўрачыстае закрыццё адбылося ў Гродзенскім дзяржаўным абласным палацы творчасці дзяцей і моладзі.
Першы, тэарэтычны, тур складаўся з дзевяці разнастайных пытанняў, якія патрабавалі аналітыкі. Другі тур быў практычны з тэставымі заданнямі. Старшыня журы Станіслаў Чаропка, дэкан факультэта гісторыі і міжкультурных камунікацый ГДУ імя Францыска Скарыны, кандыдат гістарычных навук, дацэнт, адзначыў высокі ўзровень падрыхтоўкі навучэнцаў, у чым вялікая заслуга іх настаўнікаў і трэнераў каманд.
— Заданні асвятлялі перыяды гісторыі Беларусі, асобныя перыяды сусветнай гісторыі, так што дзеці маглі праявіць свае веды ў комплексе, — расказаў Станіслаў Чаропка. — Асобная ўвага ў заданнях была скіравана на захаванне гістарычнай памяці аб Вялікай Айчыннай вайне, а таксама на канстытуцыйнае будаўніцтва, станаўленне сістэмы народаўладдзя ў Беларусі. Цікавымі былі заданні па рабоце з тэкстам. Як першакрыніца прапаноўвалася “Аповесць мінулых гадоў”. Калі параўноўваць з заданнямі папярэдніх алімпіяд, то не магу сказаць, што сёлетнія былі больш ці менш складанымі. Яны былі дастаткова абдуманымі. Аб гэтым сведчаць і высокія балы, якія набралі нашы дзеці. Навучэнцы былі сапраўды добра падрыхтаваныя.
Начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Руслан Абрамчык павіншаваў пераможцаў алімпіяды і падкрэсліў, што маладыя людзі ўжо робяць свой уклад у захаванне памяці пра гераічную гісторыю беларускага народа, а ў будучыні хтосьці з іх, магчыма, стане вучоным ці педагогам.
Уладальнікамі дыпломаў I ступені сталі навучэнцы 11 класа Раман Рудамінаў (сярэдняя школа № 12 Жлобіна), Андрэй Несцер (сярэдняя школа № 2 Бярозаўкі Лідскага раёна) і Аляксандр Бялоў (сярэдняя школа № 4 Кобрына імя воінаў-інтэрнацыяналістаў). Сярод навучэнцаў 10 класа дыпломы I ступені заваявалі Цімур Цыбульскі (Ліцэй БДУ) і Яна Варакса (гімназія № 5 Віцебска імя І.І.Люднікава), а таксама дзевяцікласнік Кірыл Зінатулін (сярэдняя школа № 7 Рэчыцы).
Спецыяльным прызам міністра адукацыі за глыбокае веданне гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і сучаснага дзяржаўнага будаўніцтва Рэспублікі Беларусь узнагароджаны Андрэй Несцер з сярэдняй школы № 2 Бярозаўкі Лідскага раёна.
— Ён не проста дакладна адказаў на пытанні, але і вельмі добра раскрыў складаныя тэмы, звязаныя з Вялікай Айчыннай вайной і сучасным дзяржаўным будаўніцтвам, — адзначыў старшыня журы.
Цікава, што летась Андрэй Несцер таксама заваяваў дыплом I ступені на заключным этапе алімпіяды. Ён выдатна справіўся з заданнямі і сёлета. А вось на маё пытанне, што для яго значыць гісторыя, адказаў не адразу.
— Гісторыю лічаць навукай пра мінулае, а я думаю, што хутчэй гэта навука аб станаўленні сучаснасці, — адказаў Андрэй. — Я ўдзячны бацькам за тое, што яны падтрымалі маю цікавасць да гэтага прадмета. Мой тата таксама вельмі любіць гісторыю. За падрыхтоўку да алімпіяд вельмі ўдзячны сваёй настаўніцы Вользе Уладзіміраўне Петрыман. Вялікую ролю ў маёй падрыхтоўцы адыграў і абласны лагер “Навука” для алімпіяднікаў Гродзенскай вобласці.
Юны гісторык прызнаўся, што марыць стаць студэнтам гістарычнага факультэта БДУ. І як відаць па выніках яго работы, ён упэўнена ідзе да здзяйснення сваёй мары.
