Юбілейны год Перамогі
быў асабліва шчодрым на выхаваўчыя мерапрыемствы, праз тэматыку якіх чырвонай ніткай праходзілі словы “подзвіг”, “перамога”, “памяць”. Без подзвігу нашых землякоў у 1945 годзе не было б Перамогі і мірнага жыцця, аднак праз 70 гадоў без захавання памяці пра Перамогу той подзвіг можа аказацца забытым. Каб гэтага не здарылася, Міністэрства адукацыі разам з іншымі міністэрствамі і ведамствамі, грамадскімі аб’яднаннямі праводзіла шэраг акцый, ход якіх актыўна асвятляўся на старонках нашага выдання.
У першую чаргу варта назваць акцыю “Дзякуй салдатам Перамогі за тое, што не ведаем вайны”. Маштабным, яркім стаў патрыятычны праект “Маладзёжны агітцягнік “Кветкі Вялікай Перамогі”, які рэалізоўваўся Беларускім рэспубліканскім саюзам моладзі сумесна з Беларускай чыгункай пры падтрымцы Міністэрства адукацыі. На чыгуначных станцыях буйных гарадоў удзельнікаў праекта сустракалі навучэнцы, студэнты, ветэраны, ладзіліся канцэрты, памятныя мерапрыемствы. Пачаліся такія сустрэчы на Гомельшчыне. І гэта невыпадкова. Менавіта на гэтай зямлі яшчэ ў верасні 1943 года быў вызвалены першы населены пункт на тэрыторыі Беларусі — гарадскі пасёлак Камарын. Адметнасцю агітцягніка стаў незвычайны вагон-музей з адкрытай платформай. Кожны ахвочы падчас курсіравання саставу і на прыпынках мог азнаёміцца з унікальнымі экспанатамі, у тым ліку з фондаў Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Не засталіся ў баку ад святкаванняў і музеі баявой славы ўстаноў адукацыі. Галоўнай падзеяй для іх кіраўнікоў і экскурсаводаў стаў удзел у рэспубліканскім конкурсе “Іх подзвіг мы ў сэрцы захоўваем”.
Актуальныя пытанні захавання памяці пра Перамогу ўзнімаліся ў красавіку ў Мінску падчас міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Грамадзянска-патрыятычнае і духоўна-маральнае выхаванне моладзі: вопыт, перспектывы, супрацоўніцтва”, праведзенай Міністэрствам адукацыі і Рэспубліканскім цэнтрам экалогіі і краязнаўства. Плённая работа па патрыятычным выхаванні моладзі магчыма толькі пры ўмове цеснага ўзаема-дзеяння ўстаноў адукацыі з дзяржаўнымі і грамадскімі арганізацыямі і структурамі. Толькі працуючы разам, мы зможам выхаваць патрыётаў, захаваць памяць пра Перамогу. Гэтая думка, выказаная ўдзельнікамі канферэнцыі, павінна быць арыенцірам у правядзенні выхаваўчай работы і ў далейшым, напрыклад, з нагоды 100-годдзя Вялікай Перамогі.
Ігар ГРЭЧКА.
Заканчваецца Год моладзі —
персанальны год для кожнага навучэнца, студэнта, маладога спецыяліста… Якім ён быў? Чым быў напоўнены? Перагортваючы апошнія старонкі календара, вынікі гэтага года падвяла Наталля Пшанічная, начальнік упраўлення па справах моладзі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.
Характарызуючы яго коратка, Наталля Іванаўна адзначыла, што гэты год быў багатым на падзеі, мерапрыемствы, праекты, акцыі, сустрэчы. Таму Год моладзі нават не ўмясціўся ў межы аднаго года — усе мы ўжо з восені 2014 года жылі ў маладзёжным фармаце.
На працягу года адбыліся сотні мерапрыемстваў. Так, упершыню на рэспубліканскім узроўні прайшоў форум сельскай моладзі, Міжнародная канферэнцыя па развіцці студэнцкага самакіравання — адна з найважнейшых для Беларусі падзей, якая ўжо рыхтуецца існаваць у фармаце Балонскага працэсу, Рэспубліканскі форум спецыялістаў, якія працуюць з моладдзю.
“У 2015 годзе завяршыўся 3-гадовы праект “Праграма падтрымкі маладзёжнага супрацоўніцтва Усходняга партнёрства”, і Рэспубліка Беларусь прымала актыўны ўдзел у яго рэалізацыі, — гаворыць Наталля Іванаўна. — Паколькі на базе Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы мы рыхтуем спецыялістаў па рабоце з моладдзю, гэтая ўнікальная структура, якая дзейнічае толькі ў Беларусі, выклікала вялікі інтарэс у краін Усходняга партнёрства, і сёння не толькі ў нас, але і ў іх ёсць зацікаўленасць у падрыхтоўцы такіх спецыялістаў на базе нашага РІВШ. А для больш прадукцыйнай работы ў Беларусі будзе створана асацыяцыя спецыялістаў па рабоце з моладдзю.
Для таго каб наладзіць узаемадзеянне з самой моладдзю, пры міністры адукацыі былі створаны дзве новыя грамадскія структуры: Рэспубліканскі студэнцкі савет, у які ўвайшлі прадстаўнікі ўсіх вышэйшых навучальных устаноў Беларусі, і Рэспубліканскі маладзёжны савет, у які ўвайшлі не толькі студэнты, але і працоўная, навуковая моладзь, прадстаўнікі федэрацый прафсаюзаў і інш. Галоўная задача гэтых структур — далучаць моладзь да вырашэння важных праблем. Акрамя таго, сёлета быў падрыхтаваны праект падпраграмы “Маладзёжная палітыка”, якая ўвойдзе ў агульную дзяржаўную праграму “Адукацыя і маладзёжная палітыка на 2016—2020 гады”, прыняты ўказ кіраўніка дзяржавы, накіраваны на падтрымку студатрадаўскага руху ў Рэспубліцы Беларусі, прынята канцэпцыя добраахвотнага валанцёрскага руху, створана сетка даследчых структур — і ў Беларусі, і ў краінах СНД.
