Партфель першакласніка атрымалі навучэнцы з мнагадзетных сем’яў ад сталічнага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі

- 16:15Новости

Такі падарунак уручаецца школьнікам падчас правядзення акцыі ў рамках штогадовага мерапрыемства «Прафсаюзы — дзецям», куды запрашаюцца хлопчыкі і дзяўчынкі, якія ідуць у першы клас, паведаміў карэспандэнту «Настаўніцкай газеты» старшыня маладзёжнага савета Мінскай гарадской арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Павел Кушнярэвіч.

Мэтай акцыі з’яўляецца падтрымка членаў галіновага прафсаюза, якія маюць няпоўныя і мнагадзетныя сем’і. Месцам сустрэчы стаў Мінскі дзяржаўны каледж сэрвісу і тэхналогій, які ўжо некалькі гадоў запар прадастаўляе сваю базу для правядзення свята і дапамагае ў яго арганізацыі. Ва ўрачыстым мерапрыемстве прынялі ўдзел старшыня Мінскай гарадской арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі Ларыса Волкава, старшыні раённых арганізацый прафсаюза сталіцы, прафесійны актыў горада.

На свята прыйшло 30 дзяцей разам са сваімі бацькамі. Улічваючы тое, што ў каледжы рыхтуюць будучых цырульнікаў, то ўсе першакласнікі маглі зрабіць прычоску або падстрыгчыся і такім чынам прымераць новы вобраз.

Акрамя гэтага гасцям была прапанавана насычаная забаўляльная праграма. Першакласнікі разам з татамі і мамамі маглі паўдзельнічаць у захапляльных інтэрактыўных гульнях, зрабіць сабе аквагрым, пагуляць з коцікам Фуксікам. Настасся Фурс прыйшла на свята са сваім сынам Арцёмам.

— Майго сына вельмі зацікавілі разнастайныя гульні, конкурсы і, безумоўна, знаёмства з равеснікамі, — расказала Настасся Валер’еўна.

А Кацярына Зелянькова падзялілася, што яе сыну Максіму вельмі спадабаўся майстар-клас, дзе дзяцей вучылі маляванню на гіпсе. Хлопчык з цікавасцю асвойваў новыя навыкі.

Рознакаляровыя паветраныя шары і радасныя ўсмешкі маленькіх навучэнцаў былі выдатным аздабленнем сустрэчы. Дзеці з задавальненнем атрымлівалі падарункі — партфель першакласніка і кнігу «Пра дзяўчынку Марусю, у якой мама і тата ў прафсаюзе». Шчаслівай дарогі ў школьнае жыццё!

Ала КЛЮЙКО
Фота прадастаўлены Мінскай гарадской арганізацыяй
Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі