Пайсці… і вярнуцца. У школьную бібліятэку

- 11:56Адукацыйная прастора

Школьны бібліятэкар… Што і казаць, мы мала пра іх успамінаем. Настолькі мала, што гэтае “мала” гучыць іншы раз нават як “забыццё”. Мы добра памятаем пра Дзень жанчын, Дзень ведаў, Дзень настаўніка, Дзень маці, нават Дзень закаханых і Хэлоўін… Наўмысна пералічыў тут святы, пра якія не забываюць у школе ў нашы дні. Але ці памятаем пра Міжнародны дзень школьных бібліятэк? Тым не менш ён ёсць. У сусветны рэестр святочных дзён International School Library Day быў унесены ў 1999 годзе па ініцыятыве ЮНЕСКА і мусіць адзначацца ў чацвёрты панядзелак кастрычніка — значыць, сёлета 23 кастрычніка. І наогул, у школьных бібліятэкараў шмат чаго ёсць. Ёсць свае традыцыі, рытуалы, жарты, звычкі… Ёсць свае суполкі, канферэнцыі, блогі, слэнг… Не хапае хіба толькі ўвагі — нашай да іх. Ці, можа, я памыляюся?

У 2017 годзе з нагоды 25-годдзя стварэння грамадскага аб’яднання “Беларуская бібліятэчная асацыяцыя” гэтай арганізацыяй разам з ТАА “Агенцтва Уладзіміра Граўцова” быў праведзены Рэспубліканскі конкурс “Лепшая бібліятэка года”, і ў адной з пяці конкурсных намінацый — “Лепшая школьная бібліятэка” — перамагла бібліятэка сярэдняй школы № 197 Мінска. 16 чэрвеня 2017 года падчас урачыстай цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі загадчыку бібліятэкі 197-й мінскай школы Святлане Фёдараўне Шпакавай былі ўручаны адпаведны дыплом і каштоўны падарунак (сертыфікат на набыццё літаратуры намінальным коштам 500 рублёў).

Напярэдадні Міжнароднага дня школьных бібліятэк мы завіталі ў лепшую школьную бібліятэку Беларусі і пазнаёміліся з яе гаспадыняй.

Вось маё першае ўражанне. Выходжу з метро на станцыі “Уручча”, збочваю з галоўнага сталічнага праспекта ўглыб, у двары, праходжу якіх метраў 200, і па вуліцы Гарадзецкай бачу вялікую школу. Накіроўваюся туды, заходжу, распісваюся ў сшытку наведванняў на вахце, падымаюся на трэці паверх, іду па доўгім калідоры да самага канца, адчыняю дзверы з шыльдай “Бібліятэка” і апынаюся ў светлай, залітай кастрычніцкім бабіналетнім сонцам прасторы… І бачу такую ж светлую, усмешлівую жанчыну ў абдымках дзяцей і кніг. Гэта гаспадыня лепшай школьнай бібліятэкі Беларусі Святлана Фёдараўна Шпакава.

А вось яе першае ўражанне: “Бягу такая ўся, разгарачаная, ускудлачаная, здаецца, нават не бягу, а лячу. Адчыняю з разбегу вялікія масіўныя дзверы і бачу… Строгі чырвоны дыванок ад самых дзвярэй… Строгія і ўсе, як адзін, аднолькавыя хлопцы ў вайсковай форме. І ў кожнага ў руках газета — “Праўда” ці “Камсамольская праўда”. У цэнтры за кафедрай мама — зусім, здаецца, не строгая, а светлая і загадкавая, як чароўная фея, як каралева ў зачараваным царстве…”

Гэтак Святлана Фёдараўна прыгадвае незабыўную карцінку са свайго дзяцінства, калі яна ў далёкіх 70-х гадах у трох- ці чатырохгадовым узросце забегла ў бібліятэку раскватараванай у Будапешце савецкай вайсковай часці і ўбачыла там сваю маму, армейскага бібліятэкара. Маленькай Святланцы, дачцэ вайскоўца, якая нарадзілася ў Карэліі, у дзяцінстве давялося пажыць з бацькамі і ў Польшчы, і ў Германіі, і ў Забайкаллі — усюды, куды бацьку накіроўвала служба. Але ж у душу запала на ўсё жыццё менавіта гэтая карцінка з палітінфармацыйнай гадзіны ў бібліятэцы савецкай вайсковай часці Будапешта. Як высветлілася, прарочая карцінка, бо такой каралевай ці феяй, толькі ўжо ў сённяшняй беларускай школьнай бібліятэцы, Святлана Фёдараўна паўстала перада мной.