Год быў вельмі прадукцыйным, і важна, што многія праекты, якія стартавалі ў 2015 годзе, будуць мець працяг у наступныя гады. Гэты год натхніў моладзь на новыя праекты. І, завяршаючы яго, хочацца пажадаць усім маладосці. А маладосць — гэта стан душы, які не вызначаецца ні законам, ні ўзростам”.
Святлана НІКІФАРАВА.
“Настаўніцкай газеце” споўнілася 70 гадоў
Увесь гэты час вы разам з намі, нашы паважаныя чытачы, а мы з вамі. Такая сувязь з’яўляецца жыватворнай для газеты і яе супрацоўнікаў.
Так, мы газета паважнага ўзросту, але калектыў у нас малады, сучасны і вельмі творчы. Увесь свой запал мы імкнёмся рэалізоўваць на старонках газеты і да юбілейнай даты пачалі рыхтавацца загадзя. Нам захацелася акунуцца ў гісторыю свайго выдання, зрабіць своеасаблівае падарожжа ў гады станаўлення газеты і яе далейшага развіцця, таму мы звярнуліся да архіўных нумароў.
Пажоўклыя старонкі газет 1945, 1957 ці 1971 года выдання проста захоплівалі сваёй атмасфернасцю! Чорна-белыя фотаздымкі педагогаў і дзяцей краналі жывой эмацыянальнасцю. Калі глядзелі на іх, у нас узнікала ўстойлівае адчуванне прысутнасці. А газетныя артыкулы здзіўлялі сваёй адкрытасцю і вастрынёй.
Настаўніцкая неабыякавасць па-ранейшаму ратуе нашых дзяцей. Трэба адзначыць, што архіўныя нумары, нібы магніт, прыцягвалі ўсіх супрацоўнікаў нашай газеты, выклікаючы проста буру эмоцый. Пасля здзіўленых воклічаў і гарачых абмеркаванняў эмоцыі гасіліся радкамі ўласных артыкулаў.
У выніку для вас, паважаныя чытачы, і з вашым актыўным удзелам у нумарах “Настаўніцкай газеты” пачалі з’яўляцца газетныя старонкі “Настаўніцкай — 70”. Так, старонка за старонкай мы паглыбляліся ў нашу гісторыю і набліжаліся да юбілейнай даты.
20 снежня 1945 года выйшаў першы нумар “Настаўніцкай газеты”, а 22 снежня 2015 года выйшаў юбілейны нумар, прысвечаны 70-годдзю галоўнага выдання педагогаў краіны. Гісторыя і сучаснасць знайшлі сваё адлюстраванне ў матэрыялах на старонках “Настаўніцкай — 70”. Мы паспрабавалі правесці паралелі з 1946, 1974, 1981 і 1987 гадамі. Спадзяёмся, што нам гэта ўдалося.
А роўна праз месяц пасля выпуску юбілейнага нумара газеты, 22 студзеня наступнага года, адбудуцца афіцыйныя ўрачыстасці з нагоды 70-годдзя “Настаўніцкай газеты”. Яны пройдуць з удзелам высокіх і шаноўных гасцей, прыхільнікаў, пастаянных аўтараў выдання і, канечне, супрацоўнікаў газеты. Шчыра запрашаем!
Адыходзячы год стаў адметным для нашага выдання яшчэ адной падзеяй. Вясной “Настаўніцкая газета” стала пераможцай XI Нацыянальнага конкурсу друкаваных сродкаў масавай інфармацыі “Залатая Ліцера”. Мы сталі лепшым галіновым выданнем. І ўсё дзякуючы вам, дарагія нашы чытачы! Менавіта вы — наш прэстыж.
Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Рашэнне аб уваходжанні Беларусі ў Балонскі працэс
было прынята на канферэнцыі міністраў адукацыі краін Еўропы, якая праходзіла 14 мая ў Ерэване (Арменія).
Уступленне Беларусі ў Балонскі працэс — гэта вельмі важная падзея ў гісторыі развіцця нацыянальнай сістэмы адукацыі. Рух нашай краіны ў згаданым напрамку пачаўся даўно — па сутнасці, у 2007 годзе, з прыняцця Закона аб адукацыі, а таксама Закона аб вышэйшай адукацыі. Ужо тады прадугледжвалася двухузроўневая сістэма вышэйшай адукацыі “спецыялітэт — магістратура”. У 2011/2012 годзе была праведзена вялікая работа па скарачэнні тэрмінаў атрымання вышэйшай адукацыі, калі многія спецыяльнасці былі пераведзены на тэрмін навучання ў 4—4,5 года. А самыя актыўныя захады для ўваходжання ў Балонскі працэс Міністэрства адукацыі рабіла ў 2014 годзе, калі вырашаліся многія працэдурныя пытанні.
І вось, нарэшце, Беларусь (хоць і з пэўнымі агаворкамі) увайшла ў Балонскі працэс. Што гэта будзе азначаць на практыцы?
Адзначым, што Балонскі працэс скіраваны на збліжэнне і гарманізацыю сістэм адукацыі краін Еўропы, а гэта значыць, што наша вышэйшая адукацыя будзе развівацца ў адпаведнасці з агульнаеўрапейскімі тэндэнцыямі.
