У адным з калідораў Індустрыяльна-педагагічнага каледжа (філіял РІПА) на сцяне вісяць шыльдачкі, кожная з якіх прысвечана пэўнай арганізацыі, кампаніі, прадпрыемству, з якімі каледж супрацоўнічае. Гэтакі атрымаўся “калідор сяброўства”. Ён даволі доўгі, і шыльдачак тут вельмі многа. Каледж — яркі прыклад таго, як можна паспяхова наладжваць цесныя сувязі з партнёрамі, каб гэта было максімальна карысна для абодвух бакоў.
Сацыяльныя партнёры ёсць у кожнай установы прафесійнай адукацыі. Аднак іх колькасць і ўзровень узаемадзеяння з імі вельмі розныя. Лагічна, калі сацыяльнымі партнёрамі становяцца прадпрыемствы — заказчыкі кадраў, бо яны вельмі зацікаўлены ў тым, каб працаваць да іх прыйшлі добра падрыхтаваныя работнікі. Але нярэдка бывае, што такія арганізацыі ўзаемадзейнічаюць мінімальна, выбіраюць быць не партнёрамі, а спажыўцамі. Як пазбегнуць такой сітуацыі і ўсталяваць па-сапраўднаму партнёрскія, узаемавыгадныя адносіны, паспрабуем высветліць, пазнаёміўшыся з вопытам Індустрыяльна-педагагічнага каледжа.
Філіял “Індустрыяльна-педагагічны каледж” УА РІПА з’яўляецца вядучай установай у падрыхтоўцы спецыялістаў для будаўнічай галіны і майстроў вытворчага навучання для ўстаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі будаўнічага профілю. Вядучымі спецыяльнасцямі каледжа з’яўляюцца “Прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва”, “Абслугоўванне і эксплуатацыя жылых дамоў”, “Санітарна-тэхнічнае абсталяванне будынкаў і збудаванняў”, “Абсталяванне і тэхналогія зварачнай вытворчасці”, “Абсталяванне і тэхналогіі мэблевай вытворчасці”. На платнай аснове ў каледжы можна вучыцца па спецыяльнасцях “Турызм і гасціннасць”, “Эканоміка і арганізацыя вытворчасці”. Каледж адзіны ў краіне ажыццяўляе падрыхтоўку па спецыяльнасці “Тэхнічная праца і чарчэнне”.
Сёння каледж узаемадзейнічае з больш чым 30 рознымі арганізацыямі. Звяртае на сябе ўвагу не толькі вялікая колькасць сацыяльных партнёраў, але і шырокі спектр форм узаемадзеяння з імі. Сацыяльныя партнёры ўдзельнічаюць у мадэрнізацыі матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння працэсу навучання, адукацыйным працэсе, распрацоўцы вучэбна-праграмнай дакументацыі па заяўках арганізацый па новых кірунках, арганізацыі практыка-арыентаванага навучання, заснаванага на патрабаваннях работадаўцаў.
Каледж з’яўляецца вядучай установай у падрыхтоўцы спецыялістаў для будаўнічай галіны. І большасць партнёраў установы — будаўнічыя арганізацыі, вытворцы будаўнічага абсталявання і матэрыялаў. Практыка сацыяльнага партнёрства з вядучымі будаўнічымі кампаніямі ў каледжа склалася даўно. Першымі сябрамі ўстановы сталі кампаніі МАV, REHAU, КЕRМІ. За апошнія тры гады спіс сацыяльных партнёраў папоўнілі кампаніі “АлютэксІнкарпарэйтэд”, “Элвістон”, “Глос энд Рэйтэр”, “БелСваМО”, Premiumdecor і інш.
Ствараюць базу разам
Сацыяльныя партнёры дапамагаюць умацоўваць матэрыяльна-тэхнічную базу каледжа. Для гэтага яны аказваюць спонсарскую дапамогу. Сіламі майстроў вытворчага навучання, навучэнцаў каледжа і слухачоў рэсурснага цэнтра сумесна з сацыяльнымі партнёрамі былі мадэрнізаваны і аснашчаны найноўшым будаўнічым, зварачным, дрэваапрацоўчым абсталяваннем, інструментамі і матэрыяламі 6 кабінетаў і 5 майстэрань.
Вось, напрыклад, адна з аўдыторый, дзе вывучаюць сантэхнічнае абсталяванне. На вучэбных стэндах размешчаны розныя віды труб, дэманструюцца спосабы іх злучэння. Побач — розныя радыятары. На адной сцяне ў разрэзе паказаны цёплыя сцены — можна ўбачыць, як замацавана абсталяванне, як праводзіцца падключэнне сістэмы і як далей была зроблена аддзелка сцен. Таксама тут можна падрабязна вывучыць, як укладваецца цёплая падлога — сістэма знаходзіцца пад аргшклом, і яе можна добра разгледзець. Гэтую аўдыторыю адрамантавала і абсталявала кампанія КЕRMI. Больш за тое, як толькі ў лінейцы прадукцыі кампаніі з’яўляюцца навінкі, яны з’яўляюцца і тут.
