Работа з маладымі педагогамі — адзін з важных напрамкаў дзейнасці Брэсцкай гарадской арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, на рахунку якой шмат цікавых практыка-арыентаваных мерапрыемстваў, накіраваных на замацаванне моладзі ў сістэме адукацыі, дапамогу ў прафесійным станаўленні, працоўна-прававую падтрымку і развіццё творчых здольнасцей.
Нядаўна пры падтрымцы аддзела па адукацыі Брэсцкага гарвыканкама і раённых упраўленняў па адукацыі горада прайшоў VІ Брэсцкі маладзёжны форум педагагічных ідэй і рашэнняў “Педагагічны фэст”. 45 маладых выхавальнікаў, настаўнікаў-прадметнікаў, педагогаў-арганізатараў і настаўнікаў-дэфектолагаў з працоўным стажам да 2 гадоў сабраліся ў дзіцячым аздараўленчым лагеры “Салют” Кобрынскага раёна, каб у нефармальнай абстаноўцы наладзіць сяброўскія і прафесійныя зносіны, абмяняцца цікавымі напрацоўкамі і атрымаць парады вопытных калег.
Адкрываючы форум, начальнік гарадскога аддзела па адукацыі А.М.Наскоў адзначыў, што асноўная задача мерапрыемства, якое за гады існавання даказала сваю мэтазгоднасць і запатрабаванасць, — дапамагчы моладзі пераканацца ў правільным прафесійным выбары і стварыць максімальна спрыяльныя ўмовы для яе прафесійнага станаўлення і замацавання ва ўстановах адукацыі. Але застацца ў прафесіі мала, неабходна стаць яшчэ высакакласнымі спецыялістамі. Дапамагчы ў гэтым — галоўны абавязак вопытных педагогаў, органаў кіравання адукацыяй і прафсаюзнай арганізацыі.
— Форум адыгрывае важную ролю ў стымуляванні творчай ініцыятывы маладых педагогаў, выяўленні таленавітых настаўнікаў, здольных да актыўнай дзейнасці ў прафесійных педагагічных супольнасцях і пярвічных прафсаюзных арганізацыях, прапагандзе сучасных адукацыйных практык і распаўсюджванні інавацыйных педагагічных ідэй, наладжванні асабістых і прафесійных зносін, — расказала старшыня Брэсцкага гаркама галіновага прафсаюза І.А.Жак.
Першы прарэктар БрДУ імя А.С.Пушкіна кандыдат педагагічных навук С.М.Севярын падзяліўся думкамі пра гуманітарныя рызыкі лічбавізацыі адукацыі. Дырэктар сярэдняй школы № 5 Т.І.Марцішка расказала пра сістэму работы з маладымі спецыялістамі. Настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 13 імя В.І.Хована, пераможца ІІ Брэсцкага маладзёжнага форуму педагагічных ідэй і рашэнняў “Педагагічны фэст” і абласнога конкурсу “Малады настаўнік Брэстчыны”, старшыня маладзёжнага савета гарадской арганізацыі галіновага прафсаюза В.В.Дзяйнека засяродзіла ўвагу на ролі моладзі як важнага стратэгічнага і кадравага рэсурсу ў паспяховым развіцці сістэмы адукацыі.
У рамках форуму прайшоў конкурс “Уключайся! Стварай! Натхняй!”, які складаўся з двух этапаў. Падчас першага этапу ўдзельнікі рыхтавалі троххвілінныя відэаролікі на адну з прапанаваных тэм (“Ёсць ідэя!”, “Педагагічны лайфхак” і “Гэта працуе!”) у жанры інтэрв’ю, рэпартажу ці відэакліпа, дзе расказвалі пра ўласную педагагічную дзейнасць. А падчас другога этапу — вусныя выступленні, дзе на працягу 5 хвілін прэзентавалі цікавыя метады, прыёмы і формы работы, якія эфектыўна выкарыстоўваюць на ўроках і пазакласных мерапрыемствах, дзяліліся думкамі, ідэямі і поглядамі наконт спосабаў удасканалення ўласнай дзейнасці і адукацыйнага працэсу ў цэлым. Публічныя выступленні суправаджаліся відэаролікамі і прэзентацыямі фрагментаў урокаў і пазакласных мерапрыемстваў. Адчувалася, што моладзь любіць выбраную справу, займаецца ёй натхнёна і ўсвядомлена і кідаць не збіраецца.
Пераможцай конкурсу стала настаўніца пачатковых класаў Настасся Вадзімаўна Цупрунюк з сярэдняй школы № 7. На 2-м месцы — настаўніца пачатковых класаў Настасся Аляксандраўна Гоган з сярэдняй школы № 11. На 3-м месцы — настаўніца біялогіі Вераніка Аляксандраўна Шманева з сярэдняй школы № 20 імя Героя Савецкага Саюза Д.М.Карбышава і настаўніца беларускай мовы і літаратуры Юлія Віктараўна Арэшка з сярэдняй школы № 33. Шэраг педагогаў быў адзначаны ў намінацыях: настаўнік-лагапед Марына Алегаўна Бацоха з сярэдняй школы № 31 (“Крэатыўны малады педагог”), настаўнік-дэфектолаг Яна Генадзьеўна Дзямская з дзіцячага сада — пачатковай школы № 2 (“На шляху да вяршынь майстэрства”), настаўнік-дэфектолаг Настасся Юр’еўна Дубнік з ясляў-сада № 74 (“Педагагічная творчасць без меж”), настаўніца англійскай мовы Юлія Мікалаеўна Мясніковіч з сярэдняй школы № 25 (“Арыгінальнасць бачання педагагічнай прафесіі”) і настаўніца замежнай мовы Кацярына Валер’еўна Прасмыцкая з сярэдняй школы № 16 (“Педагог — гэта прызванне”).
Шмат цікавага і карыснага ўдзельнікі форуму даведаліся падчас прафсаюзнага квеста “Калектыўны розум”, зладжанага членамі маладзёжнага савета гарадской прафсаюзнай арганізацыі, трэнінгу “Знайдзі ў сабе рэсурс” і майстар-класаў “Спосабы стварэння асяроддзя ўзаемадзеяння на ўроку”, “Медыяадукацыя на ўроку: модная інавацыя ці жыццёвая неабходнасць?” і “Развіццё пазнавальнага інтарэсу і пазнавальнай актыўнасці вучняў шляхам выкарыстання на ўроках прыёмаў тэхналогіі развіцця крытычнага мыслення і арганізацыі мэтапастановачнай дзейнасці”, праведзеных педагогамі-псіхолагамі І.С.Балцянковай і Н.І.Лысовай з сярэдняй школы № 23, настаўніцамі англійскай мовы А.В.Анціпаровіч і В.М.Куіс з сярэдняй школы № 37, намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 8 імя Героя Беларусі У.М.Карвата Н.М.Маслоўскай і настаўніцай пачатковых класаў Д.М.Дзікан з гімназіі № 5 Брэста.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота аўтара.