Памяць пра герояў Вялікай Айчыннай вайны і ахвяр генацыду беларускага народа захоўваюць удзельнікі пошукавых аб’яднанняў

- 14:11Актуально, Главная

Узнавіць імёны герояў Вялікай Айчыннай вайны і ахвяр генацыду беларускага народа — такім лічаць свой абавязак удзельнікі больш чым 520 пошукавых аб’яднанняў, якія дзейнічаюць ва ўстановах адукацыі краіны, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

Прыклад супрацоўніцтва

Нядаўняя рэспубліканская канферэнцыя “Дзейнасць устаноў адукацыі па ўвекавечванні і захаванні памяці пра ахвяр войнаў як аснова патрыятычнага выхавання” сабрала ў Цэнтральным доме афіцэраў прадстаўнікоў Міністэрства адукацыі і Міністэрства абароны, грамадскіх аб’яднанняў, навукоўцаў. Самай шматлікай аўдыторыяй былі, безумоўна, педагогі — кіраўнікі пошукавых атрадаў і клубаў, кіраўнікі па ваен­на-патрыятычным выхаванні.

Традыцыйнымі для іх з’яўляюцца палявыя пошукавыя работы. Згодна з заканадаўствам, такія работы могуць праводзіцца ваеннаслужачымі 52-га асобнага спецыялізаванага пошукавага ба­тальёна. Аднак гэта не значыць, што педагогі і навучэнцы не дапускаюцца да раскопак на месцах пахавання салдат і мірных жыхароў. Выдатны прыклад плённага супрацоўніцтва з 52-м ба­тальёнам — дзейнасць пошукавага клуба “Пунсовыя пагоны” Гомельскага кадэцкага вучылішча.

Сёння кадэты разам з кі­раўніком клуба настаўнікам гіс­торыі Паўлам Уладзіміравічам Дзенісенкам вядуць пошукавыя работы ў рамках расследавання Генеральнай пракуратурай Рэс­публікі Беларусь крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа падчас Вялікай Айчыннай вайны і ў пасляваенны перыяд. Пачалося ўсё ў маі 2021 года, калі памочнік пракурора Гомеля правёў допыт Паўла Уладзіміравіча ў якасці сведкі. У пракуратуру былі перададзены звесткі аб яўрэйскіх гета, каталог воінскіх пахаванняў вобласці і агульнадаступныя схемы пахаванняў мірных жыхароў у наваколлях горада. Настаўнік увайшоў у склад рабочай групы Гомельскага гарвыканкама па расследаванні крымінальнай справы, удзельнічаў у вывучэнні алічбаваных дакументаў з фондаў Гомельскага абласнога архіва.

— Лета 2021 года для клуба выдалася гарачым як у прамым, так і ў пераносным сэнсе. У гэты год у нас было аж чатыры пошукавыя аб’екты на тэрыторыях Калінкавіцкага і Жлобінскага раёнаў. У выніку знойдзена 5 байцоў Рабоча-Сялянскай Чырвонай Арміі. 9 дзён працы пад спякотным сонцам, жыццё ў палатках, кастровае харчаванне сталі для падлеткаў сапраўдным выпрабаваннем. Было цяжка, але такія ўмовы загартавалі кадэтаў. За некалькі дзён яны пасталелі, бо даведаліся пра суровую праўду вайны, усвядомілі цану мірнага неба, — па­дзяліўся Павел Уладзіміравіч.

Таямніцы Чонкаўскага лесу

Самыя выніковыя за апошні час пошукі праведзены ў лясным масіве Чонкаўскага лясніц­т­ва. У кастрычніку 2021 года для ўстанаўлення фактаў генацыду і правядзення палявых работ туды былі прыцягнуты ваеннаслужачыя 52-га батальёна і ўдзель­нікі клуба “Пунсовыя пагоны”. На сёння выяўлена 29 месцаў пахавання, у 27 з іх цалкам выняты касцявыя астанкі.