— Цікавасць да гісторыі ў Андрэя з’явілася яшчэ ў дзяцінстве, а з 5 класа ён стаў сур’ёзна займацца гэтым прадметам. У старшых класах старанна рыхтаваўся да алімпіяд, — расказала настаўніца гісторыі і грамадазнаўства сярэдняй школы № 2 Бярозаўкі В.У.Петрыман. — Ён вылучаецца сціпласцю і ў той жа час мае амбіцыі, працавіты, вельмі старанны. На працягу 10—11 класаў у яго перамогі на раённым, абласным і нарэшце рэспубліканскім этапах алімпіяды. Дапамагла і падтрымка бацькоў, якія стваралі яму неабходныя ўмовы для падрыхтоўкі.
Маці хлопчыка прыехала падтрымаць сына і вельмі радавалася яго перамозе. Святлана Вячаславаўна расказала, што пачыналася ўсё з пазнавальных гістарычных часопісаў, потым у сына праявілася цікавасць да гісторыі сям’і. Андрэй яшчэ ў 5—6 класах склаў радавод сваёй сям’і да восьмага калена, шукаў звесткі ў архівах. Ён не ўспрымае інфармацыю з адной крыніцы, стараецца ўсё пераправерыць. Вельмі шмат падарожнічае па Беларусі, любіць наведваць славутасці.
Старшыня журы Станіслаў Чаропка і ўпаўнаважаны прадстаўнік Міністэрства адукацыі на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды Галіна Давідоўская адзначылі, што для алімпіяднікаў не толькі былі створаны добрыя ўмовы для выканання заданняў, але і прадугледжаны цікавыя экскурсіі, што моцна ўзбагаціла навучэнцаў.
Чым цяжэй, тым цікавей
У тройцы лідараў па колькасці атрыманых дыпломаў на заключным этапе Рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры — каманды Гомельшчыны, Магілёўшчыны і Мінска.
111 юнакоў і дзяўчат з розных рэгіёнаў краіны сабраліся ў Брэсцкім абласным ліцэі імя П.М.Машэрава.
— Спаборніцтва складалася з двух тураў: напісання водгуку на мастацкі твор і выканання комплекснай работы, на якія адводзіліся чатыры і тры гадзіны адпаведна, — расказаў намеснік старшыні журы заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры, загадчык сектара суправаджэння нацыянальнага даследавання якасці адукацыі і міжнародных даследаванняў якасці адукацыі, старшы навуковы супрацоўнік лабараторыі гуманітарнай адукацыі Акадэміі адукацыі Вячаслаў Караткевіч. — Для водгуку прапаноўваліся верш Аркадзя Куляшова “Стаю і з пачуццём неўтаймаваным…” (9 клас), апавяданне Васіля Быкава “Калі хочацца жыць…” (10 клас) і верш Міколы Мятліцкага “Паэт — дзяжурны па планеце…” (11 клас). Усе тэксты вылучаюцца высокімі мастацкімі вартасцямі і скіроўваюць да роздуму над важнымі праблемамі. Комплексная работа складалася з дзесяці заданняў па мове і літаратуры, аб’яднаных агульнай тэмай “Архітэктура Беларусі”. Моўныя заданні ахоплівалі арфаграфію, фразеалогію, лексіку, сінтаксіс, марфалогію, словаўтварэнне і культуру маўлення, а літаратурныя — гісторыю і тэорыю літаратуры. Акрамя таго, комплексная работа ўключала заданне творчага характару.
Па словах Вячаслава Караткевіча, алімпіядныя заданні не выходзілі за межы школьнай праграмы, але патрабавалі грунтоўнай падрыхтоўкі. Школьнікі ў цэлым паспяхова справіліся як з аналізам мастацкіх твораў, праявіўшы творчы падыход, так і з комплекснай работай. Членаў журы вельмі парадавала пісьменнасць вучняў.
— Выніковасць алімпіяднага руху залежыць ад сістэмнасці работы з адоранымі вучнямі, прычым пачынаючы ўжо з пачатковых класаў, — адзначыла кансультант упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Галоўнага ўпраўлення агульнай сярэдняй і дашкольнай адукацыі Міністэрства адукацыі Беларусі Ірына Булаўкіна. — Падрыхтоўка алімпіяднікаў павінна ажыццяўляцца ў камандным фармаце — з удзелам школьных педагогаў і выкладчыкаў устаноў вышэйшай адукацыі.
Адзінаццацікласніца Юльяна Худалей з Лоеўскай сярэдняй школы імя А.В.Казлова паўтарыла на сёлетняй алімпіядзе мінулагодні вынік, заваяваўшы дыплом ІІІ ступені. Да ўдзелу ў інтэлектуальным марафоне здольную дзяўчыну падахвоціла яшчэ ў 5 класе настаўніца беларускай мовы і літаратуры Марыя Крупейчанка, якая за сваю педагагічную дзейнасць падрыхтавала не аднаго паспяховага алімпіядніка. Да любімага педагога і класнага кіраўніка Юльяна адносіцца з вялікай павагай і не шкадуе ў яе адрас цёплых слоў.
