Паэзія, якая спявае

- 13:58Адукацыйная прастора

Вынікі абласнога конкурсу аўтарскай песні “Дзяжурны па красавіку” падвялі ў Віцебску.

Арганізатарамі творчага спаборніцтва выступілі галоўнае ўпраўленне па адукацыі аблвыканкама і абласны Палац дзяцей і моладзі. Да ўдзелу запрасілі навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, студэнтаў, навучэнцаў устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі.

— Аўтарскую песню называюць паэ­зіяй, якая спявае, бо менавіта паэтычны тэкст вызначальны ў кампазіцыі: меладычнае суправаджэнне толькі спрыяе эмацыянальнаму ўздзеянню на слухачоў, — адзначыла загадчык аддзела ма­стацкай творчасці абласнога Палаца дзяцей і моладзі Таццяна Трухан. — А яшчэ аўтарская песня — гэта форма духоўных зносін людзей, якія лічаць сябе аднадумцамі. Менавіта такіх аднадумцаў, што прадэманстравалі сваю творчасць вельмі даверліва і нязмушана, аб’яднаў “Дзяжурны па красавіку”. Гэта наш новы праект, накіраваны на развіццё і папулярызацыю аўтарскай песні, выяўленне і падтрымку таленавітых навучэнцаў, духоўна-маральнае выхаванне падрастаючага пакалення. У ліку яго ключавых задач — павышэнне цікавасці дзяцей і моладзі да аўтарскай песні, выканальніцкага майстэрства і сцэнічнай культуры калектываў і індывідуальных выканаўцаў аўтарскай песні; выяўленне яркіх самабытных аўтараў і выканаўцаў, аказанне ім падтрымкі у далейшай творчай самарэалізацыі, садзейнічанне развіццю творчага патэнцыялу навучэнцаў і творчых калектываў устаноў адукацыі, трансляцыя вопыту работы лепшых з іх. “Дзяжурны па красавіку” робіць свае першыя крокі. Будзем спадзявацца, што ён стане добрай традыцыяй і прыцягне ўвагу ўсіх, хто неабыякавы да мастацтва і хоча па­дзяліцца сваёй творчасцю, талентам, цеплынёй душы.

Праект стартаваў у лютым і прахо­дзіў у тры этапы (адборачны ва ўстановах адукацыі, раённы (гарадскі) і абласны) і дзвюх узроставых катэгорыях (10—17, 18—25 гадоў). Аргкамітэт працаваў пад старшынствам першага намесніка начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Алены Багдановіч. Было прапанавана дзве асноўныя намінацыі: “Аўтар-выканаўца” (сола, ансамбль): выкананне аўтарскай песні ўласнага сачынення пад уласны акампанемент (гітара або іншы акустычны інструмент) або аўтарскай песні вядомага аўтара-выканаўцы пад уласны акампанемент; “Выканаўца аўтарскай песні” (сола, ансамбль): інструментальнае выкананне музыкі аўтарскай песні або вакальнае ў суправаджэнні фанаграмы “мінус” выкананне песні, выкананне вершаў аўтар­скай песні вядомых бардаў. Конкурсная праграма ўдзельніка магла складацца з аднаго твора ў любой з намінацый ці двух-трох твораў у розных. Па задуме арганізатараў, фінальнае спаборніцтва планавалася на красавік і прадугледжвала два туры: завочны адборачны і заключны конкурс-канцэрт. На жаль, планы давялося скарэкціра­ваць у сувязі з эпідэмічнай сітуацыяй: апошні тур адбыў­ся значна пазней і таксама ў дыстанцыйным фармаце. Да другога і трэцяга этапаў конкурсу далучыліся больш за 100 удзельнікаў з усіх куткоў Віцебшчыны. Усе яны атрымалі магчымасць праявіць сябе ў якасці стваральніка вакальнага або музычнага твора, парадаваць усіх душэўным выкананнем папулярных песень, што сталі класікай аўтарскага жанру. У фінал выйшлі 10 калектываў і 6 выканаўцаў.

На заключным этапе творчасць канкурсантаў ацэньвалі эксперты, якія не па чутках ведаюць, што такое аўтар­ская песня: гэта аўтары-выканаўцы — дацэнт кафедры пачатковай адукацыі і лінгвадыдактыкі Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А.Куляшова Анатоль Папейка, загадчык народнага аддзялення дзіцячай школы мастацтваў № 5 Віцебска Ігар Пералыгін, настаўнік музыкі Бабініцкай дзіцячай школы мастацтваў Віцебскага раёна Аляксандр Салавян і выканаўца аўтарскай песні і кіраўнік аб’яднання па інтарэсах “Аўтарская песня “ЛанДрин” абласнога Палаца дзяцей і моладзі Таццяна Пышненка. Пераможцы конкурсу ўзнагароджаны дыпломамі галоўнага ўпраўлення па адукацыі абл­выканкама. Уладальнікамі дыпломаў І ступені сталі аб’яднанні па інтарэсах ВАПДіМ — узорная вакальная студыя “Асоль” (кіраўнік Алена Фальковіч), ансамбль гітарыстаў “Серэнада” (кіраўнік Таццяна Сакалова), узорны вакальна-харавы калектыў “Дзвіна” (кіраўнік Вольга Фальковіч), аб’яднанне “Аўтарская песня “ЛанДрин” (кіраўнік Святлана Пышненка), навучэнцы ВАПДіМ Сяргей Баршчоў і Вадзім Панцюхоў (кіраўнік Галіна Чарнышова), навучэнец Сенненскага раённага цэнтра дзяцей і моладзі Анатоль Любіеў (кіраўнік Ніна Ткачэнка), творчы калектыў “Пастараль” гімназіі імя І.М.Ерашова Лепеля (кіраўнік Ірына Рамашка). З відэаверсіяй канцэрта пераможцаў і прызёраў конкурсу можна азнаёміцца на сайце абласнога Палаца дзяцей і моладзі.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота прадастаўлена Віцебскім абласным палацам дзяцей і моладзі.