— Праведзена больш за 60 аглядаў месца здарэння, падняты астанкі 875 чалавек. На чарапах маюцца пашкоджанні, характэрныя для скразных агнястрэльных раненняў. Жаночыя грабяні, зубныя шчоткі і часткі футляраў да іх, пластмасавыя гузікі, ключы, складаныя нажы, фрагменты абутку, рамяні са спражкамі ўказваюць  на тое, што ў гэтым месцы пахаваны менавіта мірныя жыхары. Канфіскавана значная колькасць абоймаў, гільзаў і куль рознага віду, у тым ліку нямецкай вінтоўкі сістэмы Маўзер, пісталетных патронаў сістэмы Парабелум. У пахаваннях выяўлены дзве манеты, дзе на аверсе арол з распрастанымі крыламі, які трымае ў лапах вянок з выявай нямецкай свастыкі. Устаноўлена наяўнасць нямецкага палатачнага лагера, а таксама комплексу нямецкіх бліндажоў. Прааналізаваўшы атрыманыя даныя і вывучыўшы рэчавыя доказы, следчая група прыйшла да высновы аб пастаяннай дыслакацыі ва ўказаным месцы нямецкай расстрэльнай каманды і іх памагатых, а таксама аб кароткатэрміновым утрыманні ў гэтым месцы мірнага насельніцтва перад расстрэламі, — паведаміў Павел Уладзіміравіч.

Па завяршэнні палявога сезона 2021 года Гомельскае кадэцкае вучылішча наведаў камандзір 52-га пошукавага батальёна падпалкоўнік Андрэй Уладзіміравіч Рубін. Лепшыя кадэты былі ўзнагароджаны граматамі. У якасці заахвочвання яны атрымалі права прадстаўляць вобласць на рэспубліканскім семінары “Аб хо­дзе расследавання Генеральнай пракуратурай Рэспублікі Беларусь крымінальнай справы па фактах генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны”. Вынікам дзейнасці клуба стала выстава, прысвечаная ўзаемадзеянню Міністэрства адукацыі і Генеральнай пракуратуры ў расследаванні крымінальнай справы па генацыдзе беларус­кага народа, якая праходзіла ў снежні мінулага года. Для кадэтаў гэта быў своеасаблівы экзамен.

Алгарытм дзеянняў

Згодна з беларускім заканадаўствам, весці раскопкі на месцы выяўлення касцявых астанкаў могуць ваеннаслужачыя 52-га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна. Таму нядзіўна, што выступленне Паўла Уладзіміравіча выклікала ў яго калег цалкам лагічнае пытанне: “Як гомельскім кадэтам удаецца не проста трапіць на пошукавыя аб’екты, але і працаваць там з рыдлёўкамі, металашукальнікамі?”

Тут існуе пэўны алгарытм дзеянняў, — тлумачыць настаўнік. — У Рэспубліцы Беларусь зацверджана нарматыўная база, якая рэгулюе парадак правядзення палявых пошукавых работ. У адпаведнай інструкцыі Міністэрствам абароны прапісана, што ў такіх работах могуць удзель­нічаць як фізічныя асобы, так і грамадскія аб’яднанні. Але ёсць пэўныя ўмовы. Па-першае, трэба прайсці навучанне тэхніцы бяспекі. Па-другое, існуюць узроставыя абмежаванні (з 16 гадоў падлеткі могуць удзельні­чаць непасрэдна ў раскопках, а з 14 гадоў — у дапаможных работах). І абавязковы дазвол бацькоў. Яшчэ трэба напісаць пісьмо на імя начальніка ўпраўлення па ўвекавечванні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў Узброеных Сіл палкоўніка Сяргея Мікалаевіча Варановіча з просьбай дазво­ліць удзел у раскопках. Калі выкон­ваць гэты алгарытм, то дарога да пошукавых аб’ектаў вам і вашым навучэнцам будзе адкрыта.

Дакладнасць ва ўсім

У клуба “Пунсовыя пагоны” шмат традыцый. Адна з іх — выезды на тэрыторыю 65-га Мазырскага ўмацаванага раёна, у прыватнасці, на чыгуначную станцыю Пціч у Петрыкаўскім раёне, дзе знаходзіцца арыгінальнае збудаванне з падземнымі хадамі агульнай працягласцю каля 300 м. Менавіта тут адбылася сустрэча Паўла Уладзіміравіча Дзенісенкі з яго калегам, настаўнікам гісторыі і грамадазнаўства, кіраўніком па ваенна-патрыятычным выхаванні сярэдняй школы № 16 Мазыра, вядомым рэканструктарам, актыўным удзельнікам ваенна-гістарычнага клуба “Калінкавіцка-Мазырскі “Пошук” Уладзімірам Вік­таравічам Гімбутам.