З уступленнем Беларусі ў Балонскі працэс нашы студэнты і выкладчыкі атрымаюць больш магчымасцей для вучобы і працы ва ўніверсітэтах розных краін. Для гэтага неабходна, каб узроўні айчыннай вышэйшай адукацыі былі максімальна набліжаны да еўрапейскіх. Таксама патрабуецца пераход да модульнай сістэмы навучання і сістэмы перазаліку крэдытаў. Вопыт паказвае, што ў краінах, якія далучаюцца да Балонскага працэсу, акадэмічная мабільнасць узрастае ў разы.
Чакаецца, што зменіцца сітуацыя з прызнаннем беларускіх дыпломаў за мяжой, бо ўдзел у Балонскім працэсе падразумявае аўтаматычнае прыняцце дакументаў, супастаўных з еўрапейскімі ўзорамі.
Важна, што з уступленнем Беларусі ў Балонскі працэс айчынная сістэма вышэйшай адукацыі будзе цалкам састыкавана з еўрапейскай. Ёсць тут і палітычныя плюсы. Дагэтуль Беларусь была адзінай краінай у Еўропе, якая была па-за працэсам. Цяпер жа нашы ўніверсітэты стануць паўнавартаснымі ўдзельнікамі еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі. Гэта надасць новы імпульс для развіцця. Другі плюс у тым, што вышэйшая адукацыя Беларусі стане больш прывабнай для замежнікаў, бо правілы гульні будуць вядомымі і празрыстымі. І, нарэшце, трэці плюс у тым, што ўніверсітэты змогуць прымаць шырокі ўдзел у атрыманні грантаў з розных еўрапейскіх фондаў.
Такім чынам, 2015 год стаў для беларускай вышэйшай школы годам уваходжання ў вялікую еўрапейскую сям’ю. Добрая нагода, каб лічыць гэты год удалым!
Галіна СІДАРОВІЧ.
Убачыць узыход WorldSkills на бразільскім небасхіле
пашчасціла ўдзельнікам беларускай нацыянальнай каманды, якія дэманстравалі сваё прафесійнае майстэрства ў бразільскім Сан-Паўлу. Наша каманда, не зважаючы на тое, што ўдзельнічала ў такім грандыёзным форуме ўпершыню, дастойна выступіла ў сваіх намінацыях і з гонарам прадставіла сваю Радзіму — Рэспубліку Беларусь.
У год 75-годдзя айчыннай сістэмы прафесійнай адукацыі, бясспрэчна, адметным фактам у яе біяграфіі стала ўступленне Рэспублікі Беларусь у сусветную арганізацыю WorldSkills International і ўдзел беларускай каманды ў спаборніцтвах WorldSkills-Сан-Паўлу. Гэтую падзею называюць сёння своеасаблівым і вельмі дзейсным піяр-ходам у развіцці прафесійнай адукацыі нашай краіны.
— Членства Беларусі ў WorldSkills International — гэта трывалая прыступка ў лесвіцы развіцця нашай сістэмы прафесійнай адукацыі, — заяўляе А.Х.Шкляр, рэктар Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі, які выступае галоўным каардынатарам гэтага руху ў нашай краіне і аказвае метадычную і метадалагічную падтрымку ўдзельнікам WorldSkills. — Пасля ўступлення ў WorldSkills International і ўдзелу ў міжнародным спаборніцтве ў Бразіліі Беларусь паўнацэнна адчувае сябе ў міжнароднай прасторы, з’яўляецца ўдзельніцай сусветных эканамічных, інфармацыйных пераўтварэнняў, праводзіць мадэрнізацыю сістэмы прафесійнай адукацыі з улікам патрабаванняў нацыянальнага рынку працы.
Важнасць уступлення Беларусі ў WorldSkills International пацвердзіў міністр адукацыі Міхаіл Анатольевіч Жураўкоў на нядаўняй сустрэчы з прадстаўніцтвам Еўрапейскага саюза ў Беларусі. Удзельнікі сустрэчы заявілі, што членства Беларусі ў руху WorldSkills дазволіць павысіць прывабнасць прафесійнай адукацыі сярод моладзі, дапаможа ўзбагаціць яе сучасным зместам, новымі формамі і метадамі навучання з улікам сусветных тэндэнцый.
Сёння наша краіна актыўна і рашуча займаецца мадэрнізацыяй сістэмы прафесійнай адукацыі. І гэта цалкам апраўдана. Для развіцця нацыянальнай эканомікі, якая рухаецца па інавацыйным шляху, неабходны перспектыўныя працоўныя рэсурсы з высокім узроўнем прафесійнай падрыхтоўкі. Такі кадравы патэнцыял павінен стаць невычарпальнай крыніцай для выхавання нацыянальнай прафесійнай эліты. Менавіта такімі яркімі асобамі можна лічыць уладальніц ганаровых узнагарод WorldSkills Вольгу Закрэўскую і Алесю Назараву. Абедзве дзяўчыны не спыняюцца на дасягнутым, а ўдасканальваюць сваё майстэрства, каб стаць майстрамі міжнароднага класа. І на гэта ёсць усе падставы. Верагодна, дзяўчаты стануць удзельніцамі наступных спаборніцтваў WorldSkills, але ўжо ў новай якасці — трэнераў або экспертаў — і будуць дзяліцца сваімі прафесійнымі навыкамі з іншымі ўдзельнікамі міжнароднага конкурсу.
Ала КЛЮЙКО.
