На малую радзіму запрасілі ўдзельнікі І адкрытага рэгіянальнага конкурсу турыстычных праектаў. У Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы школьнікі Гродзеншчыны прадстаўлялі свае турыстычныя прадукты і разважалі пра развіццё турызму ў рэгіёне.
— Гродзенская вобласць мае ўнікальныя магчымасці для развіцця турызму. У нас дзейнічае асаблівы бязвізавы турыстычны рэжым, што адкрывае шырокія магчымасці для рэалізацыі розных праектаў і ініцыятыў, — гаворыць дэкан факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму ГрДУ Тамара Піваварчык.
Загадчык кафедры турызму і культурнай спадчыны Сяргей Данскіх дадае, што ідэю правядзення конкурсу турыстычных праектаў “Я запрашаю вас на малую радзіму” падказалі менавіта настаўнікі і навучэнцы. Часам яны звярталіся на кафедру па дапамогу і кансультацыі, як прэзентаваць багаты патэнцыял школьных музеяў, распрацаваць турыстычны маршрут і зрабіць яго рэальным турыстычным прадуктам. Ідэю конкурсу падтрымлі галоўнае ўпраўленне адукацыі і ўпраўленне спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама, Гродзенскі абласны інстытут развіцця адукацыі, Гродзенскі абласны цэнтр турызму і краязнаўства і гродзенскае аддзяленне Рэспубліканскага турыстычна-спартыўнага саюза.
Конкурс праходзіў у два туры. На першы этап было прадстаўлена 68 заявак, яны прадстаўлялі даследаванні турыстычных рэсурсаў малой радзімы і ідэі турмаршрутаў. У фінальную частку адабралі 41 турыстычны праект з 35 устаноў адукацыі, раённых цэнтраў турызму і краязнаўства. Найбольшая колькасць заявак была ад Лідскага, Слонімскага, Ваўкавыскага раёнаў і Гродна. Тэматыка праектаў ахоплівала ўсе напрамкі сучаснага турызму: ад традыцыйных турыстычна-экскурсійных маршрутаў і паходаў да прамысловага турызму і фальклорных анімацыйных праграм.
Настаўнік гісторыі з Крэўскага ясляў-сада — сярэдняй школы Смаргонскага раёна Міхаіл Міхалькевіч разам з навучэнкамі Кацярынай Янголь, Вікторыяй Копыш і Аленай Міхалоўскай прадставілі ў фінале два турыстычныя маршруты “Пра што маўчаць валуны” і “Рэха Першай сусветнай вайны”, якія былі адзначаны дыпломам І ступені.
— “Шляхі, што вядуць да Крэва”, — пад такім дэвізам распрацоўваем свае турыстычныя маршруты, праз цікавасць да гісторыі і традыцый сваёй зямлі выхоўваем любоў дзяцей да малой радзімы, — расказвае Міхаіл Анатольевіч, які з’яўляецца і кіраўніком школьнага народнага музея.
Пра любоў і павагу да сваёй зямлі сведчыць і такі факт: васьмікласніца Вікторыя Копыш стала пераможцай конкурсу сачыненняў на тэму Года малой радзімы, якую праводзіла рэдакцыя абласной газеты “Гродзенская праўда” і Гродзенскі абласны інстытут развіцця адукацыі. Яна напісала сачыненне “Занатоўкі з Крэва”.
— Наша школа знаходзіцца ва ўнікальным месцы, і цеснае супрацоўніцтва з Жыровіцкім мужчынскім манастыром налічвае не адзін дзясятак гадоў. Складзены навучэнцамі і настаўнікамі краязнаўчы даведнік па Жыровічах, відэаролік “Мы гэтай памяці верныя” расказваюць пра гісторыю нашай мясцовасці і галоўную яе славутасць. Гэтую інфармацыю выкарыстоўваем на ўроках, у пазакласнай дзейнасці. Яна размешчана на сайце школы, — расказвае дырэктар Жыровіцкай сярэдняй школы Слонімскага раёна Святлана Апановіч.
Распрацаваны навучэнкамі школы Настассяй Вільчык і Лізаветай Кучаравых турыстычны маршрут “Краязнаўчы даведнік па Жыровічах” таксама адзначаны дыпломам конкурсу.
Прызавымі месцамі таксама адзначаны турыстычна-экскурсійныя праграмы, звязаныя з багатым гістарычным мінулым гродзенскай зямлі, прадстаўленыя Гервяцкай сярэдняй школай Астравецкага раёна і сярэдняй школай № 4 Слоніма; турыстычныя маршруты, заснаваныя на ўнікальным прыродным багацці Прынёманскага краю, распрацаваныя навучэнцамі гімназіі № 2 Ваўкавыска і сярэдняй школы № 20 Гродна; турыстычна-экскурсійныя праграмы, заснаваныя на культурнай спадчыне А.Міцкевіча і М.К.Агінскага, падрыхтаваныя навучэнцамі Шчорсаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Навагрудскага раёна і сярэдняй школы № 2 Слоніма; арыгінальныя фальклорныя турыстычна-анімацыйныя праграмы, падрыхтаваныя камандамі Парэцкай сярэдняй школы Гродзенскага раёна і Дубненскай сярэдняй школы Мастоўскага раёна; турыстычныя праекты, звязаныя з сельскім і актыўным турызмам, якія прадставілі Мінойтаўская сярэдняя школа Лідскага раёна і сярэдняя школа № 11 Ліды; гастранамічныя і аграпрамысловыя туры, распрацаваныя навучэнцамі Ханевіцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Свіслацкага раёна і сярэдняй школы № 40 Гродна.
Як адзначыў Сяргей Данскіх, конкурс турыстычных праектаў не толькі выявіў лепшыя распрацоўкі навучэнцаў, але таксама стаў своеасаблівым форумам маладых людзей, захопленых турызмам, гатовых прымаць самы актыўны ўдзел у развіцці ўнутранага турызму. Цэлы шэраг навучальных устаноў Гродзенскай вобласці ўжо не першы год на валанцёрскіх пачатках вядзе турыстычную і экскурсійную работу. Яны не проста арганізоўваюць паездкі для навучэнцаў, а распрацоўваюць новыя экскурсіі і маршруты па сваіх родных мясцінах. Дзякуючы конкурсу турыстычных праектаў “Я запрашаю вас на малую радзіму”, удзельнікі яго пазнаёміліся і пасябравалі са сваімі аднадумцамі, убачылі новыя ідэі і формы работы з гасцямі. Усё гэта дазваляе спадзявацца, што I адкрыты рэгіянальны конкурс турыстычных праектаў “Я запрашаю вас на малую радзіму” стане першым крокам да фарміравання ўстойлівай турыстычнай сеткі навучэнскай моладзі Гродзенскай вобласці.
Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота Яраслава ВАНЮКЕВІЧА.