Што такое ваенна-гістарычная рэканструкцыя? Калі гава­рыць проста, без акадэмічных фармулёвак, то гэта ў першую чаргу пошукава-даследчая дзейнасць. Па-другое, гэта работа з архіўнымі дакументамі. Па-трэцяе — музейная педагогіка. Па-чацвёртае — вахты Памяці. Гэта своеасаблівая гістарычная тэхналогія. Калі паглядзець з боку псіхалогіі, то гэта рэжым глыбокага пагружэння, калі ствараецца пэўнае асяроддзе, дзе ёсць суб’екты і аб’екты, якія ўзаема­дзейнічаюць адно з адным, — паведаміў Уладзімір Віктаравіч.

Адным з напрамкаў рабо­ты аб’яднання па інтарэсах “Края­знаўства. Пошук” 16-й ма­зырскай школы з’яўляецца ўзнаўленне ваенных старонак мінулага роднага краю, а дакладней, падзей ліпеня — жніўня 1941 года, баёў у раёне чыгуначных станцый Каржоўка і Пціч, эпізодаў партызанскай і падпольнай барацьбы, а таксама вывучэнне архіўных дакументаў і ўзнаўленне тых далёкіх падзей праз здымкі непрацяглых гісторыка-дакументальных фільмаў. У рамках праекта “Лёс салдата” Уладзімір Віктаравіч разам з навучэнцамі займаецца ўстанаўленнем лёсу салдат і афіцэраў Чырвонай Арміі, якія трапілі ў палон у лістападзе — снежні 1943 года падчас наступлення на Калінкавіцка-Мазырскім напрамку.

У нашым распараджэнні апынуліся копіі трафейных нямецкіх дакументаў, у якіх мы знайшлі машынапісныя пратаколы допытаў нашых ваеннапалонных салдат. Гэтыя архіўныя дакументы належаць 137-й нямецкай пяхотнай дывізіі, якая з баямі адыхо­дзіла ад Дняпра ўздоўж Прыпяці і вяла абарончыя баі на подступах да Мазыра і Калінкавіч. Сярод апісання баявых дзеянняў (больш за тысячу старонак) было амаль 200 старонак дакументаў пратаколаў допытаў. Нам прыйшлося вельмі ўважліва чытаць прозвішчы і імёны савецкіх салдат і афіцэраў на нямецкай мове. Тут узнікалі пэўныя цяжкасці. Вынікам гэтай работы стаў фільм “Лёс батальёна невядомы”, прысвечаны воінам 3-га батальёна 519-га стралковага палка 81-й стралковай дывізіі, якія былі акружаны каля вёскі Града Калінкавіцкага раёна і цалкам выканалі свой салдацкі абавязак. Здымкі фільма праходзілі непасрэдна ў месцах тых трагічных падзей, — паведаміў Уладзімір Віктаравіч.

Галоўная якасць ваеннага рэканструктара — даклад­насць. Дакладнасць у паводзінах, дакладнасць у форме. Апранаючы, напрыклад, ваенную форму чыр­вонаармейца ўзору 1935 або 1943 гадоў, рэканструктар адчувае вялікую адказнасць.

Многія чамусьці называюць форму, якую мы апранаем, касцюмамі. Гэта няправільна. Трэба гаварыць ваенная форма. Мне не падабаецца, калі навучэнцы апранаюць толькі адзін з элементаў гэтай формы. Напрыклад гімнасцёрку, а замест галіфэ ў іх трыко з выцягнутымі каленямі і красоўкі. У кожны гістарычны перыяд былі воінскія статуты, якія рэгламентавалі нашэнне ваеннай формы. Калі вы займаецеся рэканструкцыяй, то павінны выконваць гэтыя статуты, клапаціцца пра тое, каб ваенная форма адпавядала часу. Калі не можаце забяспечыць поўную камплектацыю ваеннай формы, тады лепш прадэманстраваць яе элементы ў якасці музейнага экспаната, — падзяліўся Ула­дзімір Віктаравіч.