Рэспубліканскі форум замяшчальных сем’яў
прайшоў у лістападзе ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка. Удзел у ім прынялі больш за 400 прыёмных бацькоў, бацькоў-выхавальнікаў, бацькоў-усынавіцеляў, апекуноў і спецыялістаў па сямейным уладкаванні з усіх абласцей краіны. Адметным гэты форум стаў таму, што на ім ішла сапраўды шчырая гаворка не проста пра поспехі і дасягненні, але і пра шляхі сумеснага пераадольвання цяжкасцей, пра існуючыя праблемы — адразу з прапановамі па іх вырашэнні.
Падчас форуму разглядаліся праблемныя аспекты становішча замяшчальных сем’яў у грамадстве і выхаванцаў замяшчальных сем’яў ва ўстановах адукацыі. Дэлегаты выступілі з прапановамі па далейшым развіцці і падтрымцы сямейных форм уладкавання дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, забеспячэнні паспяховай сацыялізацыі выпускнікоў замяшчальных сем’яў, у тым ліку тых, што маюць асаблівасці псіхафізічнага развіцця.
Сёння больш за 17 тысяч дзяцей-сірот выхоўваюцца ў замяшчальных сем’ях, амаль 7 тысяч дзяцей усыноўлены. Але, нягледзячы на меры па дэінстытуцыяналізацыі, больш за 4 тысячы дзяцей-сірот усё яшчэ знаходзяцца ў дзіцячых інтэрнатных установах. Нягледзячы на тое, што дзейнасць замяшчальных бацькоў дазволіла закрыць больш за палову гэтых устаноў (іх колькасць скарацілася з 73 у 2007 годзе да 40 у 2014 годзе), ёсць дзеці, якіх прыняць на выхаванне ў сем’і, на жаль, надзвычай складана з-за таго, што яны маюць патрэбу ў дадатковым медыцынскім абслугоўванні.
Дэлегаты форуму адзначылі, што ў праграмы навучання студэнтаў педагагічных факультэтаў неабходна ўнесці змены, павялічыўшы колькасць гадзін практычнай работы з дзецьмі-сіротамі, у тым ліку з дзецьмі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. У выпадках прыёму на выхаванне ў замяшчальную сям’ю дзяцей з АПФР, дзяцей-інвалідаў (такія выпадкі сёння перасталі быць рэдкасцю) уся інфраструктура мясцовай супольнасці (уключаючы ЦКРНіР, сацыяльна-педагагічныя, медыцынскія, сацыяльныя, адукацыйныя ўстановы і іх спецыялістаў) павінна ўдзельнічаць у суправаджэнні такой сям’і, забяспечваючы ёй дапамогу, падтрымку і своечасовае вырашэнне праблем, якія ўзнікаюць.
Падчас выступленняў дэлегаты неаднаразова адзначалі значнасць метадычных і кансультацыйных матэрыялаў, прадстаўленых у газеце “Домой!”, і выступілі з ініцыятывай: падпіску на газету “Домой!” — кожнай установе адукацыі, дзе выхоўваюцца (вучацца) дзеці з замяшчальных сем’яў.
Марына ПЫРКОВА.
Фестываль сем’яў-усынавіцеляў
упершыню прайшоў у Беларусі ў ліпені 2015 года. Турыстычная база “Галактыка” (Валожынскі раён Мінскай вобласці) стала гасцінным месцам збору каля ста ўсынавіцеляў з дзецьмі.
Фестываль даў яго ўдзельнікам магчымасць атрымаць дапамогу і падтрымку, пазнаёміцца з аднадумцамі, пагрузіцца ў асяроддзе людзей з падобнымі праблемамі і радасцямі, адпачыць на прыродзе разам з дзецьмі і атрымаць асалоду ад зносін. У правядзенні майстар-класаў, творчых пляцовак, забаўляльных і развіццёвых мерапрыемстваў фестывалю на валанцёрскіх пачатках прынялі ўдзел вядомыя псіхолагі, псіхатэрапеўты і педагогі Беларусі, якія маюць вопыт работы з замяшчальнымі сем’ямі. Атмасфера, якая панавала на працягу некалькіх фестывальных дзён, паказала, наколькі запатрабаваныя, доўгачаканыя і неабходныя такія мерапрыемствы. Усе ўдзельнікі фестывалю зацвердзіліся ў меркаванні, што аб усынаўленнi можна і трэба гаварыць адкрыта.
Мерапрыемства адбылося дзякуючы сумесным намаганням Нацыянальнага цэнтра ўсынаўлення і ўпраўлення адукацыі Мінскага абласнога выканаўчага камітэта, а таксама падтрымцы спонсараў.
— Падчас фестывалю ўсынавiцелi, дзеці і спецыялісты не толькі весела правялі час на прыродзе, але і даведаліся, як разнастаіць сямейны адпачынак і заняць дзіця з карысцю для яго развіцця, як больш эфектыўна выбудоўваць адносіны ў сям’і і ў грамадстве ў сувязі з прыёмам дзіцяці на выхаванне, як ствараць сямейныя традыцыі і развіваць уласны патэнцыял. Усе ўражанні, атрыманыя ад фестывалю, складана перадаць словамі. Праграма была вельмі насычанай і цікавай, набыты вопыт неацэнны, — гаворыць педагог-псіхолаг сацыяльна-педагагічнага цэнтра Полацкага раёна Віцебскай вобласці Зінаіда Гаравец. — Выказваю велізарную просьбу да Міністэрства адукацыі падтрымаць ініцыятыву Нацыянальнага цэнтра ўсынаўлення і штогод праводзіць гэтае мерапрыемства, якое мае вялікае значэнне і каштоўнасць для ўсіх спецыялістаў, занятых у сферы сямейнага ўладкавання, і для замяшчальных сем’яў. Прапаную пашырыць фармат фестывалю і праводзіць яго не толькі ў Мінскай вобласці, а ў якасці пляцоўкі правядзення разглядаць і іншыя вобласці, бо работа па суправаджэнні замяшчальных сем’яў праводзіцца многімі людзьмі і ім ёсць чым падзяліцца. Такі ўзаемаабмен узбагаціць не толькі метадычную скарбонку, але і надасць вектар далейшаму развіццю інавацыйных форм і метадаў работы ў арганізацыі і суправаджэнні замяшчальных сем’яў. Фестываль стаў цудоўным прыкладам таго, як нестандартна, творча, інавацыйна можна працаваць з замяшчальнымі сем’ямі.
