Сэрцам і душой краязнаўчага музея нашай школы па праве лічыцца настаўніца гісторыі Зінаіда Жукоўская.
Больш за 50 гадоў яна аддала навучанню і выхаванню дзяцей. Зінаіда Іванаўна — сапраўдны энтузіяст сваёй справы, які натхняе вучняў на даследаванне роднага краю.

— Музей — гэта падарунак для вучняў, — лічыць Зінаіда Жукоўская. — Важна, каб яны памяталі свае карані, ведалі гісторыю Радзімы, культуру і традыцыі продкаў. Для юных краязнаўцаў яшчэ шмат работы ў музеі, такой цікавай і творчай, такой неабходнай.
Гісторыя музея пачалася ў 1965 годзе дзякуючы плённай пошукавай працы настаўнікаў і вучняў пад кіраўніцтвам дырэктара Леаніда Жукоўскага, былога падпольшчыка. Першапачаткова музей быў прысвечаны баявой славе і стаў вынікам маштабнай работы па зборы інфармацыі пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны і лёсы землякоў. Вучні актыўна перапісваліся з ваенкаматамі, адпраўлялі сотні лістоў у розныя куткі Савецкага Саюза, збіралі архіўныя дакументы, фотаздымкі і ўспаміны родных загінуўшых. Гэтая работа дазволіла стварыць унікальны архіў, які стаў асновай для экспазіцыі.
У 1990 годзе з узвядзеннем новага будынка школы і яе перайменаваннем у Свіслацкую музей атрымаў новы імпульс для развіцця.
З нагоды 60-годдзя Вялікай Перамогі па ініцыятыве дырэктара Генрыха Шумскага на аснове ранейшай экспазіцыі быў адкрыты краязнаўчы музей. Сімвалічна, што чырвоную стужку пераразаў ветэран Вялікай Айчыннай вайны Уладзімір Жучко.
Новая экспазіцыя складалася з раздзелаў, якія адлюстроўвалі розныя аспекты гісторыі Свіслацкага краю, таксама быў створаны куток этнаграфіі, які знаёміў з традыцыйным побытам і культурай мясцовых жыхароў.
Музей працягвае развівацца і папаўняцца новымі экспанатамі дзякуючы намаганням педагогаў, вучняў і неабыякавых жыхароў аграгарадка Свіслач. Так, у рамках святкавання 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў па маёй ініцыятыве была праведзена маштабная работа па абнаўленні экспазіцыі. Гэта стала магчымым дзякуючы сумесным намаганням педагогаў, майстроў і фінансавай падтрымцы СВК “Свіслач”.
Настаўнік фізікі Дзмітрый Сях сумесна з вучнямі стварыў унікальныя макеты з інсцэніроўкамі баёў часоў Вялікай Айчыннай вайны, якія наглядна дэманструюць гераізм і мужнасць беларускага народа. Настаўніца гісторыі Наталля Кулікова разам з вучнямі правяла грунтоўную даследчую работу па стварэнні радаводу Пуслоўскіх-Красінскіх, адкрываючы новыя старонкі гісторыі роднага краю.
Абноўлены музей стаў сучаснай пляцоўкай для правядзення экскурсій, тэматычных заняткаў і іншых мерапрыемстваў, накіраваных на паглыбленне ведаў вучняў пра гісторыю і культуру нашага краю.
Наталля КАШЭТА,
дырэктар Свіслацкай сярэдняй школы Гродзенскага раёна








