Паважаныя сябры! Надышоў час падвесці вынікі конкурсу на падпіску за другое паўгоддзе 2023 года.
Выдавецкі дом “Педагагічная прэса” праводзіць конкурс на лепшую арганізацыю падпіскі на ўсе свае друкаваныя выданні (“Настаўніцкую газету”, газету “Домой!”, часопісы “Спорт time”, “Народная асвета”) сярод устаноў дашкольнай, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі ў трох намінацыях.
Вельмі прыемна, што за час існавання конкурсу з’явіліся пастаянныя ўдзельнікі, сярод якіх ёсць і фаварыты — неаднаразовыя пераможцы. Разам з тым мы заўсёды рады новенькім, таму шчыра запрашаем далучацца.
А вось вынікі за другое паўгоддзе 2023 года.
Сярод абласцей і Мінска лідарства размеркавана наступным чынам:
1-е месца — Гомельская вобласць;
2-е месца — Магілёўская вобласць;
3-е месца — Гродзенская вобласць.
Сярод гарадоў з насельніцтвам больш за 100 000 чалавек лепшымі сталі:
1-е месца — Мазыр Гомельскай вобласці;
2-е месца — Орша Віцебскай вобласці;
3-е месца — Бабруйск Магілёўскай вобласці.
Сярод раёнаў лепшыя вынікі паказалі:
1-е месца — Чавускі раён Магілёўскай вобласці;
2-е месца — Акцябрскі раён Гомельскай вобласці;
3-е месца — Старадарожскі раён Мінскай вобласці.
Пераможцы конкурсу ў кожнай намінацыі з 1-га па 3-е месца будуць узнагароджаны дыпломамі і атрымаюць каштоўныя падарункі. Дарэчы, прызавы фонд на гэты раз павялічаны.
Акрамя таго, па рашэнні камісіі заахвочвальныя прызы за волю да перамогі (станоўчую дынаміку ў падпісцы на “Настаўніцкую газету”, газету “Домой”, часопісы “Спорт time” і “Народная асвета” за другое паўгоддзе 2023 года) атрымаюць Віцебск, Лідскі і Навагрудскі раёны Гродзенскай вобласці, Хойніцкі раён Гомельскай вобласці, Салігорскі раён Мінскай вобласці. Значны рост падпіскі варты ўвагі і каштоўных прызоў!
А яшчэ было прынята рашэнне лідараў падпіскі прадстаўляць у газеце асобным дадаткам, таму сёння ў нумары “Настаўніцкай” мы якраз і прэзентуем такі дадатак, прысвечаны педагагічным дасягненням сістэмы адукацыі Гомельшчыны, — “Індэкс поспеху”. Гэты рэгіён славіцца творчымі педагогамі, педагогамі-наватарамі, метадычныя знаходкі якіх, арганізацыя цікавых урокаў і выхаваўчых мерапрыемстваў заўсёды цікавыя калегам з іншых рэгіёнаў.
Увогуле многія педагогі — пастаянныя аўтары “Настаўніцкай газеты”, якія ахвотна дзеляцца сваімі думкамі і практычнымі напрацоўкамі. Калі наша супольнасць будзе павялічвацца, то разам мы зможам ажыццявіць яшчэ больш цікавых і карысных праектаў.
Вольга ДУБОЎСКАЯ