Марына ПЫРКОВА.
Зварот да профільнага навучання
ў сістэме агульнай сярэдняй адукацыі ў адыходзячым годзе выклікаў толькі станоўчыя эмоцыі. Пазіцыя Міністэрства адукацыі на гэты раз была адназначнай: нам гэта неабходна, але пераход павінен быць няспешным, таму ўся падрыхтоўчая работа вялася ў адпаведным ключы.
На базе Акадэміі паслядыпломнай адукацыі і Нацыянальнага інстытута адукацыі праходзілі шматлікія інструктыўна-метадычныя мерапрыемствы па падрыхтоўцы педагагічных кадраў да рэалізацыі профільнага навучання. На іх яшчэ і яшчэ раз агучваліся ўмовы пераходу да профільнага навучання: вучэбна-прадметныя запыты навучэнцаў і іх бацькоў, наяўнасць педагогаў, здольных ажыццявіць гэтыя запыты, і матэрыяльна-тэхнічныя ўмовы навучальнай установы.
У навучальных установах, дзе з 1 верасня запрацавалі профільныя класы і групы, меркаванне галіновага ведамства поўнасцю раздзяляюць і ўмовы выконваюць. Паралельна з профільнымі класамі, у якія дзеці браліся па выніках навучання ў дзевяцігадовай школе, у навучальных установах дзейнічаюць базавыя класы.
Трэба адзначыць, што навучальнымі ўстановамі была праведзена каласальная растлумачальная работа як з бацькамі, так і з дзецьмі. Было арганізавана шмат розных мерапрыемстваў па прафарыентацыі, праводзілася прафдыягностыка. У выніку ў профільных класах вучацца высокаматываваныя дзеці і працуюць высокапрафесійныя педагогі.
2015 год стаў стартавым для профільнага навучання, хоць такі вопыт наша сістэма адукацыі ўжо мае. Але, як не раз падкрэслівалі ў Міністэрстве адукацыі, гэта не тое профільнае навучанне, якое было ў 2008 годзе. Разам з тым педагагічны вопыт і напрацоўкі тых часоў у гэтым годзе былі дарэчы ўжо толькі таму, што ўсялялі ўпэўненасць і аптымізм, а некаторыя ўстановы ўжо мелі распрацаваную рэгіянальную мадэль профільнага навучання, якая патрабавала толькі суаднясення з цяперашнім часам. Аднак наперадзе яшчэ шмат працы: і арганізацыйнай, і метадычнай.
Гаворачы пра профільнае навучанне, нельга не сказаць і пра педагагічныя класы. Яны з’явіліся не ва ўнісон з профільнымі (іх арганізацыя пачалася на год раней), але значнае павелічэнне іх колькасці прыйшлося якраз на пачатак гэтага навучальнага года. А дзе педкласаў пакуль няма, дзейнічае міжшкольны факультатыў “Уводзіны ў педагагічную прафесію” для тых, хто бачыць сябе толькі педагогам.
А ў завяршэнне немагчыма не згадаць пра конкурс на стварэнне вучэбных дапаможнікаў для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, які праводзіць Міністэрства адукацыі разам з Нацыянальным інстытутам адукацыі, і вяртанне ў школьныя праграмы прадмета “Сусветная мастацкая культура”. Карацей, год удаўся!
Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Еўрапейская алімпіяда па матэматыцы для дзяўчат
праводзілася ў нашай краіне невыпадкова. Некалькі гадоў назад на міжнародных спаборніцтвах у Люксембургу беларускія дзяўчаты занялі першае месца.
З 14 па 20 красавіка Мінск прымаў удзельніц ІV Еўрапейскай матэматычнай алімпіяды для дзяўчат EGMO-2015. Юныя знаўцы матэматыкі заваявалі 12 залатых, 18 сярэбраных і 30 бронзавых медалёў. Медальную скарбонку нашай краіны папоўнілі Кацярына Кунц, Дзіяна Фаміна і Лізавета Манжуліна, якія сталі ўладальнікамі бронзавых медалёў. Іна Рудовіч, Ганна Задаражнюк і Святлана Шабан адзначаны пахвальнымі водзывамі.
У алімпіядзе прынялі ўдзел 109 дзяўчат з 30 краін свету, прычым не толькі еўрапейскіх, але і такіх як Японія, Мексіка, Індыя, ЗША, Туніс і Саудаўская Аравія. Арганізатарамі спаборніцтваў выступілі Міністэрства адукацыі, Акадэмія паслядыпломнай адукацыі, а таксама спонсары, якія зрабілі ўсё магчымае, каб алімпіяда прайшла на самым высокім узроўні.
Пасля перамог беларускіх дзяўчат на мінулых спаборніцтвах Мінск атрымаў права стаць арганізатарам сёлетняй алімпіяды і выставіць на яе дзве каманды юных знаўцаў матэматыкі. Нашу каманду прадстаўлялі 8 разумніц з розных навучальных устаноў краіны: навучэнка 10 класа сярэдняй школы № 8 Гомеля Ганна Задаражнюк, навучэнка 11 класа Ліцэя БДУ Дзіяна Фаміна, дзесяцікласніца гімназіі № 41 Мінска імя В.Х.Сярэбранага Лізавета Манжуліна, навучэнка 11 класа гімназіі № 1 Ліды Іна Рудовіч, дзесяцікласніцы Ліцэя БДУ Святлана Шабан і Таццяна Палікарпава, навучэнка 10 класа сярэдняй школы № 2 Ашмян Кацярына Кунц і адзінаццацікласніца гімназіі № 10 Мінска Ангеліна Ярашэнка. Усе яны пераможцы Рэспубліканскай алімпіяды па матэматыцы, а яшчэ таленавітыя, працавітыя, прыгожыя і абаяльныя дзяўчаты. Кіраўнікамі каманд выступілі дацэнт кафедры вышэйшай матэматыкі БДУ, кандыдат фізіка-матэматычных навук, дацэнт Д.Ф.Базылеў і дацэнт кафедры вышэйшай матэматыкі БДУ, кандыдат фізіка-матэматычных навук, дацэнт Б.Б.Камракоў.
Як адзначылі ўдзельніцы алімпіяды, час, праведзены на гасціннай беларускай зямлі, не толькі дазволіў прадэманстраваць свае веды, папоўніць іх, але і дапамог знайсці новых сяброў, наладзіць стасункі з прадстаўнікамі іншых краін.
Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Канцэпцыя развіцця інклюзіўнай адукацыі
была зацверджана 22 ліпеня бягучага года. Паводле яе, усе навучэнцы, незалежна ад сваіх асаблівасцей і здольнасцей, будуць уключаны ў агульную адукацыйную сістэму і змогуць вучыцца ва ўстановах асноўнай і дадатковай адукацыі.
“Канцэпцыя развіцця інклюзіўнай адукацыі асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця ў Рэспубліцы Беларусь уяўляе сабой сістэму поглядаў на тое, якой павінна быць інклюзіўная адукацыя, — адзначыла начальнік аддзела спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Антаніна Міхайлаўна Змушко. — Гэта не нарматыўны дакумент, але ў той жа час ён не адарваны ад рэчаіснасці, суадносіцца з Кодэксам аб адукацыі і іншымі нарматыўнымі прававымі дакументамі нашай краіны”. У канцэпцыі сказана, што “пры інклюзіўнай адукацыі адукацыйны працэс арганізуецца такім чынам, што ўсе навучэнцы, незалежна ад сваіх асаблівасцей (псіхафізічных, культурных, сацыяльных, маўленчых і г.д.) і здольнасцей, уключаны ў агульную адукацыйную сістэму і вучацца ва ўстановах асноўнай і дадатковай адукацыі, якія ўлічваюць іх асаблівыя адукацыйныя патрэбы і аказваюць ім неабходную падтрымку.
Для нас важна паказаць пераемнасць паміж спецыяльнай адукацыяй, інтэграваным навучаннем і выхаваннем і інклюзіяй, адлюстраваць магчымасць паралельнага суіснавання гэтых форм арганізацыі адукацыйнага працэсу. Мы не выключаем магчымасці, што ў будучыні ўсе школы будуць інклюзіўнымі. У той жа час інклюзіўная адукацыя — гэта не ўсёдазволенасць, а адукацыя для ўсіх дзяцей, у тым ліку і звычайных. Для іх таксама павінны быць створаны ўсе ўмовы, іх правы таксама нельга парушаць”.
У 2018 годзе ў краіне з’явяцца ўстановы адукацыі, якія будуць ажыццяўляць інклюзіўную адукацыю. Ужо другі год у 8 агульнаадукацыйных школах дзейнічаюць эксперыментальныя пляцоўкі па апрабацыі мадэлі інклюзіўнай адукацыі ва ўстановах адукацыі. Сёлета адкрыта 14 класаў інклюзіўнай адукацыі ў сярэдніх школах краіны. У гэтых установах назапашаны станоўчы вопыт работы педагогаў у гэтым кірунку.
Да эксперыментальнага праекта далучыліся і ЦКРНіР, яны адпрацоўваюць схему ўзаемадзеяння паміж усімі ўдзельнікамі інклюзіі. Толькі час пакажа, ці распаўсюдзіцца эксперымент па ўсёй краіне, ці будзе рэалізавана на практыцы права кожнага дзіцяці з АПФР наведваць школу каля дома, ці будуць у кожнай такой школе створаны ўсе належныя ўмовы для таго, каб дзіця паўнацэнна вучылася там. Пастаўлены высокія мэты, і мы павінны да іх імкнуцца.
Надзея ЦЕРАХАВА.
Упэўненымі крокамі да “разумнай” школы
рухаюцца навучэнцы і педагагічныя калектывы некалькіх навучальных устаноў Мінска — гімназій № 1 і № 40 і сярэдняй школы № 51, дзе з пісьмовага дазволу бацькоў адмовіліся ад вядзення папяровых дзённікаў. Іх замянілі электронныя аналагі.