Яе мама, дарэчы, у бібліятэцы апынулася дастаткова выпадкова. Па прафесіі настаўніца роднай мовы і літаратуры, яна проста не магла знайсці сабе адпаведную работу ў Венгрыі, а таму давялося пайсці ўслед за мужам “паслужыць”. Сама ж Святлана Фёдараўна, прынамсі, у пяшчотным узросце ў сваіх жыццёвых планах вагалася паміж школай і бібліятэкай. Падлеткам, пакінуўшы сваіх бацькоў у нямецкім Вюнсдорфе, дзе тады служыў бацька, яна паехала ў Магілёў, занесла ўжо дакументы на паступленне ў Магілёўскі педінстытут, але потым раптам рэзка перадумала (успомнілася, прымроілася тая чароўная карцінка з мамай?) і занесла іх у Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум. Пасля яго заканчэння працавала па размеркаванні ў сельскіх бібліятэках на Вілейшчыне, у Маладзечанскай цэнтральнай раённай бібліятэцы загадчыкам чытальнай залы, паралельна вучылася на бібліятэчным факультэце Мінскага інстытута культуры, выйшла замуж, пераехала з сям’ёй у сталіцу, дзе ўжо 26 гадоў працуе загадчыкам бібліятэкі 197-й сярэдняй школы. Прыйшла сюды працаваць праз паўгода пасля таго, як школа адкрылася.

Усе гэтыя 26 гадоў, пражытыя на адным працоўным месцы, у свядомасці Святланы Фёдараўны выразна падзяляюцца на “гады да камп’ютара” і “гады з камп’ютарам”. У “гадах да камп’ютара” было нямала цікавага і прыемнага ў прафесійным сэнсе, быў нават і свой бібліятэчны “экстрым” (экстрым з пункту гледжання сённяшніх магчымасцей) з дэманстрацыяй школьнікам каталожнай карткі на вялікім аркушы ватману, але была і пастаянная нейкая патаемная крыўда на тое, што школьных бібліятэкараў не заўважаюць, нягледзячы на ўсе іх намаганні зрабіць больш заўважнай сваю прафесію. Гэтая крыўда разам з патрабаваннямі часу і прымусіла Святлану Фёдараўну, як толькі камп’ютарныя тэхналогіі прарваліся ў наша жыццё, з галавой пагрузіцца ў свет інфармацыйных тэхналогій. Вучоба на розных курсах (найперш у Мінскім дзяржаўным інстытуце развіцця адукацыі), удзел у навукова-практычных канферэнцыях, метадычных семінарах і конкурсах, кантактаванне з найбольш прасунутымі ў плане камп’ютарнай адукацыі калегамі-бібліятэкарамі, настаўнікамі інфарматыкі, старшакласнікамі дастаткова хутка пачалі прыносіць свой плён, робячы прафесійнае жыццё Святланы Фёдараўны больш цікавым, больш насычаным і, што вельмі важна, больш заўважным нават у літаральным сэнсе — цяпер заўважным ужо не толькі ў школе і школьнай бібліятэцы, але і ў бязмежнай віртуальнай прасторы.

Сёння для Святланы Фёдараўны Шпакавай ужо, бадай, звычайная справа стварэнне віртуальных кніжных выстаў, буктрэйлераў, відэаапавяданняў і відэаказак, бібліятэчных відэаўрокаў, віртуальных падарожжаў, біяграфій пісьменнікаў. Усё гэта з поспехам выкарыстоўваецца на ўласна бібліятэчных мерапрыемствах, інтэграваных уроках, класных і інфармацыйных гадзінах. (Яна нават даўно перастала весці падлік сваіх электронных праектаў, ведае толькі, што іх больш за 300.) Звычайнымі ў яе штодзённым лексіконе сталі такія англійскія назвы, як PowerPoint, ProShow Producer, AutoPlay і інш. Гэты спектр праектных жанраў і арсенал камп’ютарных праграм — не дасягненне дзеля самога дасягнення, маўляў, паглядзіце, якая я крутая, колькі ўсяго я магу зрабіць. Зусім не! Фактычна ўсе айцішныя распрацоўкі Святланы Фёдараўны былі падказаны самім жыццём, рэальнымі вучнёўскімі патрэбамі і яе пастаянным імкненнем зрабіць уласнае жыццё, жыццё роднай школы і навучэнцаў больш паспяховым і цікавым. Прыкладаў гэтага безліч, пачынаючы ад самастойнага агучвання і візуалізацыі беларускіх народных казак (Святлана Фёдараўна даўно заўважыла, што навучэнцам малодшых класаў катастрафічна не хапае ілюстрацый у друкаваных зборніках народных казак) і заканчваючы складанымі электроннымі праектамі, прысвечанымі пісьменнікам — Пушкіну, Купалу, Коласу, Крапіве, або падзеям — чарнобыльскай катастрофе і інш. З кожным з гэтых праектаў звязаны тыя ці іншыя канкрэтныя ўспаміны. Напрыклад, Святлана Фёдараўна прыгадвае, што падчас працы над пушкінскім праектам, з якім, дарэчы, яна прымала ўдзел у Рэспубліканскім конкурсе “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт” і атрымала за яго пахвальную грамату, навучэнцы штодня забягалі да яе ў бібліятэку, цікавіліся, як ідуць справы, колькі частак ужо зроблена і г.д. На прэзентацыю чарнобыльскага відэароліка былі запрошаны госці з адной са смаленскіх школ, і многія з прысутных былі ўзрушаны да слёз. А, скажам, электронны праект “Відэабайкі Кандрата Крапівы” нарадзіўся са звычайнага конкурсу чытальнікаў сярод навучэнцаў 6—7 класаў, але дзяцей настолькі захапіў літаратурны свет Кандрата Кандратавіча, што Святлана Фёдараўна вырашыла даць конкурсу другое — віртуальнае — жыццё ў выглядзе відэабаек. Праект аказаўся рэзанансным, не ў апошнюю чаргу менавіта ён (сярод іншых праектаў) скарыў журы Рэспубліканскага конкурсу на лепшую бібліятэку, які праводзіла Беларуская бібліятэчная асацыяцыя разам з Агенцтвам Уладзіміра Граўцова ў 2017 годзе.