Аналагічна сумесна з кампаніямі МАV, Baumit,“Бросна Сіці” абсталяваны кабінеты дэкаратыўных аддзелачных матэрыялаў.
У сучасным будаўніцтве хутка з’яўляюцца і набываюць шырокае выкарыстанне новыя тэхналогіі і матэрыялы. Добра, калі работнікі пазнаёміліся з імі падчас вучобы і ўмеюць прымяняць. А для гэтага неабходна, каб гэтыя навінкі аператыўна з’яўляліся ва ўстанове. І ў гэтым добра дапамагаюць сацыяльныя партнёры. Напрыклад, кампаніі КЕRMI, REHAU, VIEGA, AlcaPlast прадастаўляюць сучаснае санітарна-тэхнічнае абсталяванне. Яно размясцілася ў кабінетах і майстэрні каледжа, дзе праходзяць заняткі ў навучэнцаў спецыяльнасці “Абслугоўванне і эксплуатацыя жылых дамоў”. Таксама тут вучацца слухачы, якія праходзяць падрыхтоўку па праграмах дадатковай адукацыі дарослых.
У каледжы дзейнічае сучасная лабараторыя метадаў навучання зварцы і зварачная майстэрня. Тут ёсць віртуальныя 3D-трэнажоры. Спачатку навучэнцы засвойваюць навыкі зваркі з дапамогай віртуальнай рэальнасці, а потым пераходзяць да работы на сапраўдным абсталяванні. І яно таксама новае і актуальнае. У аснашчэнні майстэрні і лабараторыі сучасным зварачным абсталяваннем і віртуальнымі трэнажорамі ўдзельнічалі кампаніі “БелСваМО”, AbicorBіnzel, ESAB. Кампанія AbicorBіnzel прадаставіла таксама зручныя вучэбныя стэнды па зварачных тэхналогіях — на іх дэталёва можна разгледзець, як зроблена зварачнае абсталяванне.
Арганізацыі — сацыяльныя партнёры дапамагаюць таксама ў правядзенні рамонтных работ. Напрыклад, розныя будаўнічыя кампаніі прадаставілі матэрыялы для стварэння ў каледжы музейнага пакоя, рамонту інтэрната, дапамаглі з устаноўкай відэаназірання.
Падтрымка ў навучанні
Сацыяльныя партнёры ўдзельнічаюць у адукацыйным працэсе. Напрыклад, калі праводзяць у каледжы семінары і майстар-класы па прымяненні сучасных тэхналогій і матэрыялаў для навучэнцаў і выкладчыкаў установы.
Вось толькі некалькі прыкладаў такіх вучэбных мерапрыемстваў. Сумесна з кампаніяй “БудМайстарком”, салонам PREMIUM Decor, сэрвіс-цэнтрам PREMIUM Airless праведзены семінар “Механізацыя ручных працэсаў і павелічэнне прадукцыйнасці працы пры выкананні малярных работ. Новы тэхналагічны ўклад у аздабленні”. Для слухачоў рэсурснага цэнтра, якія вучацца па адукацыйнай праграме дадатковай адукацыі дарослых па прафесіі мантажнік санітарна-тэхнічных сістэм і абсталявання, праводзіўся практычны семінар па выкарыстанні сучасных ізаляцыйных матэрыялаў, арганізаваны вучэбным цэнтрам “Тэхнар”.
Важнай часткай прафесійнага навучання становяцца конкурсы прафесійнага майстэрства. І ў гэтым кірунку сацыяльныя партнёры таксама аказваюць установе дапамогу.
Прадстаўнікі розных кампаній удзельнічаюць у арганізацыі і правядзенні конкурсаў прафесійнага майстэрства, якія штогод праводзяцца ў каледжы. Таксама сацыяльныя партнёры дапамагаюць у падрыхтоўцы ўдзельнікаў конкурсу WorldSkills. Напрыклад, кампанія OIKOS праводзіла практычныя заняткі па нанясенні венецыянскіх тынковак, кампанія МАV — навучанне канкурсантаў па рабоце з сучаснымі матэрыяламі, якія выкарыстоўваюцца на рэспубліканскім чэмпіянаце WorldSkills па кампетэнцыі “Малярныя і дэкаратыўныя работы”. У выніку сумеснай работы навучэнцы каледжа годна выступаюць на ўсіх этапах чэмпіянату WorldSkills.
Некаторыя кампаніі ініцыіруюць удзел навучэнцаў установы ў конкурсах. Як, напрыклад, кампанія KNAUF, якая запрашае іх да ўдзелу ў розных конкурсах прафесійнага майстэрства, што праходзяць у кампаніі. Навучэнцы каледжа Мікіта Самсончык і Максім Варажбіт у складзе каманды Беларусі сталі пераможцамі чэмпіянату па сухім будаўніцтве KnaufJunior Тгорһу, які праводзіўся ў Аўстрыі ў 2019 годзе.
Сакрэт — у актыўнасці пошуку
Вялікае значэнне гэтай рабоце надае кіраўнік установы. Дзякуючы Аляксею Маратавічу Маслану, гэтая работа надзвычай актывізавалася. Зразумела, немагчыма не спытаць у яго аб тым, як знайсці так многа кампаній, якія хацелі б супрацоўнічаць.