Кожны з педагогаў мае планшэт з выхадам у інтэрнэт. На ўроку або пасля яго настаўнікі выстаўляюць у яго адзнакі. Адзнака аўтаматычна трапляе ў электронны дзённік, які даступны ўсім бацькам. Даведацца, наколькі паспяхова дзіця спраўляецца са школьнай праграмай, можна з дапамогай камп’ютара, планшэта і нават мабільнага тэлефона. Тэмы, задачы, каментарыі і напаміны ў электронным дзённіку прапісваюцца бясплатна. Калі ж бацькі хочуць ведаць больш (напрыклад, атрымліваць інфармацыю пра рэйтынг свайго дзіцяці ў адносінах да іншых навучэнцаў класа), тады неабходна аплаціць распрацоўшчыкам электроннай праграмы кошт дадатковага кампанента. Для педагогаў тут таксама ёсць свае плюсы. Гэта і падтрыманне сувязі з бацькамі, і статыстыка для адміністрацыі ўстановы, класнага кіраўніка, настаўніка-прадметніка. Гэта аблегчаны працэс выстаўлення выніковых адзнак, калі не трэба чакаць чаргі за папяровым журналам у канцы чвэрці. І як заўважаюць настаўнікі, дзякуючы электроннаму кантролю бацькоў павысілася паспяховасць многіх вучняў.
Праект “Электронная школа” прадугледжвае яшчэ і работу з карткай навучэнца. Яна таксама пашырыла межы свайго дзеяння. У шэрагу навучальных устаноў электронная картка з’яўляецца адначасова і пропускам у школу, і сродкам аплаты ў школьнай сталовай. Бацькі папаўняюць баланс сваіх дзяцей на картцы і праз электронную пошту могуць атрымаць справаздачу наконт таго, як былі патрачаны грошы. Акрамя таго, картка выкарыстоўваецца як электронны фармуляр у бібліятэцы і як праязны білет у транспарце. Магчыма, функцыі карткі ў далейшым будуць пашыраны: пры разліку ёй школьніку будуць прадастаўляцца скідкі пры куплянні канцылярскіх тавараў, білетаў у кіно і на выставы. Пакуль жа бацькі могуць быць упэўнены, што іх дзіця не патраціць грошы не па назначэнні. Сродкі на картцы нельга зрабіць наяўнымі.
Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Студэнцкі спорт не застаўся ў баку
ад шматлікіх спартыўных падзей краіны. У Беларусі вызначаны лепшыя студэнты-спартсмены ў намінацыях “Спорт вышэйшых дасягненняў” і “Масавы спорт”.
Галоўнымі крытэрыямі ацэнкі для гэтай катэгорыі намінантаў сталі вынікі не толькі на міжнародных спаборніцтвах, але і перамогі ў рэспубліканскай універсіядзе па відах спорту за 2014 год.
У намінацыі “Спорт вышэйшых дасягненняў” рэйтынгавы ліст узначаліла Марына Літвінчук — студэнтка Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя І.П.Шамякіна, член зборнай каманды па веславанні на байдарках і каноэ, чатырохразовая чэмпіёнка свету сярод студэнтаў-2014, сярэбраны і бронзавы прызёр чэмпіянату свету-2014, чэмпіёнка Еўропы-2014.
Разам з Марынай Літвінчук у пяцёрку лепшых увайшлі члены зборнай каманды па веславанні на байдарках і каноэ Дзяніс Гаража (Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь), Руслан Сазанавец (Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.А.Куляшова), Сяргей Прыволькін (Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры), а таксама член зборнай каманды па веславанні акадэмічным Хрысціна Стараселец (Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры).
У намінацыі “Масавы спорт” разам са спартыўнымі дасягненнямі ацэньвалася і грамадская дзейнасць студэнтаў. У пяцёрку лепшых увайшлі прадстаўнікі лёгкай атлетыкі: двухразовая чэмпіёнка рэспубліканскай універсіяды-2014 Юлія Лявошка (Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт) і сярэбраны прызёр рэспубліканскай універсіяды-2014 Сяргей Карпаў (Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт харчавання). Таксама ў лік лідараў трапілі прадстаўнікі плавання: двухразовая чэмпіёнка рэспубліканскай універсіяды-2014 Марыя Кузава (Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С.Пушкіна) і чатырохразовая чэмпіёнка ўніверсіяды Настасся Гарковіч (Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С.Пушкіна).
Замыкае пяцёрку пераможцаў намінацыі “Масавы спорт” чэмпіён рэспубліканскай універсіяды-2014 па цяжкай атлетыцы Сяргей Шатырын (Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт).
Урачыстыя віншаванні і грашовыя прэміі лепшыя студэнты-спартсмены атрымалі ад старшыні Беларускай асацыяцыі студэнцкага спорту, міністра адукацыі Міхаіла Жураўкова і дырэктара Рэспубліканскага цэнтра фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў Валянціны Баляба.
У адыходзячым годзе да спаборніцтваў, якія арганізоўвае ці ў якіх удзельнічае сістэма адукацыі, далучыліся новыя праекты: “Старт пакаленняў”, “Шкаліяда”, “300 талентаў для Каралевы”.
Наталля АЛЁХІНА.
“Развіццё сістэмы дашкольнай адукацыі: інвестыцыі ў будучыню”
Пад такім дэвізам 15—16 кастрычніка ў Мінску прайшоў міжнародны форум, які быў прысвечаны неабходнасці і актуальнасці падтрымкі на дзяржаўным узроўні адукацыі дашкольнікаў. У форуме прымалі ўдзел 270 чалавек. У іх ліку — прадстаўнікі краін СНД, Нідэрландаў, Францыі, Латвіі, Германіі і інш. Сярод удзельнікаў былі не толькі педагогі-практыкі, але і прадстаўнікі вышэйшай адукацыі.
Арганізатарамі форуму выступілі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка, гуманітарна-адукацыйнае рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства “Цэнтр міжнародных сувязей”, Дзіцячы фонд ААН (ЮНІСЕФ) у Рэспубліцы Беларусь, грамадскае аб’яднанне “Беларуская ліга бацькоў і педагогаў “Крок за крокам”, а таксама Акадэмія паслядыпломнай адукацыі і Нацыянальны інстытут адукацыі.