Захапляльна, карысна

Пошукавая работа ў палявых умовах — гэта не абавязкова раскопкі. Удзельнікі аб’яднання па інтарэсах “Краязнаўцы-пошукавікі” Цэнтра турызму, краязнаўства і экскурсій дзяцей і моладзі Бабруйска ўжо не ўяўляюць летніх канікул без вахт Памяці. Па словах кіраўніка аб’яднання Сяргея Аляксандравіча Поразава, вахты Памяці нездарма падабаюцца падлеткам, паколькі з прычыны ўзроставых асаблівасцей ім неабходны пастаянны пошук, творчасць, магчымасць праявіць сябе. У прафесійнай скарбонцы Сяргея Аляксандравіча правядзенне 15 дзевяцідзённых вахт Памяці.

На працягу 9 дзён ладзяцца экскурсіі, сустрэчы з ветэранамі, сведкамі Вялікай Айчыннай вайны, складаюцца інфармацыйныя лісты аб магчымым месцы гібелі савецкіх салдат. Догляд воінскіх пахаванняў, размовы каля вечаровага вогнішча з вопытнымі пошукавікамі, спартыўныя спаборніцтвы, паласа перашкоды — гэта тое, што можа захапіць дзіця падчас Вахты Памяці. Авалодаўшы ўсім гэтым, гурткоўцы на наступны год пачынаюць праяўляць сябе больш актыўна, займаюць цвёрдую грамадзянскую пазіцыю адносна падзей, якія адбываліся на Бабруйшчыне ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

І ўсё ж неабходна разумець, што каштоўнаснае ўспрыманне жыццёвых поглядаў нашых дзядоў і прадзедаў часта моцна разыходзіцца з поглядамі сучаснай моладзі. У сувязі з гэтым узнікае шмат спекуляцый адносна тэмы Вялікай Айчыннай вайны і жадаючых перапісаць гісторыю. Выклікае вялікую занепакоенасць і светапогляд некаторых прадстаўнікоў падрастаючага пакалення. Перад імі востра паўстаюць пытанні, адказы на якія былі відавочныя для нас, людзей старэйшага пакалення. Таму інфармацыя, якую мы даём вучням, павінна быць выверана, дазіравана, дакладна прадумана, праведзены паралелі з сённяшняй рэальнасцю. Каб дзеці ведалі, што Вялікая Айчынная вайна была не калісьці. Па гістарычных мерках гэта практычна ўчора, — паведаміў педагог.

Важнасць архіўных крыніц

Не менш важная, чым палявыя работы, праца з архіўнымі дакументамі. Яна з’яўляецца асноўнай у пошукавай дзейнасці настаўніка гісторыі кіраўніка па ваенна-патрыятычным выхаванні Пастаўскай гімназіі Аляксандра Іванавіча Кузняцова.

Калі для ўдзелу ў палявых пошукавых работах трэба атрымаць спецыяльны дазвол, прай­с­ці належную падрыхтоўку, то для працы з архіўнымі матэрыя­ламі патрэбна толькі жаданне, бо сёння шмат інфармацыі можна знайс­ці ў інтэрнэце. Нашай установай адукацыі вядзецца актыўная работа па ўстанаўленні імёнаў загінуўшых або зніклых без вестак воінаў. За апошнія 2 гады пошукавым аб’яднаннем былі вернуты з забыцця імёны звыш 300 савецкіх воінаў, а таксама ўдакладнены біяграфічныя даныя аб 270 воінах, чые імёны былі занесены на брацкія пахаванні. Для мяне асабліва важным з’яўляецца тое, што ў гэтай рабоце прымаюць актыўны ўдзел навучэнцы гімназіі 14—16 гадоў, якім не абыякавыя наша гісторыя і лёсы загінуўшых воінаў, — падзяліўся настаўнік.