Пры ўсім гэтым Святлана Фёдараўна Шпакава — сапраўды шчодры чалавек, бо калі б не была такой, то не дзялілася б сваім вопытам з калегамі. Вось далёка не поўны пералік тых майстар-класаў, якія яна правяла на курсах павышэння кваліфікацыі і пасяджэннях раённага метадычнага аб’яднання школьных бібліятэкараў толькі за апошнія год-два (а іх тэмы гавораць самі за сябе!): “Прывіццё любові да чытання традыцыйнымі і нетрадыцыйнымі формамі работы”, “Стварэнне камфортнага і псіхалагічна бяспечнага асяроддзя ў школьнай бібліятэцы”, “Выкарыстанне інфармацыйных рэсурсаў у дзейнасці бібліятэкі агульнаадукацыйнай установы”, “Школьная бібліятэка як інфармацыйны рэсурс адукацыйнай прасторы ўстановы адукацыі”, “Арганізацыя дзейнасці школьнай бібліятэкі ў фарміраванні цікавасці да чытання навучэнцаў розных узроставых груп”. Святлана Фёдараўна ўвогуле, як падалося, вельмі любіць рознага кшталту масавыя мерапрыемствы, дзе можна сустрэцца і падыскутаваць з калегамі ці хаця б проста ўбачыць сваіх старых добрых знаёмых. Адным з самых душэўных і карысных мерапрыемстваў была сустрэча з прадстаўнікамі Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь у рамках праекта “Испокон века книга растит человека”. Асаблівую цікавасць вучняў 197-й школы выклікала выступленне загадчыка аддзела старадрукаў і рэдкіх выданняў бібліятэкі Валерыя Герасімава, магчымасць патрымаць у руках старадаўнія кнігі, якія Валерый Мікалаевіч прынёс з сабой. Школьнікі з захапленнем чыталі тады ўласныя вершы, якія потым былі ўключаны ў зборнік твораў навучэнцаў сталіцы. Цяпер гэтая кніга стаіць на адным з самых бачных месцаў у бібліятэцы мінскай 197-й школы.

А, напэўна, самай значнай нядаўняй падзеяй у жыцці Святланы Фёдараўны (безумоўна, калі не лічыць перамогу на конкурсе “Лепшая бібліятэка года”) стала стварэнне ёй свайго канала на YouTube і блога “БИБЛИОИЗЮМИНКИ” (http://svetlanashpakova.blogspot.com.by/), дзе яна расказвае пра падзеі ў роднай школьнай бібліятэцы, знаёміць з незвычайнымі гісторыямі пра кнігу і бібліятэку як інстытуцыю, прэзентуе аўтарскія бібліятэчныя праекты, папулярызуе ўласны вопыт і вопыт калег. Вельмі важна, што стварэнне блога дазволіла прымаць удзел у міжнародных бібліятэчных акцыях і праектах (“Краіна, якая чытае”, “Здымаем буктрэйлер па Чэхаву”, “Мой край паэты апяваюць… Максім Багдановіч”, “КНІЖНЫ TEG” і інш.). Блог “БИБЛИОИЗЮМИНКИ” быў запушчаны ў пачатку мінулага года, і з таго часу ён набраў больш за 60 тысяч наведванняў, увайшоў у многія міжнародныя каталогі. Сярод падпісчыкаў — прафесійныя бібліятэкары не толькі з Беларусі, але і з Расіі, Украіны, Германіі, Ізраіля.

