Палюбіць дакладныя навукі? Лёгка!

- 8:20Адукацыйныя магчымасці

Незвычайная выстава EVOлюцыя адкрылася ў Брэсцкай гарадской цэнтральнай бібліятэцы імя А.С.Пушкіна (філіял № 13). Яе аўтары — выпускнік Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта інжынер-будаўнік Сяргей Скарына разам са сваім бацькам Юрыем Вітальевічам, таксама інжынерам, былым вайскоўцам.

EVOлюцыя — гэта выстава-музей вынаходстваў, адкрыццяў, ілюзій і пазнавальна-займальных галаваломак для дзяцей і дарослых. Тут сабраны дзясяткі экспанатаў, пры дапамозе якіх можна самім паўтарыць навуковыя адкрыцці і вынаходствы Архімеда, Піфагора, Леанарда да Вінчы, Жана Фуко і іншых славутых навукоўцаў-даследчыкаў. Усе прадметы можна кратаць рукамі і правяраць у дзеянні.

На стварэнне выставы Сяргея Скарыну натхнілі музей “Эксперыментарыум” у Маскве і Музей Каперніка ў Варшаве. Наведаўшы іх, хлопцу захацелася стварыць падобнае ў Беларусі.

Мэта музея-выставы EVOлюцыя — развіццё асобы або калектыву не пад у­здзеяннем сілы, а з дапамогай сілы думкі.

На выставе прадстаўлены экспанаты, якія адлюстроўваюць дасягненні чалавецтва ў сферы геаметрыі і фізікі. У будучыні плануецца дадаць экспанаты з галін хіміі і біялогіі.

Упершыню падобная выстава ў Брэсце была арганізавана ў снежні 2019 года, аднак у сувязі з пандэміяй каранавіруса яе прыйшлося прыпыніць. Цяперашняя выстава будзе працаваць з красавіка да канца лета.

Як лічыць Сяргей Скарына, веды без практыкі мёртвыя, ведам трэба даць практычнае прымяненне. Менавіта гэтай мэце і служыць EVOлюцыя.

Экспанаты выставы прадстаў­ляюц­ь фундаментальныя асновы будаўнічай механікі, на якія абапіраліся аўтары розных інжынерных вынаходстваў. Сэнс галаваломак у тым, што яны ў цэлым дапамагаюць вырашаць самыя складаныя сітуацыі. Трэба толькі звярнуцца да волі і розуму.

Напрыклад, чаша Піфагора, прадстаўленая на выставе, паказвае прынцып дзеяння закону сазлучаных сасудаў. Рычаг Архімеда, вынайдзены яшчэ ў Старажытнай Грэцыі, выкарыстоўваецца і ў сучасным жыцці. Ён пацвяр­джае прынцып раўнадзейнай сілы, які выконваецца падчас праектавання рознай тэхнікі. Маятнік Фуко дэманструе і даказвае рух зямнога шара вакол зямной восі.

Аўтарам хацелася прыцягнуць увагу навучэнцаў школ да прыродазнаўчых навук, зацікавіць іх, таму музей задуманы як прамежкавая ступень, якая злучае адукацыйны працэс сярэдняй школы з працэсам сістэмнага фарміравання ў дзяцей і мола­дзі тэхналагічнага мыслення, здольнасці сфармулявац­ь задуму, прааналізавац­ь наступствы, спланаваць і рэалізаваць канкрэтную справу.

Музей разам з прызнанымі навуковымі і тэхнічнымі дасягненнямі можа прадстаўляць лепшыя экспанаты, зробленыя дзецьмі ў тэхнічных гуртках, а пры выбары маладымі людзьмі спецыяльнасці і неабходнасці далейшага тэхнічнага развіцця — арыентаваць іх у выбары ўстаноў адукацыі.

Святлана СЁМІНА,
настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 10 Брэста.