— Марыя Уладзіміраўна — несумненны прафесіянал, які ўмее знайсці індывідуальны падыход і заўсёды падтрымлівае любыя ініцыятывы вучняў, што дапамагае ім рэалізаваць свой патэнцыял, — гаворыць школьніца. — Прыемна было пачуць ад настаўніцы пасля напісання трэніровачнага водгуку, што я пераўзышла яе. Гэта да многага абавязвае.
Да спаборніцтваў Юльяна шмат рыхтавалася не толькі з педагогам, але і самастойна. Калі водгук асаблівых цяжкасцей у яе не выклікаў, то над творчым заданнем давялося папацець. Патрабавалася ўявіць сябе архітэктарам віртуальнага горада — Беларускага літаратурнага кутка, кожная вуліца якога павінна называцца імем вядомага пісьменніка. На кожнай вуліцы неабходна было размясціць адзін арыгінальны аб’ект інфраструктуры і помнік. Заданне даволі цікавае і прадугледжвала добрае веданне беларускіх пісьменнікаў ХІХ стагоддзя, з чым у Юльяны і ўзніклі пэўныя цяжкасці. Тым не менш дзяўчына справілася.
Вячаслаў Караткевіч: Важна, што алімпіядныя заданні былі арыентаваны не столькі на праверку пэўных ведаў, у тым ліку метапрадметных, колькі на вызначэнне ступені функцыянальнай дасведчанасці дзяцей
Дзесяцікласнік Валянцін Гусакоўскі з гімназіі № 7 імя В.І.Лівенцава Мінска таксама паўтарыў мінулагодні вынік, атрымаўшы дыплом ІІ ступені. У алімпіядным руху юнак з 7 класа. Беларускую мову і літаратуру ён выбраў дзякуючы таленавітым педагогам, у прыватнасці Таццяне Бажковай.
— Гэта настаўніца з палкім сэрцам, здольная захапіць сваім прадметам і павесці за сабой у чароўны свет ведаў, — узнёсла ахарактарызаваў любімага педагога Валянцін.
Юнак лічыць, што тэкст для водгуку быў падабраны аптымальны з пункту гледжання ўзроўню складанасці. А вось сёлетнія заданні комплекснай работы здаліся школьніку лягчэйшымі за мінулагоднія. Гэта яму не вельмі спадабалася, бо ён падыходзіць да спаборніцтваў па прынцыпе “чым цяжэй, тым цікавей”, што, на думку Валянціна, больш правільна пры адборы наймацнейшых.
Па выніках спаборніцтваў дыпломы І ступені атрымалі дзевяцікласніцы Мар’яна Кучарава з сярэдняй школы № 9 Слоніма, Вікторыя Каляда з сярэдняй школы № 34 Гродна і Софія Плясункова з сярэдняй школы № 94 імя Я.Д.Бяляева Мінска, дзесяцікласніцы Алеся Гамідава з сярэдняй школы № 202 імя В.М.Гінтаўта Мінска, Вікторыя Саліхава з сярэдняй школы № 197 імя Герояў 120-й дывізіі Мінска і Ганна Чамаданава са Сласцёнаўскай сярэдняй школы Чавускага раёна, адзінаццацікласнікі Бажэна Шалкоўская з вілейскай гімназіі № 2, Дар’я Кавальская з Ліцэя БДУ, Ганна Сталярова з гімназіі № 4 Магілёва і Марк Кодзенеў з гімназіі № 1 імя Ф.Скарыны Мінска.
Прыемна парадавалі вынікі сямікласніка Максіма Пачкі з сярэдняй школы № 2 імя Н.М.Асяненка Пастаў, які выступаў за 9 клас і атрымаў дыплом ІІ ступені, а таксама васьмікласніцы Дамінікі Казловай з Акцябрскай раённай гімназіі, якая выступала за 9 клас і была адзначана пахвальным водзывам. Акрамя яго, Дамініцы прысудзілі спецыяльны прыз міністра адукацыі Беларусі ў намінацыі “За творчы беларусазнаўчы патэнцыял”.
Падрыхтавалі Таццяна БОНДАРАВА, Наталля КАЛЯДЗІЧ, Ірына АНІКЕВІЧ, Сяргей ГРЫШКЕВІЧ