— Сакрэт — у актыўнасці пошуку. Сядзець і чакаць, што нехта прыйдзе сам, няма сэнсу. Ніхто не прыйдзе. Трэба самому шукаць кампаніі і прапаноўваць тое, што ім можа быць цікава. У мінулым годзе я ўзяў спіс будаўнічых кампаній і пачаў іх абзвоньваць, расказваць пра каледж і што мы можам ім прапанаваць. Патэлефанаваў у 10 арганізацый, прадстаўнікі дзвюх згадзіліся на сустрэчу, пасля якой з адной з кампаній дамовіліся аб супрацоўніцтве. Потым тэлефанаваў другой дзясятцы кампаній, потым трэцяй… Гэта пастаянная работа, і іншага шляху няма.
Аляксей Маратавіч звятае ўвагу на тое, што важна правільна прэзентаваць сваю ўстанову і тыя магчымасці, якія дае сумесная работа з ёй. Трэба тлумачыць кожнай арганізацыі, што сацыяльнае партнёрства — гэта ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва паміж установай адукацыі і прадпрыемствамі. І кожны бок можа атрымаць ад гэтага карысць.
— Мне падабаецца слова “партнёрства”. Яно прадугледжвае раўнапраўны ўдзел у сумеснай дзейнасці. І важна ўсведамляць: тое, што робяць для ўстаноў прафесійнай адукацыі кампаніі і арганізацыі — гэта не дабрачыннасць і не падарункі. Гэта іх уклад ва ўласнае развіццё, — расказвае дырэктар Індустрыяльна-педагагічнага каледжа. — Напрыклад, калі фірмы-вытворцы ўдзельнічаюць у арганізацыі адукацыйнага працэсу, запрашаюць навучэнцаў да сябе на практыку, прадастаўляюць для навучання свае матэрыялы, абсталяванне, то потым яны атрымліваюць рабочых, спецыялістаў, якія ўмеюць працаваць менавіта з іх матэрыяламі і тэхналогіямі. А гэта значыць, што кампанія атрымлівае рынак збыту сваёй прадукцыі ў будучыні. Каледж у сваю чаргу атрымлівае магчымасць ажыццяўляць падрыхтоўку спецыялістаў, канкурэнтаздольных на рынку працы, і магчымасць паляпшаць сваю матэрыяльна-тэхнічную і вучэбна-метадычную базу.
Поспех работы кампаніі залежыць ад кадраў, а іх работа ў многім залежыць ад іх падрыхтоўкі. Уплываць на падрыхтоўку, каб будучыя работнікі атрымлівалі кампетэнцыі і ўменні, якія неабходны пры рабоце ў канкрэтнай кампаніі, — гэта таксама вялікі плюс узаемадзеяння з установай адукацыі. Акрамя таго, калі кампанія спрабуе сама вучыць для сябе работнікаў, то вельмі хутка разумее, наколькі гэта складана і дорага арганізоўваць. Значна прасцей — супрацоўнічаць з установай адукацыі, у якой ужо ёсць для гэтага ўсё неабходнае.
Для прыцягнення новых партнёраў важна таксама быць крэатыўнымі, шукаць асабісты падыход да кожнага, быць гатовым да розных форм узаемадзеяння, лічыць Аляксей Маратавіч. Напрыклад, работа з Мінскім аўтазаводам пачалася з сумеснага выхаваўчага мерапрыемства. Да свята абаронцаў Айчыны была прымеркавана сустрэча навучэнцаў і супрацоўнікаў каледжа са спартыўнай камандай “МАЗ-СПОРТаўта”, якая ўдзельнічала ў міжнародным ралі-марафоне “Дакар”. Таксама ў гэты дзень прадстаўнікі адміністрацыі ААТ “МАЗ” пазнаёміліся з матэрыяльна-тэхнічнай базай каледжа і абмеркавалі з кіраўніцтвам каледжа магчымасці падрыхтоўкі высокакваліфікаваных спецыялістаў для машынабудаўнічай галіны. Вынік — падпісанне дамовы з каледжам аб супрацоўніцтве.
Работа з сацыяльнымі партнёрамі — працэс бесперапынны. Каледж умацоўвае ўзаемаадносіны з існуючымі сацыяльнымі партнёрамі і актыўна прыцягвае новыя кампаніі да супрацоўніцтва. У найбліжэйшай перспектыве — узаемадзеянне з вытворчай кампаніяй “Тэхнаніколь”, пашырэнне сферы супрацоўніцтва з кампаніяй Hilti. Падыходзяць да заключнага этапу падрыхтоўчыя работы па стварэнні сумесна з кампаніямі Lincoln Electric і Milwaukee сертыфікаванага цэнтра па міжнародных стандартах. Запланавана дааснашчэнне зварачнай майстэрні абсталяваннем кампаніі ESAB. Няма сумненняў, што ў хуткім часе з’явяцца і новыя стратэгічныя партнёры.
Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.