Ярка і маштабна ў Казялужскім дзіцячым садзе, што ў Хойніцкім раёне, адзначаюць самае вясёлае свята на Палессі — беларускія Каляды. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Не было раней такой сям’і ў Хойніцкім раёне, дзе не чакалі б у святочны вечар гасцей з песнямі, танцамі, віншаваннямі. Цяпер тое самае можна сказаць пра дзіцячыя садкі — тут зберагаюць даўнія народныя традыцыі і далучаюць да іх з маленства.
Па добрым звычаі штогод музычны кіраўнік Наталля Малашанка, выхавальніца Галіна Вяргейцык і выхаванцы Казялужскага дзіцячага сада старанна развучваюць песні-калядкі, вершы, робяць калядную зорку, апранаюцца ў касцюмы жывёл, скамарохаў, казачных персанажаў і рыхтуюць пачастункі.
— Прыйшла Каляда — дзверы адчыняйце! Напярэдадні старога Новага года з такога прывітання ў нашым дзіцячым садку заўсёды пачынаецца яркі музычна-тэатралізаваны паказ, — гаворыць музычны кіраўнік Наталля Малашанка.
— Калядкі не толькі дораць дашкалятам радасць, але і даюць магчымасць дакрануцца да традыцый і звычаяў беларускага народа, — падтрымлівае гаворку Галіна Вяргейцык. — Выдатнае атрымліваецца свята! Маленькіх калядоўшчыкаў запрашаем на шчодрую вячэру, абавязковымі стравамі якой з’яўляюцца куцця, бліны, каўбаса. Дзеці з задавальненнем частуюцца, спяваюць, іграюць на музычных інструментах, танцуюць, гуляюць у народныя забавы.
На самай справе свята, якое праводзяць педагогі для дзяцей, пакідае ў іх сэрцах і душы незабыўныя ўражанні, а таксама добры настрой. Мерапрыемства з году ў год паказвае, якое вялікае значэнне для творчага развіцця асобы мае цікавае баўленне часу.
Алена КАСЬЯН-ПАЎЛЯНКОВА
Фота ўдзельнікаў свята