Пакінуць след для нашчадкаў

- 9:12Авторские колонки, Мнение

Наталля СТЭЛЬМАХ,
педагог-псіхолаг

 

 

 

 

9 мая спаўняецца 78 гадоў з дня Вялі­кай Перамогі над фашысцкімі захопнікамі. Усе гэтыя гады памяць аб бессмяротным по­дзвігу народа, які адстаяў незалеж­насць Ра­дзімы, жыве ў сэрцах беларусаў.

Значнасць тэмы перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне для нашага грамадства не патрабуе асаблівых доказаў. Нягледзячы на дзесяцігоддзі, яна не страчвае сваёй актуальнасці, наадварот, раскрываецца новымі гранямі, і мы бачым у гэтых падзеях усё новы сэнс.

Яшчэ нядаўна было немагчыма ўявіць, што нехта ў свеце будзе ставіць пад сумненне значэнне перамогі над нацызмам і ролю ўсяго савецкага народа ў гэтым. Вырасла пакаленне, якое прывыкла да стандартнага, спакойнага, добрага жыцця ў Беларусі. Пакаленне, якое не ведае сур’ёзных выпрабаванняў, якое ўспрымае стандарт спа­койнага жыцця як безумоўную, гарантаваную норму, за якую не трэба змагацца, якая нічога не каштуе. У такім спакоі і стабільнасці міру і бяспекі вельмі лёгка перастаць цаніць і памятаць тое, што з’яўляецца фундаментам такога жыцця. Старэйшае пакаленне памятае і шануе памяць аб подзвігу дзядоў, больш усвядомлена і з разу­меннем ставіцца да гісторыі. А вось малодшае пакаленне, якое не ведала нягод і цяжару, паддаўшыся на прапаганду і правакацыі, не-не, ды і выказваецца аб тым, што “трэба забыць”, “не трэба ў будучыню цягнуць груз мінулага” і г.д. Таму вельмі важна пераконваць моладзь у тым, што велі­зарная гісторыя краіны, народа — гэта частка іх лёсу. 

2023 год у Беларусі аб’яўлены Годам міру і стварэння. Сёлетняя тэматыка вельмі актуальная для сучасных рэалій. Гісторыя ведае шмат прыкладаў, калі мірнае жыццё ставілася пад небяспеку. Важна памятаць, што мір — гэта галоўная каштоўнасць чалавецтва і яго захаванне залежыць ад кожнага з нас. Ствараць, а не разбураць! Не разбураць гісторыю, не разбураць памяць і праўду. Сёння сітуацыя ў свеце вельмі няпростая. Толькі ў захаванні праўды аб Вялікай Перамозе і аб подзвігу лю­дзей, якія цаной свайго жыцця адстаялі свабоду і незалежнасць нашай краіны, мы захаваем сябе.

Нядаўна мне давялося наве­даць музейны комплекс “Дарога памяці. 1418 крокаў да Перамогі” ў Маскоўскай вобласці. Музей разбіты на залы, якія прадстаўляюць галоўныя падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Другая зала музея называецца “Першы дзень вайны”. Пад гукавое суправаджэнне вы­бухаў і бамбёжкі на сценах залы ідуць спісы населеных пунктаў, якія пацярпелі ў першыя гадзіны вайны. Гэта ўсё беларускія гарады! Трэцяя зала — “Гераічная абарона Брэсцкай крэпасці”. Дарослыя мужчыны плакалі, не вытрымлівалі доўга ў гэтай зале. Я думала толькі аб адным — колькі ж гора, колькі цяжару зведала наша краіна, колькі на сваіх плячах вынес наш народ. Ні адна рэспубліка Савецкага ­Саюза так не прадстаўлена ў гэтым музеі, як наша Беларусь. Ні адна зямля так не паліта крывёй і слязамі, як наша беларуская. Мы не маем ніякага маральнага права аддаць забыццю памяць, мы павінны выкараніць любыя спробы перапісаць гісторыю. Мой дзядуля, які сустрэў Перамогу ў Бер­ліне, казаў, што пасля сябе ў гэтым жыцці трэба пакінуць след, па якім не сорамна будзе ісці тваім нашчадкам. Мы з гордасцю ідзём па слядах сваіх дзядоў. Ад нас, людзей, якія жывуць сёння, ад тых, хто ідзе за намі, ад маладых пакаленняў залежыць мір і спакой у нашай краіне.