Напярэдадні форуму мы сустракаліся з намеснікам міністра адукацыі Раісай Станіславаўнай Сідарэнка. Яна адзначыла, што сістэма дашкольнай адукацыі нашай краіны добра вядомая сваімі дасягненнямі, да яе праяўляюць цікавасць многія краіны далёкага і блізкага замежжа.
Сістэму дашкольнай адукацыі Беларусі на сучасным этапе прадставіла начальнік аддзела дашкольнай адукацыі Міністэрства адукацыі Альбіна Давідовіч. “Традыцыйна ў Беларусі — адзін з самых высокіх у Еўропе паказчыкаў ахопу дашкольнікаў адукацыяй, — адзначыла яна. — Дзеці пяцігадовага ўзросту забяспечаны падрыхтоўкай да школы на ўсе 100 працэнтаў. У Рэспубліцы Беларусь выдзяляюцца значныя бюджэтныя сродкі на дашкольную адукацыю — 1 працэнт ад ВУП. Гэты паказчык адзін з самых высокіх у параўнанні з краінамі Еўропы і Паўночнай Амерыкі”.
У той жа час у сістэме дашкольнай адукацыі нашай краіны можна вылучыць шэраг праблемных пытанняў. Гэта забеспячэнне крокавай даступнасці адукацыі, перавышэнне ўстаноўленых норм напаўняльнасці груп, праблема мадэрнізацыі і абнаўлення матэрыяльна-тэхнічнай базы садоў, забеспячэння іх сучаснымі сродкамі навучання ў мэтах стварэння бяспечных умоў жыццядзейнасці дашкольнікаў і захавання іх здароўя. Па-ранейшаму існуе праблема забяспечанасці садоў кваліфікаванымі кадрамі.
Удзельнікі форуму абмеркавалі шмат цікавых тэм, агучылі шэраг прапаноў падчас работы секцый, прысвечаных сучасным падыходам да фінансавання, кіравання, навукова-метадычнага забеспячэння дашкольнай адукацыі, эфектыўным методыкам работы з сям’ёй, інклюзіўнай адукацыі, а таксама ўдасканаленню якасці адукацыйных паслуг, стварэнню здароўезберагальных умоў ва ўстановах дашкольнай адукацыі, прафесійнаму станаўленню работнікаў дашкольнай адукацыі.
Надзея ЦЕРАХАВА.
Рэспубліканскі форум маладзёжнага стартап-руху
на базе Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта прэзентаваў лепшыя перспектыўныя ідэі маладых бізнесменаў.
Каля 60 распрацоўшчыкаў крэатыўных і інавацыйных ідэй з ліку студэнцкай моладзі 16 універсітэтаў Беларусі атрымалі цудоўную магчымасць пазнаёміцца з аднадумцамі, знайсці інвестыцыйную падтрымку бізнес-праектаў камерцыйнай і сацыяльнай накіраванасці, адпрацаваць навыкі прадпрымальніцкай дзейнасці і прэзентацыйныя ўменні.
Прэзентацыя праектаў праходзіла ў фармаце краш-тэстаў, што дазволіла пачынаючым бізнесменам вызначыць узровень перспектыўнасці сваіх прапаноў, атрымаць рэкамендацыі па іх удасканаленні і гранты на рэалізацыю задуманага. Найбольшай папулярнасцю ў распрацоўшчыкаў карысталіся сферы высокіх тэхналогій, адукацыі і турызму.
Наватарскія ідэі ацэньваў экспертны савет на чале з міністрам адукацыі Беларусі М.А.Жураўковым. У склад савета ўвайшлі патэнцыяльныя інвестары і вядучыя спецыялісты ў галіне прадпрымальніцтва.
У намінацыі “Самы інавацыйны бізнес-праект” грант ад Міністэрства адукацыі на яго рэалізацыю атрымала каманда БДТУ за распрацоўку пад назвай “Тэрмамеханічна мадыфікаваная драўніна для вырабу вонкавага слоя паркету”. Студэнты палепшылі фізіка-механічныя ўласцівасці мяккаліставых парод за кошт ушчыльнення пад гарачым прэсам. Гэта добрая абарона ад агрэсіўнага асяроддзя — перападаў тэмпературы і салёнага паветра.
У намінацыі “Самы камерцыйна перспектыўны бізнес-праект” перамагла каманда БНТУ з інавацыйнай ідэяй “Студэнцкае бюро праектавання крэатыўнай упакоўкі”. Студэнты прапанавалі праект па стварэнні і ўкараненні ў вытворчасць крэатыўнай упакоўкі для прадукцыі маладых прадпрымальнікаў, інкубатараў малога прадпрымальніцтва і прадпрыемстваў, зацікаўленых у прасоўванні сваёй прадукцыі на рынак.
Трэці грант быў уручаны ў намінацыі “Самы крэатыўны падыход да вырашэння актуальнай праблемы” за праект БДЭУ “Закон чысціні”. Прапанаваная ідэя вытворчасці шклянак для кавы, у склад якіх будзе ўнесена насенне раслін, дастаткова актуальная і павінна мець не толькі эканамічны, але і экалагічны эфект. Такія шклянкі змогуць штогод выводзіць каля тоны вуглякіслага газу з атмасферы за кошт прарастання насення і біясінтэзу раслін.
Цікавы праект БДУ “Веларыцар” атрымаў сертыфікат ад Парка высокіх тэхналогій на паўгадавое навучанне ў ім. Гэты праект, дзякуючы выкарыстанню велатрэкера, дапаможа знізіць колькасць крадзяжоў веласіпедаў, а таксама папулярызаваць здаровы лад жыцця.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.