Памяць пра спаленыя падчас Вялікай Айчыннай вайны вёскі захоўваюць ва Ушацкім раёне

- 16:25Новости

Боль чалавека бывае розным, і кожны па­-рознаму пераносіць яго. Што ж рабіць, калі гаворка ідзе пра боль цэлага народа, калі ў кожнага плача душа па загінуўшых ці закатаваных продках? Правільна. Нельга маўчаць.

Па даных кнігі “Памяць” Ушацкага раёна, падчас Вялікай Айчыннай вайны ў Глыбачанскім сельсавеце было знішчана 14 вёсак, з іх 9 было адноўлена, 5 — не. Пабываўшы ў пачатку чэрвеня на тэрыторыі мемарыяльнага комплексу “Хатынь”, мы не знайшлі іх на могілках вёсак. Сярод адноўленых пасля вайны значылася толькі вёска Загаваліна. Чаму так?

Вывучыўшы разнастайныя крыніцы інфармацыі, пагутарыўшы з Мікалаем Рыгоравічам Уліцкім, сведкам вайны, нам удалося высветліць, што лічбы, прыведзеныя ў кнізе “Памяць”, не зусім дакладныя. Не 14, а 28 населеных пунктаў нашай малой радзімы былі часткова або поўнасцю спалены. Часам атрымлівалася прадухіліць непазбежнае і ў апошні момант насельніцтва хавалася ў лесе, часам гінула вялікая колькасць людзей.

Так было, напрыклад, у Загаваліне. Першы раз вёску спалілі ў пачатку блакады, але вяскоўцы змаглі схавацца непадалёк. Праз нейкі час вярталіся на папялішча, капалі зямлянкі і ўладкоўваліся ў іх. Але акупанты зноў вярнуліся, сагналі мясцовых жыхароў і бежанцаў з суседніх вёсак у зямлянкі і закідалі іх гранатамі. Тады загінулі 98 чалавек.

Некаторыя населеныя пункты падвяргаліся пастаяннай бамбардзіроўцы нямецкай авіяцыяй. З акта аб бамбардзіроўцы нямецкай авіяцыяй вёскі Усвіца Ушацкага раёна, аб спаленні вёскі Слудошы Сіроцінскага раёна і расправе з яе насельніцтвам № 94: “…5.8.43 г. 2 ням. самалёты на працягу дня бамбардзіравалі в.Усвіца. Было скінута каля 40 бомб рознага калібру, спалены 4 і разбураны 2 жылыя дамы мірных жыхароў. Налёты ням. авіяцыі (да 5 самалётаў) на в.Усвіца паўтараліся. 7.8.43 г. скінута каля 20 бомб, 22.8.43 г. скінута да 15 бомб, паранена маці партызана Гаўрыленкі Таццяна, 50 гадоў, якая атрымала 14 ран; 23.8.43 г. скінута да 10 бомб…”

Амаль 30 вёсак былі адноўлены. Але зніклі назаўсёды Бялошы, Гліннікі, Кісялі, Кіслы, Асінаўка, Стараселле. Сёння пра іх нагадваюць толькі старэнькія дрэўцы, зарослыя зямлянкі, варонкі ад бомб, рэшткі падмурка… І кароткія згадкі ў нешматлікіх літаратурных крыніцах.

Дзякуючы карпатлівай працы, краязнаўцы школы змаглі знайсці месцы, дзе раней знаходзіліся шэсць зніклых вёсак, і паставіць на тых месцах памятныя шыльды як напамін тым, хто цяпер жыве, пра пакуты і нягоды іх продкаў, простых сельскіх жыхароў.

Каб захаваць сабраную ў працэсе даследавання інфармацыю, быў створаны медыярэсурс “Засталіся ў памяці навекі”, у які ўключана частка архіўных матэрыялаў школьнага музея, а таксама іншая інфармацыя аб спаленых карнікамі населеных пунктах Глыбачанскага сельсавета, лёсе іх жыхароў.

Усё гэта дало нам разуменне таго, наколькі мала мы ве­даем пра здзекі фашыстаў і наколькі наша работа ў гэтым напрамку каштоўная для будучых пакаленняў.

Таісія ЦЕРАШКАВЕЦ,
настаўніца нямецкай мовы Глыбачанскай сярэдняй школы Ушацкага раёна
Фота аўтара