Слухаючы Святлану Фёдараўну, я не толькі фіксаваў усю гэтую канкрэтна-прадметную інфармацыю, але і адзначаў для сябе некаторыя выказванні суразмоўцы і, скажам так, жыццёва-прафесійныя назіранні, якія разам складваліся ў пэўную сістэму яе прынцыпаў і правіл, істотна дапаўняючы агульны партрэт. Вось некаторыя з іх.

“Навучэнцы малодшых і сярэдніх класаў часта прыходзяць да мяне на перапынках у бібліятэку, каб адгарадзіцца ад шуму, які стаіць у калідоры. Для самых маленькіх ёсць нават спецыяльны куток. Заўсёды пацешна назіраць, як яны самі бяруць з паліцы кніжкі. Калі не дацягваюцца, становяцца на дыбачкі ці на крэселка ўзбіраюцца. І такія сур’ёзныя пры гэтым!”

“Пасля мерапрыемстваў па рэкламе кніжак паліцы застаюцца “лысыя”. Потым даводзіцца нанава расстаўляць усе кнігі. Але мне нескладана гэта рабіць: я з завязанымі вачыма ведаю, дзе якая стаіць”.

“З падслуханай размовы двух старшакласнікаў. Адзін хоча Фанвізіна ўзяць, а другі яму кажа: “Ды навошта табе? У нэце не знойдзеш?” А той адказвае: “А мне ў руках патрымаць кнігу хочацца”.

“Выдаючы тую ці іншую кнігу не па праграме, абавязкова перакінуся з навучэнцам хоць парай фраз: чаму яму яна спатрэбілася, хто яму пра яе сказаў. Дзялюся як бы між іншым сваімі ўражаннямі. Я хачу, каб школьнік бачыў ува мне сябра”.

“Самае галоўнае ў зносінах з маленькім чытачом — адразу зацікавіць яго і кнігай, і чытаннем, і бібліятэкай. Ён прыйшоў да мяне, потым пайшоў ад мяне, але абавязкова павінен вярнуцца. Пайсці і вярнуцца”.

“Я цудоўна разумею, што ў чалавека любой прафесіі перыядычна здараюцца так званыя прафесійныя выгаранні. І мы, школьныя бібліятэкары, тут не выключэнне. Каб гэта адбывалася ўсё ж такі радзей, я пастаянна прыдумваю нешта новае. Тады мне здаецца, што я нібы мяняю род дзейнасці: ужо не проста бібліятэкар, а, напрыклад, бібліятэкар і псіхолаг або бібліятэкар і выкладчык. Хаця, шчыра кажучы, школьны бібліятэкар сёння выконвае шмат функцый, часам нават робіць работу грузчыка, калі цягне падручнікі, якіх нестае ў бібліятэцы, ці бухгалтара, калі даводзіцца разбірацца з усімі нестыкоўкамі пры аплаце карыстання падручнікамі праз ЕРИП. Я таксама загружана па поўнай праграме. Акрамя бібліятэкарскай працы, з’яўляюся адміністратарам школьнага сайта, з тым жа ЕРИП іншы раз валаводжуся. Але ні на што не скарджуся. Дзякуй богу, у мяне тут ёсць надзейныя памочнікі і сярод адміністрацыі (найперш наш дырэктар Таццяна Сяргееўна Собаль), і сярод настаўнікаў, і сярод навучэнцаў. Я наогул ніколі не пашкадавала, што працую ўсё жыццё школьным бібліятэкарам, прычым 26 гадоў — у адной 197-й школе”.

…Пытаюся ў Святланы Фёдараўны напрыканцы размовы: “У панядзелак, 23 кастрычніка, чакаеце віншаванні?”

“А як жа! Я нават дакладна ведаю: толькі зайду ў школу, адразу вахцёр павіншуе, потым вучні, настаўнікі… І так увесь дзень будзе”.

“А маглі б успомніць самы арыгінальны падарунак?”

“Гэта было некалькі гадоў назад. Адна дзяўчынка падарыла мне малюнак. Я гляджу, а там намалявана быццам і крыху падобная да мяне жанчына, але ў акулярах і з гулькай. Я нават крыху збянтэжылася. Пытаюся разгублена: “Маша, дык а чаму ты так намалявала мяне?” А яна мне адказвае: “Святлана Фёдараўна! Вы ў нас, канечне, такая прыгожая, такая ўся сучасная, у камп’ютарах крута разбіраецеся, але ж вы школьны бібліятэкар”. Такія вось, на жаль, у нас стэрэатыпы…”

Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.