Памяць пра былых педагогаў, дырэктараў беражліва захоўваюць у Гнезнаўскай сярэдняй школе

- 17:14Новости

Памяць пра былых педагогаў, дырэктараў беражліва захоўваюць у Гнезнаўскай сярэдняй школе Ваўкавыскага раёна. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Сённяшнія настаўнікі не проста стварылі асобны раздзел на сайце “Жывая гісторыя”, інфармацыя з якога выкарыстоўваецца падчас урокаў, класных гадзін, экскурсій. Падарожжа ў часе вучні могуць здзейсніць і ў кабінеце гісторыі, дзякуючы тэматычнай экспазіцыі, аформленай у стылі савецкай школы. Тут і старая дошка, і вучнёўская форма, іншая атрыбутыка, добра знаёмая вучням савецкага часу. Тут жа можна пагартаць і старыя альбомы-летапісы, створаныя папярэднімі пакаленнямі настаўнікаў.

— Школа — гэта не падлога, сцены і дах. І нават не класы, калідоры і кабінеты. Гэта людзі, якія ўклалі душу ў развіццё адукацыі, навучанне і выхаванне падрастаючага пакалення. Колькі іх было: настаўнікаў, вучняў, бацькоў? І кожны ўкладваў нешта сваё. Гнезнаўская школа, у якой мне пашчасціла працаваць 30 гадоў, — адна з найстарэйшых у раёне, ёй больш за 120 гадоў. Пачалася гісторыя ў 1902 годзе з пачатковай школы, якая размяшчалася ў звычайнай вясковай хаце. У 1935 годзе быў узведзены новы будынак. Сённяшні пабудаваны ў 1982 годзе. Значны ўклад у развіццё ўстановы адукацыі зрабіў яе былы дырэктар Аляксей Антонавіч Сімановіч. Спадзяюся, гады майго кіраўніцтва таксама прайшлі плённа, — з лёгкім сумам у голасе адзначыла Наталля Іванаўна Кароль.

Справа ў тым, што з гэтага навучальнага года яна ўзначальвае сярэднюю школу № 2 Ваўкавыска, а дырэктарам Гнезнаўскай школы стала яе намеснік Ірына Аляксандраўна Астроўская. Наталля Іванаўна ўпэўнена, што Ірына Аляксандраўна гэтак жа годна прадоўжыць справу сваіх папярэднікаў, а ў летапісе гісторыі адукацыі ў Гнезне абавязкова з’явяцца новыя яркія старонкі.

Ігар ГРЭЧКА
Фота аўтара