Займаючыся ў аб’яднанні “Пошукавікі-даследчыкі”, гімназісты вывучаюць архіўныя дакументы, іншыя дакументальныя крыніцы, праводзяць апытанні мясцовага насельніцтва. Хтосьці ўстанаўлівае імёны воінаў або даследуе лёсы лётчыкаў, якія загінулі або прапалі без вестак на тэрыторыі Віцебскай вобласці. Хтосьці вызначыў сваёй тэмай генацыд беларускага народа. Некаторыя вучні ўвекавечва­юць памяць салдат Першай сусветнай вайны.

У працэсе пошукава-даследчай работы перад намі адкрываюцца лёсы дзясяткаў савецкіх воінаў, пра месца гібелі якіх, на жаль, так і не даведаліся родныя. Так, імя сяржанта Мухамеда Даўлетавіча Ульмаскулава з Башкірыі сёння занесена на брацкае пахаванне савецкіх воінаў у вёсцы Манькавічы Пастаўскага раёна. Бацька спрабаваў даведацца пра яго лёс аж да 1960 года, але Мухамед так і застаўся для яго прапаўшым без вестак. А сваякі радавога Мікалая Іванавіча Гуца, родам з Казахстана, увогуле не атрымалі ніякіх звестак пра лёс свайго сына, бо ў Цэнтральным архіве Міністэрства абароны няма данясення пра яго гібель і месца пахавання. Пра тое, што ён загінуў на тэрыторыі нашага раёна, мы змаглі даведацца па ўзнагародным лісце і схеме першапачатковага брацкага пахавання воінаў 235-й Віцебскай стралковай дывізіі, — расказвае Аляксандр Іванавіч.

Асобны напрамак пошукаў — гэта работа з імёнамі і прозві­шчамі, нанесенымі на мема­рыяльныя пліты і помнікі воінскіх пахаванняў. Пасля ўзбуй­нення такіх пахаванняў прозвішчы многіх салдат былі зменены да непазнавальнасці. У якасці прыкладу настаўнік прывёў надпіс “Дзіменаў Мікалай Аляксанд­равіч” на брацкай магіле аграгарадка Варапаева. У ходзе вывучэння журнала баявых дзеян­няў 105-га асобнага танкавага палка 43-й арміі былі знойдзены даныя пра капітана Мікалая Аляксандравіча Дземянёва, які загінуў 3 ліпеня 1944 года за вёскай Жуперкі і першапачаткова быў пахаваны ў вёсцы Луцк-Казлоўскі, што за 30 км ад месца раней указанага пахавання. Усе падобныя звесткі настаўнік перадае ў раённы краязнаўчы музей, а таксама ва ўпраўленне па ўвекавечванні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў Узброеных Сіл.

Восенню 2021 года пастаўскія пошукавікі ў рамках супрацоўніц­тва з ваенна-патрыятычным фондам наваполацкага пошукавага атрада “Разведчыкі Воінскай Славы” (кіраўнік Святлана Вітальеўна Камагорцава) пачалі рэалізоўваць на тэрыторыі Віцебскай вобласці праект па ўвекавечванні памяці загінуўшых і зніклых без вестак лётчыкаў “Неба Ра­дзімы”. Сумеснымі намаганнямі ўстаноўлены баявы шлях і месца гібелі ў раёне Полацка лётчыка 976-га знішчальнага авіяпалка 259-й знішчальнай авіядывізіі 3-й паветранай арміі батальённага камісара Паўла Іванавіча Бубекава (лятаў на самалёце Як-7Б). Цяпер застаўся самы складаны этап у гэтай рабоце — падняць астанкі лётчыка і фрагменты самалёта.

Даўно скончылася Вялікая Айчынная вайна, аднак яшчэ не хутка будзе перапахаваны апошні яе салдат. Колькі спатрэбіцца гадоў, каб устанавіць імёны ўсіх байцоў, якія абаранялі родную зямлю, мірных жыхароў, забітых падчас генацыду беларускага народа, дакладна сказаць немагчыма. Аднак дакладна вядома, што праца, якой займаюцца пошукавікі, вельмі патрэбная і ў першую чаргу нам, жывым. Каб памяталі…

Ігар ГРЭЧКА
Фота Алега ІГНАТОВІЧА,
з архіва П.У.Дзенісенкі і У.В.Гімбута